Пётра Пятроўскі. МЕРКАВАННЕ. Лібэральнае рэакцыянэрства і рэтраградства супраць кансэрватыўнага рыўка

Задача кансэрватызму сёньня зрабіць на аснове тысячагадовых традыцыяў роднага краю далейшыя рыўкі ў розьвітку нашае дзяржавы…

 

Пётра Пятроўскі. Нарадзіўся ў 1988 г. у Менску. Філёзаф, гісторык ідэй. Скончыў БДПУ імя Танка па спэцыяльнасьці “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”. Асьпірант Інстытута філязофіі НАН Беларусі. Ляўрэат стыпэндыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь асьпірантам у 2013 г. Кіраўнік кансэрватыўнага цэнтру NOMOS. Сябра рэдкалегіі альманаха “Сівер”. Сфэра інтарэсаў — гісторыя ідэй, фундамэнталь-анталёгія, імагінасофія, філязофія палітыкі і гаспадаркі, геафілязофія, этнасацыялёгія і сацыялёгія глыбінь, фэнамэналёгія рэлігіі, лёгіка парадокса, кансэрватыўны футурызм.

Прачытаў тры артыкулы, якія па сваім зьмесьце ідуць у адным лягічным ланцугу:

1. Аляксандр Шпакоўскі. Нацыянальная ідэя. Час вандэі мінуў
2. Аляксей Дзермант. Этнасфера. Беларусь — краіна спарыш
3. Аляксей Братачкін. Дыскусія. Кансэрватары ратуюць Беларусь як могуць

Іх злучае жаданьне зьмяніць беларускую рэчаіснасьць, сканструяваць будучыню, пераадолець заганы сучаснасьці.

Артыкул Аляксандра Шпакоўскага канстатуе ідэалягічны вакуўм, адсутнасьць ідэйнага падмурку народу, тых мэсыянскіх пасылаў, якія б змаглі заарганізаваць, мабілізаваць і абудзіць народ. А.Шпакоўскі зьвязвае гэта з безалабернасьцю правадзімай палітыкі дзяржавы ў сфэры ідэалёгіі. Аднак і т. зв. “нацдэмы” на думку аўтара, зь іх лёзунгамі “беларусізацыі”, “эўрапейскага выбару” ня маюць папулярнасьці ў грамадзтве. Сучаснае беларускае грамадзтва, сьцьвярджае А.Шпакоўскі, жыве ў заскарузлай спажывецкай паўсядзённасьці. Аўтар прыходзіць да высновы: “прычына зусім у іншым: справа ў тым, што ў якасьці нацыянальнае ідэі беларусам прапануюць розныя штучныя сымулякры, якія ня маюць каранёў у гісторыі нашае Нацыі”. Выйсьце з гэнае сытуацыі, на думку Шпакоўскага, бачыцца ў пераасэнсаваньні ўсяе папярэдняе спадчыны народу ды ўсьведамленьні непаўторнасьці і фэнамэнальнасьці кожнага яе пэрыяду. Усе гістарычныя адрэзкі часу даюць нам агульную мову, каб зразумець кожнага з нашых суседзяў, весьці зь ім партнэрскі дыялёг, прапанаваць цікавыя інтэграцыйныя праекты.

Са свайго боку хачу зазначыць, што Беларусь не запятнала сябе брудам вопыту суседзяў у былых гістарычных эпохах у адрозьненьні ад тых жа Польшчы, Расеі ды інш. Толькі нашы інтэграцыйныя праекты могуць правесьці мабілізацыю рэгіёна перад выклікамі часу.

Самым галоўным бонусам Беларусі, на думку Шпакоўскага, зьяўляецца захаваньне дзяржаўніцкае традыцыі на нашых землях, бачаньне ў дзяржаве цэнтру справядлівасьці, кампэтэнтнасьці ды адказнасьці. Канечне, такая рэчаіснасьць дае Беларусі мажлівасьць прадзьвігаць сваю мадэль разьвіцьця краінам суседзям. Але для гэтага, па Шпакоўскаму, патрэбна адмовіцца ад прыступкі пустога захаваньня савецкае спадчыны, і перайсьці на новую прыступку стварэньня прывабнай ідэі “інтэграцыі інтэграцый”, духова-матар’яльнае гармоніі, адмовы ад разуменьня сябе як замшэлай правінцыі.

