Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. На моладзевым фронце без пераменаў!

Не стае ня проста кандыдата ад дэмакратычнае апазыцыі, а кандыдата, здольнага мабілізаваць пратэстны патэнцыял беларускага грамадзтва…

 

Напачатку траўня група незалежных экспэртаў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прэзэнтавала вынікі красавіцкага сацыялагічнага дасьледаваньня пад назваю: “Беларусь: на моладзевым фронце без пераменаў?”. Дасьледаваньне цікава ня толькі лічбамі і аналітычнымі высновамі, але ўжо самім тым, што ўсе мы знаходзімся на старце найбуйнейшай электаральнай кампаніі пяцігодкі – прэзыдэнцкіх “выбараў”, кампаніі, падчас якой дэмакратычныя кандыдаты, дамагаючыся пераменаў, якраз і разьлічваюць перадусім на “моладзевы фронт”.

Найперш, што цікава было б ведаць – гэта вядомасьць моладзевых арганізацыяў. Адкрытае пытаньне НІСЭПД на гэтую тэму дае наступныя вынікі:

Табліца 1. “Аб якіх моладзевых арганізацыях у Беларусі Вы ведаеце?” (адкрытае пытаньне, мажліва больш аднаго адказу) (03.2010)*

*Тут і далей у дужках - дата апытаньня.

“Гэтыя дадзеныя можна чытаць па-рознаму, – падкрэсьліваюць аналітыкі НІСЭПД. – З аднаго боку, відавочна, што “пазнавальнасьць” лаяльных (ці наўпрост падтрымоўваемых) арганізацыяў нашмат вышэй, чым альтэрнатыўных – прыкладна 70% vs. 10% (падкрэсьлім, што ў такіх пытаньнях нельга проста складваць адсоткі, паколькі адны і тыя ж рэспандэнты даюць некалькі адказаў). З іншага боку, калі параўнаць, да прыкладу, пазнавальнасьць “Маладога Фронту”, які аб’ядноўвае ў лепшым выпадку некалькі сотняў актывістаў, з пазнавальнасьцю БРСМ, у якім афіцыйна лічацца сотні тысяч чальцоў, дык іх адносіны ня могуць не выклікаць зьдзіўленьня.”

І хаця вядомасьць Маладога Фронту ў два разы перавышае супольную вядомасьць іншых альтэрнатыўных моладзевых арганізацыяў, да вынікаў БРСМ маладафронтаўцам працаваць, пры цяперашнім раскладзе рэчаў, яшчэ доўга. Гэтыя вынікі, з аднаго боку, можна было б палічыць нават разгромнымі. Але, з другога боку, калі ўзгадаць, што на дзейнасьць БРСМ гадамі выдаткоўваюцца мільярды рублёў беларускіх падаткаплацельшчыкаў (15 мільярдаў у 2010, што складае ня многа ня мала 5 млн. $, і гэта толькі з рэспубліканскага бюджэту без уліку раённых бюджэтаў і складак чальцоў арганізацыі), дзейнасьць гэтая ўсяляк падтрымоўваецца ў кожнай школе, ВНУ, на заводах, у каўгасах і саўгасах і г.д., рэтранслюецца праз радыёстанцыю (радыёстанцыя “Пілот-FM”, якая апроч прапаганды дае і прыбытак – ад сотні да некалькіх сотняў мільёнаў рублёў штогод, хаця, для БРСМ гэта, канешне, “капейкі”), падмацоўваецца дадатковымі фінансавымі ўліваньнямі ад латарэйнай ліхаманкі беларусаў (латарэя – “Юность”), дык 63-адсоткавы вынікі БРСМ можа выклікаць толькі зьдзіўленьне. Не дайсьці да кожнага трэцяга (!) беларуса 490-тысячным корпусам – ды пры такіх выдатках трэба пастарацца!

Аднак нам больш цікава ведаць ня проста вядомасьць моладзевых арганізацыяў/ініцыятываў, але і стаўленьне да іх з боку беларускага грамадзтва. І тут мы можам назіраць ужо некаторыя цікавыя тэндэнцыі:

Табліца 2. “Як Вы адносіцеся да дзейнасьці пералічаных моладзевых арганізацыяў Беларусі?” (03.2010)



Табліца 3. “Дэмаграфічны партрэт” рэспандэнтаў, каторыя станоўча ацэньваюць дзейнасьць МФ і БРСМ” (03.2010)

