Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Чаму я зняўся з парламенцкіх выбараў?

Людзі разумеюць, што існуючая ў Беларусі практыка арганізацыі выбарчых кампаній вядзе да далейшай самаізаляцыі краіны...

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.


З дня галасавання на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ прайшло ўжо больш месяца. Але дагэтуль да мяне нярэдка звяртаюцца з пытаннем, чаму я, як кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, за 5 дзён да асноўнага дня галасавання зняўся з выбараў. Падобнае пытанне задаюць не толькі грамадзяне — выбаршчыкі, якія жывуць у той акрузе, а і людзі з іншых рэгіёнаў нашай краіны.

Паспрабую адказаць на гэтае пытанне.


Яшчэ на пачатку фармавання сваёй пазіцыі, на студзеньскім 2012 года Сойме, Партыя БНФ заявіла аб плануемым вылучэнні сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты ПП з магчымым іх зняццём перад асноўным днём галасавання, калі на этапе выбараў у нашай краіне не будуць вызваленыя з-за кратаў палітычныя зняволенныя, а таксама прадстаўнікі Партыі не будуць уключаныя ў акруговыя і ўчастковыя камісіі.

За час выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ выканалі вялікі аб'ём працы дзеля будучыні Беларусі. Выступалі на тэлебачанні, радыё, прымалі ўдзел у тэле- і радыёдэбатах, надрукавалі свае перадвыбарчыя праграмы ў дзяржаўных газетах, сабралі тысячы подпісаў у падтрымку свайго вылучэння, правялі сотні сустрэч з людзьмі. Дзякуючы супольнай працы кандыдатаў ад Партыі БНФ і іх каманд нам удалося данесці да грамадзян не толькі сваю пазіцыю і погляды на сітуацыю, што склалася ў нашай краіне, на прычыны палітычнага і эканамічнага крызісу, у якім мы апынуліся, але і свае прапановы па вываду эканомікі Беларусі на еўрапейскі ўзровень развіцця.

Як паказала хада выбарчай кампаніі, нягледзечы на ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў, выбаршчыкі праявілі вялікі інтарэс да кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных арганізацый, да іх праграм. Падтрымка і цікавасць да кандыдатаў ад Партыі БНФ сярод выбаршчыкаў па шматлікіх акругах шматкроць пераўзыходзіла цікавасць да праўладных кандыдатаў. Адчуваў гэта і я. Жыхары Шклоўшчыны, Кругляншчыны, Бялыніцкага раёна, часткі Магілёва і Магілёўскага раёна, якія ўваходзілі ў акругу, выказвалі мне ў час разнастайных сустрэчаў шырокую падтрымку.

Але ў той жа час я разумеў, што незалежна ад поглядаў і намераў грамадзян, насуперак сапраўдным вынікам галасавання, улады зробяць усё, каб, як і ў мінулыя выбарчыя кампаніі, былі абвешчаны тыя вынікі выбараў, якія будуць задавальняць іх. Сапраўдныя вынікі галасавання, галасы выбаршчыкаў будуць зноўку скрадзеныя.

Падцвярджэннем гэтаму паслужылі шматлікія амаральныя паступкі ўладных структураў. Як, напрыклад, неўключэнне ў разнастайныя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый. Са шматлікіх соцень прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый, у тым ліку і ад Партыі БНФ, вылучаных у камісіі, у іх склад былі ўключаны толькі некалькі чалавек. А па Шклоўскай выбарчай акрузе ў склад акруговай і ўчастковых камісій не было ўключана ніводнага прадстаўніка БНФ.

Для праўладнага кандыдата, у адрозненне ад іншых, ствараліся самыя спрыяльныя ўмовы для вядзення агітацыйнай кампаніі, якія нярэдка спалучаліся з парушэннямі беларускага выбарчага заканадаўства.

Акрамя таго, на час выбарчай кампаніі ў Беларусі заставаліся палітзняволеныя, што з’яўляецц абсурдам для краіны, якая знайходзіцца ў цэнтры Еўропы.

Улічваючы ўсё гэта, з’езд Партыі БНФ, які праходзіў 15 верасня 2012 года, і прыняў рашэнне аб зняцці сваіх кандыдатаў з выбараў. Згодна з гэтым рашэннем з’езду сваю кандыдатуру зняў і я.

Зняццё кандыдатаў з выбарчай кампаніі дазволіла нам захаваць ясную і сумленную пазіцыю, спрасціць працу з беларускім грамадствам. Аб гэтай пазіцыі мы аб’явілі яшчэ задоўга да пачатку выбарчай кампаніі. З гэтай пазіцыяй мы ішлі да грамадзян у час выступаў па радыё, тэлебачанні, у час разнастайных сустрэчаў з выбаршчыкамі.

Рашэнне з’езду Партыі БНФ аб зняцці кандыдатаў ад Партыі БНФ у значнай ступені паспрыяла таму, што сярод бальшыні грамадзян нашай краіны склалася яснае ўяўленне аб якасці правядзення выбараў у Беларусі і аб фальсіфікацыі іх вынікаў.

Людзі ўжо ясна разумеюць, што падобная практыка арганізацыі выбарчых кампаній вядзе да далейшай самаізаляцыі Беларусі ад дэмакратычных краінаў свету, а гэта ў сваю чаргу адмоўна адбіваецца на ўзроўні жыцця беларускіх грамадзян.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.