Аляксей Дзермант дапаўняе свайго калегу ідэяй духовага напаўненьня беларускае ідэалёгіі на новае ступені. Аўтар зьвяртаецца да двух радыяльна процілеглых асобаў А. Лукашэнкі і З. Пазьняка, якія практычна салідарызаваліся ў абароне традыцыйных, спракаветных і вечных каштоўнасьцяў беларускага народу.

Цяпер перайду да артыкула Аляксея Братачкіна. Пачну з таго, што спадар Братачкін адразу кляйміць думкі вышэйзгаданых аўтараў абвінавачваньнем у іх нерэальнасьці і закідае А. Шпакоўскаму і А. Дзерманту неразуменьне рэчаіснага стану сучаснае Беларусі. На мой погляд, сам такі падыход зьяўляецца памылковым і надуманым...

Братачкін пачынае з крытыкі тэзы А. Шпакоўскага пра пустэчу, што пануе ў сучасным беларускім грамадзтве. Ён лічыць, што Шпакоўскі піша “кондавай мовай” і яго довады не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пры гэтым сам крытык не выказаў ніводнага доказу гэтай сваёй тэзе, а проста сафістычна перайшоў да сьцьвярджэньня ўласнае тэзы, якую я даслоўна працытую без перакладу: “Во-первых, «идейная пустота» в стране существует не потому, что белорусы «пусты», а потому, что в стране разрушены публичная политика и публичное пространство, а также наблюдаются явные проблемы с гуманитарными исследованиями. В этом смысле мы вообще мало знаем о том, о чем на самом деле думают или не думают белорусы, о каком политическом и ином настоящем и будущем они мечтают. Их об этом не спрашивают. Или спрашивают таким образом, что всегда получают отрицательный ответ”.

Адразу ўзьнікае пытаньне як публічнасьць, а самае галоўнае чым, можа запоўніць беларусаў; як публічная сфэра палепшыць гуманітарныя дасьледаваньні? Магу сказаць, што публічнасьць ня мае мэханізму вызначэньня прафэсыйнасьці, кампэтэнтнасьці ды адказнасьці і ня можа палепшыць гуманітарныя веды, а толькі зьвядзе іх да дылетанцкага, эмпірычнага і спажывецкага характару. Такая публічнасьць мае таталітарны характар, бо яе напрамкі вырашае большасьць (ці той, хто большасьцю маніпулюе). Голас прафэсара, гэнэрала, судзьдзі, прадпрымальніка нівэлююцца шматлікімі некампэтэнтнымі клеркамі зь іх “паўведаньнем” сытуацыі, неразуменьнем глыбінных чыньнікаў і немажлівасьцю мысьліць мэтатэарэтычна.

Далей у сваёй тэзе Братачкін зьвяртаецца да імкненьня вывучаць грамадзкую думку, якая, згодна аўтару, напэўна адкажа на ўсе фундамэнтальныя пытаньні, прасьвятліць народ у яго мэце. Аказваецца, калі ўсе пачнуць публічна выступаць, сацыялягічныя дасьледаваньні будуць вырашаць лёс народу, тады настане “рай” і Беларусь будзе “прадзьвінутай эўрапейскай краінай”. Ня ведаю, які мэханізм публічнасьці гэта можа забясьпечыць. Аўтар указвае на палітычную публічнасьць. Ён напэўна верыць ва ўтопію Габермаса (аднаго зь ідэолягаў і філёзафаў Эўразьвязу), зь яго ідэяй, што палітыкай можа займацца і жук і жаба. Але, як паказвае практыка, нідзе, нават у самых лібэральных краінах, масы палітыкай не займаюцца. Там праходзіць жорсткі ідэалягічны прэсынг так званай грамадзянскай супольнасьцю, якая фінансуецца вызначанымі фондамі таксама вузка заідэалягізаванай накіраванасьці і кляйміць усіх, хто ёй не адпавядае як “экстрэмістаў”, “радыкалаў”, “непаўнавартасных”. Тут падключаюцца СМІ, якія пачынаюць “публічна” абмяркоўваць любую праблему ў патрэбным ключы, распаўсюджваць “адзіна правільнае меркаваньне” сярод мас, што прыйшлі з працы ды ўключылі тэлевізар і ня хочуць “грузіцца” гэтымі бруднымі разборкамі. Менавіта так у Францыі “публічна” прымалі законапраект аб барацьбе з так званай гамафобіяй. Цяпер за прапаганду барацьбы з гамасэксуалізмам там вас чакае пакараньне. Вось калі ласка ідэалягізаваны і палітычны артыкул у “прагрэсыўнай і публічнай” Францыі, якая яшчэ сьмее іншым дзяржавам казаць як жыць.

