Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Рыгор Кастусёў. БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАРУСЬ. Футбол і вынікі перапісу

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, у траўні 2010 года рашэннем ХІІІ з’езду Партыі БНФ вылучаны на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Прыгажосць любой сапраўднай ідэалогіі ў тым, што яна дае магчымасць вытлумачаць практычна ўсе праявы сацыяльнай рэчаіснасці. Нацыяналізм з’яўляецца паўнавартаснай ідэалогіяй, таму беларускі нацыяналіст мусіць мець адказы на ўсе пытанні і выклікі, што стаяць цяпер перад нашым грамадзтвам.

Апошнім часам пры сустрэчы з людзьмі ў розных рэгіёнах краіны мне часта задаюць пытанні, звязаныя з папярэднімі вынікамі мінулагодняга перапісу, што былі агучаныя нядаўна. Сярод іншага, перапіс вызначыў, што беларусаў становіцца меней. За часы кіравання Лукашэнкі колькасць насельніцтва скарацілася амаль што на мільён. Гэта сапраўды трывожная, нават катастрафічная сітуацыя.

Але размову пра гэтыя папярэднія вынікі я пачаў бы з прыкладу, які нібыта і не адносіцца да пытанняў дэмаграфіі. Прыклад мае прыватны характар, і ў прынцыпе не вельмі зацікавіў нават спартовую прэсу. На фоне поспеху нашай нацыянальнай зборнай на Стад дэ Франс выпадак з жыцця нашага легіянэра Антона Пуцілы ў нямецкім футбольным клубе “Фрайбург” застаўся малазаўважным.

Як паведамляе газета Süddeutsche Zeitung са спасылкай на агенцтва DPA, пры пераходзе ў новы клуб беларускі ігрок паведаміў, што ягонае прозвішча трэба пісаць не Putsilo, а Putsila. Ранейшы варыянт (дзіўная сумесь расійскай і беларускай транскрыпцыяў) выкарыстоўваўся, калі футбаліст гуляў за “Гамбург” у сезоне 2007–2008 гадоў. Кіраўніцтва “Фрайбурга” адрэагавала неадкладна і пашыла Пуцілу новую футболку. “Над нумарам 21 цяпер напісана Putsila замест Putsilo”, — адзначаецца ў паведамленні.

На мой погляд, гэты прыклад ілюструе змены, што пакрысе адбываюцца ў свядомасці насельніцтва нашага краю. Гэтыя змены праяўляюцца хаця б у кантрасце з тым, што паважаныя зоркі беларускай футбольнай зборнай 90-х нярэдка зусім інакш ставіліся да пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці. Некаторыя з іх, гуляючы за іншаземныя клубы, з роспаччу выказвалі тамтэйшым журналістам шкадаванні, што правілы ФІФА не дазваляюць ігракам мяняць нацыянальныя зборныя таксама лёгка, як яны мяняюць клубы.

Ня ведаю, ці Антон Пуціла, народжаны ў 1987 годзе, падзяляе нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасці. Але відавочна, што ён лічыць сябе беларусам, ганарыцца сваёй прыналежнасцю да беларускага народу і хоча падкрэсліць яе. Хаця ёсць и иншыя прыклады. Так, ігрок кіеўскага “Дынама” Арцём Мілеўскі знайшоў магчымасць памяняць футбольнае грамадзянства з беларускага на ўкраінскае… У той жа час мы не павінны забываць, што якіх паўтары сотні год таму назад людзей, якія б усведамлялі сябе прадстаўнікамі беларускага народу, у нашым краі ўвогуле не было.

Згодна апошняга перапісу, беларусамі сябе назвалі 83,7% насельніцтва. У 1999 годзе гэтая лічба складала 81,2%. А ў 1999 годзе толькі 78% дарослага насельніцтва Беларускай ССР называлі сябе беларусамі. У гэтых лічбах я чэрпаю аптымізм для далейшай працы на ніве нацыянальнага адраджэння. Той, хто называе сябе беларусам, – гэта патэнцыйны наш выбаршчык, да якога мы звяртаемся і падтрымку якога мы хочам атрымаць.

На жаль, перапіс зафіксаваў сумную тэндэнцыю змяншэньня колькасці беларускамоўнага насельніцтва. Беларусы ўсё меней гавораць на роднай мове, і нават ўсё меней называюць роднай мовай беларускую. Гэтую тэндэнцыю (у адрозненне ад змяншэння насельніцтва і павелічэння долі асобаў з беларускай ідэнтычнасцю) я наўпрост звязваю з палітыкай дзеючага рэжыму. Менавіта Аляксандар Лукашэнка цягам шаснаццаці год усялякім чынам перашкаджаў свабоднаму развіццю беларускай мовы, робячы з яе артэфакт апазыцыйнай дзейнасьці.

Што ж, каму як не БНФ зноўку стаць на абарону беларускай мовы як падставовага складніку беларускаскай дзяржаўнасці. Незалежнасць нашай краіны не будзе трывалай да тае пары, пакуль яна не забяспечваецца культурнымі чыннікамі. Дзеля іх стварэння сваім другім указам пасля абрання на пасаду прэзыдэнта я абяцаю стварыць дзейсныя мэханізмы падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы.

Наступная тэндэнцыя, на якую я хацеў бы звярнуць увагу, звязаная з памяншэннем колькасці нацыянальных меншасцяў. Колькасць палякаў паменшылася з 1989 года з 4% да 3,1%. За гэты ж перыяд колькасць рускіх зьменшылася з 13% да 8,3% (гэтыя лічбы карэлююць з павелічэннем колькасці асобаў, што называюць сябе беларусамі). Паменшылася колькасьць і іншых нацыянальнасцяў.

У сувязі з гэтым я хацеў бы адзначыць наступнае. Толькі ў нацыянальнай дзяржаве нацыянальныя меньшасці могуць, насамрэч, разглядацца як нацыянальныя меншасці і карыстацца адпаведнымі правамі і гарантыямі. Да той пары, пакуль у краіне пануе сённяшняя антыбеларуская ўлада, прыгнёт будзе прыпадаць і на іншыя нацыянальныя супольнасці. Калі ж нам навяжуць лева-лібэральную мадэль дзяржавы, дзе ўлада будзе ігнараваць у людзях іхную беларускасць, украінскасць, татарскасць ці ліцьвінскасць, а будзе разглядаць усіх як абстрактных “агульначалавекаў”, то ні пра якія правы нацыянальных меншасцяў казаць ня будзе магчымасці. Калі коратка, то пры сацыялістах ці лібэралах нацыянальныя меншасці будуць зведзеныя да ўзроўню меншасцяў сэксуальных. І толькі нацыянальная дзяржава, за якую выступае БНФ, дасць нацыянальным меншасцям гарантыю ад асіміляцыі, “абагульнення”, і будзе разглядаць іх менавіта як нацыянальныя супольнасці.

Першасная задача беларускай дзяржавы павінна палягаць у дэмаграфічным вымярэнні. Выміранне беларусаў павінна быць спынена. У адваротным выпадку мы рызыкуем папросту знікнуць са сцэны гісторыі як самастойная нацыя. Дапусціць гэтага мы ня маем права, ня маем права здрадзіць памяці продкаў.

Вылучаючы сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, я цудоўна разумею, што нацыю трэба выратоўваць ад вымірання. Вырашэнне гэтай праблемы немагчымае без умацавання сям’і. Дзеля гэтых мэтаў мною пасля перамогі на выбарах будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у які я перавяду сродкі з усіх прэзідэнцкіх фондаў, а таксама грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палітычнага пераследу. Кожная сям’я пры ўзяцці шлюба павінна атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэнні другога дзіцяці. А пры нараджэнні ў сям’і больш двух дзяцей кожная сям’я будзе мець магчымасць атрымаць ад дзяржавы бясплатную кватэру або сродкі для будаўніцтва ці набыцця дома або кватэры. Адпачынак дзеля дагляду за дзіцём павінен ўключаць у сябе “бацькаву частку” – некалькі месяцаў адпачынку, якія бацька зможа скарыстаць для выхавання дзіцяці.

Дэмаграфічная сітуацыя, якая склалася цяпер, пагражае незалежнасці і самому існаванню беларускай нацыі. Вось галоўны вынік, які можна вынесці з папярэдніх дадзеных перапісу. І гэта ня проста вынік перапісу. Гэта задача, якая будзе стаяць перад новаабраным прэзідэнтам. Вырашым гэтую задачу – выстаім як нацыя, а непазбежны працяг росту нацыянальнай свядомасці будзе гарантыяй далейшага развіцця беларускага народу.

А ў сёлетнім турніры Бундэслігі мае сімпатыі будуць на баку “Фрайбургу”, за які гуляе Антон Пуціла, беларускі футбаліст і беларус.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.10 (всего оценок: 44)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Законы ёсць, але яны не выконваюцца
  • Мяне таксама цешыць учынак Пуцілы. Але мяне непакояць Вашыя наступныя словы: "Той, хто называе сябе беларусам, – гэта патэнцыйны наш выбаршчык, да якога мы звяртаемся і падтрымку якога мы хочам атрымаць." Дык значыць, падтрымка меншасьцяў Вам непатрэбная? Вы ад яе з a priori адмаўляецеся? Чаму ж Вам не разглядаць усіх грамадзянаў Беларусі як патэнцыйных выбаршчыкаў? Па-другое, мяне надта непакоіць вось што: "сваім другім указам пасля абрання на пасаду прэзыдэнта я абяцаю стварыць дзейсныя мэханізмы падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы". Я цалкам за дзяржаўную падтрымку беларускай мовы. Аднак у дэмакратычнай краіне законы прымае не прэзыдэнт, а парлямэнт. Прэзыдэнт можа прапанаваць законапраект, але ягоная галоўная роля -- выконваць законы. Калі замест таго, каб прапанаваць парлямэнту нейкі закон Вы будзеце увадзіць яго собскім указам, дык у чым тады будзе розніца паміж Вамі ды Лукашэнкам?