Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. ЖЭС-48 і сьвяшчэнная вайна...

У маёй сьвядомасці наклаліся адна на адну й спалучыліся дзьве каларытныя падзеі, якія належаць прамінуламу тыдню...

 

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005), “дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.


У маёй сьвядомасці наклаліся адна на адну й спалучыліся дзьве каларытныя падзеі, якія належаць прамінуламу тыдню.


Першая — сустрэча з амэрыканскім дасьледчыкам Куртам Вулхайзэрам. Курт — славіст, выдатна ведае беларускую мову й можа вольна размаўляць на ёй. Правёў ужо не адно дасьледваньне, зьвязанае з нашай мовай. Цяпер таксама знаходзіцца ў Беларусі, анкетуе “новых беларускамоўных”. Гэта значыцца, тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску ўжо ў сталым веку, а не зь дзяцінства.

Курт робіць шэраг цікавых высноваў. Пераказваць іх ня буду, бо маеце мажлівасьць паслухаць самі: 27 жніўня спадар Вулхайзэр прачытае ў Менску публічную лекцыю “Urbi et Orbi” у межах “Лятучага Ўнівэрсытэта”.

Вядома, гэта ўражвае, калі замежнік бліскуча гаворыць на нашай мове. Прычым Курт — як навукоўца — трапна падбірае словы, дакладна расстаўляе націскі, набліжаецца да бездакорнага пазначэньня нашай прыроднай мяккасьці.

Але ўражвае і іншае — калі амэрыканец, пасьміхаючыся проста як у кіне, кажа табе, што далёка ня ўсе тутэйшыя людзі былі здольныя адказваць яму па-беларуску. Але ж многія пачыналі адмыслова падбіраць словы, старацца.

У сваіх дасьледваньнях Курт параўноўвае беларускую мову з шатляндзкай. Гістарычныя перадумовы — тыя самыя: саюзная дзяржава, душачы малодшага брата ў абдымках, заадное наступае ботам на горла і мове. Сучасны стан — таксама вельмі падобны. У разуменьні многіх, той, хто гаворыць па-беларуску (шатляндзку) — калхозьнік. І яшчэ адно каласальнае падабенства: ані беларусы, ані шатляндцы не гавораць на сваёй мове, але пры гэтым вельмі любяць яе, лічаць мілагучнай, адчуваюць вялікі сантымент.

Сапраўды, аж перакошвае ад аргумэнтаў “не говорящих, но сочувствующих”, што яны, бачыце, усёй душой за мову, але “не хотят портить этот прекрасный язык и говорить с ошибками”. Больш перакошвае толькі ад выразу “Минск — чистый город”.

І другі выпадак, які перагукаецца з першым. У паштовай скрыні знайшоў ліст з адміністрацыі Фрунзенскага раёну, дзе мяне запрашалі даваць паказаньні ў справе беларускай мовы.

Гісторыя вельмі вясёлая. Я рабіў рамонт — клаў кафлю на кухні. Сусед — стары дзед, міліцыянт у адстаўцы. Зь ім праблемаў няма. Але раз на месяц да яго прыходзіць зяць. Як кажа бабуля — “чурка нейкі, па-рускі не гаворыць”. І гэты чурка выявіўся скандалістам і тэлепатам — накатаў на мяне цялегу, што я раблю “незаконную перапланіроўку”. І накіраваў яе… у міліцыю. Міліцыя перанакіравала ў ЖЭС. А ЖЭС-48 прыслаў мне ліст, прыкладна такога зьместу: ай-я-яй, будзеце яшчэ абы што тварыць — палучыце штраф.

Натуральна, я быў абражаны да глыбіні душы — і напісаў пратэст у ЖЭС, а копію выслаў у ЖРЭА. Сэнс такі: як вы можаце, не разьбіраючыся, не прыходзячы да мяне і нават не тэлефанаваўшы, кулакамі тут патрасаць, на чэснага чалавека паклёп узводзіць?! А ў канцы дапісаў, што ў адпаведнасьці з часткай 1 пункта 18 Закона аб зваротах грамадзян ад 18.07.2011 прашу даць мне адказ на мове звароту. Гэта значыцца — па-беларуску.

Са ЖРЭА неўзабаве прыйшоў адказ (па-беларуску), дзе выбачаліся за дзеяньні ЖЭСу ды абяцалі атругаць іх па поўнай праграме.

А потым прыйшоў адказ з ЖЭСу. За ўсімі аскірзаньнямі быў феерычны фінал: адказваць па-беларуску ня будзем, бо паводле Канстытуцыі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Дарэчы, гэтае “дзьве дзяржаўныя мовы” я чую звычайна ад беларусафобаў. Як кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, уся праблема ў “або”. Што ў законе аб мовах сказана пра ўсе справы ў краіне — “на беларускай або рускай мове”. Калі б было сказана “на беларускай і рускай” — вось гэта было б сапраўднае дзвюхмоўе.

Карацей, такой аплявухі ад роднага ЖЭСу я не чакаў. Таму скіраваў ліст у Генпракуратуру аб парушэньні маіх правоў і Закону аб зваротах грамадзян. Адтуль адказалі па-беларуску і пераслалі зварот у пракуратуру Фрунзенскага раёну, а там даручылі разбірацца Адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

Куды ўжо выклікалі для тлумачэньняў дырэктара ЖЭСа, а таксама мяне — як пацярпелага. Сказалі, у верасні будзе суд.

Дык вось, сьведкам на гэты суд мне вельмі карціць запрасіць Курта Вулхайзэра. Але баюся, што зьвінавацяць у дыскрэдытацыі дзяржавы і сувязі з замежнікамі.

Нават калі гэта амэрыканец, які цудоўна гаворыць па-беларуску.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


  • "ў законе аб мовах сказана пра ўсе справы ў краіне — “на беларускай або рускай мове”." Цікава: хто ёсць ініцыятары і падпісанты такога фактычна антыбеларускага закона? ДВУХмоў"е азначае, што у Беларусі ДЗВЕ мовы, а не адна! НЕ МАГУ ТАКСАМА ЗРАЗУМЕЦЬ, ЧАМУ МОВА СУСЕДНЯЙ ДЗЯРЖАВЫ МОЖА ПРАЗ ГЭТА "АБО" ЗАМЯНЯЦЬ МОВУ БЕЛАРУСАЎ,! Я яшчэ спрабаваў у Канствтуцыі знайсці пункт пра знявагу па нацыянальнай прыкмеце, але у Беларусі аказваецца "такога у прынцыпе не можа быць" (