Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Падгол. МОВА. Дыктоўка ад Бога


Уладзімір Падгол

Уладзімер Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Паважаныя беларусы! Прапаную вам абмяркаваць ідэю:

Прысьвяціць 95-м угодкам БНР пачатак перапісу Бібліі. Мы можам кожны сваёй рукою перапісаць фрагмэнт Бібліі, скласьці свае фрагмэнты ў адну кнігу і такім чынам стварыць рукапісную Кнігу — адну на ўсіх беларусаў. Адзіную рукатворную Біблію могуць стварыць грамадзяне нашай Рэспублікі і беларусы замежжа незалежна ад веравызнаньня. Перапісаць Біблію могуць і старыя і малыя: бацькі з дзецьмі, дзядулі і бабулі з унукамі.

Я думаю, што беларусы толькі тады стануць нацыяй, калі разам перапішуць Біблію па-беларуску.

Калі ў нас атрымаецца за пяць год перапісаць разам Біблію, тады да 100-годзьдзя ўтварэньня БНР нашы нашчадкі займеюць магутны нацыянальны падмурак яднаньня — супольную рукапісную дыктоўку ад Бога.

Да 90-годзьдзя сьвяткаваньня БНР шмат хто з вас пісаў першую агульнанацыянальную дыктоўку. Пісалі беларусы і замежнікі з усіх куткоў сьвету. Пісалі тэкст Статута БНР і “Дудку Беларускую” Багушэвіча, дэманструючы любоў да ідэалаў БНР і да роднай мовы. Сёлета гэтая дыктоўка набыла форму інтэрнэт-парада дыктоўкі ад Каліноўскага, калі выбітныя беларусы і нашы сябры з замежжа чыталі “Ліст з-пад шыбеніцы”. І завадатарамі сталі чальцы рады БНР і яе кіраўнічка Івонка Сурвіла.

Заснавальнікі БНР былі вернікамі розных веравызнаньняў. Але іх паяднала адданасьць ідэям стварэньня незалежнай Беларусі ды беларуская талерантнасьць, без якой, на мой погляд, немажліва была іх супольная дзейнасьць.

Зараз арганізацыйнай працай над пачаткам перапісу Бібліі займаецца шмат людзей. Сярод іх перакладчык Бібліі — Васіль Сёмуха, выдаўцы Бібліі Сяргей Сёмуха і Алеся Сёмуха-Грынберг, мастакі суполкі Пагоня Аляксей Марачкін і Алесь Шатэрнік, пісьменнікі і паэты Уладзімір Арлоў, Міхась Скобла, Лявон Баршчэўскі, Алесь Ліпай і іншыя.

Перапісваньне Бібліі ад рукі мусіць быць максымальна галосным і даступным кожнаму. Для гэтага той, хто перапісаў фрагмэнт Бібліі, мусіць з дапамогай сяброў зрабіць фотаздымкі, або зьняць відэакліп пра тое, як пісаў, і начытаць перапісаны фрагмэнт і таксама зьняць сваё прачытаньне. Відэакліпы, фотаздымкі можна было б выстаўляць на розных сайтах.

Перапісаць фрагмэнт Бібліі трэба ў двух экзэмплярах: адзін — пакласьці ў агульную Кнігу, а другі захаваць у сябе. Калі нешта здарыцца з агульнай кнігай, тады мы зможам аднавіць нашу рукапісную Біблію. Можна будзе і выдаць нашу Кнігу, дзе старонкамі будуць ксэракопіі вашых лістоў, напісаных ад рукі.

Перапіс Бібліі пачаць лепей з Псалтыра. Псалтыр для нашых продкаў быў букваром. Па ім вучыліся чытаць і пісаць. Па ім ды з веры бацькоў прыходзілі да веры ў Бога. Скарына першым выдаў Псалтыр.

Ідэю аб перапісваньні беларускай Бібліі я прапанаваў тры гады таму. З таго часу мы з сябрамі ня раз абмяркоўвалі, калі і як гэта зрабіць, некаторыя з іх, на жаль, не дажылі да гэтага моманту. Мы лічым, што нельга больш чакаць, нельга адкладваць надалей.

Давайце абмяркуем, як лепей нам супольна перапісаць Біблію ў адзіную Кнігу.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


Оценить материал:
Средний балл - 3.67 (всего оценок: 15)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева