Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Ігар Драко. ПРА НАС. “Тутэйшы” мусіць стаць “цяперашнім” (заканчэнне)

 

Ігар Драко

Ігар Драко. Нарадзіўся ў Фергане (Узбекістан), у школу хадзіў ва Іўе (Гарадзенская вобласць), скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт (Расія). Грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якому чамусьці не даюць эфір на БТ. Любит чытаць, слухаць, глядзець, пісаць і гаварыць, але не верыць, что ісціна нараджаецца ў спрэчцы, таму выбірае дыялог.

•Першая частка

Даследчыкі, арыентаваныя на еўрапейскі дыскурс (прабачце за такое навуковае брыдкаслоўе), круцяць небараку “тутэйшага” і так, і гэтак, каб толькі ўціснуць яго ў тыя словы, якімі пра нацыю гавораць славутыя заходнія аўтары. А навошта? Іншыя заходнія аўтары, наадварот, кажуць, што ад логацэнтрызму, якім Захад няволіць астатнія народы, трэба бегчы.

І што тады казаць пра нас, калі ў многіх еўрапейскіх краінах, якія не былі ў складзе царскай Расіі і пасля пад абцасам СССР, да агульнай мадэлі грамадзянскай нацыі ставяцца даволі скептычна і трымаюцца яе на афіцыйным узроўні толькі з той прычыны, што гэта забяспечвае хісткую ўстойлівасць аб’ядананай Еўропы.


Дзяржаўныя ідэолагі і еўрапейскі падыход

Для спатольвання этнанацыянальнай прагі існуе ліберальна-рынкавы прадукт “мультыкультуралізму”, які кажа: “Вы можаце ўшаноўваць якія заўгодна традыцыі да тае пары, пакуль яны не супярэчаць “агульным еўрапейскім нормам”. Ну, а калі гэтыя нормы супярэчаць традыцыям, тады як? Чыю праўду ўспрымаць чужынцу, які сочыць за дэбатамі наконт аднаполых шлюбаў у Іспаніі: “цемрашалаў-каталікоў” ці прасунутых “барацьбітоў за правы чалавека”? Дарэчы, Напалеон, ідучы ў тагачасную Іспанію, у якой яшчэ дзейнічала інквізіцыя, быў упэўнены, што мясцовыя жыхары сустрэнуць яго — адукаванага еўрапейскага лідара — як вызваліцеля, а потым, сутыкнуўшыся з моцным супрацівам, прычым не рэгулярнага войска, а збройнага чыну, ніяк не мог уцяміць, за што ж змагаюцца тыя сяляне.

Карацей, праект грамадзянскай нацыі мяркуе ўключэнне этнасу выключна ў якасці “моманту”, як сказаў бы заўзяты гегельянец. А чым ад “еўрапеізаваных інтэлектуалаў” адрозніваюцца ў сваім стаўленні да “тутэйшага” ідэолагі, што выконваюць дзяржзаказ? Рыторыка тая самая: барацьба з ксенафобіяй і падтрымка канфесійнай згоды, роўнасць правоў, зафіксаваная ў Канстытуцыі, выбары ў парламент і г.д.

Так, можна сказаць, што гэта толькі дэкларуецца, бо праваслаўе ўсё-ткі “важней” за каталіцтва, у Канстытуцыі напісана, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы, а насамрэч беларуская знаходзіцца ледзьве не ў падполлі; выбары ж у парламент — фікцыя, бо ніхто дэпутатаў не выбірае, іх прызначаюць у Адміністрацыі прэзідэнта. Затое, запярэчыць нехта, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі нікому не прыходзіць у галаву абмяжоўваць даўжыню ці форму садавіны ды гародніны, як тое мела месца ў Еўрасаюзе з кавунамі ды агуркамі.

Праблема ў тым, што айчынны навукоўца, як ідэолаг на зарплаце, так і “еўрапеізаваны інтэлектуал”, разглядае “тутэйшага” ў этнаграфічным і нават фальклёрным рэчышчы. Не, калі ёсць неабходнасць, вядома, і той, і другі звяртаюцца да “лепшых старонак” беларускай гісторыі, чапляючыся ці за Скарыну, ці за Магдэбургскае права, ці за тое ж мірнае суіснаванне канфесій у ВКЛ. Але ж абодва як агню баяцца этнічнага нацыяналізму. Яны дазваляюць яму быць у Дудутках, у кніжках на тэму “Як яно было калісь” і ў выступленнях міністра культуры, але пазбаўляюць яго права браць паўнавартасны ўдзел у сучасным нацыябудаўніцтве.

Праз такое стаўленне яны выконваюць функцыю паліцаяў у палітыцы, і адрознасць толькі ў тым, што ідэолагі разлічваюць на АМАП і ўвогуле рэпрэсіўную машыну дзяржавы, а не-дзяржаўныя інтэлектуалы абапіраюцца на дыскурс, папулярнасць якому забяспечваюць адукацыйныя, навуковыя і іншыя еўрапейскія ўстановы.


Ці патрэбна беларускаму этнасу беларуская дзяржава?

Выракаючыся этнічнага нацыяналізму, як ідэолагі, так і інтэлектуалы трапляюць у пастку. Добра, няхай сабе этнічны пачатак не мае для сучасных беларусаў аніякай каштоўнасці. Тады што замінае для ўваходу Беларусі ў склад Расіі ў якасці нейкай там федэральнай акругі? Нават за савецкім часам беларуская мова, хоць і была пакарабачаная, не знікла. Мо і цяпер маскоўскія улады скажуць: “Ай, лапачыце, як хочаце, хоць на тарашкевіцы, хоць на трасянцы, усё роўна па-руску кожны з вас разумее”; а ў Дудуткі папіць самагону як ездзяць рускія турысты цяпер, так і будуць ездзіць тады.