Другім накірункам крытыкі Братачкіным прапаноў Шпакоўскага і Дзерманта выступае іх апэляваньне да традыцыі, патрыятызму і дзяржаўнага служэньня. Становіцца бачным адразу, што такія каштоўнасныя арыентацыі для Братачкіна проста непрымальныя. Першай ахвярай сваёй крытыкі эксперт робіць традыцыю беларускае сям’і, называючы яе “патрыярхальнай”. Ніякіх довадаў пры гэтым аўтар ня робіць. Тут бачна тыповая лібэральная ўстаноўка, згодна зь якой прадстаўляе цікавасьць толькі самазабясьпечаны, абстрактны атамарны індывід. Полавая прыналежнасьць гэтага індывідуўма не бярэцца ў разьлік. Пагэтуль атам мужчыны і жанчыны ідэнтычны, а значыцца роўны. Узьнікае пытаньне, як спадар Братачкін забясьпечыць правы мужчын нараджаць дзяцей, а жанчын працаваць у шахтах, быць грузчыцамі, працаваць на шкоднай вытворчасьці? І ці хочуць такога шчасьця мужчыны і жанчыны Беларусі? Аўтар тут як ні цікава праводзіць сацыялягічныя апытаньні ня хоча! Дадзеную праблему тут вырашае лібэральная ідэалягема.

Канечне, кансэрватыўныя сьцьвярджэньні аб фэнамэнальнасьці і непаўторнасьці мужчыны і жанчыны ды выцякаючыя з гэтага прапановы аб забесьпячэньні правоў жанчын як маці і ахоўніцы хатняга ачага праз уключэньне яе функцый у рэестар спэцыяльнасьцяў і выцякаючым з гэтага матэрыяльным забесьпячэньні такіх жанчын, будзе бачыцца Братачкіну “сярэднявечным” барбарствам. Плаціць заробкі хатнім гаспадыням ды маці лібэралізм не дазваляе. Але кансэрватызм тым і прывабны беларусу, што адпавядае яго сямейнай традыцыі, здароваму сэнсу і гаспадарчай лёгіцы.

Другім пунктам нападак Братачкіна сталася ідэя “моцнай дзяржавы”. Тут лібэральны шквал абвінавачваньняў у самым разгары. Для эксперта “служэньне дзяржаве” — гэта “традиции «сильного» государства, опирающегося не столько на социальное согласие, сколько на принуждение и репрессивные практики разного рода”. Пытаньне заключаецца ў наступным, дзе бачыў аўтар дзяржаву без “принуждения” і “репрессивных практик разного рода”. Напэўна лібэральная Францыя ці “калыска дэмакратыі” — ЗША, ёсьць тым прыкладам. Рэпрэсыўныя практыкі гэтых краін відавочны, а законнасьць дзеяньняў іх эліт сумнеўна.

Пры разглядзе прымусу і рэпрэсыўных практык галоўнае не адсутнасьць ці наяўнасьць рэпрэсій, а іх справядлівасьць. Зразумела, што просты індывідуаліст-гэданіст і спэкулянт, які жыве ў сваё задавальненьне ў дзяржаве і ня хоча несьці салідарныя абавязкі перад гэтым агульным домам, павінен быць прымушаны выконваць сваё грамадзкае служэньне, турбавацца пра акружаючых, быць салідарным у абароне інтарэсаў дзяржавы як сваіх уласных. Мы павінны разумець, што інтарэсы атамарнага індывідуўма — гэта простая абстракцыя. Ніводная лібэральная тэорыя ня можа прадаставіць ключ да рэгуляваньня грамадзкіх адносінаў на аснове індывідуалізму. Яшчэ больш гэта падцьвярджае паўсядзённая практыка. Індывідуаліст, атам, Маўглі — гэта не рэчаіснасьць беларускага грамадзтва, а выдумка тэарэтыкаў лібэралізму. Традыцыя дзяржаўнасьці на нашых землях гэта толькі і падцьвярджае. Пэрыяды, калі дзяржава была ідэяй, стрыжнем (часы Ўсяслава Чарадзея, Гедзіміна, Альгерда, Вітаўта, БССР), грамадзтва мела спакой, цэласнасьць, палітыка — стабільнасьць і розьвітак, міжнародныя адносіны — гармонію, гаспадарка — арганічнасьць, справядлівасьць і працавітасьць. Пэрыяды, што так падабаюцца лібэралам (Рэч Паспалітая, БНР, РБ (1991-1994)) наадварот мажліва ахарактарызаваць унутранай дэзарганізаванасьцю, нестабільнасьцю, сацыяльнай канфліктнасьцю, фрагмэнтарнасьцю, упадкам гаспадаркі, зьнікненьнем уласнае дзяржаўнасьці і падпарадкаванасьцю нашых земляў зьнешнім актарам. Вось якой традыцыяй апэлюе лібэралізм!

Трэцяй кропкай крытыкі Аляксея Братачкіна стаўся патрыятызм, які аўтарам характарызуецца як “лояльность политическому режиму”. Узамен аўтар прапануе разумець пад патрыятызмам абстрактную “любовь к Родине”. Што гэта такое ён не ўдакладняе. Але з вышэй згаданай нянавісьці яго да інстытуту дзяржавы бачна, што эксперт хоча абстрагавацца ад любых асацыяцый зь ёй і выбірае шлях яе ігнараваньня, зьвядзеньня патрыятызму да сымбалічнай асацыятыўнасьці з рэгіянальнымі асаблівасьцямі і ня больш. На наш погляд патрыятызм трэба разумець як ідэю абсалютнай дзяржавы як абсалютнага і справядлівага духу (падобна да Гегеля). Менавіта інстытут дзяржавы зьяўляецца адзіным мажлівым гарантам сувэрэнітэту, незалежнасьці і самастойнасьці народу, захаваньня цэласнасьці ўсяе Радзімы. Ніхто і нішто больш да такога ня здольны. Пагэтуль служэньне, адданасьць і выкананьне ўласнага доўгу перад дзяржавай і ёсьць сапраўдны патрыятызм.

Далейшая крытыка служэньня дзяржаве, зробленая Братачкіным у такім жа ключы, як і крытыка папярэдніх каштоўнасьцяў беларускага народу. Яго ўтрыраваньне мэханіцызмам, прывязка да вырваных з кантэксту фактаў ды маніпуляваньне імі, на наш погляд, не заслугоўвае ўвагі.

У артыкуле Аляксея Дзерманта спадар Братачкін убачыў “страшэнную” катэгорыю, якую дужа спужаўся — “Вечнасьць”. Увогуле такія паводзіны для любога лібэрала досыць зразуметы і прадказальны. Як сам прызнаецца аўтар, Вечнасьць “выглядит для меня слишком связанной со смертью, а это выходит за пределы наших возможностей”. Хачу зьвярнуцца да так любай спадаром экспертам традыцыі эўрапейскага мысьленьня, а менавіта да двух аўтараў, мысьляроў ХІХ і ХХ стст. Першы, В.Ф.Г. Гегель, бачыў страх перад сьмерцю прыкладам рабскага мысьленьня. Другі, М.Гайдэгер, разглядаў сам страх як зьбег у ілюзыю, неаўтэнтычнае, несапраўднае быцьцё, пабег ад рэчаіснасьці. Тут, пасьля гэтых клясыкаў эўрапейскага мысьленьня дабавіць на гэты конт мне няма чаго...

Дарэчы страх перад Вечнасьцю стварае і мэтадалягічныя праблемы ў спадара Аляксея. Ён ня можа карыстацца фіксаванымі катэгорыямі, для яго зьўляюцца чужымі такія Вечныя каштоўнасьці як Праца, Сям’я, Радзіма, бо яны нязьменны, мэтафізычны і не залежаць ад жаданьня аднаго чалавека. Наадварот, гэтыя спрадвечныя каштоўнасьці падпарадкоўваюць людзей сабе. Возьмем ідэю клясычнае сям’і, дзе мужчына здабыдчык, экстравэрт, а жанчына выхавацелька, ахоўніца хатняга ачагу, інтравэрт. Гэтыя сацыяльныя ролі падцьвярджаюцца і псыхафізыялягічнымі асаблівасьцямі прадстаўнікоў абодвух палоў. Але, калі абстрагавацца ад гэтых вечных каштоўнасьцяў і даць уладу моманту, эгу атамарнага індывіда, то ролі дэфармуюцца, інстытуцыя сям’і здэградуе, а народ перастане мець мажлівасьць працягнуць своё існаваньне. Такія рэчы ёсьць магчымасьць убачыць у так званай “прагрэсыўнай” Эўропе, дзе сэксуальныя пэрвэрсыі-дэвіацыі прызнаны нормай, выкананьне неўласьцівых жанчынам ды мужчынам функцый становіцца своеасаблівым крэда, а адсутнасьць паўнавартаснае шматдзетнае сям’і апраўдваецца “высокай адукаванасьцю” жыхароў кантынэнту. Адсюль і непадмацаваны нічым дыягназ Братачкіна А. Шпакоўскаму і А. Дзерманту — “ахоўнікі, рэакцыянэры”. Але я скажу адназначнае Братачкіну — НЕ!

У чым праблема такога неадэкватнага дыягназу Аляксея Братачкіна? Скажам шчыра, экспэрт пераблытаў кансэрватызм і кансэрватыўны лібэралізм. Вось як ён разумее кансэрватызм, працытую даслоўна: “Обычные «консерваторы» за пределами Беларуси представляют собой широкий спектр позиций (от идеи неизменности социального порядка до идеи отсутствия вмешательства государства в «свободный рынок» и так далее) и опираются на теоретические конструкты и представления о социальной реальности, с которыми можно рационально спорить”. Але цяпер прывядзем вызначэньне разуменьня кансэрватызму сапраўднымі яго тэарэтыкамі і клясыкамі. Артур Мёлер ван дэн Брук: “Кансэрватызм выступае не за прошлае, а за вечнае”. Юліюс Эвала: “Рэвалюцыйна-кансэрватыўнаму ці кансэрватыўна-рэвалюцыйнаму мысьленьню не патрабуецца доказаў таго, што для вышэйшых каштоўнасьцяў, для асноўных прынцыпаў усякага здаровага і нармалёвага ладу не існуе пераменаў, не існуе станаўленьня — і далей дадае — для сапраўднага рэвалюцыйнага кансэрватара пытаньне складаецца ў захаваньні вернасьці прынцыпам, а ня тым установам ды інстытуцыям прошлага, што зьяўляюцца толькі прыватнымі формамі выражэньня гэтых прынцыпаў, прыгоднымі ў канкрэтны час і для канкрэтнай краіны”.

Што падштурхнула Аляксея Братачкіна паставіць няправільны дыягназ? Уся праўда крыецца ў абмежаванасьці аўтара замшэлымі ды састарэлымі крытэрамі лібэральнага сьветагляду. Лібэралізм зьяўляецца самай старой “сэкулярнай рэлігіяй” эпохі мадэрну (Новага часу). Ён пачаў фармавацца яшчэ ў другой палове XVI ст. і ў выніку правёў тры вельмі значныя рэвалюцыі Галяндзкую (1565-1579), Ангельскую (1640-1660) і Французкую (1789). Але ідэалы нэгатыўнае “свабоды-ад” хутка разьбіліся аб сапраўдную рэчаіснасьць. Аказалася немажлівым існаваць грамадзтву ў атамарным выглядзе. Спачатку лібэралізм пачаў муціраваць у сацыялізм, а ў ХХ ст. датрансфармаваўся да фашызму. Справядліва падкрэсьліваў нямецкі кансэрватар, ахвяра нацыстоўскага тэрору, Эдгар Юліюс Юнг: “У гістарычным даляглядзе мы маем тры формы лібэралізму: манчэстарства, якое выліваецца ў буржуазную дэмакратыю, марксызм, які прадстаўляе сабой адмаўленьне буржуазнае дэмакратыі, і, нарэшце, нацызм, які зьяўляецца сумесьсю двух папярэдніх”. Аднак эпоха мадэрну зь яе лёзунгам “свабоды, роўнасьці, братэрства” ды адпаведна трыма ідэалёгіямі, лібэралізмам, сацыялізмам ды фашызмам, скончылася. Спачатку, нарадзіўшыся ў вайне ў ёй жа і памёр фашызм. Другім такой жа лёс напаткаў сацыялізм, які вёў барацьбу за сацыяльную справядлівасьць і ў канцы канцоў ад гэтай барацьбы і загінуў. Цяпер настала чарада самага старога ідэалягічнага канструкта мадэрну, лібэралізму, які нарадзіўся дзякуючы жаданьню нажывы, імкненьню да накапленьняў і павінен загінуць менавіта праз гэтыя ж крызавыя зьявы, сусьветны эканамічны каляпс, руйнаваньне фінансавае піраміды.

Сучасныя лібэралы забыліся, што той жа Адам Сьміт за 17 год да кнігі “Аб багацьці народаў” напісаў працу “Пра маральныя пачуцьці”, дзе паказваў, што эканоміка, скупасьць, прагнасьць ня могуць рэгуляваць грамадзтва. Галоўным фактарам павінен быць маральны і духовы імпэратыў. Сучасны амэрыканскі лібэрал Джон Ролз убачыў крызу лібэралізму менавіта ў пабудове ім мадэлі “эканамічнага чалавека”. Гэта ў сваю чаргу прывяло да крызы самога лібэралізму. Сучасны сьвет пад яго кіраўніцтвам стаўся падобны на Рымскую Імпэрыю апошніх гадоў свайго існаваньня. Дэкаданс, распуста, культ спажываньня — вось тая аснова, якая прывядзе к сьмерці сучасны лібэралізм. І лібэрал Джон Ролз перад сваёй сьмерцю сказаў, што толькі зварот да мэтаідэяў, звышкаштоўнасьцяў можа вывесьці сучасны сьвет з дэкадансу. Такой звышкаштоўнасьцю ён убачыў сумленнасьць і зьвязаў гэта з максымалізацыяй усьведамленьня самім сучасным чалавекам уласных рызыкаў. Быць сумленным, па Ролзу, — гэта значыць максымалізаваць мінімум, ці калі простай мовай, пераадолець уласнае эга і салідарызавацца зь іншымі, ахвяраваць уласнымі інтарэсамі ў імя інтарэсаў іншых. Адзінае, што як і ўсе лібэралы, Джон Ролз не адказаў на пытаньне, які сацыяльны мэханізм гэтай сумленнасьці захавае ад рызыкаў грамадзтва. Эга, атамарны індывідуўм сам па сабе ня можа гэтага зьдзейсьніць, але тады што? Адказ Ролза просты: адчуваньне ды ўсьведамленьне абсалютнай рызыкі, максымальнае небясьпекі сучаснага дэкадансу. Ці зможа зразумець сучасны лібэральны чалавек спажываньня і гэданізму абсалютную небясьпеку грамадзтва, якое ён сам і спарадзіў? Пытаньне застаецца адкрытым. Лібэралы ня здольны на яго адказаць...

І нас тут спытаюць, а што калі ўсё мадэрнае замшэлае, састарэлае і саржавелае зьнікне, які сьветагляд стане на яго месца?

Мы можам адказаць, што кансэрватызм. Але кансэрватызм сапраўдны, а ня той, пад які хочуць закамуфлявацца самыя рэакцыйныя лібэралы тыпу Тэтчэр, Рэйгана, Хаека ці Айн Рэнд. Гэта будзе кансэрватызм, які поўнасьцю пераадолеў усе ідэі праекту мадэрна, Новага часу. Гэта кансэрватызм Жозафа дэ Мэстра, Луі дэ Банальда, Даноса Картэса, Вільгельма Георга Гегеля, Густава Шмолера, Отмара Шпана, братоў Юнгэраў, Марціна Гайдэгера, Кітара Нісіда, Алена дэ Бенуа і шмат шмат каго іншага. Большасьць зь іх пачыналі як лібэралы, але пераадолелі гэты нядуг. Яны зразумелі, што звышідэя мае неінструмэнтальны характар, суб’ект-аб’ектныя штучныя канструкты праекту мадэрна абстрактны і не адпавядаюць рэчаіснасьці. Экспансыянісцкі каляніялізм краін Захаду ёсьць вынік нецярпімасьці прадстаўнікоў мадэрну да іншых культур і сьветаглядаў.

Падзел уладаў, электаральная мадэль, правы чалавека так і засталіся абстракцыяй. Краіна, калыска дэмакратыі і лібэралізму, ЗША сталася стваральніцай зброі масавага зьнішчэньня, якую іспытвала на жывых людзях (Хірасіма, Нагасакі), праводзіла барацьбу з дыктатурай пры дапамозе белага фосфару (В’етнам), дэмакратызавала краіны ізгоі касэтнымі бомбамі (Югаславія, Ірак, Афганістан), абвяшчала прыгаворы бяз суду і сьледзтва (Гуантанама). І як так лібэралізм, што мае гісторыю ўсяго ў некалькі стагодзьдзяў і прывёў да такіх страшэнных гуманітарных катастрофаў, будзе вучыць Беларусь, больш чым тысячагадовая дзяржаўнасьць на землях якой сягае 862 г? Гэта размова моські з сланом. І зразумела, хто ў ёй пераможа.

Задача кансэрватызму сёньня зрабіць на аснове тысячагадовых традыцыяў роднага краю далейшыя рыўкі ў розьвітку нашае дзяржавы.

Кансэрватары прапаноўваюць новую мадэль грамадзтва будучыні: арганічнага, цэласнага, паўнавартаснага, дзе ўсё разглядаецца ўзаемазьвязана. Напэўна мала каму вядомы такія дасягненьні кансэрватараў як этна і геаэканоміка, сацыялёгія глыбінь і квантавых працэсаў грамадзтва, мэтапалітыка ды фундамэнталь-анталёгія. Ува ўсіх іх у цэнтры стаіць чалавек, але не абстрактны атам, эга якога зьяўляецца пупам зямлі, а асоба арганічна зьвязаная зь іншымі людзьмі, грамадзтвам і сьветам у цэлым.

Спадзяюся гэтыя сьціплыя тэзы прывядуць да роздумаў шматлікіх апанэнтаў кансэрватызму ў яго фундамэнтальным, рэвалюцыйным і футурыстычным сэнсе. Менавіта кансэрватызм стане асновай грамадзтва постмадэрну, новага сьвету і будучай эпохі.

Напрыканцы хацелася б параіць лібэралам пайсьці па шляху старажытнае італійскае традыцыі, калі пад новы год кожная сям’я выкідае ўсе старыя рэчы і ўзамен ставіць новыя, чыстыя, такім чынам, падтрымліваючы парадак і захоўваючы здаровую атмасфэру ўласнага дому. Усім нам сёньня патрэбна пайсьці менавіта па гэтым шляху. Каб захаваць наш дом цэлым, каб у ім не завіліся пацукі і паразыты, мы павінны выкінуць усё састарэлае, аджылае, замшэлае, зацьвілае і ўпрыгожыць яго чыстым новым і сьветлым. Вось хай рэакцыйны і рэтраградны лібэралізм спакойна і бяз страт сыйдзе з сусьветнае і беларускае арэнаў і дасі дарогу сьветлай, прагрэсыўнай будучыні кансэрватыўнага рыўка — кансэрватыўнаму футурызму!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.