Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Зміцер Ямпольскі. МЫ. Чаму беларусы на вачах співаюцца, ці Хто зламаў наш этнічны КОД?

 

Зміцер Ямпольскі. Нарадзіўся ў Менску. Журналіст волных думак, вольных пачуццяў.

Беларускія творцы шмат год імкнуцца пракрасціся ў святая святых: хто ж мы такія, адкуль цягнуцца нашыя сучасныя праблемы і што мы за дзіўная нацыя? Якім насамрэч з’яўляецца той самы беларускі Космас, навошта ён патрэбны і калі прыйдзе? Адкрыць яго неабходна яг мага хутчэй, бо беларусы знаходзяцца перад безданню… Гэта — не эканамічная сістэма, якая ледзь рухаецца, не палітычная сістэма і нават не памяркоўнасць да жыцця.

У апошні час беларусы імкнуліся з усёй моцы… Гэта была не падрыхтоўка да Алімпіады і нават не будаўніцтва спартовых палацаў. Мы такі ўвайшлі ў адзін з самых ганебных, на мой погляд, рейтынг у сучаснай гісторыі Беларусі — топ-10 алкагольных краін свету. Для менш за дзесяцімільённую краіну — вялікі поспех. Паводле знакамітага доктара Хадоркіна: спажыванне спіртных напояў перавысіла паказчык дэградаванай нацыі. П’янства дасягнула тых памераў, якія патрабуюць сур’ёзных даследванняў. Гэтым яшчэ будуць займацца нашчадкі. Вядома, калі пры такіх абставінах яны з’явяцца…

Андэграўндная кагорта беларускіх пісьменнікаў, паэтаў ды іншых творцаў паўсюль крычыць, якая беларусы моцная нацыя. Але калі мужчыны на вачах співаюцца, куды знікае тая самая крывіцкая моц? Недзе схавалася, можа і ў нашу сакральную бульбу, цяжка сказаць. Ад водкі ды бырла людзі паміраюць кожны дзень. А крычаць па-аднаму нашым грамадскім дзеячам можна яшчэ хоць і дваццаць год: ніхто так і не пачуе. Мне, як журналісту, цікава шукаць чыннікі…


Старажытны код беларусаў

Тое, што беларусы — нашчадкі п’яніц, такая ж лухта, як і тое, што беларусы — амаль рускія. Але да справы: і на рускіх, і на беларускіх землях у свой час быў закладзены асаблівы культурны код. Які аніякай рэлігіяй і палітыкай да пэўных часоў так і не пашанцавала высячы з упартых беларусаў. У рускіх, дзякуючы асобным гістарычным персаналіям, алкагольнае раскадаванне адбылося значна раней. Але аб ўсім па парадку.

Трапім з вамі ў часы найстаражытнейшыя. Калі паганства на Беларусі мела свой асаблівы погляд на свет, які поўнасцю адрозніваўся ад вераванняў нашых суседзяў. Гэта была частка таго самага беларускага Космаса, з якога, як з вялікага скарба, чэрпаюць да гэтых часоў натхненне ўсе беларускія творцы. Гэты Космас застаўся ў паданнях, казках, традыцыях беларусаў. Па ўсёй нашай тэрыторыі некалі былі паганскія капішчы, сэнс якіх да нашых часоў яшчэ да канца не разгадалі. Людзі ведалі гаючыя рэцэпты, якія ратавалі ад хвароб, маглі прадказваць не толькі надвор’е, але і лёс чалавека. Беларусы заўжды паважалі свет, абагаўлялі ўсё жывое. На кожную з’яву прыроды ды жыцця было асобнае меркаванне, якое фармавалася стагоддзямі. Гэты культурны код падтрымліваў усе наступныя пакаленні ў самыя жахлівыя часы беларускай гісторыі.

Са старажытных часоў продкі добра разумелі, што такое алкаголь і як да яго трэба ставіцца. Пілі ў асноўным на вялікія святы. Але стаць з-за стала і хістацца ў розныя бакі — была найвялікая ганьба. Пілі ў асноўным медавуху, збіцень, піва… Карацей кажучы, слабаалкагольная напоі, якія больш спрыялі здароўю, чым псавалі яго. Была тая самая культура, яна фармавалася ў светапоглядзе беларусаў шмат гадоў. І не толькі у шляхты, якая спажывала, напрыклад, крамбамбулю, але і ў звычайных сялян. Можна доўгі час спрачацца з гэтым, але гэта і ёсць той самы культурны код, які потым разам з хрысціянствам дапамог стварыць беларусам іх першыя дзяржавы, з’яднацца і быць адзінай краінай.


