Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Эканоміка Беларусі і якасць — словы не сумяшчальныя

Беларускае кіраўніцтва не можа пахваліцца поспехамі ў сельскай гаспадарцы, ў будаўніцтве, перапрацоўчай галіне, спорце...

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.


Ужо больш за 20 гадоў па ініцыятыве Еўрапейскай арганізацыі якасці пры падтрымцы ААН у другі чацвер лістапада адзначаецца Сусветны дзень якасці. У 2012 годзе гэты дзень прыпаў на 8 лістапада.

З сярэдзіны 90-х у рамках Сусветнага дня якасці штогод праводзіцца Еўрапейскі тыдзень якасці. Сёлета гэты тыдзень прыйшоўся на 5-11 лістапада і праходзіў пад дэвізам “Ключавы фактар — якасць”.

Нягледзячы на важкасць пытання аб неабходнасці павышэння якасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, як дзень, так і тыдзень якасці засталіся амаль не заўважнымі на ўсіх узроўнях беларускага грамадства.

Толькі Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі гэтаму дню былі прысвечаны некалькі інтэрв’ю і публікацый у СМІ.

“Беларусь імкнецца стаць адной з вядучых краін па выпуску высокаякаснай высокатэхналагічнай прадукцыі, выбудоўваючы прадуманую стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця”, — адзначылі ў Дзяржкамітэце па стандартызацыі. Прыярытэтнымі накірункамі вызначаны рост экспарта тавараў і паслуг, радыкальная мадэрнізацыя ўсіх галін, імпартазамяшчэнне, стымуляванне ініцыятывы, энэргазберажэння.

І сапраўды, звярнуўшы ўвагу на шматлікія асноўныя праграмы развіцця, па якіх “працуе” краіна, складваецца ўражанне, што ў Беларусі пытанням павышэння якасці надаецца належная ўвага. Гэта Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, Праграма дзейнасці урада Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, Нацыянальная праграма развіцця экспарта Рэспублікі Беларусь.

Падобныя праграмы дзейнічалі ў нашай краіне і ў 2006-2010 гадах...

У той жа дзень, 8 лістапада 2012 года, А.Лукашэнка падверг рэзкай крытыцы дзейнасць галіны прамысловасці па вытворчасці скур і абутку.

Як адзначыў у час паседжання А.Лукашэнка, “з 2000 па 2010 гады вываз неапрацаваных скур умудрылісь нарасціць ажно ў тры разы. Сабе пакідалі бруд і адыходы ад першаснай апрацоўкі... Атрымліваецца, што для вытворчасці скураных тавараў высокаякасную скуру завозяць з-за межаў, іншымі словамі, з-за мяжы прывозяць экспартаваную з Беларусі скуру з больш высокай якасцю апрацоўкі”.

У сабекошце прадукцыі, вырабленай на беларускіх абутковых прадпрыемствах, імпарт складае каля 70%.

За апошнія 10 год вытворчасць абутку на беларускіх прадпрыемствах знізілася з 16 млн. да 13 млн. пар у год.

Імпарт жа абутку за гэты перыяд вырас больш чым у 10 раз і складае зараз каля 10 млн. пар абутку ў год.

Прыведзеныя лічбы яскрава сведчаць, што ў бліжэйшыя гады дадзеная галіна вытворчасці ў нашай краіне можа пацярпець крах. Бо негатыўныя з’явы яшчэ ўзмацняюцца інтэграцыяй Беларусі ў Мытны саюз, Адзіную эканамічную прастору, уступленнем Расіі ва Усветную гандлёвую арганізацыю, пры адсутнасці ў беларускай прамысловасці эканамічных рэформаў.

Тут жа на паседжанні А.Лукашэнка, як і 10 гадоў таму, даў “101-е кітайскае” папярэджанне і даручэнне Савету міністраў прыняць неабходныя рашэнні для выпраўлення сітуацыі.

Але як і тады, ні Савет міністраў, ні кіраўнікі прадпрыемстваў не ведаюць, што неабходна зрабіць, каб сітуацыю выправіць. Бо, па-першае, зношанасць абсталявання на шматлікіх прадпрыемствах галіны дасягнула крытычнай мяжы, а для правядзенне мадэрнізацыі адсутнічаюць інвестыцыі. А, па-другое, з прадпрыемстваў галіны з-за нізкіх заробкаў і ўмоваў працы масава сыходзяць высокакласныя спецыялісты.

Праўда, сітуацыя ў галіне вытворчасці скур і абутку выглядае нічым не горш за некаторыя іншыя галіны, якія таксама патрабуюць рэфармаванняў.

Беларускае кіраўніцтва не можа пахваліцца поспехамі ў сельскай гаспадарцы, ў будаўніцтве, перапрацоўчай галіне, спорце...

Нярэдка яшчэ і непрафесійнае ўмяшальніцтва чынавенства ў вытворчыя працэсы прыводзіць да адмоўных вынікаў. Да анекдатычных выпадкаў даходзіла, напрыклад, на будаўнічых аб’ектах у г. Горкі, у час падрыхтоўкі горада да “Дажынак-2012”.

Прыкладам чынавенскай дурасці стаяць у шматлікіх гарадах краіны недабудаваныя лядовыя палацы і іншыя спартыўныя аб’екты.

А пра нядаўна здадзеную ў эксплуатацыю аўтамабільную дарогу Мінск-Магілёў, або “аўтабан”, як яе назваў А.Лукашэнка, ужо сапраўды ходзяць анекдоты.

Па распараджэнню прэм’ер-міністра Мясніковіча будаўніцтва гэтай дарогі было завершана ў скарочаныя тэрміны. На большай частцы дарогі, пасля здачы ў эксплуатацыю, былі ўведзены новыя хуткасныя рэжымы для транспарту; для легкавых аўтамабіляў — да 120 км/гадз., для грузавых — да 100 км/гадз.

Але прайшлі “Дажынкі”, і адразу ж дарожныя знакі, што дазвалялі ехаць больш хутка, амаль на ўсіх участках дарогі былі зняты, а месцамі — распачаты рамонт...

Відаць, у пагоні за выкананнем былых савецкіх прызываў, накшталт — “пяцігодку — у чатыры гады”, будаўнікі зусім забыліся пра якасць.

Ужо любы шэраговы грамадзянін краіны разумее, што выправіць эканамічную сітуацыю ў Беларусі без рэформаў немагчыма.

Але рэформаў няма.

І пакуль не зразумела, што збіраецца рабіць урад дзеля выратавання эканомікі краіны, тым больш, што нядаўна, напярэдадні чарговай зімы, знік і апошні эканамічны цуд у выглыдзе “растваральнікаў”.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


  • >Але прайшлі “Дажынкі”, і адразу ж дарожныя знакі, што дазвалялі ехаць больш хутка, амаль на ўсіх участках дарогі былі зняты, а месцамі — распачаты рамонт... Так, магу падцвердзіць... 120 адмянілі... але на асобных участках, дзе грошы жэстачайшэ не эканомілі - з тыдзень таму я бачыў вернутыя 120 )) Хаця неяк смешна выглядаюць на некаторых скрыжаваннях падрыхтаваныя, а потым кінутыя пляцоўкі пад двухузроўневыя развязкі... За суткі там праязджаюць тысячы аўто, а у лядовы палац тысячы за дзен не бывае (