Віталь Рымашэўскі. СВЯТА. Вобраз ідэальнай жанчыны

Грамадства стварае ўзоры для перайманя. Затым гэтыя вобразы самі пераўтвараюць чалавека і грамадства...

 

Віталь Рымашэўскі
 

Віталь Рымашэўскі. Нарадзіўся 3 сакавіка 1975 года ў Мінску. Адукацыя вышэйшая, інжынер-будаўнік. У 1997 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (былы БДПА). Пасля навучання працаваў па спецыяльнасці, затым пачаў займацца прыватным бізнэсам. З 1996 года — член каардынацыйнай рады «Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў». У 2002-2004 гадах — член прэзідыўма Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадскіх арганізацый «Рада». У 1999 годзе вучыўся ў Германіі на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіравання ў інстытуце «Саюз грамадскага кіравання», вывучаў эканамічнае і палітычнае ўладкаванне ФРГ. Адзін з кіраўнікоў кампаніі «У абарону свабоды сумлення і веравызнання у Беларусі», у межах якой было сабрана больш за 50 тысяч подпісаў у абарону хрысціянаў. Адзін з заснавальнікаў і сустаршынь аргкамітэта по стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Узначальвае працу міжнароднага і адукацыйнага адзела, курыруе працу моладзевай арганізацыі. На выбарах 19 снежня 2010 года – кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Падазроны ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках апазіцыі 19 снежня. Праваслаўны. Жанаты, ёсць дачка.

Для кожнага чалавека ўяўленне пра свята звязана з нечым прыгожым і светлым, што губляецца і забываецца ў мітусні будзённага жыцця.

Свята — гэта дотык чалавека да нейкай страчанай прыгажосці, мары аб магчымасці іншага. Сутнасць святаў менавіта ў гэтым, хаця б часовым, далучэнні да рэчаіснасці ўзнёсласці і святла, да рэчаіснасці шчасця.

Калі гэтай рэчаіснасці няма, тады па сутнасці — няма чаго святкаваць, і ніякімі штучнымі ўздымамі свята не стварыць.

Чым для нас з’яўляецца свята, апроч магчымасці выспацца, паесці, папіць, адпачыць?

Чаго мы чакаем ад свята?

Звычайна большасць святаў звязаная з выбітнымі падзеямі альбо асобамі. Нават калі свята не мае прысвячэння нейкай канкрэтнай асобе, як 8 сакавіка, — складаюцца шматлікія рэйтынгі ўплывовасці, паспяховасці, прыгажосці і г.д., згадваюцца выбітныя жанчыны сучаснага і мінулага…

Грамадства стварае ўзоры для перайманя. Затым гэтыя вобразы самі пераўтвараюць чалавека і грамадства.

Дабрабыт, кар’ера, сіла, амбітнанасць, прыгажосць... — дзесяткі крытэраў, па якім сучасны свет вызначае лепшых жанчын.

Пошук ідэалу — гэта ўсё той жа пошук адказу на пытанне — “як стаць шчаслівымі?” Чалавек абірае сабе вобраз, які, на яго думку, можа служыць эталонам, каб затым ва ўласным жыцці імкнуцца для пераймання.

Менавіта таму сёння немагчыма не ўзгадаць пра асобу, жыццё якой перавярнула само ўяўленне пра ролю і месца жанчын ў свеце і грамадстве. Яна не толькі застаецца дагэтуль самай вядомай жанчынай свету, але і самай уплывовай.

Апроч гэтага, мільярды людзей прызналі яе самым выбітным чалавекам сярод мужчын і жанчын.

Імя гэтай жанчыны — Марыя, маці Ісуса Хрыста, тая, праз якую сам Бог прыходзіць у свет, да людзей, каб падзяліць іх жыццё і вярнуць яму страчаны сэнс.

У асобе Марыі здзяйсняецца тое, да чаго імкнецца кожны чалавек — даць жыццю канчатковую мэту і прызначэнне, асвятліць яго святлом вышэйшага вопыту.

Узіраючыся ў гэты вобраз, мы здолеем убачыць адзіны сапраўдны вобраз жыцця і чалавека, адкрыццё, якое ў ёй расчынілася пра нас саміх, аб глыбіні, прыгажосці, чысціні і святле.

У асобе Марыі нам дадзена самае глыбокае раскрыццё сутнасці хрысціянскага вучэння. У наш час гэта асабліва важна, бо ў свеце прынята прызнаваць сілу гвалту і панавання, амбіцыйнасць, разбэшчанасць і эгаізм сталі звычайнай нормай жыцця. Сучасны свет жыве пад лозунгамі барацьбы ўсіх за правы ўсіх. У гэтай барацьбе багата ўласнай прагі панавання, славалюбства і вельмі мала праўды і любові. Часам такая барацьба можа прынесці людзям ўяўную перамогу, але ніколі не прыносіць шчасця. Усяму гэтаму супрацьстаіць, усё гэта выкрывае — Марыя, вобраз бясконцай пакоры, але таксама і сілы і прыгажосці пакоры, вобраз чысціні — і яе сілы і прыгажосці, вобраз кахання — і перамогі гэтай любові.

Вельмі слушна і прыгожа сказана пра Марыю адным з хрысціянскіх багасловаў.

Дзева Марыя, Прачыстая Маці нічога не патрабуе — і ўсё атрымлівае. Нічога не дамагаецца — і ўсім валодае. У вобразе Панны Марыі ўсё тое, чаго амаль ужо не засталося ў нашым мужчынскім, ганарлівым і агрэсіўным свеце: спагада, жаль, клопат, давер; пра сябе яна кажа: «вось раба Гасподняга», а мы называем Яе царыцай неба і зямлі, Уладарка і Валадаркай. Дзева Марыя нічому не вучыць, нічога не даказвае — але вось адна яе прысутнасць, святло і радасць гэтай прысутнасці проста здымаюць выдуманыя, вымучанай намі праблемы. Як калі б пасля доўгага, пакутлівага, разбітага дня мы вярнуліся дадому, і ўсё зноў ясна, і ўсё поўна таго, што ніякімі словамі не перадаецца шчасця, якое і ёсць адзінае сапраўднае шчасце.

Само паходжанне беларускага слова “свята ” кажа пра тое, што ў мінулым разуменне святкавання было неадрыўна звязанае з духоўным, рэлігійнымі сэнсам.

Са стратаю гэтага сапраўднага сэнсу са свята і з жыцця кожнага чалавека сыходзіць і святло і шчасце.

Таму сёння я жадаю ўсім жанчынам Беларусі знайсці сапраўднае свята і сапраўднае шчасце для сябе і сваіх блізкіх.

Жадаю, каб побач з кожнай з Вас заўсёды быў жывы вобраз Дзевы Марыі — ідэальнай жанчыны, маці, жонкі, найлепшага Чалавека. Жанчыны, каторая жыла звычайным — няпростым чалавечым жыццём. якая прайшла праз пакуты і боль, але якая знайшла сапраўднае шчасце і стала, безумоўна, самай уплывовай і самай шчаслівай з усіх людзей.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.