Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Мадэрнізацыя правальваецца, а яны ўсміхаюцца

Пра якую мадэрнізацыю можа весціся гаворка, калі беларускія навуковыя распрацоўкі пачатку 2000-х гадоў сваім ўзроўнем адпавядаюць абсталяванню пачатку 20-га стагоддзя...

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

19 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з чарговым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Большая частка прамовы была прысвечана патрэбе мадэрнізацыі эканомікі. Датычна гэтай тэмы, як і ў мінулыя гады, ён зноўку паімкнуўся выліць цэбар бруду на сваіх апанентаў: “По вопросу модернизации сегодня в прессе много ненужного ерничанья. Наши оппоненты заявляют, что власти прибегли к новому предвыборному лозунгу. И, мол, все ограничится пустыми разговорами. Они приходят к странному выводу: якобы потенциал роста конкурентоспособности белорусской продукции исчерпан и в абсолютном выражении идет деградация нашей экономики. Поэтому, мол, нужно не модернизировать ее, а просто выбросить и принять кардинально иную модель. Опять новых идей у наших оппонентов, открытых или закрытых врагов, у «пятой колонны» нет...”

І як доказ “паспяховасці” існуючай мадэлі беларускай эаномікі, А.Лукашэнка прывёў шэраг прыкладаў, дзе, па яго меркаванню, ёсць канкрэтныя дасягненні. Асабліва ён падкрэсліў, што мадэрнізацыя ў краіне распачалась даўно, і за апошнія дзве пяцігодкі толькі ў Праграму адраджэння сяла па ходу гэтай мадэрнізацыі інвеставана 40 міліярдаў долараў (!).

Праграма мадэрнізацыі дрэваперапрацоўкі павінна завяршыцца да 7 лістапада 2013 года, і менаваіта з гэтага часу галіна пачне працаваць з добрымі прыбыткамі.

Асаблівая ўвага ў пасланні была нададзена энэргетыцы нашай краіны, куды за апошнія 5-6 год укладзена 7 міліярдаў долараў (!).

Прыпыніўся Лукашэнка і на шматлікіх фактах неэфектыўнага расходвання сродкаў, кепскай праработцы праектаў мадэрнізацыі, пастаўцы няякаснага, парой і кантрафактнага абсталявання. Як, напрыклад, пры мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС у 2008-2011 гадах, дзе зніклі невядома куды 20 міліёнаў еўра (!). Або як у “Белпаліўгазе” разбазарылі каля 54 міліярдаў рублёў (!) інавацыйнага фонду Міністэрства энэргетыкі.

Але ж Аляксандр Рыгоравіч не пажадаў адзначыць, што падобная карціна ў сферы беларускай энэргетыкі паўтараецца з году ў год, з пяцігодкі ў пяцігодку. Так гэта было ў 2001-2005 гадах. Так гэта было і ў 2006-2010 гадах, калі на выкананне мерапрыемстваў па павышэнню энэргаэфектыўнасці і павышэння энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі было прадугледжана на гэтыя гады фінансаванне больш за 5 міліярдаў долараў. Сродкі патрачаны, але эфектыўнасці не атрымалася.

Пра якую мадэрнізацыю можа весціся гаворка, калі беларускія навуковыя распрацоўкі пачатку 2000-х гадоў ў межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазберажэнні сваім ўзроўнем адпавядаюць абсталяванню пачатку 20-га стагоддзя, і іх можна параўнаць з паравозамі тых часоў. Як, напрыклад, распрацаваныя Навуковым вытворчым прадпрыемствам “Белкатламаш” (г. Бешанковічы) катлы тыпа КВР-0,5-95 з каэфіцыэнтам карыснага дзеяння менш 50%. Пры гэтым, згодна пашпартных дадзеных, па заключэнні НВП, яны павінны мець ККД не менш 83%. І такім абсталяваннем за кошт сродкаў праграмы па энэргазберажэнні напічканы сотні беларускіх прадпрыемстваў.

Яшчэ, амаль два гады таму назад, 13 мая 2011 года, пры наведванні ў Бешанковічах НВП “Белкатламаш”, А.Лукашэнка выказваўся аб неабходнасці стварэння ў краіне эфектыўнай сістэмы выкарыстання аб’ектаў малай энэргетыкі, арыентаванай на мясцовыя віды паліва. Чыноўнікі рознага ўзроўню завяралі яго і агучвалі амбіцыйныя задачы — у рамках мадэрнізацыі выйсці к 2013 году на долю мясцовых відаў паліва ў балансе прадпрыемстваў ЖКГ да 75%, што павінна было прывесці да значнага памяншэння сабекошту цеплаэнэргіі. 2013 год ужо на двары, а сабекошт цеплаэнэргіі і яе кошт для насельніцтва за гэтыя два гады толькі ўзрос…

Слухаючы падобныя рэляцыі кіраўніка краіны аб “чарговых дасягненнях”, дзе фігуруюць лічбы са шматлікімі нулямі неэфектыўна патрачаных і скрадзеных народных грошаў, на тварах прысутных у зале слухачоў павінна была з’явіцца хаця бы заклапочанасць. А яны — “народныя абраннікі” і “слугі народу” — сядзелі і ўсміхаліся ў такт выступоўцу. Ім было весела.

А весяліцца ім ёсць ад чаго. Бо паток народных грошаў у сферу розных галін вытворчасці пад выглядам мадэрнізацыі, які льецца праз іх рукі ўжо больш за паўтара дзесятка год, пакуль што не аскуднее. І мадэрнізацыя зноўку будзе праводзіцца па іх сцэнару, а не згодна прапаноў апанентаў (апазіцыі, ворагаў народа, пятай калоны, як яны называюць). А ў такім выпадку штосці з гэтага патоку, глядзіш, і не праскочыць між пальцамі, а прыліпне да далоняў. І зноўку за правалы ў мадэрнізацыі, у які ўжо раз, вінаватымі будуць Расія, Еўропа, ЗША і, канешне, унутраная “пятая калона” — прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці краіны.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.