Дата публикации:
27.01.2013
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2013/01/27/ic_articles_410_180644/

Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Удыхнуць жыццё

Автор: Алесь МІКУС

 

Алесь Мікус. Нарадзіўся ў 1982 годзе. З адукацыі псіхолаг. Музыка, заснавальнік гурта “Крывакрыж”. Перакладчык з літоўскай мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прэзідэнт Лукашэнка — нацыяналіст?

Відаць, так. Чаму?

Ён — ізаляцыяніст, пратэкцыяніст, аўтарытарыст.

Што гэта значыць? Тры фактары — МЕЖЫ, ГАСПАДАРКА, УЛАДА — спрыяюць змацаванню нацыянальнай грамады.


МЕЖЫ — бо беларусы ад астатняга свету ізаляваныя (выключэнне — чыгуначная страла ў краіну «Масква», куды з'язджаюць працаваць).

ГАСПАДАРКА — у краіне перавага дзяржаўных прадпрыемстваў, яны па-за канкурэнцыяй, большасць жыхароў уключаная ў гэтую сістэму.

УЛАДА — у Беларусі вертыкальная іерархічная пірамідальная сістэма ўлады, яна кантралюе ўсе сферы грамадства.

Пры гэтым у Беларусі не распрацоўваюцца (дэманстратыўна) атрыбуты «рамантычнага нацыяналізму» — асобныя выключныя МОВА, ГІСТОРЫЯ, СІМВОЛІКА.

Сімвалічны бок нацыяналізму прынесены ў ахвяру фактычнаму, «базіснаму», які завязаны на ТЭРЫТОРЫІ, ГРОШАХ І ЎЛАДЗЕ.

Сімвалічныя атрыбуты беларускага дзяржаўнага нацыяналізму — другасныя, або размытыя.

МОВА ўлады — трасянка (прэзідэнт) і касамоўе (чынавенства). Пытанне мовы свядома не артыкулюецца.

ГІСТОРЫЯ вынесеная па-за поле мультыінтэрпрэтацыйнасці і зведзеная да рамак некалькіх канкрэтных месіджаў — «мы перамаглі ў вайне» і «мы нашчадкі ўладальнікаў замкаў».

СІМВОЛІКА аддаленая ад гістарычных момантаў палітычнай слабіны і несамастойнасці (1918, 1941-1944) і звязаная з перыядам індустрыялізацыі.

У рэшце маем — прэзідэнт нацыяналіст, але не прадстаўнік рамантычнага нацыяналізму.

Нацыянальная грамада з'яднаная, «звязаная» тэрытарыяльнымі межамі, уладнай іерархіяй, гаспадарчымі дачыненнямі.

Якія мінусы такога становішча?

Галоўны — беларусы аказваюцца грамадой «тут і цяпер».

З'яднанай пашыхтаванай кагортай, ашчэранай навонкі дзідамі.

Ад нацыянальнага цела адсечаныя карэнчыкі, што сыходзяць долу, назад, у няпамятную мінуўшчыну.

Адсутная сувязь з продкамі.

Адсутная таксама і місія. Гэта значыць — адсутная сувязь і з будучыняй.

Беларуская нацыянальная грамада, хоць і прывязаная да канкрэтнай тэрыторыі, у сучасным свеце выглядае як пашыхтаваны, але дэзарыентаваны атрад, які нібыта соваецца па кантыненце туды-сюды, не ведаючы, куды дастасаваць гэтую сваю з'яднанасць.

У атрадзе добра харчуюць, не даюць расслабляцца: целу — фізічнымі практыкаваннямі, думкам — накіроўвальнымі ўстаноўкамі.

Усё расстаўлена па сваіх месцах.

Небяспека гэтага — адсутнічае ўнутраная «зона няпэўнасці». Што гэта такое?

Сэрцам жывой дынамічнай супольнасці павінна быць месца, якое не падлягае разразанню, фармулёўкам, рацыяналізацыі.

Зусім канкрэтнае месца пасярод прасторы, дзе прымаюцца падказкі, павучанні, фармулёўкі з «іншага свету». Дзе хоць які самаўладца — той, хто слухае, а не той, хто гаворыць і загадвае.

Прыкладам гэтага з'яўляюцца старажытныя свяцілішчы, напрыклад, «Рамове» ў старажытнай Прусіі: вечназялёны дуб, у ім выявы багоў, шамаценне лісця наводзіць святароў на ясныя думкі, якія ёсць божай воляй.

Гэта — адзін з варыянтаў, і не самы горшы, таго, як варта было б пачаць наладжваць сувязь з тым, што за спінай.

Напрыклад, аднавіць у цэнтры Менску свяцілішча ля Свіслачы. Не як турыстычны аб'ект на ўзбочыне, але як дзейнае свяцілішча, што будзе забяспечваць сувязь нацыянальнай грамады з усім сонмам продкаў, праводзіць іх сілу нам, нашчадкам.

З высокім непразрыстым плотам, з дзяржаўнай аховай і датацыямі, з невялікім штатам святароў. Перанесены з Музея валуноў камень «Дзед», збудаваны двухметровы алтар для агня. Гэта не этнаграфічныя рэаліі, гэта асновы, якія працягнуць трымаць нацыю ў адзінстве.

Звядзенне «багатай гісторыі» да некалькіх месіджаў было не такім і кепскім рашэннем. Але за гэтым згубілася тое, што сувязь з тым, што было раней, усё ж безумоўна патрэбная.

Таксама апроч гэтага наступнае заданне — наладжанне сувязі з тым, што перад табой. Гаворка пра будучыню, пра місію.

У самым лепшым выпадку «інтэграцыя інтэграцый» раней ці пазней сутыкнецца з фізічнымі межамі еўразійскага кантынента. І тады пытанне місіі паўстане зноў.

Гэты шлях у нашым усходнееўрапейскім рэгіёне ўжо пройдзены, яго праходзіла старажытная балцкая голядзь — племя галіндаў, якое ў сваіх міграцыйных высілках дасягнула і заходняй, і паўднёвай, і ўсходняй канцавінаў еўразійскага кантынента. Гэта не аддаліла крызісу.

Місія не можа быць у гарызантальнай плашчыні. «Інтэграцыя інтэграцый» — гэта плашчыня прасторавая, гарызантальная. Гэтая місія — канечная.

Місія (а значыць — мост у будучыню) мае быць вертыкальнай. Гэта нешта са сферы сувязі з больш тонкім светам. Са сферы рэлігіі.

Якая місія наканаваная тут нам?

Не трэба намагацца і прыдумляць.

Нашая місія вызначаная нашымі продкамі, нашай прасторай.

Галоўнай каштоўнасцю прасторы, якую мы, беларусы, цяпер насяляем, нашыя балцкія продкі бачылі тое, што тут разыходзяцца ў розныя бакі Дзвіна і Дняпро.

Для іх гэта было сімвалам бінарнай структуры свету. Інструментам падтрымання балансу і раўнавагі.

Большая частка цяперашняй Беларусі поўная геаграфічнымі назвамі (у аснове сваёй балцкімі), якія сведчаць: гэтая рэалія мела вялікае рэлігійнае значэнне.

Гэта — тое, што, нягледзячы ні на якія прыдумкі, застаецца і будзе заставацца схаванай да часу, адзіна магчымай тут місіяй.

І прэзідэнт Лукашэнка апынуўся кіраўніком, які кіруе цяпер «знешнім пластом» такой незвычайнай зямлі, тэрыторыі.

Тое, што адбываецца вось ужо каторы год у Беларусі, дазваляе казаць: мы выйшлі па-за каляіны, якімі ідзе большасць навакольных народаў, гэтая асобнасць ужо засведчаная, а таму — можна дазволіць сабе казаць і пра наступнае, больш сур'ёзнае развіццё гэтай асобнасці.

Бо тым часам рэчаіснасць сёння вось якая.

Беларусь падбіраецца да кропкі, калі дасягнутая з'яднанасць грамадства альбо рассыплецца (бо яднаюць рэчы знешнія, часовыя, эфемерныя, а нутро пустое), альбо будзе ўмацаваная ўнутраным адзінствам, угрунтаваным на рэлігійным адзінстве душаў.

Гэта можна лічыць прагнозам і папярэджаннем.

Вядома, ні пра якое праваслаўе як паратоўчы круг тут нават думаць забудзьце. З'яднанасць мае быць забяспечаная толькі сваім, родным, прыродным.

Таксама, зразумела, гэта ніякае не «язычніцтва» (тым больш не «славянскае»). Гэта — прыродныя асновы адзінства грамады, што забяспечваюць яе сувязь з вышэйшым светам. Толькі і ўсяго.

Тое, што адбываецца ў гэты час з краінай, сімвалічна можна прыпадабніць да аднаго варыянту тутэйшага падання пра тое, як свет стварыўся. Стварыўся так: бог узяў і сціснуў далоньмі паветра. Што ў далонях сціснулася, тое ўшчыльнілася і ўзнікла зямля.

Дык вось, у гэтае сціснутае трэба было яшчэ ўдыхнуць жыццё, бо адна чыстая гліна не жыве.

Грамадства сціснутае, яно цэльнае, з’яднанае. Але не жывое. Трэба ўдыхнуць жыцця. Праз месца-сэрца і місію.

Гэта досыць традыцыйны вобраз. Нездарма ў індыйскіх Ведах ёсць вобраз: брагманы (святары) — галава, кшатрыі (ваяры) — рукі, вайш’і (земляробы) — тулава, шудры — ногі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.