Аляксандр Шпакоўскі. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Час Вандэі мінуў

Задача па “захаванню савецкай спадчыны” была паспяхова вырашана і больш не з’яўляецца мабілізіуючым фактарам развіцця беларускага грамадства...

 

Шпакоўскі

Аляксандр Шпакоўскі. Нарадзіўся ў 1984 годзе, беларус. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ ім. Танка (2007), юрыдычны факультэт БДУ (2011). У 2007-2011 гадах працаваў на розных пасадах у дзяржаўных установах адукацыі і мясцовых выканаўчых органах улады. Дырэктар інфармацыйна-адукацыйнай установы “Актуальная канцэпцыя”. Удзельнік праекта «Цытадэль». Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, каардынуе грамадзянскую кампанію па процідзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў «Антымак». Сфера інтарэсаў: геапалітыка, адукацыя, бяспека, дзяржаўная служба.

Пошук нацыянальнай ідэі як кропкі апоры для далейшага развіцця дзяржаўнага праекта з’яўляецца адной з найбольш характэрных прыкметаў сучаснага беларускага грамадства.

На тэму беларускай ідэалогіі напісаны дзесяткі падручнікаў, ідэалогія выкладаецца ў якасці дысцыпліны ва ўстановах адукацыі нашай краіны. На дзяржаўнай службе, прадпрыемствах, арганізацыях утвораны адпаведныя структуры, прызначаныя займацца выключна ідэалагічнымі пытаннямі. У краіне існуе так званая “ідэалагічная вертыкаль”, марнуюцца бюджэтныя сродкі, аднак дзяржаўнай ідэалогіі, як базіса суверэннага развіцця, на Беларусі па-ранейшаму не створана, якасна сфармаваная нацыянальная ідэя адсутнічае, што прызнаюць самі чыноўнікі разам з кіраўніком дзяржавы ўключна.

Наадварот, беларускае грамадства максімальна дэідэалагізавана, яно фактычна аморфнае ў сацыяльна-палітычных пытаннях. Між тым, няўдалая дзяржаўная палітыка ў галіне ідэалогіі зусім не азначае прыязнасці насельніцтва да каштоўнасных сігналаў апанентаў існуючай беларускай улады, асабліва з ліку дзеячоў умоўнага “нацыянальна-дэмакратычнага” лагеру. Ідэалагічныя пасылы нацдэмаў кшталту неабходнасці “адраджэння беларускай мовы”, “еўрапейскага выбара” гэтаксама непапулярныя і нецікавыя насельніцтву, як і “стабильность”, “процветание» і іншыя лозунгі айчыннага афіцыёзу.

Падобная ідэйная пустэча ў свядомасці шараговага беларуса актыўна запаўняецца постмадэрновымі каштоўнасцямі спажывецкага зместу, калі агульнае, калектыўнае адмаўляецца на карысць асабістага, а лейтматывам развіцця асобы становіцца заклік “бери от жизни все”. Пад сумнеў ставяцца і актыўна пераглядаюцца каштоўнасці патрыятызму, дзяржаўнага служэння, традыцыі, што прыводзіць да духоўнага гніення грамадства і нясе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Узнікае заканамернае пытанне: чаму пры наяўнасці шматлікіх ідэалагічных праектаў большасць грамадства станоўча ўспрымае толькі спажывецкія праграмы? Асобныя “эксперты” дагаварыліся нават да таго, што беларусы ўвогуле ня могуць успрымаць ніякай ідэалогіі нібыта з прычыны спецыфічнасці свайго нацыянальнага менталітэту.

Мяркую, што падобныя высновы беспадстаўныя і нават шкодныя. На маю думку, прычына зусім у іншым: справа ў тым, што ў якасці нацыянальнай ідэі беларусам прапануюць розныя штучныя сімулякры, якія не маюць каранёў у гісторыі нашае Нацыі. На чыста духоўным узроўні людзі адчуваюць іх фальшывасць, ілжывасць і неадпаведнасць, таму адмаўляюць сумнеўным ідэям у даверы.

