Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алена Германовіч. СЁННЯ. Сем кісялёў на вадзе

 

Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Той сталы чалавек, яму 70. Ён падышоў да мяне і пытальна-прыніжана, са спадзяваннем лакея заглядаючы ў вочы, спытаўся: «Ну, а ён (начальнік адзін мясцовы) — хоць сядзіць зараз у турме? Не выпусцілі?» І такая надзея была ў вачах старога, і такое хваляванне! «Гм. Гм. Выпусцілі? Не выпусцілі? А вам што? Якая розніца?» — здзівілася я. «Ведаеце, крыўдна было б, каб яго выпусцілі. Ён жа накраў, хай сядзіць. Крыўдна было б, каб не сядзеў!», — з горыччу казаў стары. Так шкада зрабілася старога. Сэрца, ведаеце, і ўсё такое, рызыка інфарктаў і інсультаў, у такім узросце. Таму я яго супакоіла, хоць нічога і не ведала пра лёс таго начальніка: «Не хвалюйцеся, натуральна, сядзіць, і тэрмін дадуць яму вялікі! Я дакладна ведаю! У мяне ёсць свае крыніцы інфармацыі! Будзе сядзець! Доўга! Гадоў дзесяць дадуць, дакладна, не адкупіцца, загад зверху, ведаеце».

Так, я падманула старога. Я не ведаю, сядзіць той начальнік у турме, ці не. Але шкада старога. Я яго парадавала, ён адышоў ад мяне з задаволенай усмешкай на вуснах. Аж плечы расправіліся, і нейкая бадзёра-неўратычная ўпэўненасць у рухах з'явілася.

Мы будзем жыць, як жабракі. Мы будзем скарацца і маўчаць, атрымаўшы свае два мільёны заробку. Абы тыя, начальнікі, сядзелі. Злосць свайго сэрца мы выдушым па кроплі, штодзень, на жонак-мужоў-дзяцей. За недасолены суп і двойкі, падраныя порткі і марныя траты грошай, за малыя заробкі і за наогул неадпаведнасць нам. Нам! Мы маглі б! О-го-го! Але хто ацэніць, каму гэта? Жонка — мымра, дзеці — дурні, начальнік — злыдзень, калегі — стукачы. Краіна — не тая. Вакол бардак, вы ж разумееце. Напіцца. Заліць бельмы, і тады выказаць ім усё, усё, усё. Сволачы. Ну, не ім, дык жонцы, якая розніца. Тыя ж далёка. Хіба толькі адна надзея — нехта іншы выкажа.

Абы толькі было ціха-мірна. І тыя злодзеі сядзелі. Мы згодныя трываць здзекі, праходзіць на «святы» як злачынцы, пакуль нам міліцыянты не вынесуць мозг і не выпатрашаць усе рэчы з сумак, не пагыркаюць на нас, не тыркнуць у нас металашукальнікамі, не штурхануць у плечы, прапускаючы ў загон, каб там весяліцца — на Днях горада, Дажынках ці Ялінках. Нічога страшнага, што тут такога? Абы парадак быў. Абы карупцыянераў тых, начальнікаў тых, падонкаў, лавілі ды садзілі за краты. І нам па тэлевізары паказвалі потым свалачуг тых.

Мы згодныя быць заўсёды за ўсё вінаватыя: за адсутнасць грошай у бюджэце, валюты, мадэрнізацыі, інвестыцый, інавацый, за пагаршэнне стасункаў за знешнім светам, за дэмаграфічную сітуацыю.

Што зробіш? Ну, такія мы. Такі наш час, такія нашы думкі і мары. Мы не можам іх выканаць, свае мары і жаданні. Але прыйшоў той, хто выканаў тое, што хацелі б мы, ды не маглі. Ды і навошта самім лезці? Хай той разбіраецца.

