Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Святасць беларусаў сёння

  


Алесь Мікус. Нарадзіўся ў 1982 г. З адукацыі псіхолаг. Музыка, заснавальнік гурта “Крывакрыж”, аўтар “Гімна Белага легіёну”. Перакладчык з літоўскай мовы, аўтар “Беларуска-літоўскага размоўніка” (выдадзены супольна з амбасадай Літвы). Аўтар артыкула пра дуду ў энцыклапедыі “Беларуская міфалогія”. Знаўца старажытнапрускай мовы. Натхняльнік “крывіцка-балцкіх” ініцыятыў у Заходняй Расіі, адзін з вядоўцаў сайту “Зямля Голядзі”. 

Цягам мінулага году даводзілася памногу бываць і ў Вільні, і ў Маскве. І заўважылася рэзкая перамена ва ўласным настроі, намерах. Апынаешся ў зусім іншым прасторавым асяроддзі — і твае думкі раптам шыхтуюцца, святлее настрой, праясняюцца намеры. Апроч іншага, гэта дазваляе зірнуць з іншага погляду на тое, адкуль прыехаў. З гэтага погляду напісаныя гэтыя нататкі — канспектыўныя, схематычныя. Гэтыя нататкі — пра менталітэт, пра тую нябачную атмасферу, той фон, у якім тут жывем. Радуюся, што для сябе гэта сфармуляваў. Па сабе ведаю, што, гледзячы знутры Беларусі, гэтак не праясняецца. Таму, спадзяюся, і іншым параўнаць гэта са сваімі назіраннямі і адчуваннямі было б карысна. Выбраная ж такая экстравагантная назва будзе раскрытая напрыканцы.

Такім чынам, якія мы? Ашалелыя, вывернутыя, перабольшаныя, выкрыўленыя. Але па парадку.


Ашалелыя

Вось насуперак афіцыйнаму дыскурсу пра “уже ставшую притчей во языцех”, “набившую оскомину” памяркоўнасць кампанія “Будзьма” проціпаставіла слоган пра шалёны народ. Цікава, што ў Літве з пачыну прэм’ер-міністра Кубілюса пэўны час таму з’явіўся слоган пра “мужны народ”. Па-літоўску — drąsi tauta, ад drąsus — “мужны, смелы”. Літаральна гэта значыць — “які прадзіраецца”. І гэта адпавядае памкненням цяперашняй Літвы — прадзерціся ў свет, з якога, на іх думку, іх вынялі. Вось, Літва прадзіраецца, а Беларусь — шалее.

З іроніяй было гэта выбрана або з чыстым сэрцам? Шал — гэта такі стан, які нікуды не накіраваны. Гэта як ваўчок, які круціцца на адным месцы. Шал дзярэ знутры, але нікуды не прыводзіць, нікуды не вядзе і нічога не хоча. Літва цярэбіць (“дзярэ”) сабе дарогу, а Беларусі — дзярэ нутро. Хтосьці робіць, а з кімсьці робяць. Літва робіць, а з Беларуссю нешта творыцца. Беларусь шалее. Беларусь шалёная. “Шалёны народ — беларускі народ”… Калі б Беларусь была целам, дык у яе жываце сядзелі б мышы, якія там бы і дзерлі, што б ім там заманілася. Шал — гэта калі не ведаеш што рабіць, а нечага хочацца. Або нечага нельга, не дазваляюць, забаронена. Тады шал, тады ашалелыя. І збольшага таму бяскрыўдныя.


Вывернутыя

Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Або нават чорнай дзіркай Еўропы. Апошняя дыктатура пасярэдзіне Еўропы, у самым сэрцы Еўропы. Пакінем убаку няўцямнасць пра Расію, яе парадкі і іх далучэнне да еўрапейскіх. Беларусь проціпастаўленая Еўропе. А чаму?

Вось калі ўзяць мех ад дуды. Калі робяць дуду і ўжо маюць казячую скуру, злупленую з казы “панчохай” (без разрэзу), дык гэты скураны мех выварочваюць, каб поўсць аказалася ўнутры. А звонку каб скура была тым бокам, які ў жывой казы “глядзеў” на яе вантробы. Дык вось, Еўропа — як жывая каза з поўсцю навонкі. Гэтая поўсць (мноства валасінак) — яе культура. Мноства ўсяго, разнастайнасць, багацце, субкультуры, выбар. Гэтыя валасінкі “культуры” дзесь вытыркаюцца, дзесь зваляныя ў каўтун, дзесь заляпаныя, дзесь роўныя. Гэта культура, яна такая. Культура нарастае, часам яна рацыянальна выглядае малапатрэбнай, але такая яе прырода — быць набраклай, навіслай на целе, на скуры. А якая Беларусь?

А Беларусь — вывернутая. Культура пахаваная, а звонку пазіраюць гладкія формы. Парадак, аднастайнасць, адназначнасць. Нуль “жывой масы”. Голыя чарапы, паголеныя ад валасоў падпахі. Нуль культуры. Голы парадак. Голы шкілет, каркас. Голая ўлада, ні на што не абапертая. Тут не цэняцца рэчы культуры, іх прапускаюць праз сябе ўмомант, праглынаюць і адразу ж вырыгваюць. У лепшым разе — наляпваюць нейкі цэтлічак, каб больш да яго не вярнуцца. Жывой культуры тут не прымаюць, бо баяцца яе непрадказальнасці. Тым часам менавіта “жывая культура” — сінонім еўрапейскасці.


