Ірына Кашталян. ПАМЯЦЬ. Гісторыя з першых вуснаў

Ініцыятыва па стварэнні анлайн-архіва ўспамінаў сведак часу…

 

 Ірына Кашталян. Гісторык, каардынатар інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Даследуе найноўшую гісторыю Беларусі, спецыялізуецца па вуснай і штодзённай гісторыі, а таксама гісторыі палітычных рэпрэсій. У жніўні 2012 году абараніла дысертацыю ў Свабодным ўніверсітэце г. Берліна, Германія. Заангажаваная ў розныя грамадскія і навуковыя праекты недзяржаўных арганізацый.

Пры правядзенні даследаванняў гісторыкі заўсёды вырашаюць пытанне якімі крыніцамі карыстацца. Звычайна робіцца выбар на карысць папяровых дакументаў з дзяржаўных архіваў. Аднак ёсць аспекты ў гісторыі ХХ ст., у тым ліку беларускай, дзе немагчыма абысціся толькі традыцыйнымі падыходамі і афіцыйнымі актамі. Гэта тэмы, якія знаходзяцца на стыку гуманітарных навук, звязаныя з асэнсаваннем траўматычнага вопыту, наяўнымі ў грамадстве табу, патрабуюць прадстаўлення гістарычных падзей з пункту гледжання простага чалавека і г.д. Часам гэта адбываецца з-за немагчымасці доступа да спецыяльных архіваў у Беларусі, а таксама з-за недастатковасці інфармацыі, размешчанай у пісьмовых дакументах, неабходнасці яе дадатковага пацвярджэння. У такім выпадку патрабуецца выкарыстанне ўспамінаў сведкаў часу з улікам плюсаў і мінусаў іх суб’ектыўнасці.

Успаміны дапаўняюць і ажыўляюць гістарычную карціну часу, яны нярэдка з’яўляюцца цікавымі не толькі спецыялістам, але і аматарам гісторыі. У тым ліку тым, што прадстаўляюць гісторыю праз сітуацыйныя аповяды, робяць упор на блізкія ўсім асноўныя вехі жыццёвай мадэлі (стварэнне сям’і, атрыманне адукацыі, уладкаванне кар’еры). Такі наратыўны дыскурс дапамагае лягчэй успрымаць нават складаныя тэмы.

Успаміны могуць падмацаваць аргументы тых, хто змагаецца з міфамі ў гісторыі, хаця яны ж могуць ствараць і новыя. Задача гісторыка асцярожна выкарыстоўваць гэтыя крыніцы і не страціць магчымасць дапоўніць маемыя веды пакуль яшчэ даступным матэрыялам. Карысць інтэрв’ю са сведкамі гісторыі для ўстанаўлення гістарычнай праўды несумненна. Прыклад гэтаму даследаванню з выкарыстаннем успамінаў старажылаў пра сапраўдную трагедыю вёскі Дражна (Хурсік В. Кроў і попел Дражна: гісторыя партызанскага злачынства. Мн., 2006), дзе партызаны ў 1943 годзе знішчылі мірнае насельніцтва. Колькі яшчэ падобных таямніц, якія не адлюстраваны ў друкаваных дакументах? Далёка не ўсе яны будуць калі-небудзь раскрытыя. Каб з часам была магчымасць аднавіць гістарычную справядлівасць, якая мае толькі вусныя доказы відавочцаў, трэба імкнуцца запісваць інтэрв’ю гэтых людзей. Вусныя ўспаміны павінны быць захаваныя як дакументы гісторыі, якія з часам знікаюць ад даследчыкаў, калі іх не захаваць. Каб як мага большая іх колькасць захавалася для даследаванняў, важныя намаганні не толькі гісторыкаў, але і прадстаўнікоў сумежных спецыяльнасцяў, журналістаў і іншых зацікаўленых.

У кожнага свая праўда

Вусныя ўспаміны нярэдка ўяўляюць сабой адрозны ад афіцыйнага погляд на гісторыю ХХ стагоддзя. Стаўленне простага чалавека, яго ўнікальны досвед дазваляюць пабачыць мінулае больш ярка і адначасова страката. У кагосьці сям’я сур’ёзна пацярпела ў час Другой сусветнай вайны і яго траўматычны вопыт перакруціў усё яго жыццё, а камусьці пашанцавала і ў адрозненне ад савецкага перыяда, падчас нямецкай акупацыі ён упершыню наеўся хлеба, бо падатковая сістэма дазваляла яго вырасціць дастаткова і для сябе.

Кожнае жыццё – непаўторны злепак падзей, абставін, памкненняў і асабістых якасцяў канкрэтнага чалавека. Апошні ўяўляе сабой вынік эпохі, у якую жыў і пра якую яму ёсць, што распавесці. Аднак істотнай перашкодай з’яўляецца факт, што аб’ем і насычанасць важнымі звесткамі паведамляемай рэспандэнтамі інфармацыі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад іх стаўлення да цяперашняй палітычнай сітуацыі, стану памяці і іншых фактараў уплыва. Таму важна шукаць у ёй не столькі факты, колькі сэнсы, якія ім надаваліся.

Асноўная праблема аналіза водкліка на падзеі мінулага заключаецца ў свядомай ці падсвядомай мадэрнізацыі яго ў перцэпцыі рэспандэнта ў кантэксце сённяшніх ведаў і эмоцый. Канкрэтны прыклад гэтаму – рэвізія поглядаў на асобу Сталіна ў рэчышчы рашэнняў ХХ з’езда КПСС. Пад яго ўплывам сведка часу мог трансфармаваць сваю ацэнку і шчыра верыць, што так і было насамрэч. Большасць (фактычна абсалютная да смерці Сталіна і Даклада аб яго кульце асобы на ХХ з’езде КПСС) не разумела, не ўсведамляла, як імі рэальна маніпулюе ўлада ў той перыяд.

Падобныя праблемы існуюць з назвамі месцаў, датамі і імёнамі. Час ва ўспамінах адносны, ён не заўсёды абмежаваны часовымі межамі, часам размыты па перыядзе ад некалькіх гадоў і больш. Таму важна вывучаць логіку дзеянняў, а не фактуру, аднак іншы раз і яе знайсці цяжка. У працэса ёсць і зваротны бок: бывае, што чалавек, які раней не разбіраўся, чаму хтосьці здзейсніў нейкія ўчынкі, пасля пачынае больш разумець іншага.

Даследчыку трэба ацаніць і абысці падводныя камяні інтэрв’ю – пераказванне чужых гісторый і інфармацыі з апублікаваных крыніц, стэрэатыпаў. Такія нярэдка выказваюцца сведкамі беларускай гісторыі ў адносінах да такіх тэмаў, як напрыклад, стаўленне насельніцтва да яўрэяў, прадстаўленне пра “заходнікаў” і “ўсходнікаў”, паводзіны насельніцтва падчас нямецкай акупацыі, далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і інш. Калі рэспандэнт атрымоўваў пытанні ў межах тых сюжэтаў, у якіх ён раней казаў, пісаў, ён паводзіў сябе больш упэўнена, але нярэдка выкарыстоўваў для іх шмат агульных і патэтычных словаў, адначасова мог зрабіць вельмі суб’ектыўныя высновы. Ён мог паспрабаваць пазіцыянаваць сябе як усёведнага, у тым ліку надзяляючы шмат увагі прачытанаму. На падставе гэтага за свае маглі выдавацца чужыя думкі, вышэйшыя пасадныя асобы міфалагізавацца. І тады ў гісторыка няма ўпэўненасці, што асоба транслюе сапраўды сваё меркаванне і вопыт. Гэта праблема т.н. прафесійных сведак, людзей, якія ўжо не першы раз даюць інтэрв’ю, чые ўспаміны ўнутрана імі структураваны. Існуе дылема адслаення прыдуманага, у рэальнасць чаго чалавек насамрэч верыў.

Згладзіць гэты эфект вусным гісторыкам дапамагае пастаноўка пытанняў па тэмах, на якія сведка яшчэ не адказваў, таму яму даводзіцца разважаць над такім сваім вопытам. І гэта таксама крыніца для аналіза, таму што паведамляецца яшчэ не зусім адцэнзураваная ўнутрана інфармацыя. Часам нават можна прасачыць працэс прахаджэння самацэнзуры па розных прыкметах, калі, напрыклад, чалавек выпраўляе “памылку”. У першую чаргу такія агаворкі і карэктыроўкі адбываюцца, калі рэспандэнт гаворыць пра нейкіх канкрэтных асоб, думае, як “абяліць сябе і іншых”, згладжвае канфліктныя вуглы. З часам гэта можа стаць неўсведамляемым, таму што людзям хочацца памятаць добрае, а кепскае яны стараюцца забываць.