Уладзімір і хрысціянства

Нягледзячы на хрысціянства, беларускае сялянства ніколі не страчвала сваіх паганскіх поглядаў на жыццё. Гэтым можна ганарыцца, інакш праваслаўныя грэкі не чыталі б Гамэра. У нас гэты гістарычны досвед перадаваўся з вуснаў у вусны, ад бацькоў да дзяцей. Гэты маральны код заклала этнічная рэлігія на дзясяткі стагоддзяў за хрысціянства. Потым усё гэта добрае, нажытае, сумленнае пачало выразацца з народа рускім князем Уладзімірам, які неўзабаве (мабыць для самого сабе) прыняў хрысціянства, бо ў ім былі найпрыгажэйшыя абрады, шмат золата і іншых “цудаў”. Той самы Ўладзімір — Чырвонае Сонейка, які трымаў шмат наложніц і славіўся сваёй нястрымнай жорсткасцю. Нажаль, ён пачаў прымаць хрысціянства крывёй, імкнучыся ў адзін момант перарабіць тое становішча, якое існавала на нашых землях стагоддзямі. Ці магчыма? Вядома, не. Але многае ўжо тады пачалося губляцца. Разбураліся капішча, забараняліся старажытныя абрады.

Але паганскае так і засталося жыць у беларускай крыві, яно засталося і існуе да сённяшняга часу ў глухіх беларускіх вёсках. Гэта не толькі святкаванне Каляд ды Купаллы, ды пакланенне валунам. Палеская прабабуля майго сябра, у якой было 11 дзетак, расказвала, як па зорках заўжды ведала: хто нарадзіцца — хлопчык ці дзяўчынка, які ў дзіця будзе лёс і складанасці ў жыцці. Бабулі ўжо няма, а многія рэчы, аб якіх яна расказвала — споўніліся. Вось вам і палешукі — лапці ў дзірках! Дзякуючы гэткім бабулям ці не, але калі мы ўжо былі ў складзе Расейскай імперыі, якую пачалі спаіваць яшчэ з часоў Івана Грознага, беларусы трымаліся.


Выбухоўка

Тая самая выбухоўка, якая была закладзена пад усю беларускую, яшчэ амаль цалкам цвярозую нацыю, з’явілася толькі ў Савецкім саюзе. Да гэтага часу моцны беларускі культурны код складаў нейкі асаблівы для мясцовых абшараў паганска-хрысціянскі субстрат. Гэта было тое, што яднала продкаў паміж сабой. Але са ўсім тым нацыянальным ды хрысціянскім Саветы пачалі праводзіць вельмі жорсткую палітыку. Не лічыць беларусам, яўрэям, украінцам, а адчуваць сябе ім у поўным сэнсе слова раптам стала не вельмі бяспечна. Але Саветы добра разумелі, што калі ў чалавека адняць апошняе — патрэбна новае.

І гэтае “новае” было знойдзена: новы код савецкай маралі быў тэрмінова створаны. Савецкі чалавек проста не мог піць. Мы будуем светлую будучыню, наперадзе ўсяго света — якія ж тутака п’янкі! З цягам часу над п’яніцамі пачалі праводзіць грамадскія суды, ганьбіць на працах і паўсюль, дзе магчыма. Піць жанчыне наогул было забаронена: табу. Прапаганда запрацавала ў поўную моц. Людзі жылі надзеямі: мы будуем моцную, самую магутную дзяржаву, якая не сёння дык заўтра паўстане і будзе Вялікае Сонца. Сонца так ніхто і не ўбачыў, а Савецкі саюз разваліўся. Беларусы, якім толькі-толькі забаранялі быць самімі сабой, апынуліся раптам ва ўласнай краіне. Маральны код савецкага чалавека ўшчэнт разбіўся, а той старажытны, свой, тутэйшы, нічым не горшы і стагоддзямі звязаны з традыцыяй, вераваннямі продкаў і канонамі хрысціянства — хто ж яго ўспомніць? Яго высеклі. “Піць будзеш?” “Не!” “Ты што не рускі?”. “Хто ж яго ведае, хто я”.


Даніэль, Фелікс і 30-я

Ёсць у мяне адзін знаёмы канадзец, пазнаёміўся з ім не ў Беларусі. Калі Даніэль спытаў, адкуль я, то ўжо на заўтра завітаў з бутэлькай гарэлкі. Расея, Беларусь — усё аднолькава. Адчыніў бутэльку і глядзіць на мяне, як на малпачку. Маўляў, цікава: як гэта я буду гарэлку чаркамі глушыць? Кажу: “Даніэль, ты ж не ў цырку…”. Ён не вельмі зразумеў сарказм, але здзівіўся. Калі не п’еш у Беларусі, шмат хто глядзіць на цябе расчараванымі вачыма таго ж канадца Даніэля.

