Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Пра два балты

 

Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!”

Па дадзеных ЦВК, яўка на мясцовых выбарах склала 79,5%. У галасаванні прынялі ўдзел 5 591 264 жыхароў Беларусі. Папярэдне прагаласавалі 29,3% выбаршчычкаў.

Вёска Сабалі, што ў Брагінскім раёне, адселеная. Я быў у ёй восенню 1986 года і бачыў, як яе адсялялі. Як салдаты выганялі людзей з хат і змушалі іх (пад аўтаматамі!) грузіцца ў машыны. Скрозь плач, стогн, лямант, лаянку… “Куды вы нас гоніце, фашысты?! Лепей спалілі б нас у нашых хатах!..”

З творчай групай “Беларусьфільма” я здымаў у тую восень дакументальнае кіно. Пра трагедыю. Але не ўсё знятае ўдалося нам скарыстаць. Большую частку ў нас забралі, спалілі. “Не трэба негатыву!” І фільм выйшаў не пра адселеныя вёскі, а пра тыя, якія будаваліся для перасяленцаў. І яшчэ пра гераізм і патрыятызм.

Быў савецкі час — і праўду не казалі, а тым больш не паказвалі. Не магло быць, а значыць і не было аніякай трагедыі.

Тады я напісаў паэму “Зона”.

Бабуля кажа: − Пайду
Па свеце шукаць сям’ю.
Тут браць не даюць ваду.
Хаваюць зямлю ў Зямлю.

Што ж змянілася за 24 гады?.. Што сталася з праўдай? Кажуць яе? Паказваюць?..

Сёння ў Сабалях ціша. У пачатку вёскі – здзічэлыя сады, разваленыя, пагнілыя хаты. Зразумела: вёска адселеная, нікога ў ёй няма і быць не можа. Але праз дзесяць пабураных хат пачынаюцца спраўныя хаты, і каля адной з іх сядзіць на прызбе — я вачам не паверыў! — мая бабуля. Здань, прывід!.. Яе тут няма і быць не можа! Яна не ўлічана, не запісана ані ў якія рэестры. Гогалеўская мёртвая душа. Але гэтак хітра мёртвая, што ў асобных выпадках − жывая. І якраз сёння асобны выпадак: выбары! І ў вёсцы, якой няма, перад маёй бабуляй, якой быць не можа, стаіць — я зноў вачам не паверыў! – “святая троіца” з выбарчай камісіі са скрынкай для галасавання! “А дзе твая суседка? У Брагіне? Дык галасуй і за яе. Яна табе хіба не даручыла?..”

Адна бабуля, якой няма, галасуе за другую, якой няма таксама. Гогаль адпачывае, Гогалю да такога не дадумацца...

Вось яна: метафара (і методыка) выбараў усіх апошніх гадоў. Галасуюць прывіды, здані, якія выбарчымі камісіямі пераўтвараюцца ў бюлетэні, у галасы. Жывыя людзі за гэтым — зрэдку. Ды яны й без патрэбы.

 Ці ёсць у цябе якія-небудзь льготы, як у пацярпелай? — спытаў я ў маёй бабулі, якая прагаласавала нямаведама за каго, і яна рукой махнула:

 Калі ўжо ў ліквідатараў усё адабралі, дык што мне дадуць? Вунь суседцы паперку прынеслі: накіраванне ў бальніцу. А на той паперцы не ейнае імя. Яна кажа: “Чакайце, гэта ж не мне выпісана”. А дзеўка, якая паперку прынесла, смяецца: маўляў, якая розніца… Усё адно не прымуць. Тут вам толькі паміраць.

“Тут нам толькі паміраць,” — казалі мне й ліквідатары, з якімі сустрэўся я ў Рэчыцы. Пасля таго, як мы ўсклалі кветкі да помніка іх загінулым сябрам, некалькі чалавек заспяшаліся ў дарогу. “Куды?..” “На Украіну”. “Чаго?..” “Па лекі. Скончыліся”. “Хіба ў нас лекаў няма?” “Ёсць. Але столькі каштуюць, што пенсіі не хапае…” “А на Украіне колькі?” “Ніколькі. Па пасведчанні ліквідатара плаціць не трэба”. “Дык вы ж не украінцы”. “Мы ліквідатары. Там не глядзяць: украінцы ці беларусы”.

У беларускіх ліквідатараў яшчэ нядаўна была свая арганізацыя, у якой яны змагаліся за свае правы. Цяпер яе няма. Разагналі. “А выбары? — спытаў я, развітваючыся. — Вы прагаласавалі?..”. І яны спыталі: “А за што?..”

25 красавіка 2010 года я пабываў не толькі ў Сабалях, якіх няма. Быў я і ў тых вёсках, якія ёсць. І ў гарадах: Рэчыцы, Брагіне, Хойніках, Мазыры. Сведчу: выбарчыя ўчасткі скрозь пуставалі. Хоць паўсюль, як распавядае сакратар Цэнтравыбаркама М. Лазавік, вялася “разъяснительная работа организаторов выборов”. Да прыкладу, на цэнтральнай плошчы Брагіна з раніцы наладзілі кірмаш і канцэрт. Тры мужыкі галёкалі са сцэны: “А белый лебедь на пруду кач-а-ает павшую звезду…” Якая “павшая звезда” ў Брагіне? Зорка Палын?..

На плошчы — шаром пакаці. Толькі каля будыніны раённага выканкама стаялі і слухалі палесскіх салаўёў тры выканкамаўскія лябёдкі, якія і “организовали разъяснительную работу”.

Прыкладна тое самае адбывалася і ў Хойніках, і ў Рэчыцы, і ў Мазыры. “Народ паклаў на ўладу болт”, — пракаментаваў гэтую сітуацыю адзін з сяброў Мазырскай раённай выбарчай камісіі. Але, калі меркаваць па адносінах да бабуляў з Сабалёў ды ліквідатараў з Рэчыцы, і ўлада на народ болт паклала. Вось на гэтых двух балтах і трымаецца сёння адзінства любімай народам улады і не меней любімага ёй народа. Канструкцыя стабільная, але не надта надзейная.

Хоць кіно, канешне, іншае пакажуць…

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.74 (всего оценок: 111)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • ВАМ стала лягчэй?Вельми добра.Поспехау за вашу прауду!А што зрабили вы?Жадаем вам роздуму,дабрыни!Шукайце у небе знаки блаславення1...