“Як мы можам бачыць з гэтай табліцы, – зазначаюць экспэрты самага ўплывовага сацыялагічнага інстытуту ў Беларусі, – суадносіны станоўчых адзнакаў лаяльных і альтэрнатыўных моладзевых арганізацыяў, у параўнаньні з пазнавальнасьцю, ня толькі не павялічыліся на карысьць першых, але, наадварот, скараціліся. Для больш дакладнага аналізу параўнаем колькасьць рэспандэнтаў, якія выказалі станоўчае стаўленьне ці да БРСМ, ці да БРПА, ці да БКМА: такіх апынулася 38,8%. Тых, хто станоўча адносіцца хаця б да адной з 7 альтэрнатыўных арганізацыяў/ініцыятываў, аказалася 10,8%. Іншымі словамі, іх суадносіны складаюць ужо не 7 vs. 1 (як пры ацэнцы інфармаванасьці), а 3,6 vs. 1, то бок “разрыў” скараціўся ўдвая. Яшчэ больш уражлівую карціну дае параўнаньне колькасьці тых, хто выказаў да іх адмоўнае стаўленьне: гэтыя суадносіны складаюць 12% vs. 7,2% (альбо 1,7 vs. 1)! А суадносіны тых, хто “ня ведае” хаця б аднаго з гэтых аб’яднаньняў, і ўвогуле склалі 72,1% на 86% (1 vs. 1,2)!

Цікава, што грунтоўнае дасьледаваньне НІСЭПД, якое праводзілася ў год сканчэньня законных паўнамоцтваў Лукашэнкі, дэманстравала па некаторых пазыцыях тыя ж самыя вынікі:

Табліца 4. “Як Вы ставіцеся да дзейнасьці пералічаных моладзевых арганізацыяў у Беларусі?”(03.1999)

І хаця сьпіс моладзевых арганізацыяў 11-гадовае даўніны адрозьніваецца ад сёньняшняга, але пэўныя тэндэнцыі мы можам прасачыць. Так, практычна ўвесь адмоўны рэйтынг БПСМ, які на 1999 год складаў 11,9%, створаны ў 2002 годзе БРСМ захаваў (10,4% на цяперашні час). Істотна, праўда, павялічыўся таксама рэйтынг станоўчы: з 19,8% у БПСМ да 36,7% у цяперашняга БРСМ. Мажліва, што гэта адбылося ў значнай ступені шляхам складаньня станоўчых вынікаў зьнікшых у шырокіх шэрагах БРСМ, Беларускага саюзу моладзі (БСМ) і Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі (ЛКСМБ), якія мелі на 1999 год 19,3% і 14,3% станоўчага рэйтынгу адпаведна. У той жа час мы бачым, што станоўчы рэйтынг Маладога Фронту ніяк не павялічыўся за 11 год: 6,9% за 1999 год і 6% за 2010, а вось адмоўны практычна ў два разы скараціўся: з 6,7% да 3,7%. Верагодна, што тут сваю справу зрабіла і апастылеўшая беларусам дзяржаўная прапаганда, давер да якой захоўваюць з савецкіх часінаў толькі старэйшыя ўзроставыя групы:

Табліца 5. “Ці давяраеце Вы беларускаму тэлебачаньню?” (06.2008)

Ацэнку прапарцыянальнасьці станоўчых рэйтынгаў праўладных і апазыцыйных моладзевых арганізацыяў даюць і экспэрты НІСЭПД: “Хаця па суадносінах станоўчых ацэнак за гэтыя гады лаяльныя арганізацыі, безумоўна, апярэдзілі альтэрнатыўныя, маштабы гэтага апярэджваньня абсалютна непараўнальныя з рэсурсамі (палітычнымі, матэрыяльнымі, прававымі, кадравымі і інш.), выдаткаванымі дзяржаваю на лаяльныя арганізацыі, і ўсемажлівымі абмежаваньнямі і нават рэпрэсыямі, скіраванымі на альтэрнатыўныя арганізацыі. Альтэрнатыўныя моладзевыя арганізацыі аказваюцца больш “жыцьцястойкімі”, чым лаяльныя. У той жа час нельга не заўважыць, што пашырэньня сымпатыяў да іх у беларускім соцыюме не адбылося: “утрымліваць” дасягнуты ў 90-х гадах узровень яны вымушаныя коштам вялікіх высілкаў (дакладней сказаць, ахвяраў).”