Траўматычны вопыт беларусаў

Сутыкненне простага чалавека, жыхара Беларусі, з савецкай (у першую чаргу да смерці Сталіна) і нацысцкай сістэмамі ўлады магло прывесці да фарміравання ў яго траўматычнага вопыта, які потым сур’ёзна змяняў яго жыццё, стратэгіі паводзін. У некаторых магло накаплівацца некалькі траўмаў, калі яны патраплялі пад каток сталінскіх рэпрэсій, пацярпелі ў вайну. На падставе аналіза ўспамінаў можна пабачыць, як развівалася асоба пад уплывам гэтых негатыўных з’яў, як перадаваўся адмоўны вопыт іншым пакаленням, ступень усведамляемасці праблемы. Для многіх па зразумелых прычынах менавіта вайна стала самым страшным перажываннем.

Пры зборы інтэрв’ю сведкаў гісторыі ў Беларусі існуе вялікі бар’ер у атрыманні інфармацыі, звязаны з бояззю паўтора рэпрэсій для іх дзяцей. Гэта тычыцца і цяперашняй палітычнай сітуацыі. Сведкі не заўсёды ідуць на кантакт, часам спрабуюць схаваць сваё сапраўднае стаўленне да падзей мінулага перад чужымі людзьмі. Гэты страх рознай ступені, у тым ліку ў залежнасці ад таго, з якога рэгіёна былі людзі, з Заходняй ці Ўсходняй Беларусі. Але жаданне сведкі данесці праўду да будучых пакаленняў ці выказацца з-за недахопу ўвагі (у тым ліку ў даніну былой прафесіі,, напрыклад, настаўніка) дае магчымасць збора матэрыяла, нягледзячы на вышэйзгаданыя неспрыяльныя ўмовы. Больш выніковай такая размова становіцца пасля папярэдняга кантакта з рэспандэнтам праз знаёмых людзей. Калі заслужыць іх давер, магчыма даведацца гісторыі, якія яны хавалі нават ад сваіх дзяцей. Асабліва гэта датычыць тых, хто ведае, што прадстаўляе версію гісторыі, адрозную ад афіцыйна прынятай, калі яна паказвае канфлікт паміж чалавекам і ўладай.

Існуе падсвядомая боязь «ачарняць» савецкі стыль жыцця, у тым ліку з-за перажытага стрэса і страха пацярпець за лінію паводзін, адрозную ад патрабуемай афіцыйна. Рэспандэнты могуць баяцца агучваць нават тое, што было неаднаразова апублікавана ў розных даследаваннях. Таму часам людзі, нават калі яны былі гатовыя паведаміць інфармацыю пра тое, што раней было забаронена, прасілі выключаць дыктафон, гаварылі цішэй. Таксама прызнакамі гэтага з’яўляюцца замена слоў жэстамі ці проста замоўчванне фактаў, скажэнне назваў, напрыклад, рэпрэсіўных органаў да выраза «сообщить куда нужно».

Характэрныя паводзіны – стратэгія недагаворвання, утойванне інфармацыі рэспандэнтам, які не хоча ні падмануць, ні раскрыцца. Як і ў савецкія часы, людзі калі чымсці былі незадаволены, то гэта звычайна вылівалася ў т.н. размовы на кухні, без пабочных асоб. Затое лягчэй дзяліліся ўспамінамі ў рэчышчы грамадскага ўспрыняцця, афіцыйнай ідэалогіі — напрыклад, пра партызан, стаўленне да Сталіна (паўплываў ХХ з’езд) і інш. Як адна з форм ухілення ад адказу на “нязручныя” рэспандэнту пытанні выкарыстоўвалася выказванне згоды з наяўнасцю праблемы, згадваемай у пытанні пра мінулае, але без распаўсюджання на свой вопыт.

У залежнасці ад асобы рэспандэнта інтэрв’юеру, як вопытнаму псіхолагу, трэба ўгадваць як лепш фармуляваць адныя і тыя ж пытанні, каб людзі ў залежнасці ад запужанасці, загружанасці савецкай сістэмай, стэрэатыпамі ўсё ж на іх адказвалі. Калі правільна задаць тэму, можна выцягнуць выключныя страшныя і смешныя бытавыя гісторыі з жыцця простага чалавека, якія даюць уяўленне пра некаторыя рэаліі таго часу. Напрыклад, пра тое, як маці забітага антысаветчыка прымушалі пазнаць свайго сына ці станчыць у яго на грудзёх, ці як старшыня сельсавета выбіваў нядоімкі з неплацельшчыкаў падаткаў, імітуючы званок Сталіну.

Захаванне гістарычнай памяці беларусаў

Аналізуючы сітуацыю з захаваннем успамінаў у Беларусі, сутыкаешся з праблемай скарачэння магчымасцяў зафіксаваць сведчанні рэспандэнтаў аб першай палове ХХ ст. (цяпер мяжа даступнай інфармацыі праходзіць фактычна па пачатку другой сусветнай вайны), недасяжнасцю і знікненнем ужо сабранага вуснагістарычнага матэрыяла, недахопам даследаванняў па гісторыі Беларусі з выкарыстаннем такога тыпа крыніц. Пасля 1991 года інтэрв’ю са сведкамі гісторыі больш актыўна збіраліся рознымі спецыялістамі. Аднак большасць такіх дакументаў, калі і была апублікавана, то не цалкам і невялікім накладам, што абцяжарвае азнаямленне з імі. Надрукаваныя ўспаміны ўтрымліваюць не ўсю інфармацыю, якая паведамлялася рэспандэнтамі. Як правіла, іх транскрыпцыі праходзяць рэдактарскую праўку. Нярэдка гэта ўвогуле мемуары, якія не могуць перадаць стылістыку вымаўлення сведкі, падтэксты, якія, магчыма, маглі б быць цікавымі для даследчыка.

Таму ўзнікла ідэя стварыць у інтэрнэце архіўнае сховішча вусных успамінаў па гісторыі Беларусі для даследчыкаў, якія займаюцца ХХ стагоддзем і дадзеным рэгіёнам. Са снежня 2011 года грамадскасці прадстаўлена магчымасць па адрасе http://www.nashapamiac.org азнаёміцца з матэрыяламі інтэрнэт-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі», мэтай якога было даць магчымасць даследчыкам і аматарам вуснай гісторыі пачуць голас сведкі часу з Беларусі, і праз наратыў яго жыццёвага шляху прадставіць гісторыю ХХ стагоддзя у кантэксце макра- і мікрападзей таго часу, пасадзейнічаць аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі, новым міждысцыплінарным даследаванням па гэтай тэматыцы.

Гэты навукова-адукацыйны рэсурс арыентаваны на забеспячэнне максімальнай даступнасці такога матэрыяла для зацікаўленых у атрыманні інфармацыі з дадатковых архіўных крыніц. Ён працуе ў анлайн рэжыме, а, значыць, ім могуць скарыстацца даследчыкі ў любой кропцы свету. Праект скіраваны на захаванне памяці пра савецкі перыяд гісторыі Беларусі, у тым ліку па тэмах, якія з’яўляюцца актуальнымі і спрэчнымі, дапамаглі б дыскусіі ў грамадстве, стварылі б магчымасць альтэрнатыўных даследаванняў, узбагацілі б беларускім кантэкстам магчымасці разгляду гісторыі СССР у сусветных даследаваннях. Калекцыйны падыход дае магчымасць збору разнастайнага матэрыяла, а таксама яго будучага выкарыстання ў праектах, на адукацыйных мерапрыемствах, пры напісанні артыкулаў.

На цяперашні момант на нашым партале размешчаны больш за 400 інтэрв’ю ў 22 калекцыях. У бліжэйшы час іх колькасць будзе павялічвацца, у тым ліку ў поўнай апрацоўцы (з транскрыпцыяй і суправаджальнымі дакументамі), зручнасць карыстання ўдасканальвацца. Устаноўленая рэгістрацыя для доступу да праслухоўвання матэрыялаў звязана з аховай таямніцы асабістага жыцця сведкі. Прайсці гэтую працэдуру нескладана праз запаўненне адпаведнай рэгістрацыйнай формы на партале.

Плануецца стварэнне інтэрактыўных геаграфічнай карты і храналагічнай лінейкі для адпаведнага пошуку ў межах успамінаў. Не абыдзены ўвагай тэматычныя накірункі. Зараз распрацоўваецца рубрыка, прысвечаная 1939 году ў гісторыі Беларусі, з наступнага году плануецца разгляд тэм “Голад у БССР”, “Беларускія астарбайтэры”, якія будуць ілюстраваны як урыўкамі з успамінаў, так і параўнальнымі навуковымі тэкстамі, традыцыйнымі архіўнымі дакументамі.

Шырыня ахопу перыяда архівам выклікана тым, што сведкі, як правіла, не канцэнтруюцца толькі на нейкіх вузкіх праблемах перыяда, а паведамляюць інфармацыю ў кантэксце ўсяго жыццёвага вопыта. Таму мэтазгодна максімальна прадстаўляць паведамляемую сведкам інфармацыю, што пашырыць магчымасці вывучэння розных падперыядаў і тэм. Да таго ж адзначым, што гэта звязана і з тым, што самі ўладальнікі калекцый успамінаў даследавалі розныя тэмы ў ХХ ст., як напрыклад, пра хіпі другой паловы 1960-х.

Для ахвочых інтэрнэт-праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» прадастаўляе наступныя магчымасці:

1. атрымаць веды па асновах правядзення вуснагістарычных даследаванняў;

2. павялічыць сваю інфармаванасць пра рэальную беларускую гісторыю праз азнаямленне з вуснымі ўспамінамі, прадстаўленымі на партале;

3. выкарыстаць вуснагістарычныя матэрыялы без неабходнасці самастойнага збору, што можа ашчадзіць час і матэрыяльныя выдаткі;

4. легальна спасылацца на крыніцы праз сапраўдны архіўны шыфр, указаны да кожнага матэрыяла.

Жадаючы можа здзяйсняць пошукі патрэбнага матэрыяла праз выбар і пераход да адпаведнай яго мэтам калекцыі і абранне канкрэтнага ўспаміна ці праз пошук на партале патрэбных сегментаў інтэрв’ю паводле геаграфічнага, тэматычнага, імяннога ці храналагічнага індэксаў (магчыма толькі для цалкам апрацаваных успамінаў). Пасля рэгістрацыі ён можа пачуць непасрэдна аўдыё ці відэааповяд сведкі часу.

Беларускі архіў вуснай гісторыі паставіў на мэце, наколькі магчыма, выратаваць унікальны вуснагістарычны матэрыял, паведамлены сведкамі гісторыі з Беларусі. Ёсць надзея, што беларускім даследчыкам гэта можа дапамагчы змяніць метадалагічны дыскурс у бок еўрапейскіх аналагаў, пашырыць арэал вывучаемай тэрыторыі, паспрыяе выйсцю Беларусі з рэгіянальнай ізаляцыі.

Захаванне гістарычнай памяці беларусаў актуальна. Яшчэ мала намаганняў прыкладаецца, каб зберагчы яе ў форме захавання ўспамінаў простых людзей аб гістарычных перыядах. У той жа час трэба старацца віртуальна вяртаць вартых памяці людзей з небыцця. Праз разуменне шматграннасці гістарычнай памяці жыхароў Беларусі можна прыйсці да прымірэння з ёй, а не дзяленню ўдзельнікаў гістарычных працэсаў на “добрых” і “кепскіх”. Прадстаўленне гісторыі павінна быць праўдзівым. І тут многае залежыць ад інтэрпрэтацыйных практык, якія выкарыстоўваюць даследчыкі. Пры аналізе ўспамінаў не павінна аддавацца перавага пункту гледжання пэўных палітычных сіл. Для саміх жа беларусаў шлях да сваёй сапраўднай ідэнтычнасці ляжыць праз захаванне гістарычнай памяці такой, якая яна ёсць, праз разуменне, што нават самыя невялікія магчымасці, якія ўзнікаюць у гісторыі, могуць мець вялікую каштоўнасць для будучых пакаленняў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.