«Мне хацелася б, каб вось некалі, раз хоць адзін у жыцці, як закрычаць на свайго начальніка, на генеральнага дырэктара завода, як затупаць нагамі! Як зараўці на яго! На ты! Вось так — на Ты! Маўляў, ты, няздара, сволач, сядзець будзеш! Я табе дам, я табе пакажу! Але я не магу. Бо я маленькі чалавек, у мяне дзеці, і крэдыт не выплачаны за плазменны тэлевізар. Я не магу! А ён — можа. Вось за гэта я яго паважаю. Паважаю! Ён — мужык, вунь як мой дырэктар тросся перад ім. Гэта амаль як быццам я на яго крычаў, мне так прыемна было. Так яму, падлюку, і трэба, так, так, навешай яму, давай, за нас за ўсіх!».

«У мяне была такая мара, каб вось працаваць — а нічога не рабіць, і грошы атрымліваць. Ну хай малыя грошы, але стабільна. Трохі. Жыць ціха-мірна, як усе. Трохі бензіну зліць са службовай машыны, трохі запчастак прынесці дахаты. Трохі. Вось машыну з пяском загнаць налева. Сем соцень далярчыкаў, га? Няблага? Толькі не чапайце мяне. Я з жонкай у Егіпет паеду, а дзецям айфоны куплю, каб было ўсё, як у людзей».

«Я марыў, каб кватэру далі бясплатна. Дзяцей настругаў — і кватэру далі. Дурная справа няхітрая. Трохпакаёвую, з душам і прыбіральняй, вялікую! Сядзіш сабе на балконе, плюеш на асфальт. Тэлевізар купіў, нармальна! 56 каналаў ідзе днём, а ноччу яшчэ і парнуха. Піва — у будні, гарэлка — у нядзелю, нармальна. А што болей трэба?».

«А мне — машыну. Аудзі. Ці Вольва. Я нікуды не лезу. Абы ціха было. Мне машыну, і я паеду на рыбалку на Днепр, і да маці за бульбай у вёску. І не лезь ты да мяне са сваёй дуратой. Усё гэта глупства. Палітыка — брудная справа. І злева».

Ён выканаў нашы жаданні! Усе жывуць ціха-мірна. Усё, як у людзей.

Калі мы сталі такімі? Калі? Ці памятае хто той момант, калі ён адмовіўся ад мары (быць прэзідэнтам, касманаўтам, адкрыць новую амёбу, інфузорыю туфельку, залезці на Эверэст, напісаць паэму, атрымаць Нобелеўскую прэмію, прабегчы марафон, стаць генералам, акцёркай, вядомым спеваком, пісьменнікам і мастаком, мільянерам, мецэнатам, вырасціць ружу, збудаваць вежу — высокую, самую высокую у свеце! Узначаліць паўстанне і перамагчы, правесці 33 бітвы — і прайграць, жаніцца на каралеве, купіць выспу) і згадзіўся замест мары мець канапу і кватэру ў крэдыт, згадзіўся на 500 баксаў — сабачую падачку, замест таго, каб мець Свет, свой свет, і быць цэлым Сусветам, разрасціся да памераў Млечнага Шляху!

Не высоўвайся, будзь задаволены тым, што маеш, моцна трымайся за працу, жабрацкі заробак. А можа, чалавеку дастаткова і гэтага? Тады чаго мы ныем, скардзімся, чаго вечна незадаволеныя, варочаемся на ложках па начах і выходзім паліць, узіраючыся ў зоры і забараняючы сабе на іх глядзець.

Калі? Калі ты стаў такім, памятаеш той момант? Напэўна, не. Той момант, калі ты адмовіўся ад сябе і мар, прамоўленых некалі сабе самому ў цішы, запісаных у патаемным дзённіку дрыжачай падлеткавай рукой, і абмяняў тое ўсё неверагодна цудоўна прывабнае на 300 баксаў, канапу, «кавалак хлеба на стале, і каб здароўечка, здароўечка, галоўнае — здароўе!», і каб было ўсё, як у людзей, ціха-мірна. Навошта нябожчыкам здароўе? Ніякіх бур, завірух і землятрусаў, ніякіх мараў, ніякіх неврозаў. Ціха-мірна. Так — да пенсіі, а потым — хату ў вёсцы, будзем памідоры тыркаць у глебу.