Але вернемся да нашай тэмы. Што бывае, калі людзям увесь час абяцаюць добрую будучыню, а гэтага так і не адбываецца? Больш за тое: людзі адчуваюць вялікі падман і вялікую здраду. Што адбываецца, калі ўвесь час штосьці забараняць, а потым даць нейкую кроплю свабоды, як гэта было ў 90-я? Вядома, моцны выбух! Ён і не прымусіў чакаць.

Зараз мы маем літаральна тое, што беларусы як жылі ў Савецкім саюзе, так і жывуць. Вяртання да сваіх каранёў за 20 год не адбылося. Трошкі змянілася жыццё і з’явіўся інтэрнэт, але неўмяручая савецкая псіхалогія жыве. Можа быць, таму што ў краіне на дзяржаўных пасадах працуюць каля 10 тысяч асобаў, якія працавалі яшчэ ў Савецкім саюзе. І калі тая невялікая частка беларусаў, якая імкнецца даць людзям новы культурны код, заяўляе аб гэтым у поўны голас, яны кожны раз сутыкаюцца з тым самым дзяржаўна-савецкім стаўленнем да жыцця. Як вынік: адбываецца ўсім вядомы беларускі канфлікт. Які выцякае ў турэмныя затрыманні, мітынгі, якія не прыводзяць ні да чаго лепшага. Другі вынік: наступныя пакаленні беларусаў не маюць аніякага культурнага коду, які б будаваўся на сапраўдным патрытыязме. Каб стаць беларусам — трэба самому вывучаць беларускую гісторыю (пасля школы яе добра ведаюць толькі адзінкі), разбірацца: хто ж такія былі крывічы ды ліцвіны, Касцюшка і Каліноўскі, ды на якой мове, нарэшце, яны ўсе размаўлялі? Гісторыя выкладаецца на рускай. Разумення, хто ж такія беларусы, да нашых часоў у большасці так і няма.

Але код савецкага чалавека (акрамя не вельмі вялікай часткі людзей, хай сабе і ва ўладзе), дзякуй Богу, назаўжды страчаны, а новы код некалі вялікай нацыі, якая стварыла Полацкае княства, ВКЛ і адстаяла сваю незалежнасць, так і не створаны. Элементарныя словы, што сапраўднаму беларусу піць не пасуе, яшчэ ніколі не чуў на тэлебачанні. Продкі добра разумелі, чым пагражаюць Саветы: калі поўнасцю сціраюцца сувязі з Зямлёй і ўсім Беларускім, таму яны шмат працавалі над беларускай думкай і галоўнай нацыяльнай ідэяй. Яна была патрэбна , каб дыхаць. Але сваю вялікую мару яны так і не здолелі ажжыцявіць, таму што ў 1930-я гады яе забілі праз масавыя ахвяры беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, гісторыкаў — людзей, улюбёных у сваю радзіму, людзей-энтузіастаў, людзей-волатаў…

Рабілі гэта паслядоўнікі таго самага Фелікса Дзяржынскага, якому ў сучаснай Беларусі ўрачыста адкрываюць помнікі. Таму, хто тапіў савецкі народ у крыві. Самае цікавае для беларусаў у яго багатай падзеямі біаграфіі тое, што ўжо ў канцы жыцця Фелікс выступаў супраць любой дыктатуры, як формы кіравання.


Ці для ўсіх адкрыюць Космас?

Дык вось, савецкі код ніколі не вярнуць, беларускі старажытны — трэба падымаць з каленаў, адкопваць з гісторыі і рабіць тое, што не стварылі ў 30-ыя. Эканоміка і палітыка самі па сабе не пачнуць змяняцца, а спісваць усеагульнае п’янства на нізкія заробкі і дыктатуру — сапраўды, слабасць, спадары мужчыны! Жыццё працягваецца, а незалежная Беларусь трапіла ў топ-10 алкагольных краін свету. Вам не сорамна? Мне — вельмі. А можа гэта ад той самай няволі, ад таго, што ўсё ў нас не як у людзей? А можа, таму што людзі сёмым пачуццём разумеюць нейкую вялікую здраду радзіме… Лічу, што галоўнае — імкнуцца людзьмі заставацца, бо ад гарэлкі робяцца малпачкамі. А з імі, вядома, рабі, што хочаш. Не вельмі добрая перспектыва.

Не ведаю, што б здарылася, калі б Хадоркін усё ж дарваўся да ўлады, але людзям даўно патрэбны моцны нацыянальны Космас, які б не даваў апускаць рукі, а дарыў магчымасць ганарыцца самімі сабой. І гэта павінна выхоўвацца з маленства. Усе паказальная акцыі: як забарона піва пасля адзінаццаці, дні цвярозасці, заклікі за здаровы лад жыцця ды масавыя заняткі спортам на праспектах, фотаздымкі алкаголікаў у крамах — добрыя мерапрыемствы, але і смешныя. Барацьба з п’янствам павінна будавацца на чымсьці больш грунтоўным. Сёння ёсць каму стварыць новы культурны код і адкрыць Космас, з яго магчыма было б чэрпаць моцы не толькі аматарам даўніны, а ўсім беларусам. Здаецца, што за столькі стагоддзяў “тутэйшасці”, стратаў нацыянальнай самасвядомасці і амаль сваёй назвы беларусы гэтага годныя. 

 

Але Космас застаецца, як і ў савецкі час, андэграўндным, для большасці недасягальным і складаным, не выходзіць са старонак кніжак, размоваў на кухнях і асобных артыкулаў у СМІ. Таму пішыце колькі заўгодна — зменіцца не вельмі шмат. Па тэлебачанню і ў дзяржаўных СМІ альтэрнатыўныя ідэі пакуль не пусцяць. Яднання канцэптаў нашай рэчаіснасці ніяк не адбываецца і гэта толькі праводзіць шырокі Рубікон у грамадстве. У якім два саюза пісьменнікаў, два саюза журналістаў, дзяржаўныя музыкі і тыя, што ў чорным спісе, добрыя людзі і тыя, хто праяўляюць грамадскую актыўнасць. Альбо з намі, альбо супраць нас. Адны мараць аб росквіце крыўскай ды ліцвінскай думкі, іншыя гуляюць у Савецкі саюз і дасылаюць лісты ў дзяржаўныя ўстановы з вялікай просьбай «не допустить белорусификации».

Адзін з самых вялікіх беларусаў — Уладзімір Караткевіч — марыў аб ідэальным беларускім свеце яшчэ ў Савецкім саюзе. Ен пісаў: “Гісторыя… супраць яе больш за ўсё лемантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разбіраліся ў сённяшнім дні. Абыякавы да мінуўшчыны не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандадыт на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ”.

Уладзімір Сямёнавіч быў адным з заснавальнікаў нашага беларускага Космаса, які да сяго часу страчаны і пакінуты ў дзяржаўных ідэялогіях. Дваццаць гадоў няма той складанай палітыцы, пры якой жыў славуты беларускі класік, але “хтосьці” спрабуе яе працягваць. Беларусь — гэта краіна Сонца пасярод збяднелай і бязлесай Еўропы... Сонца, пад якім кожны дзень каля крам паміраюць людзі. Але ж галоўнае не сам найцікавейшы працэс у сучаснай беларуская гісторыі, а ягоныя чыннікі… Трэба шукаць іх, бо з поўнай дэградацыі нацыі проста так не выкараскацца. Можа нехта з тых, хто зараз прайшоў у дэпутаты, зможа рухаць становішча з алкагалізацыяй насельніцтва ў іншы бок, але пакуль бачна толькі вялікая прорва. Прорва назвай “Дзевяць з паловай”… Колькі сярод іх не згубілі сябе яшчэ пры жыцці? Страшнае пытанне.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


Оценить материал:
Средний балл - 4.15 (всего оценок: 33)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Скорее трезвенник обзовет себя пьяницей, чем алкоголик признается в своей проблеме невольно задумаешься...
  • "Словом можно убить"...
  • Я для вас, как НКВДэшному допросчику отвечу честно: если рожденный пить епсти не может, то, пока, к таким не отношусь. А у вас епсти мозги очень как получается, но если плохо с женщинами, то вы будете или сильно пьющий, или сильно засушенный. По отношению к женщинам я сужу и о нашем правительстве. Если у женщин, обслуживающих или работающих в правительстве глаза грустные, а рот с усмешкой, то это или после пьяного мужика, или вообще без утехи.
  • Ответь прямо на вопросы: -
  • "Мириться # прекращать ссору, вражду # терпимо относиться к чему-либо; смиряться # быть в согласии, в соответствии с чем-либо" Согласно первому определению, сначала надо подраться... Второе определение опять не согласуется с Вашим... Третье определение годится на все случаи жизни... Рабу тоже можно на него ссылаться...
  • Мириться - значит уживаться без драк и кровопролитий. Но это не означает отказа от обсуждений и размышлений. ("Вначале было Слово")