Рэакцыя на такую перспектыву, канечне ж, лямант пра незалежнасць і суверэнітэт. А незалежнасць і суверэнітэт чаго? Нейкай тэрыторыі, якая ў выніку канкрэтнай гістарычнай падзеі (разбурэнне СССР) раптам стала дзяржавай? Не жадаеце цалкам у склад Расія — хадземце часткай да палякаў, часткай да літоўцаў, а часткай да тых жа расейцаў.

“Бязглуздзіцу нейкую, пане, верзяце!” — скажуць мне.

Так і прыкормленыя ўладай ідэолагі (не кажучы ўжо пра саміх уладароў), і недзяржаўныя інтэлектуалы захаванне дзяржавы “Беларусь” успрымаюць за неаспрэчную каштоўнасць.

Але чаму? Ну, што тут захоўваць? Прэзідэнта, урад і эканоміку. Дык і без прэзідэнта і ўрада мы ўсё адно будзем працаваць, брацца шлюбам, гадаваць дзяцей. А кіраваць намі будуць губернатары, прэфекты ці яшчэ хто, і, хутчэй за ўсё, многія з гэтых кіраўнікоў будуць прызначаныя з начальнікаў былой незалежнай Беларусі. Ідэолагі ўжо ад новай дзяржавы будуць казаць пра новыя кірункі нацыянальнай ідэнтыфікацыі, а не-дзяржаўныя інтэлектуалы ўвогуле могуць быць шчаслівыя: які ўжо тут можа быць этнічны нацыяналізм, калі беларусы ёсць усяго часткай насельніцтва дзяржавы, — толькі грамадзянскі і ніякі іншы.

Такім чынам, ідэолагі і не-дзяржаўныя інтэлектуалы з’яўляюцца сітуацыяністамі, якія скачуць па паверхні “тутэйшасці” і якім утульна быць “памяркоўнымі нацыяналістамі”, пакуль Беларусь застаецца незалежнай дзяржавай. Прыхільнкі ж этнічнага падыходу ў справе нацыянальнага самавызнання значна мацней трымаюцца традыцыі, што дае ім магчымасць быць карыснамі для абодвух апанентаў у той сітуацыі няпэўнасці, у якой да гэтай пары знаходзяцца і беларуская дзяржава, і беларуская нацыя.

Канечне, гаворка тут не ідзе пра ўльтраправы праект (хаця некаторыя тэарэтыкі феномену “тутэйшага” любяць выстаўляць сваю правіцу, чым трохі палохаюць паспаліты люд), а толькі пра тое, што за “тутэйшага” адказныя менавіта яны. Без “тутэйшага” не можа быць ні любага лібералам мультыкультуралізму, ні адрознага ад рускага “беларуса”, які дужа неабходны ідэолагам, то бок уладзе.


Прыцягнуць “тутэйшага” ў наш век

Чаго, у такім выпадку, не стае самім тэарэтыкам і практыкам “тутэйшасці”? А якраз спаянасці тутака і цяперака. Каб выйсці з этнаграфічнага закутка, ім неабходна зрабіць “тутэйшага” яшчэ і “цяперашнім”.

У тэарэтычным плане гэта вымагае апісання нацыі ў “складцы” яе апісанняў ідэолагамі ад дзяржавы і не-дзяржаўнымі інтэлектуаламі еўрапейскага фасону. Толькі ні ў якім разе нельга пазычаць іхнія напрацоўкі і рабіць з іх нейкую мяшанку, выдаючы яе за аўтэнтычны прадукт, — але трэба так дэканструяваць гэтыя парадыгмы, каб у сваіх рэштках яны прыводзілі да пазітыўных канцэптаў, якія б абвяргалі самі парадыгмы.

Аднак гэтая справа не павінны выглядаць гульнёй у шкляныя перлы. Наадварот, усе канцэпты неабходна “выцягваць” з практычных рэчаў, якімі, перш за ўсё, ёсць палітыка і эканоміка. Праз палітыку і эканоміку “тутэйшы”, так бы мовіць, аўтаматычна становіцца “цяперашнім” (сучасным), а культурная традыцыя і замацаваныя ёю сацыяльныя дачыненні застаюцца гарантамі таго, што “тутэйшы”, уцягнуўшыся ў практычную мітусню, не страціць свайго адметнага аблічча.

Як маглі б выглядаць паводзіны “цяперашняга тутэйшага” ў палітыцы і эканоміцы?.. Дазвольце адкласці адказ на гэтае пытанне.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 3.37 (всего оценок: 8)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • У Германіі - туркі, у Брытаніі - індусы, у Францыі - арабы, у ЗША - усе памянутыя разам і яшчэ мноства да кучы! На вачах ідзе перамяшчэнне і перамешванне рас і народаў. Нашыя таксама віруюць: мільён найбольш актыўных у замежжы шукае лепшага заробку, як тыя туркі ў Германіі, а на месцы застаюцца паслухмяныя з мазгамы, затлумленнымі гарэлкай. Сюды-ж скора навалай хлынуць кітайцы, урад паклапоціцца пра запаўненне рабочых мест. Дзе тое адметнае аблічча і каго яно калыша?
  • { а культурная традыцыя і замацаваныя ёю сацыяльныя дачыненні застаюцца гарантамі таго, што “тутэйшы”, уцягнуўшыся ў практычную мітусню, не страціць свайго адметнага аблічча. } Выбачай, мой сябра, але гэтыя рэчы кранаюцць менш за дзесятак адсоткаў нашых грамадзян. І "адметнае аблічча" прагне да нулёў. Дзяржава не спынівалася, знішчаючы самабытнасць нацыі дзеля сябе, любімай. ...