Зюзя Паазерскі. СТАРЫ НОВЫ ГОД. Абяцаю сапраўдную зіму!

Памятаю, як ў даўніну на Каляды спецыяльна дзеля мяне выстаўлялі на ганачак куццю і казалі: “Зюзя, хадзі куццю есці”...

 

Зюзя Паазерскі. Бог холаду і марозу, якога часта завуць прадзедам Дзеда Мароза. Па фальклорных паданнях трэск дрэў падчас моцных маразоў тлумачыцца тым, што дзед з доўгай барадой, які жыве ў лесе і ходзіць басанож, стукае па дрэвах. Зюзя Паазерскі жыве пад Паставамі ў фальклорна-міфалагічным комплексе «Азяркi», дзе ён пабудаваў сваю Зюзеву ваколіцу.

Падчас зімовых святаў вароты маёй сядзібы гасцінна расчыняюцца дзеля госцейкаў даражэнькіх, што прыязджаюць у край наш з самых розных, блізкіх і далёкіх куточкаў роднай краіны, а некаторыя — дык нават і з замежжа. З радасцю вялікай сустракаю іх, запрашаю ў карагоды, частую сваімі прысмакамі. А калі прыходзіць час з гасцямі развітвацца, вяртаюся ў лес да спраў сваіх штодзённых — наганяю маразы і завірухі.

Як і ў звычайным жыцці, аднаму бывае занадта цяжка справіцца з усімі абавязкамі, таму ёсць у мяне шмат памагатых: Завея, Хапун і Клікун, Дзед Гаёвы і Лесавік, баба Напасця — усіх і не пералічыць…

Прыемна, што памятае народ пра нас, ведае, а таго ж Чура нават дзеткі пры гульні прыпамінаюць. І няхай мы сённа персанажы міфалагічныя, казачныя (але ад таго не менш чароўныя), мы, па-ранейшаму, — частка беларускай культуры, гісторыі.

Памятаю, як ў даўніну на Каляды спецыяльна дзеля мяне выстаўлялі на ганачак куццю і казалі: “Зюзя, хадзі куццю есці”. Так мяне задобрывалі, каб я накрыў зямлю снегам і выратаваў ураджай, каб не надта дакучаў завірухамі ды маразамі.

І я, у сваю чаргу, запрашаю ўсіх беларусаў і гасцей краіны да мяне ў сядзібу на Пастаўшчыну!

З павагай, з любоўю, з глыбокай пашанай
Віншую са святам, віншую з надзеяй.
Каб елася смачна, салодка пілося,
Здароўе мацнела, хазяйства вялося!

Няхай звонкай песняй жыццё ваша будзе!
Жывіце ў радасці, добрыя людзі!
У Новы год і на Каляды

Я сустрэчы з вамі рады!
Ад душы вітаю Вас,
І заўжды чакаю ў нас!
Прыязджайце, запрашайце
Ўсіх сяброў, знаёмых.
Сувязь з намі ўзмацняйце,
Будзьце ў нас, як дома!
І дазвольце яшчэ раз
Пажадаць такога:
Добрых спраў у добры час,
Міласці ад Бога!
Светлых дзён, зямных вышынь,
Дабрабыту ў хату,
Жыць сумленна, не грашыць
І мець стол багаты!
Летам каласоў жытнёвых,
Буйных траў у лузе,
А зімой сустрэчы новай
У сядзібе Зюзі!

А я пайду пакуль гукаць зіму. У гэтым годзе ніяк не атрымліваецца затрымаць зімовае надвор’е на доўгі час. Але яшчэ амаль два зімовых месяцы наперадзе. Упэўнены, што паспееце яшчэ з асалодай на санках з гары з’ехаць, у снежкі пагуляць, ды і проста гурбы снежныя памераць. Абяцаю, што вярну зіму на зямлю астуджаную. І кожны з вас можа ў гэтай справе дапамагчы — трэба толькі моцна верыць, з надзеяй чакаць, з пашанай адносіцца да прыроды і традыцый продкаў.

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».