Гэта ўжо не кажучы пра простую эстэтычную непрывабнасць асобных заклікаў і ўстановак. Для прыкладу прывядзем трактоўку гісторыі станаўлення нашае Нацыі ў версіі сучасных нацдэмаў: “У беларусаў былі свае дзяржавы ВКЛ і Рэч Паспалітая, дзе ўсе жылі добра і паспяхова. Пасля прыйшлі злыя маскавіты (рускія), захапілі нашыя землі, аднялі мову і культуру, мы ўвесь час змагаемся, а яны нас увесь час душаць і г.д.”. То бок, усё, што адбылося з беларускімі землямі пасля 1772 году разам з перыядам існавання СССР і сучаснай Рэспублікі Беларусь уключна, разглядаецца нешматлікімі прыхільнікамі нацдэмаў у якасці доўгага беспрасветнага рабства і акупацыі нашага народа, што працягваецца і да сучаснага моманта.

Гэткая пазіцыя вельмі выгадная асобным палітычным сілам, бо дазваляе пазіцыянаваць сябе ў якасці барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне, але не мае нічога агульнага як з мінулым беларусаў, так і з рэчаіснасцю. Падобныя ідэі не толькі гістарычна неабгрунтаваныя, але і маюць чыста знешнюю крывабокасць і непрыцягальнасць: нікому не хочацца мець нічога агульнага з пацярпелымі пакутнікамі, якіх увесь час білі і трымалі ў рабстве.

Гэтак жа непрывабнымі з’яўляюцца афіцыйныя вобразы : “мы беларусы — мірныя людзі”, “з усімі сябруем”, “нікога не чапаем, і вы нас не чапайце” і г.д. Спробы паказаць беларуса як “рахманага”, “мірнага” , “ціхага” гэтаксама не маюць нічога агульнага ні з гісторыяй, ні з сучаснасцю, з’яўляюцца следствам правінцыйнасці мыслення асобных чыноўнікаў, а таксама вынікам уздзеяння некаторых знешніх сілаў, не зацікаўленых ва ўмацаванні беларускага праекту.

Да таго ж правінцыйная канцэпцыя “маленькага мірнага народа, каторы нікога не чапае, а яму пагражае пачварны Захад”, гэткая ж гістарычна непадмацаваная, бязглуздая і непрывабная, як і нацдэмаўская версія пра беларусаў як “прыгнечаных маскалямі вечных пакутнікаў”.

Сапраўдная беларуская ідэалогія павінна базіравацца на разуменні каштоўнасці і ўнікальнасці кожнага перыяду нашай гісторыі для працэсу фармавання нашае Нацыі і станаўлення беларускай дзяржавы. Гэта быў доўгі супярэчлівы шлях, дзе кожны новы этап з’яўляўся арганічным вынікам мінулага. Беларусы маюць моцную шматвякавую імперскую традыцыю: ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя, Савецкі Саюз, ва ўсіх гэтых дзяржаўных утварэннях наш народ меў сваю, розную па значнасці, аднак унікальную місію. То бок, для нас не новыя і не чужыя задачы цывілізацыйнага парадку, бо на працягу ўсяе нашай гісторыі беларусам даводзілася іх вырашаць.

У свядомасць беларусаў нельга закласці тэзу супрацьстаяння паміж Захадам і Ўсходам. Наша каштоўнасць і ўнікальнасць у тым, што маем моцную гістарычную повязь з абодвума палюсамі, пры гэтым з’яўляемся не мастом, але парталам узаемапранікнення, кропкай збора магчымасцяў рэгіёна, што і ёсць адмысловай цывілізацыйнай місіяй Беларусі.

Беларусь ні ў якім выпадку нельга вывучаць па-за кантэкстам рускай цывілізацыі, гэта датычыць як гісторыі, так і сучаснасці. Трэба памятаць, што гісторыя Русі — гэта не толькі гісторыя Масквы ці Кіева, гэта таксама гісторыя Полацка ды Вільні, а зараз і Мінска. Беларусь — найважнейшы складнік рускай цывілізацыі, што мае сваю канцэпцыю яе развіцця. Памылкова разглядаць Беларусь як правінцыю Расіі, але трэба разумець, што ў нас свая палітыка ў адносінах да Расіі: вызваленне Альгердам Кіева і яго паходы на Маскву, усходняя палітыка Вітаўта, геапалітычныя планы па заключэнні “ўніі Літвы і Русі” у 16-м і 17-м стагоддзях, уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай Імперыі, утварэнне СССР і БССР, сучасная Саюзная дзяржава, Мытны звяз і планы па ўтварэнню Еўразійскага саюза — усе гэта ёсць спробы геапалітычнага яднання цывілізацыйна блізкіх супольнасцяў для вырашэння глабальных задач. Гэтыя спробы могуць суправаджацца канфліктамі цэнтраў прыняцця рашэнняў (Масква і Вільня ў сярэднявеччы, Масква і Мінск у сучаснасці), аднак гэта не адмаўляе іх неабходнасці і мэтазгоднасці на кожным гістарычным этапе.

Гэтаксама каштоўная і не чужая Беларусь і для Захада. Адукацыйная, асветніцкая роля Беларусі ў Расіі, як правадніка перадавых ідэй заходняй цывілізацыі, ёсць адным з асноўных чыннікаў значнасці нашай зямлі ў заходнім цывілізацыйным кантэксце.

Фактычна, на беларускіх землях увесь час займаліся адаптацыяй заходніх праектаў да рэаліяў рускага свету, збліжаючы пазіцыі Захаду і Русі. Адукацыя, вайсковая справа, мастацтвы, кнігадрукаванне былі перанятыя нашымі продкамі на Захадзе, адаптаваны да мясцовай традыцыі і менавіта з нашых земляў крочылі далей на Ўсход.

Падобная унікальнасць беларускай сітуацыі дазваляе рабіць выснову аб гістарычнай абгрунтаванасці і запатрабаванасці як беларускім грамадствам, так і знешнімі акторамі ідэяў цывілізацыйнага ўзроўню ў якасці нацыянальнай ідэі для Беларусі. Падобнай ідэяй для нашай краіны можа быць “інтэграцыя інтэграцый”, агучаная еўрапейскімі мыслярамі ў другой палове 20-га стагоддзя і падтрыманная кіраўнікамі краін-удзельніц Мытнага звязу Назарбаевым, Пуціным, Лукашэнкам на сучасным этапе. Ініцыяцыя геапалітычнага праекту “Еўропы ад Ліссабона да Ўладзівастока” з боку афіцыйнага Мінска можа стаць новым імпульсам для развіцця беларускай дзяржаўнасці.

У свой час менавіта Беларусь захавала мінулую дзяржаўніцкую традыцыю пасярод працэсаў хаоса і разбурэння, калі з палітычнай мапы свету знік Савецкі Саюз. Гэта быў свядомы выбар беларускай эліты, падтрыманы народам. Падобны кансерватызм Беларусі даў падставу крытыкам называць нашу краіну “запаведнікам”, “сацыялістычнай Вандэяй” і прадказваць непазбежнаць яе краху. Да тых працэсаў, што ішлі на Беларусі, з цікавасцю прыглядаліся суседнія народы да ўсхода і захада ад нашай дзяржаўнай мяжы. Мінуў час, “Вандэя” выстаяла, і зараз з усёй вастрынёй паўстала пытанне далейшага развіцця: на сучасным этапе Беларусі ўжо неабходныя якасна новыя ідэі ў розных галінах народнай гаспадаркі. Задача па “захаванню савецкай спадчыны” была паспяхова вырашана і больш не з’яўляецца мабілізіуючым фактарам развіцця. Дзяржаве патрэбны якасны рост: наш удзел у сучасных інтэграцыйных праектах сукупна з гістарычнай місіяй кропкі збора магчымасцяў рэгіёна дазваляе паставіць перад грамадствам высокія мэты. “Інтэграцыя інтэграцый”, хаўрус Захаду і Русі, ініцыяваны з Мінска, можа стаць геапалітычнай рэальнасцю.

Трэба разумець, што з сучаснага эканамічнага і духоўнага цывілізацыйнага крызісу моцнымі выйдуць тыя краіны, што прапануюць новыя метады кіравання працэсамі, новыя планы будучага светаўпарадкавання, няхай сабе зараз гэтыя краіны здаюцца і не вельмі значнымі. Такая сітуацыя зноўку дае шанец для Беларусі. Час Вандэі мінуў, настае час Чацвёртага Рыму.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.