Калі ты стаў такім? Дарослым і «разважлівым»? Мудрым — аж да ванітаў, пераказваючы банальныя «ісціны»? Чаму? Таму, што калі стаў умоўна дарослым, той «дарослы» свет цябе спалохаў? Убачыў несправядлівасць, жорсткасць, карупцыю, фарысейства, крывадушша, здраду, сквапнасць і зайздрасць, нястачы і няўдачы? Убачыў тую сумесь сямі кісялёў на вадзе, і? І гэта — спалохала цябе? Убачыў, як некага білі па мордзе за перакананні і ідэал, а некага і забілі нават — і гэта спыніла цябе, спыніла так, аж да смерці, што баішся і казаць нешта, і успамінаць, адмовіўся ад усяго, зашыўся ў кватэру, пакіньце мне толькі маю канапу і катлеты, і піва па выходных — з такімі ж асцярожнымі няўдачнікамі-баязліўцамі.

«Табе добра! А нам ёсць што губляць, разумееш, нам усім ёсць што губляць!», — так крычаў на мяне знаёмы. Я смяялася. Я рагатала, як вар'ят, і казала: «Вам? Губляць? Што? Што у вас ёсць? Жабрацкі заробак у пяць капеек? Працу, якую ты ненавідзіш? Здымную кватэру? Плазменны тэлевізар з нявыплачаным крэдытам? Вы гэта баіцеся згубіць?! Не смяшыце мяне!». А ён ускіпеў і замахаў растапыранымі рукамі перад тварам, што «хоць і гэта, а хоць і гэта, лепш хоць нешта мець, чым нічога!».

Ён не хацеў у бойку, бо не хацеў рызыкаваць смажанай бульбай вечарам.

«Вы яшчэ не вырашылі пытанне з існаваннем Бога, а ўжо хочаце есці!» (с).

«Шукайце Царства Божае — астатняе прыкладзецца». Ды мы ж ўжо ўсе прыклалі, прычым самі! А Царства і няма. А да рабства, як аказалася, нічога не прыкладаецца. Адна пайка.

***

15 студзеня — гэта сёння. Сёння будзе сеанс масавага вар'яцтва ў СМІ. Правядзіце яго без мяне.

Я пабягу зранку ў лес, вырыю сабе зямлянку, запалю вогнішча і адсяджу гэты дзень там, смажачы сала і хлеб, запіваючы гарбатай з тэрмасу. Я буду думаць пра сэнс прыходу Бадхідхармы ў Кітай, зыходу габрэяў з Егіпту, з'яўлення Будды, Уваскрашэння Езуса і мой дзэн і дзень нараджэння. Схаплю лыжы і паеду за раку, сяду ранкам на аўтобус і з'еду ў адну мне вядомую вёску, дзе няма электрычнасці і жывуць сляпыя і глухія бабулькі. Пайду ў хату аднаго дзеда, разбураную, і буду ўзірацца ў пацямнелыя абразы на куце. Рвану на дызель на шэсць раніцы і праз гадзіну-паўтары буду на ўкраінскай тэрыторыі. Буду хадзіць па Чарнігаву і ўглядацца ў стомленыя манекены ў вітрынах. А вярнуся толькі ноччу, ці назаўтра. Лепш праз тыдзень. Ці пабягу да сябра, выганю яго з кватэры, як ліса зайчыка ў казцы, вырублю ўсе кропкі сувязі, вырву правады ад радыё, шнуры з тэлевізара, засуну вату ў вушы — і так буду сядзець да ночы, вывучаючы малюнкі на шпалерах і чытаючы чукоцкія казкі. Пайду ў сутарэнні і там буду дзень перабіраць бульбу і моркву — з меха ў мех, потым назад. Пайду на бераг ракі і буду ўглядацца ў лёд, пакуль не ўбачу рыбу.

Ніхто не знойдзе мяне сёння, як бы не хацелі. І Голэм не выскачыць знянацку на мяне. Бо сам на сябе не выскачыш. Замяту сляды дзеркачом за сабой па снезе. Хай без мяне пройдзе гэты дзень. Ніводзін сродак сувязі не дасягне мяне. Я пазбегну ўсіх сустрэч, не ўбачу ніводнага чалавека, які спытае: «А ты чула? Бачыла? А ён сказаў, ён пагражаў, ён абяцаў, ён патрабаваў!». Вы не знойдзеце мяне. Ніхто.

Я не буду сёння ўзірацца ў бездань праз блакітныя экраны. Каб не спалохацца, раптам убачыўшы там свае адлюстраванне. Не адчуць, як падбіраецца да мяне пякельная сумесь сямі кісялёў на вадзе. Я пайду шукаць сябе ў іншае месца. Мае жаданні жадаюць маёй прысутнасці, мае мары мараць і чакаюць маёй увагі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.69 (всего оценок: 68)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Да, Алёнушка, спасибо. Отчасти улавливаешь себя, эмоционально-аскетичного и не-дожившего до нынешних тропосфер... Вот и улавливаю в тебе некий камертончик, что исходит из прошлого, не находит достойного настоящего, но нацелен-таки в будущее. ... Снимаю шляпу...
  • Спасибо, Алена! Когда читаю ваши статьи, мне кажется, что это мой внутренний голос разговаривает со мной. Успехов и удачи вам в жизни и творчестве!
  • Скоро Крещенье. Алёна, увидишь очередной раз толпища тех, кто запросто передушит друг друга в массовке-очереди за "святой водой" близ церквей... Материальное опять и опять останется только материальным... И крыс, сползающих в океан вослед за дудочкой Нильса припомню. ... Я пас.
  • "Мае жаданні - жадаюць маёй прысутнасці, мае мары -- мараць і чакаюць маёй увагі. " выдатна перададзена :) жывому - ЖЫЦЬ .. лыжкі - няма..
  • { вырублю ўсе кропкі сувязі, вырву правады ад радыё, шнуры з тэлевізара, засуну вату ў вушы — і так буду сядзець да ночы, вывучаючы малюнкі на шпалерах і чытаючы чукоцкія казкі. Пайду ў сутарэнні і там буду дзень перабіраць бульбу і моркву — з меха ў мех, потым назад. Пайду на бераг ракі і буду ўглядацца ў лёд, пакуль не ўбачу рыбу. Ніхто не знойдзе мяне сёння, як бы не хацелі. І Голэм не выскачыць знянацку на мяне. Бо сам на сябе не выскачыш. Замяту сляды дзеркачом за сабой па снезе. Хай без мяне пройдзе гэты дзень. Ніводзін сродак сувязі не дасягне мяне. Я пазбегну ўсіх сустрэч, не ўбачу ніводнага чалавека, які спытае: «А ты чула? Бачыла? А ён сказаў, ён пагражаў, ён абяцаў, ён патрабаваў!». Вы не знойдзеце мяне. Ніхто. Я не буду сёння ўзірацца ў бездань праз блакітныя экраны. Каб не спалохацца, раптам убачыўшы там свае адлюстраванне. Не адчуць, як падбіраецца да мяне пякельная сумесь сямі кісялёў на вадзе. Я пайду шукаць сябе ў іншае месца. Мае жаданні жадаюць маёй прысутнасці, мае мары мараць і чакаюць маёй увагі. } Мой шчыры паклон, Алёна... Я разумею такія думкі, ва мне самім іх хапае. Цяжка асэнсаваць сябе ў прасторы, мінаючай і падмінаючай культуру, з якой калісьці меў суадносіны на "ты"...
  • тэкст клёвы, дзякуй :) .. перакласьці на расейскую - для расейскамоўных Беларусаў - і на онлайнер, тутбай і т.д. прыкласьці розум, жаданьні, намаганьні, рабіць і зрабіць - з душой і сэнсам..