Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Узняцца ад карпаратыўных інтарэсаў да нацыянальных

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Адзін з маіх нядаўніх допісаў у гэтым блогу на Naviny.by быў прысвечаны пытанням мадэрнізацыі судовай і праваахоўнай сістэмы. Тэма важная і заслугоўвае пільнай увагі як з прычыны выкарыстання дзеючым кіраўніцтвам краіны судоў і спецслужбаў у мэтах расправы над сваімі палітычнымі апанентамі, так і праз значэнне гэтых органаў дзеля функцыянавання ў будучым сучаснай дэмакратычнай дзяржавы. Няма сумневаў, што без карэнных зменаў у гэтай галіне нельга пабудаваць новую свабодную Беларусь як прававую дзяржаву. Больш за тое, менавіта нерэфармаванне старых савецкіх інстытуцыяў ў свой час сталася адной з перадумоваў лёгкага вяртання краіны да аўтарытарызму.

Жаданне зноўку вярнуцца да гэтай тэмы склалася пасля азнаямлення з рэакцыяй на мой ранейшы артыкул на адным з сайтаў, што пазыцыянуецца як адмысловы аналітычны рэсурс па гэтай тэматыцы.

Адразу адзначу, што пакіну па-за ўвагай востры палемічны тон, які ўзяў на ўзбраенне мой шаноўны рэцэнзент, хоць, насамрэч, прага да яркіх эпітэтаў у дадзеным выпадку відавочна шкодзіць яснасці аргументаў.

Разам з тым можна толькі пашкадаваць, што аўтар-апанент не палічыў вартым пазначыць сваё імя або хаця б інстытуцыйную прыналежнасць. Што ж, давядзецца дыскутаваць з шаноўным Ананімам у рэжыме “боя з ценем”.

1. Нажаль, шаноўны Ананім не адлюстроўвае свой пункт гледжання на пытанні рэфармавання судовай арганізацыі, не заўважыў сутнасна важныя рэчы адносна рэформы прававой сістэмы і заканадаўства. Між тым, менавіта практычная незалежнасць судоў і судовы кантроль за працай усёй праваахоўнай сістэмы, а таксама вышэйшая юрыдычная сіла закона ў іерархіі прававых актаў з’яўляюцца тымі падставовымі элементамі, без якіх рэформа ператворыцца ў прафанацыю. У савецкія часы перабудовы структуры сілавых органаў былі перманентным працэсам, які, аднак, ніякім чынам не змяняў іх рэпрэсіўнай сутнасці. Мэта прапанаванай мадэлі рэфармавання палягае не проста ў наладжванні эфэктыўнай працы структураў, а ў пазбаўленні іх неўласцівых ім функцыяў, што акурат і забяспечыць належную працу.

2.Шаноўны Ананім сканцэнтраваў свае контрпрапановы ў накірунку рэформы менавіта Міністэрства ўнутраных справаў. Адзначу, што яны вельмі важныя і заслугоўваюць пільнага вывучэння. Гэта практычна адзіны сутнасны дадатак да майго допісу, які не аспрэчвае канцэпцыі ў цэлым. Абсалютна згодны з тэзай, якая праходзіць чырвонай ніткай па тэксце палемічнага допісу — само па сабе механічнае скарачэнне колькаснага складу ніякім чынам не з’яўляецца сродкам мадэрнізацыі праваахоўных органаў, а пры неабдуманым ажыццяўленні нават можа ствараць пагрозу для эфэктыўнасці іх працы. Крытыку прапановы пра скарачэнне штатаў як самадастатковага сродку ў межах прапанаванай праграмы мадэрнізацыі я ўспрымаю як рытарычны прыём, які мой апанент выкарыстоўвае для ўзмацнення сваёй пазыцыі, што, аднак, мне падаецца неэфэктыўным метадам вядзення дыскусіі.

Аднак вымушаны не пагадзіцца з выкладзеным сумневам у неабходнасці скарачэння колькасці супрацоўнікаў МУС: я перакананы ў хібнасці ацэнкі іх складу паводле такіх вельмі ўскосных паказчыкаў як колькасць падпісчыкаў газеты “На страже” (чаму, напрыклад, не па колькасьці калектываў фізічнай культуры ў межах дзяржаўна-грамадскага таварыства “Дынама”?). Адзначу, што законных падставаў трымаць у таямніцы колькасны склад МУС няма, і гэта яскрава пацвярджае, што штаты там неапраўдана раздзьмутыя, а ацэнкі колькасці супрацоўнікаў блізу 90-100 тысяч блізкія да рэчаіснасці. Зрэшты, гэта пацвярджаецца і шматлікімі выказваннямі міністраў унутраных справаў, а таксама дадзенымі экспэртаў ААН.

