Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Дзермант. ЭТНАСФЕРА. Хэві метал фолк


Аляксей Дзермант

Аляксей Дзермант. Філосаф, этнакультуролаг. Нарадзіўся ў 1979 годзе. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аспірантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі, выкладаў гісторыю палітычных ідэй Беларусі ў ЕГУ. Сябра Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA», рэдактар альманаху «DRUVIS». Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму.

Надоечы вярнуўся з літоўскага музычнага фэсту “Kilkim Žaibu” (літ. паўстань з маланкай), які сёлета быў прымеркаваны да свята Купалля (яно, між іншым, ёсць афіцыйным выходным днём у Літве ды Латвіі). Фэст, які ладзіцца ўжо дванаццаты раз, зноў на маляўнічым узбярэжжы возера Лукстас у Жамойці, мае “цяжкі” фармат, але спалучаў “купальска-фолкавую” і “маланкава-металічную” часткі.

Яго арганізатары кажуць з гэтай нагоды: “Задача фестывалю — аб’яднанне сучаснай экстрэмальнай музыкі, pagan і black metal з этнічнай культурай балтаў... Мы робім гэтак, каб не забыцца, хто мы такія, чаму мы менавіта гэтага роду... На першы погляд, сувязь паміж рознымі ідэалогіямі і культурамі выглядае дзіўнай і немагчымай, але відавочна, што з усіх сучасных музычных жанраў, у паэзіі металічнай музыкі гістарычныя тэмы выкарыстоўвай найчасцей. Сярод прадстаўнікоў гэтага жанру ёсць шмат людзей, якія, шукаюць натхненне ў спадчыне сваіх продкаў, мясцовай гісторыі, міфалогіі, старадаўняй веры. Вось чаму кожны музыкаў, паходзячы са сваёй краіны, мае ўласны выразны гук, які адлюстроўвае адметнасць сваёй культуры, таму мы радыя, што можам зрабіць свой унёсак ва ўмацаванне балтыйскай цяжкой музыкі ў нашым родным краі”.

Мэты сапраўды годныя і вынік атрымаўся адпаведны. Кожны мог знайсці нешта сваё і найбольш блізкае. Пракаветная купальская традыцыя ў спалучэнні з маланкавай хэвіметалічнай музыкай, архаічныя спевы і электрычныя інструменты. Ніякага дысанансу, усё на сваім месцы, у свой час, суладдзе дасягнутае. Зрэшты, пранікненне фальклору ў розныя жанры сучаснай музыкі, у тым ліку, найбольш экстрэмальныя – гэта адзін з самых эфектыўных сродкаў падтрымання цікавасці да яго, асабліва сярод моладзі, працягу яго жыцця ў новых формах, адпаведных часу.

Фестываль “Kilkim Žaibu” мае балтыйскі каларыт і пераважная колькасць яго наведнікаў з Літвы, Латвіі ды Эстоніі, але ён ператварыўся ў падзею, якая збірае пад сваім знакам прыхільнікаў цяжкой ды этнічнай музыкі з розных еўрапейскіх краінаў: Расія, Нямеччына, Францыя, Фінляндыя, Румынія, Грэцыя... Была там хоць і невялікая, але згуртаваная беларуская дэлегацыя. У гэтым сэнсе фестываль паказальны і ўзорны – мастацтва дапамагае пераадолець недарэчныя бар’еры ў момант, калі еўрапейская салідарнасць і зварот да ўласных вытокаў патрэбныя як ніколі.

Асабліва прыемна, што слухачы горача віталі наш слынны гурт GODS TOWER, які нядаўна адрадзіўся з попелу і сваім выступам пераканаўча давёў, што вяртанне адбылося. На жаль, на беларускай сцэне вельмі мала калектываў аналагічнага ўзроўню, які мог бы годна прадстаўляць нашую культуру за мяжою. Калісьці гамельчукі ўразілі паўсвету гітарнай стылізацыяй гуку дуды, “балотным” саўндам і пранізлівай паганскай вобразнасцю, а сёння на нашай сэцне пануюць бясконцыя клоны расійскіх гуртоў без якой-кольвек арыгінальнай думкі ды прымітыўнымі тэкстамі. Нядзіва, што тутэйшая pagan-сцэна занепадае, варыцца ў сваім саку ды, па вялікім рахунку, нікому нецікавая. Прыклад GODS TOWER, а таксама балтыйскіх гуртоў паказвае, што здабыць поспех магчыма, але толькі тады, калі нешта з сябе ўяўляць, паглыбіцца ва ўласную традыцыю, асэнсаваць яе і стварыць якасны прадукт.

Менавіта гэтак і зрабіў адзін з хэдлайнераў фестывалю – латышскі гурт SKYFORGER, які карыстаецца шалёнай папулярнасцю не толькі на радзіме, але і ў Заходняй Еўропе. Іхны выступ быў адным з найлепшых. Плыня энэргіі, харызмы, бадзёрага нацыянальнага духу. Вельмі прыгожы фон іхным песням стваралі сцягі чатырох балтыйскіх сёстраў: Эстоніі, Латвіі, Літвы і Беларусі. Беларусь таксама балтыйская краіна? Геаграфічна так – мы частка рэгіёну Балтыйскага мора, нашая этнакультурная традыцыя вельмі блізкая да літоўскай ды латышскай. Дык можа ў гэтым кірунку і шукаць уласнай адметнасці ды грунтаваць у гэтым стылёвую ды якасную творчасць?..

Між плоймы пазітыўных уражанняў не пакідала сумная думка – на вялікі жаль, падобны фэст пакуль проста немагчыма ўявіць у Беларусі. Арганізацыі “Kilkim Žaibu” дапамагала літоўскае міністэрства культуры, мясцовыя ўлады і прыватныя кампаніі, металісты – не самая спакойная публіка, але на ўсім фэсце была заўважаная хіба пара паліцыянтаў, якія ціха сумавалі, ніяк не замінаючы наведнікам, піва, дарэчы, лілося ракою і пры гэтым не было ніякіх прыкрых эксцэсаў. У нас падобныя фэсты ладзяцца паўпадпольна, найчасцей у гарадскіх клубах, а не навольным паветры, якое нашмат больш пасуе для атмасфернай музыкі. Калі ў нас раптам здараюцца нешматлікія open air фэсты з фолкавым ухілам дык дужа цяжка абысціся без пільнага нагляду міліцыі, пажарнікаў і забараноў усяго чаго толькі можна. Падтрымка з боку дзяржавы амаль з вобласці фантазій, ну а прыватны бізнэс не абцяжарвае сябе падтрымкай культурніцкіх ініцыятываў.

Пяць гадоў запар у Мінску праходзіў міжнародны фестываль фолк і неафолк музыкі “CRIVIA AETERNA: Архаіка і сучаснасць”, які знаёміў прыхільнікаў архаічнай і эксперыментальнай музыкі з найлепшымі калектывамі Беларусі і замежжа. Ён ужо яўна “перарос” клубны фармат, вымагаючы пляцоўкі на вольным паветры. Але сёлета фестываль не адбудзецца. Прычына банальная – у цяперашніх эканамічных ды культурных абставінах праводзіць такі фэст, запрашаць замежных гасцёў ды патрабаваць ад наведнікаў заплаціць адпаведны арганізацыйным выдаткам кошт квітка ёсць амаль стоадсоткавым фінансавым самагубствам.

Таму застаецца хіба цешыцца за нашых паўночных суседзяў, дзе падобных фестываляў нават некалькі, а мясцовыя ўлады і бізнэсоўцы разумеюць, што падтрымліваюць жывое дрэва ўласнай культуры, дбаючы пра будучыню свайго народу.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дзякуй.
  • Латышскі гурт SKYFORGER
  • В, примерно, интервале 5.30 - 6.10 кто поет? Может кто подсказать?