Алесь Міхалевіч. ПЕРСПЕКТЫВЫ. Нам патрэбны беларускі Адэнаўэр

Чалавек, які аб’яднае расколатую нацыю, дапаможа вярнуцца ў краіну сотням тысяч землякоў-эмігрантаў і пакажа новыя гарызонты развіцця...

 

Алесь Михалевич
Алесь Міхалевіч. Нарадзіўся 15 мая 1975 года ў Мінску. У 1999-м скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыялнасці “паліталогія”, быў аспірантам Інстытута дзаржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук. З 1995 да 1999 года — старшыня Задзіночання беларускіх студэнтаў. Былы сябра Партыі БНФ (з 1993 года), намеснік старшыні Партыі БНФ. Выключаны з партыі ў чэрвені 2008-га “за парушэнні партыйнай этыкі і дысцыпліны”. Старшыня саюза “За мадэрнізацыю”. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Адзін з абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Жанаты, двое дзяцей.

Першы пасляваенны канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германіі з’яўляецца постаццю па-сапраўднаму гістарычнай. Нам сёння здаецца, што пасляваеннай Нямеччыне было наканавана стаць краінай эканамічна стабільнай, з высокім узроўнем жыцця і развітай прамысловай інфраструктурай. Пасля другой сусветнай вайны сітуацыя выглядала далёка не так аптымістычна.

Германія ляжала ў руінах. Дадатковыя праблемы дадавалі супрацьстаянне з Савецкім Саюзам, які кантраляваў тэрыторыю Ўсходняй Германіі, а таксама мільёны немцаў-уцекачоў, якія масава прыбывалі з усходніх абшараў. Сёння цяжка ўявіць, але Калінінград, Ольштын, Шчэцін і Вроцлаў былі заселеныя ў асноўным немцамі. Прыязжалі немцы і з тэрыторыі сённяшняй Чэхіі. Шмат хто ўцякаў з усходняй Нямеччыны ад усталяванага там “камунізма”. Наплыў людзей могуць зразумець беларусы, якія пад час другой сусветнай вайны былі ў так званай эвакуацыі на тэрыторыі Расіі і рэспублік Сярэдняй Азіі.

Але матэрыяльныя цяжкасці з’яўляліся толькі часткай праблемы. Не меншымі былі праблемы маральныя. Вялікая нацыя, якая другі раз ад пачатку стагоддзя страціла сваю веліч, была незадаволеная сваім статусам. Ідэя Вялікага Рэйха правалілася, і калектывісцкае мысленне немцаў страціла мэту, да якой можна было імкнуцца. Немцы бачылі несправядлівасць, якая рабілася з імі, і многія разумелі, што яшчэ нядаўна яны рабілі на акупаваных тэрыторыях рэчы нічым не лепшыя. Пачала раскрывацца праўда пра злачынствы фашызма, якую раней большасць жыхароў Нямеччыны старалася не заўважаць. Шмат хто разумеў, што нясе сваю долю адказнасці за тыя злачынствы, якія рабіліся па віне “вялікай нямецкай нацыі”. Асабліва гэта датычылася былых членаў нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі, сяброўства ў якой было пропускам да займання розных кіруючых пасадаў ва ўсіх сферах жыцця. Мужчыны прызыўнога ўзросту, што служылі ў арміі, неслі сваю частку адказнасці, хаця былі проста салдатамі другой сусветнай і не маглі выбіраць свой лёс.

Аб’яднаць нямецкі народ у тых умовах было вельмі цяжка. Калісьці Адольф Гітлер сказаў, што сапраўдны правадыр знойдзе супраць каго аб’яднаць нацыю. Перед Конрадам Адэнаўэрам, які быў абраны канцлерам, стаяла праблема нашмат больш сур’ёзная. Ён павінен быў аб’яднаць нацыю не супраць кагосці, а для рэалізацыі нейкай ідэі. Аб’яднаць людзей для чагосці пазітыўнага заўсёды вельмі цяжка. Аляксандр Лукашэнка з моманту свайго абрання заўсёды аб’ядноўваў людзей супраць: супраць БНФ, супраць Захаду, супраць Расіі... Заўсёды быў вораг, які перашкаджае дасягнуць мэты. Падобна, і расійскія лідэры стараюцца знайсці ворага, будзь то чэчэнскія “баевікі”, пашырэнне НАТО на ўсход або грузінскі прэзідэнт.

Адэнаўэр у стварэнні сваёй хрысціянска-дэмакратычнай партыі і фармаванні дзяржаўнага апарата стаяў перад вялікай праблемай. Без выкарыстання кадраў, якія служылі ў старой сістэме, немагчыма было сфармаваць эфектыўны дзяржаўны апарат. З інашага боку, даваць новы шанец тым, хто нёс непасрэдную адказнасць за злачынствы, таксама было нельга.

Менавіта такая праблема будзе стаяць і перад новай беларускай уладай. Дзесяткі тысяч нядрэнных людзей ўключаны ў працэсы фальсіфікацый выбараў, суддзей змушаюць выносіць ліпавыя прысуды, а міліцыю – арыштоўваць нязгодных. Усе здагадваюцца, што следства ў Беларусі вядзецца далёка не ў адпаведнасці нават з беларускім заканадаўствам, а ў следчых ізалятарах выкарыстоўваецца тое, што на нармальнай мове называецца катаваннямі. Пры гэтым людзі апраўдваюцца тым, што непасрэдна не ўдзельнічаюць у працэсе, - дык жа і большасць нямецкіх чыноўнікаў ці паліцэйскіх маглі толькі здагадвацца, што робіцца з габрэямі або нямецкімі прафсаюзнымі лідэрамі ў Асвенцыме ці Бухенвальдзе.

Не выклікае сумневаў, што па выніках кіравання Аляксандра Лукашэнкі беларуская эканоміка будзе ляжаць у руінах. І Беларусі будзе вельмі цяжка без сваеасаблівага плана Маршала, якім можа стаць працяг Дыялога для Мадэрнізацыі, нядаўна абвешчанага Еўрапейскім Саюзам. Вось толькі ЗША падтрымлівала план Маршала для краін Еўропы, каб не дапусціць прыход прасавецкіх рэжымаў у краінах Еўропы. Што паслужыць матывацыяй для Еўрапейскага Саюза, каб вывесці Беларусь з крызісу, пакуль не ясна. Вельмі хочацца верыць, што аб’яднаная Еўропа вырасла да таго, каб аказваць падтрымку не супраць кагосьці, а дзеля пашырэння супольных каштоўнасцяў.

Беларусі пасля Лукашэнкі патрэбен будзе свой Конрад Адэнаўэр. Чалавек, які аб’яднае расколатую нацыю, дапаможа вярнуцца ў краіну сотням тысяч землякоў-эмігрантаў і пакажа новыя гарызонты развіцця. Для такіх каллектывісцкіх нацый, як немцы ці беларусы, апошняе з’яўляецца абсалютна неабходным.

Германіі пасля другой сусветнай вайны былі паказаныя перспектывы эканамічнага развіцця, аднаўлення прамысловасці і, самае галоўнае, заняццё належнага месца ў аб’яднанай Еўропе. Аб’яднанай не штыкамі, як гэта спрабавалі рабіць немцы ў Першую і Другую сусветную вайну, а супольнымі эканамічнымі інтарэсамі і палітычнымі каштоўнасцямі. Такімі, як, напрыклад, правы чалавека, з якімі так не пагаджаецца афіцыйны Мінск.

Беларусь не можа быць па-за сусветнымі працэсамі. Менавіта гэтым тлумачыцца цікавы сацыялагічны феномен – наяўнасць людзей, якія выступаюць і за інтэграцыю з Расіяй, і за ўступленне ў Еўрапейскі Саюз адначасова. Але мы можам не проста ўдзельнічаць у чыімсці праекце, але актыўна прасоўваць свой, які мае ўсе шансы быць падтрыманым і Ўкраінай, якая знаходзіцца ў палітычнай роспачы, і нават Расіяй, якая перажывае крызіс тоеснасці пасля таго, як страціла статус звышдзяржавы.

Але падобныя праекты могуць вылучаць толькі маштабныя асобы, што не маюць комплексаў ні перад Усходам, ні перад Захадам. Таму Беларусі патрэбны свой Конрад Адэнаўэр.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.