Як не банальна гучыць, але каб пераканацца ў празмернай раздзьмутасці штату сілавых структураў у параўнанні з дэмакратычнымі краінамі, шаноўнаму Ананіму дастаткова выйсці на вуліцы Мінска. Колькасць міліцыянтаў відавочна вялікая. А акрамя МУС і 12-тысячных ўнутраных войскаў ёсць яшчэ ці не 12 тысяч супрацоўнікаў КДБ, а таксама Служба бяспекі прэзідэнта. Улады самі прызнаюць неабходнасць скарачэнняў!

3. І тут паўстае пытанне, чым мусіць кіравацца палітычная ўлада пры ажыццяўленні гэтых скарачэнняў. Змяншэнне штату, безумоўна, мае сэнс толькі ў кантэксце функцыянальнай і арганізацыйнай перабудовы. Пры гэтым крытычна важным з’яўляецца не толькі падпарадкаванне сілавікоў сіле закона і кантролю з боку незалежных судоў. Палітычны кантроль, палітычнае кіраванне сілавікамі (пры ўсёй спецыфіцы іх стану ў структуры выканаўчай улады) павінны ажыццяўляцца на аснове дэмакратычнага палітычнага прадстаўніцтва.

Цяпер у Беларусі не працуюць механізмы выбарчай дэмакратыі. Таму і адбываецца адрыў усіх структураў выканаўчай улады ад патрэбаў грамадства. Сілавыя структуры ў гэтым сэнсе пацярпелі найбольш.

Шаноўны Ананім сцвярджае, што прапанаваная мадэль рэфармавання не ўлічвае найбольш актуальных праблемаў галіны МУС кшталту нізкага кадравага патэнцыялу і перагружанасці бюракратычнымі службамі. Але гэтыя праблемы найбольш актуальныя з пункту гледжання ведамасных інтарэсаў, бо з пункту гледжання інтарэсаў грамадства іерархія праблемаў выглядае інакш. Праграма мадэрнізацыі МУС не павінна абмяжоўвацца вырашэннем задачаў, якія вынікаюць выключна з ведамасных, карпаратыўных інтарэсаў. Адна з праблемаў МУС акурат і заключаецца ў тым, што яно свае інтарэсы выдае за грамадскія.

Калі такая ідэалогія рэформаў не будзе змененая, праграма мадэрнізацыі МУС (і, адпаведна, выкарыстанне вылучанай на гэтыя мэты міжнароднай тэхнічнай дапамогі) будзе паўторам ранейшай сітуацыі, калі нямецкія сілавікі навучалі беларускіх калегаў найбольш эфэктыўным спосабам выканання сваіх функцыяў, а тыя выкарыстоўвалі атрыманыя веды для эфектыўнага парушэння правоў чалавека. Нам патрэбныя эфектыўныя праваахоўныя органы, а не эфектыўная машына рэпрэсіяў!

4. Адносна развіцця тэрытарыяльнай абароны мне дзіўна было пачуць аргумент Ананіма пра несуцяшальнасць яе перспектываў. Нават на самім рэсурсе, які прадстаўляе шаноўны крытык, адзначаецца, што існуюць аб’ектыўныя чыннікі развіцця менавіта гэтага складніку забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Гісторыя Беларусі таксама сведчыць пра абгрунтаванасць менавіта такога сродку абароны краіны, пры гэтым важным з’яўляецца кансалідацыя грамадскіх і дзяржаўных кампанентаў яго забеспячэння, падмацаваных адпаведнай ідэалогіяй. Я згодны з тым, што адзінае ўяўленне пра неабходную для нацыі мадэль тэрытарыяльнай абароны можа быць сфармаванае толькі ў часе адкрытай дыскусіі пры плюралістычнай палітыцы ўладаў. Але фактам з’яўляецца тое, што на сёння ў Беларусі няма рэсурсаў падтрымліваць ранейшую сістэму абароны на аснове ўзброеных сілаў (у тым ліку праз простую нястачу сродкаў на пераўзбраенне). І менавіта абноўленая тэрытарыяльная абарона можа стаць важнай часткай абноўленай сістэмы нацыянальнай бяспекі.

5. Крытыкуючы прапановы па рэформе пенітэнцыярнай сыстэмы, шаноўны Ананім ізноў спрабуе сканцэнтравацца на задавальненні карпаратыўных інтарэсаў. Маўляў, Міністэрства юстыцыі не можа і не хоча брацца за гэтую сферу, а МУС быў бы зацікаўлены ад яе пазбавіцца. Такім чынам, малюецца несуцяшальная карціна невырашальнасці праблемы ганебнага стану пенітэнцыярнай сістэмы. Між тым, гэта сур’ёзная грамадская праблема: карны характар сістэмы, варты жалю матэрыяльна-тэхнічны стан, негуманны характар абыходжання з асуджанымі і асобамі ў месцах папярэдняга зняволення даўно сталі прадметам абгрунтаванай занепакоенасці грамадства. Натуральна, адно толькі перападпарадкаванне Дэпартамента выканання пакаранняў органам юстыцыі праблемы не вырашыць. Я ў сваім допісе акрэсліў некаторыя іншыя неабходныя крокі, шмат у чым тут можа дапамагчы перайманне досведу еўрапейскіх краінаў, некаторых нашых суседзяў. Скаргі на нястачу кадраў тут не могуць быць аргументам, бо гаворка вядзецца пра парушэнні фундаментальных грамадзянскіх правоў. Гуманізацыя і рэфармаванне пенітэнцыярнай сістэмы з’яўляецца саспелай неабходнасцю.

6. Пра раздзьмуты штат КДБ, як я адзначыў вышэй, кажа ўжо нават сённяшняе палітычнае кіраўніцтва краіны. Натуральна, што нацыянальная служба бяспекі мае сваю спецыфіку, якая вынікае з адмысловых функцыяў. Аднак аніякія колькасныя паказчыкі, таксама як дэмілітарызацыя службы, самі па сабе не будуць крытэрам рэформаў без выдалення са сферы дзейнасці гэтага органа пераследу палітычнай апазыцыі.

Пытанне пра дзейнасць КДБ пры прэзідэнце Кастусёве пакідаю па-за ўвагай. У час прэзідэнцкай кампаніі я акцэнтаваў увагу акурат на гэтай праблеме, прапануючы распусціць КДБ і будаваць новыя службы бяспекі з нуля. Крывавая гісторыя гэтай службы сведчыць пра неабходнасць радыкальнага разрыву з досведам структуры, створанай менавіта ў мэтах палітычных рэпрэсіяў.

Грамадскі кантроль за дзейнасцю спецслужбаў правільна разумеецца шаноўным Ананімам. Але мушу дадаць, што выключную важнасць тут мае праца свабодных і незалежных СМІ, якая з’яўляецца галоўнай перашкодай пераўтварэння органаў бяспекі дзяржавы ў самастойную “дзяржаву ў дзяржаве”. Катэгарычна ня згодны са сцвярджэннем пра тое, што “основным фактором соблюдения законности и добросовестности в деятельности спецслужбы является уровень культуры их сотрудников”. У гісторыі шмат прыкладаў, калі новыя, дэмакратычныя спецслужбы ствараліся з кадраў, заплямленых удзелам у палітычных рэпрэсіях і нават злачынствах. Тут акурат той выпадак, калі не асобы вызначаюць працу сістэмы, а мадэль пабудовы дзяржаўных органаў і палітычнага кіраўніцтва. Я далёкі ад думкі што сённяшні карны характар спецслужбаў, катаванні і карупцыя выкліканы паталагічнымі схільнасцямі супрацоўнікаў. Тут гаворка ідзе пра паталогію самой сістэмы. І яе трэба выпраўляць!

Шчыра дзякую шаноўнаму Ананіму за ўвагу да тэмы і каштоўныя заўвагі. Дыскусія прадстаўнікоў розных кропак гледжання — шлях да балансу грамадскіх інтарэсаў. Але ў любым выпадку ведамасныя інтарэсы сілавікоў, таксама як і інтарэсы асобных грамадскіх груповак, не павінныя выдавацца за агульнаграмадскія, а тым больш — за нацыянальныя інтарэсы.

Нацыянальны інтарэс не можа з’яўляцца сумай карпаратыўных, ведамасных зацікаўленасцяў дзяржаўных органаў. Гэта вынік кансэнсусу ў грамадстве адносна бачання задачаў і паўнамоцтваў грамадскіх інстытутаў. Таму менавіта грамадству і належыць прапаноўваць мадэль мадэрнізацыі, а не карпарацыі супрацоўнікаў сілавых структураў.

Яшчэ раз звярну ўвагу Ананіма, што выкладзеныя ў маім папярэднім артыкуле тэзы — вынік абмеркавання тэмы ў межах працоўных групаў Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі. Спадзяюся, што шаноўны Ананім зробіць унёсак праз далучэнне да працы на наступным этапе дыялогу, якую б форму ён не прыняў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.71 (всего оценок: 20)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева