Дата публикации:
01.09.2011
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2011/09/01/ic_articles_410_174947/

Аляксандр Мілінкевіч. ДЫЯЛОГ. Апазіцыя павінна загаварыць адным голасам

Автор: Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ

 

Аляксандр Мілінкевіч. Старшыня Руху “За Свабоду”. Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гродне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкаму (1990-1996). Кандытат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў у 2006 годзе. Лаўрэат прэміі Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”.

29 жніўня Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распачаць дыялог улады з грамадствам з прыцягненнем прадстаўнікоў Еўразвязу, Расіі і міжнародных структур.

Нацыянальная кансалідацыя – аснова захавання і развіцця беларускай дзяржавы. Беларусам трэба навучыцца размаўляць паміж сабой цывілізаванай мовай і сродкамі.

Сама па сабе яго прапанова “ўсім разважлівым людзям … садзіцца за стол …, а не тупаць і крычаць па плошчах”, цалкам адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам краіны. Яе інтарэсам адпавядае і пазбаўленне статусу “апошняй дыктатуры Еўропы”, скасаванне самадзяржаўнай сістэмы кіравання, правядзенне рынкавых дэмакратычных рэформаў.

Пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 году грамадскі дыялог у Беларусі быў заменены на пошук ворагаў, палітычныя рэпрэсіі і нагнятанне страху. Замест барацьбы ідэяў – нейкая дзяржаўная адзіна правільная ідэалогія, дакладны змест якой вядомы толькі аднаму чалавек.

Татальны кантроль за грамадствам і эканомікай скончыўся тым, чым мусіў скончыцца. Гаспадарка болей не слухаецца дэкрэтаў. Такі любімы рэжымам лозунг “толькі вы не лезьце ў палітыку” бумерангам вярнуўся і ўдарыў па ягоным аўтары. Улада ўвесь гэты час не хацела разумець, што палітыку не ізалюеш ад эканомікі. Няма рэальнай палітыкі, не будзе і рэальнай эканомікі.

Добра, калі ўлада сапраўды пачынае усведамляць, што “беларуская мадэль” – нонсэнс, анахранізм. Горш, калі прапанова дыялогу – гульня для Захаду, ад якога ў значнай ступені залежаць нашы шанцы на мадэрнізацыю.

Хаця гэта ўжо хутчэй не нашы, а наменклатурныя праблемы. Разумеюць – маюць шанцы на удзел у трансфармацыі, не – зыдуць хутчэй. Няма чаго абсмоктваць, шчырая гэтая прапанова або яна – адно толькі імітацыя працэсу. Поспех будзе перш за ўсё залежыць ад таго, ці мы гатовыя да сур’ёзнага і адказнага круглага стала.

Дэмакратычная супольнасць як ніколі мусіць быць аб’яднанай і гаварыць адным голасам. І з грамадствам, і з рэжымам, і з цывілізаваным светам. Гэта мае быць голас і палітычных, і грамадскіх лідэраў, праваабаронцаў, журналістаў і экспертаў.

Апошнія гады апазіцыя болей дэкларавала адзінства, чым рэальна супрацоўнічала. Час прадэманстраваць адваротнае. Бо такі зараз галоўны выклік. Трэба паказаць нашу адказнасць за лёс краіны.

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».