Калі ж супаставіць дэмаграфічныя характарыстыкі рэспандэнтаў, каторыя станоўча адносяцца да Маладога Фронту і БРСМ, з адносінамі да цяперашняе ўлады, мы знойдзем некаторыя паралелі:

Табліца 6. “Адны людзі лічаць сябе прыхільнікам цяперашняе ўлады, іншыя супраціўнікам, а да якой групы аднесьлі б сябе Вы?” (03.2010)

Табліца 7. “Дэмаграфічны партрэт” рэспандэнтаў, каторыя станоўча ацэньваюць дзейнасьць МФ і БРСМ” (03.2010)

З параўнаньня табліцаў 6 і 7 вынікае, што найбольш станоўча да дзейнасьці Маладога Фронту адносяцца тыя групы насельніцтва, паводле веку, якія лічаць сябе найперш супраціўнікамі цяперашняе “улады”. У першай і другой узроставай групах (20-24 і 25-29 год адпаведна) станоўчае стаўленьне да Маладога Фронту практычна ў два разы перавышае адпаведныя паказальнікі ў БРСМ. І сярод супраціўнікаў “улады” гэтыя дзьве групы моладзі – самыя пратэстныя.

Таксама з гэтых дадзеных, як і іншых дадзеных НІСЭПД, мы бачым, што за 16 год кіраваньня рэжым Лукашэнкі выгадаваў цэлае пакаленьне моладзі, якое даволі прыязна ўспрымае сваіх выхавальнікаў: 11,5% супраціўнікаў “цяперашняй улады” сярод першай групы паводле веку (18-19 гадоў) апярэджвае пратэстныя настроі толькі пэнсыйнае групы (60 год і болей), сярод якой налічвацца “цэлых” 5,6% апазыцыянэраў. Усё гэта падводзіць экспэртаў НІСЭПД да высновы, што барацьбу на “моладзевым фронце” выйграе цяперашні рэжым:“Сёньня, па прашэсьці дзесяцігодзьдзя, можна сказаць, што “барацьбу за моладзь” выйграе хутчэй улада, чым апазыцыя, паколькі менавіта ўлада зрабіла сур’ёзныя вынікі з бурлівых падзеяў 90-х гадоў і пачала актыўна зьдзяйсьняць палітыку, накіраваную на тое, каб атачаючая рэчаіснасьць “адаптавала” моладзь да сваіх каштоўнасьцяў хутчэй, чым моладзь “адаптавала” б гэтую рэчаіснасьць да сваіх каштоўнасьцяў (менавіта таму “малодшая” група моладзі па многіх паказніках аказваецца найбольш “адаптаванаю” да існуючага ладу рэчаў, чым старэйшыя групы ці 30- і нават 40-гадовыя беларусы).

Безумоўна, з гэтых дадзеных дэмакратычным сілам Беларусі трэба рабіць сур’ёзныя высновы: даць моладзі альтэрнатыву – альтэрнатыву інфармацыі, дзеяньня, бачаньне пэрспэктываў, выратаваўшы яе ад удушша лукамольскае прапаганды, – адна з найгалоўнейшых задачаў беларускай апазыцыі. Аднак таксама і перацэньваць мажлівасьці беларускае прапаганды, упадаючы ад гэтага ў пэсымістычныя ацэнкі, ня варта.

Па-першае, калі і выхоўвае каго Лукашэнка, дык найперш абыякавых спажыўцоў, а не сваіх прыхільнікаў. Аб гэтым сьведчыць ажно 60,7% абыякавае моладзі ў першай групе паводле веку. Гэтыя лічбы больш чым у два разы(!) перавышаюць абыякавасьць пэнсыянэраў: такіх сярод іх 26,3%. Па-другое, “першая” моладзевая група парушае лагічны шэраг падтрымкі Лукашэнкі прапарцыйна колькасьці перажытых зімаў ужо ня першы год, аднак, насуперак сваёй большай “адаптацыі”, як гавораць экспэрты НІСЭПД, да рэчаіснасьці, моладзь дэманструе стабільны пратэстны настрой, які паводле ўсё тых жа дадзеных НІСЭПД мы можам адсочваць падчас важных электаральных кампаніяў 2004 году (парламацкія “выбары” і рэфэрэндум), 2006 (прэзыдэнцкія “выбары”), 2008 (парламанцкія “выбары”):

Табліца 8. “Як Вы прагаласавалі на рэфэрэндуме, які прайшоў 17 кастычніка?” (12.2004)

Табліца 9. “Як Вы адносіцеся да акцыяў пратэсту апазыцыі (18-20 кастрычніка), якая выступіла супраць фальсыфікацыяў вынікаў рэфэрэндуму і парламанцкіх выбараў?” (12.2004)

Табліца 10. “Цілічыце Вы сябе ў апазыцыі да цяперашняй улады?” (04.2006) 

 

Табліца 11. “Як Вы ставіцеся да акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыяў прэзыдэнцкіх выбараў?” (04.2006)

Табліца 12. “Адны людзі лічаць сябе прыхільнікамі ўлады, а іншыя супраціўнікамі, а да якой групы сябе адносіце Вы?” (09.2008)

Табліца 13. “Што б Вы зрабілі, каб даведаліся, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя?” (мажліва больш за адзін адказ) (09.2008)

Як відавочна вынікае з табліцаў 8-13, пратэсны патэнцыял беларускае моладзі вельмі вялікі. З году ў год, ад адной электаральнай кампаніі да другой, моладзь з 18 да 30 гадоў, а часта і наступная узроставая група (30-39 гадоў), больш негатыўна ўспрымае цяперашні рэжым, чым станоўча і, адпаведна, больш актыўна выказвае гатоўнасьць прыкласьці пэўныя намаганьні – удзельнічаць у масавых акцыях пратэсту для зьмены цяперашняга ладу рэчаў. Гэта, як нішто іншае, відавочна сьведчыць аб тым, што насуперак БТэшнай прапагандзе, высілкам радыёстанцыі “Пілот-FM”, латарэі “Юнасьць” і штогадовым мільярдным уліваньням, “барацьбу за моладзь” беларускі рэжым выйграць ня можа апрыёры – моладзь у любым аўтарытарным грамадзтве самая прагрэсыўная частка соцыуму, якая ня толькі імкнецца да пераменаў, але і гатовая ў імя гэтых пераменаў ахвяраваць.

Гарант сацыяльнае стабільнасьці Лукашэнка, уразаючы сацыяльныя ільготы чарнобыльцам і інвалідам, дзеля падтрымкі штаноў правапераемнікаў ВЛКСМ ня можа разлічваць нават і на гэтых сваіх лукамольцаў. Як сьведчаць палітычныя арыентыры тых, хто станоўча ацэньвае дзейнасьць МФ і БРСМ, сярод апошніх кожны трэці(!) лічыць, што беларусы падтрымоўваць Лукашэнку толькі ад безвыходнасьці:

Табліца 14. “Палітычныя ўстаноўкі насельніцтва, станоўча ацэньваючага дзейнасьць МФ і БРСМ” (03.2010)

Відавочна, што большасьць з гэтых 39%, шукаючых альтэрнатывы Лукашэнку, схільныя падтрымоўваць на прэзыдэнцкіх выбарах дэмакратычнага кандыдата ад апазыцыі, пра што і сьведчаць дадзеныя наступнае табліцы:

Табліца 15. “Калі А. Лукашэнка будзе ў чацьвёрты раз выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, і зь ім будзе супернічаць кандыдат ад дэмакратычнае апазыцыі, за якога зь іх Вы б прагаласавалі?” (09.2009)

Як вынікае з дадзеных гэтае табліцы, на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх “выбарах” Лукашэнка, па вялікім рахунку, можа разьлічваць толькі на падтрымку свайго надзейнага электарату: састарэлых людзей 50-59 гадоў і пэнсыйнага веку – 60 гадоў і болей, сярод якіх падтрымка Лукашэнкі адносіцца 46,3% vs. 24,7%, альбо 1,9 vs. 1 і 76,5% vs. 7,1, альбо 11 (!) vs. 1! Ва ўсіх астатніх узроставых групах Лукашэнка, калі не аддасьць загаду фальсыфікаваць выбары, можа разьлічваць максымум на роўныя вынікі з кандыдатам ад апазыцыі (група ў веку 30-39 гадоў – 30,1% vs. 29,4% ці практычна 1 vs. 1), а ва ўсіх астатніх групах спадзявацца толькі на ганаровае другое месца.

Такім чынам, можна лірычна адказаць на пастаўленае экспэртамі НІСЭПД пытаньне: “На моладзевым фронце без пераменаў! – Моладзь прагне зьменаў!”

Дзеля завяршэньня гэтае радужнае карціны і яе рэалізацыі не стае толькі аднаго, зусім “нязначнага” штрыху – ня проста кандыдата ад дэмакратычнае апазыцыі, а кандыдата, здольнага мабілізаваць пратэстны патэнцыял беларускага грамадзтва дзеля адстойваньня сапраўднага падліку галасоў. І моладзь, як тое падцьвярджаюць у тым ліку і дадзеныя многіх сацыялагічных дасьледваньняў, падтрымае такога лідэра і здабудзе разам зь ім перамогу.

Зьміцер Дашкевіч. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 года ў невялікім гарадку Старыя Дарогі Менскай вобласьці, з 2000-га — ў Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгода адміністратыўных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. У студзені 2008 году Вярхоўным судом вызвалены на паўтары месяцы раней тэрміну. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Героем года”, у 2008 “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.