Перабольшаныя

З некаторага часу беларусы ўсе як адзін пачалі нагадваць таго, хто адзіны аддае тут загады. Гэта перайшло ў побыт, у дробязі. Найперш гэта заўважна ў тых, хто вытыркаецца публічна. Перабольшана гавораць пра сябе, ужываюць слова “я”, нахвальваюць тое, што зрабіў гэты “я”. Накшталт “спел я ох..нно”. Часам тое, пра што гаворка, яшчэ толькі ў задумах, плануецца, а ўжо воз ставіцца паперад: гэта будзе выдатна, цудоўна, найлепей, ніхто так яшчэ не рабіў, усе раты разявяць. Сябе перабольшваюць, пераацэньваюць, ставяць самі сабе ацэнку. Падкрэсліваюць сябе і свае дасягненні. Гавораць пра сябе, пра сябе, а калі пра іншых — звычайна крытыкуюць ці ганяць (спачатку калегаў, потым канкурэнтаў, потым амерыканцаў і ўрэшце жыдоў).

Чаму гэта? Мо’ ад паўсюднай недаацэненасці, ад адсутнасці адэкватнай і заслужанай ацэнкі? Здаецца, тут танчэй. Ад незадаволенасці наяўным, ад свербу, ад імкнення кудысьці. Пры чым тут галоўны камандзір? Варта ўзгадаць фразу “Беларусь для меня пройденный этап”. Памкнуўся быў на Расію, толькі там загарадзілі дарогу. А калі б атрымалася — праз нейкі час пачулі б “и Россия для меня уже, знаете, пройденный этап”. Чаму? Бо ў маленстве не было таго, хто б ставіў зверху планку. Звычайна гэта бацька. Ён ставіць рамкі безупыннаму росту, вызначае кірункі і абмежаванні.


Выкрыўленыя

Тое, што робіцца ў Беларусі, нагадвае расліну, рост якой уперся ў нейкую столь. (Гэта толькі на першы погляд супярэчыць сказанаму папярэдне.) Расліна расла, а потым яе верхалінкі ўперліся, і, каб расці далей, мусілі расці ўбок, выкрыўляцца. Нейкія атожылкі, можа, пачынаюць расці ўніз — такое здараецца, такое можна часам бачыць у нейкіх прыродных месцах. Гэта ў сферы творчасці, у сферы культуры. У сферы зносінаў, асабліва публічных.

Беларусы з розных сфер, што належаць да “надбудовы”, ужо даўно дараслі да нейкай столі і мелі б перайсці на нейкі новы, наступны этап свайго нармальнага развіцця (мастакі, палітыкі, журналісты, тэатралы, мысляры, музыкі, пісьменнікі, культуролагі, дый бізнесоўцы таксама). А гэтага пераходу ўсё няма і няма.

Чаго менавіта няма? Уключэння ў асэнсаванне таго, што адбываецца навокал у свеце. Цяперашні свет складаны і шматстайны — цікавы, і асэнсоўваць гэта, шнур за шнуром, — таксама цікава, пагатоў быць у гэта адначасова і ўключаным. Дык вось, гэтага няма. Замест гэтага сварацца (паглядзіце, як усе ўжо тут перасварыўшыся). Або лічаць зоркі ў небе (праектаў уладкавання свету развялося!) ці каменьчыкі пад нагамі (гісторыя, этніка). Партыя хрысціянаў, узбуялы этнаграфічны рух… Цяперашні беларус не глядзіць вочы ў вочы, ён глядзіць убок. Ці ўверх, ці долу. Або нават у сваё нутро. Тое ж пра эмоцыі, пра мараль, пра ўласную думку.


Замест высноў

Напісаўшы гэтак, расклаўшы так па пунктах, потым знянацку падумалася: дзіўна, усе гэтыя чатыры пункты як улітыя адпавядаюць знакамітым тутэйшым архетыпам, што дайшлі да нас з глыбокай архаікі.

Шалёныя? Дык гэта пра ваўкалакаў, людзей ваяўнічага шалу, экстазу. У Герадота вядомыя звесткі пра народ неўраў, што раз на год ператвараўся ў ваўкоў. Тыя неўры жылі дзесь тут. І пагэтуль нямала засталося вёсак з назвамі тыпу Ваўкалава.

Вывернутыя? Гэта, сапраўды, пра дуду. Дударскім краем называлі раней Беларусь, разам з прылеглымі тэрыторыямі. Вярнуць Беларусі найменне дударскага краю хацелі б і тыя, хто цяпер удзельнічае ў дударскім руху, які ўсё шырыцца.

Выкрыўленыя? Гэта пра старажытныў жрацоў-крэваў-крывісаў, ад якіх, як лічаць, пайшла назва буйнога племя крывічоў. Маскоўскі навуковец Тапароў называў таму крывічоў “народам жрацоў”. Тыя жрацы перадавалі волю старых багоў не проста, а “крыва”, іншасказальна.

Перабольшаныя? Гэта, відаць, пра роднасную “крывічам-жрацам” тэму святасці. Слова “святы” ў індаеўрапейцаў значыла “тое, што набухае, павялічваецца” (расліны — святыя, чалавек — святы, улада — святая). Што можа расці — тое і святое.

Вось такі нечаканы ўсплывае ракурс. З аднаго боку, ён можа асцюдзіць тых, хто абагаўляе нашу архаіку (бо паказвае, здаецца, яе сучасныя формы, якія надта спецыфічныя), а з іншага — неяк мо’ залагодзіць тых, хто разгублена глядзіць на ўсе гэтыя дзівацтвы ў цэнтры цывілізаванай Еўропы. У кожным разе вось такія, здаецца, мы сёння, а вось такая, што пэўна, наша найдаўнейшая мінуўшчына.

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».


Оценить материал:
Средний балл - 3.68 (всего оценок: 30)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева