Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. У чым фішка “Мовы ці кавы”?

Хто б мог падумаць! Курсы беларускай мовы ў Менску ня меньш актуальныя, чым у Маскве...

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005), “дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.

Мінулай зімой, на Каляды, мне патэлефанавала беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, якая ўжо працяглы час жыве ў Маскве й працуе на Першым канале. Я ўжо чытаў у навінах пра цікавую ініцыятыву Кацярыны — арганізаваць у Маскве курсы беларускай мовы ў кавярні. Ці для тамтэйшых беларусаў, якія хочуць не забывацца мовы, ці для іншых людзей, якія хочуць нашую мову вучыць.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

Назва мне падалася вельмі ўдалай — “Мова ці кава”, дзе на слых чуецца адразу “мова — цікава!”. Фармат таксама: зьбірацца ў кавярні за кубачкам кавы ды пускаць адно на аднаго беларускамоўныя флюіды.

Карацей, Каця патэлефанавала й сказала, што хоча арганізаваць гэтыя курсы і ў Менску таксама. І прапанавала зрабіцца выкладчыкам.

Ідэя вельмі прывабіла. Таму што (хто б мог падумаць! :) курсы беларускай мовы ў Менску ня меньш актуальныя, чым у Маскве. Адразу падумалася: чаму мы самі да гэтага не дадумаліся? Чаму Каця з Масквы ўбачыла гэта, а я — не?

Адказ тут вельмі просты. Таму што беларускамоўным беларусам і так добра. У нас ёсьць кнігі, вечарыны, канцэрты, тусоўкі — усё для камфортнага існаваньня, ол інклюдэд! Якое некаторыя злыдні называюць гета. У кожным разе, існуючы ў такім цяпле, варушыцца і арганізоўваць курсы нешта ніхто не дадумаўся.

Па-другое, Каця ішла на ўласным прыкладзе. Тады яна была, як сама казала, трасянкамоўным чалавекам, які імкнуўся да лепшага веданьня беларускай мовы. А дзе яе палепшыць чалавеку, якога ўжо не засадзіш за школьную парту й падручнікі?.. Так і ўзьнікла ідэя курсаў.

Дык вось, мы з Кацяй сустрэліся, абмеркавалі — і сталі думаць, у якой кавярні ў Менску гэта арганізаваць? Абышлі некалькі месцаў, адно нават упадабалі. Там было два столікі, якія можна было ссунуць — і зьмясьціць за іх чалавек 15-20. На большае мы й не разьлічвалі, калі шчыра :)

У выніку на першы занятак прыйшло 120 чалавек — добра, што ў апошні момант мы здолелі сарыентавацца ды знайсьці агромністую кавярню. Вялікае шчасьце, што ўжо праз некалькі заняткаў нашым партнэрам стала Галерэя Ў (Незалежнасьці, 37а) — якая прапанавала памяшканьне для заняткаў на бясплатнай аснове. Партнэрамі курсаў зрабіліся таксама кампанія “Будзьма беларусамі” й тэлеканал “Белсат” — якія забясьпечваюць курсы мілымі прызамі для студэнтаў — за ўдзел у нашых конкурсах і творчых заданьнях.

У выніку за першы сэзон адбылося 15 заняткаў, якія ў сярэднім зьбіралі 80 чалавек. Мая калега Алеся Літвіноўская рыхтавала грунтоўную граматычную частку, я адказваў за лексіку. Дарэчы, апроч усіх дасягненьняў і адукацыяў у Алесі ёсьць адна крутая дэталь у партфоліё: гэта чалавек, які навучыў Стэфана Эрыксана размаўляць па-беларуску. А да гэтага — тагачаснага амэрыканскага амбасадара Джорджа Крола.

Што самае неверагоднае для мяне на “Мове ці каве”? Тое, што 99% студэнтаў я ўбачыў упершыню ў жыцьці менавіта на курсах. То бок, гэта не адныя й тыя твары, якія перацякаюць з тусоўкі на тусоўку, з канцэрта на канцэрт, зь вечарыны на вечарыну. Напраўду складаецца адчуваньне, што мы — секта, прычым не такая і шматлюдная.

А тут — усе новыя людзі! Прыгожыя, мілыя, разумныя! Прычым абсалютна розных, ня толькі гаманітарных прафесій: праграмісты, банкіры, настаўнікі, аптэкары, бібліятэкары, электраманцёры, студэнты, іпэшнікі, перакладчыкі, гейммайстры, турагенты…

Магчыма, вы ўжо чулі пра нашую студэнтку Сіёры Кіясаву — унікальную японку, якая вывучыла беларускую мову за 8 месяцаў. І цяпер вольна гаворыць па-беларуску, чытае Барадуліна. На апошнім занятку Сіёры шчыра не магла зразумець выраз зь верша Барадуліна “беларуская Беларусь” — маўляў, а якая яшчэ можа быць?.. Натуральна, выраз “японская Японія” — стоадсоткавая таўталогія. Але ж у нас асаблівая сітуацыя…

Заняткі праходзяць у інтэрактыўнай форме: абмеркаваньні, практыкаваньні, дзяленьне на групы дзеля творчых заданьняў, нават невялікія тэатралізаваныя сцэнкі… Ёсьць і Статут курсаў, дзе першым пунктам значыцца “размаўляць на занятку толькі па-беларуску”. Ёсьць там і пункт “ніякай палітыкі”. Хопіць ужо атаясамленьняў мовы з “апазыцыяй”.

Нядаўна дужа сьмяяўся, калі распавялі, што ў лінгвістычным універсітэце адная састарэлая выкладніца ўголас ганьбіць нашыя курсы за тое, што мы “вучым трасянцы”. Так, мы ня сварымся на студэнтаў за трасянку. Па-першае, трасянка для іх — не праява “калхознасьці”, а крок у бок беларускай мовы. Па-другое, мова жывая й не стэрыльная. І калі ў прыватнай размове для дакладнай характарыстыкі мы ўжывем некаторыя замежныя словы, што тут страшнага? Калі мы скажам, што касьцюм цёці Ліды быў “нарадны” — ну такі нарадны, што вапшчэ? Думаю, у пекла не патрапім :)

Толькі ў мінулым сэзоне гасьцямі заняткаў сталі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, беларускмоўны дзесяцікратны чэмпіён сьвету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, літаратурны крытык Сяргей Шапран, старшыня ТБМ Алег Трусаў, сьпявачка Таццяна Беланогая…

Магчыма, нехта скажа, што курсы, на якія ходзіць 100 чалавек — кропля ў моры для двухмільённага гораду. Гэта погляд песіміста і напалову поўнай/пустой шклянкі! Сваім студэнтам мы гаворым, што яны наведваюць самыя масавыя публічныя курсы беларускай мовы ў сьвеце! :)

Пачаўся другі сэзон — і на першы занятак прыйшло 110 чалавек, на другі — 130. І я неверагодна радуюся з гэтага! Бо зноў гэта — дзясяткі новых людзей, якія імкнуцца да беларускай мовы!

Карацей, на правах рэклямы: кожны панядзелак, 19.00, Галерэя Ў (Незалежнасьці, 37а).

Прыходзьце, будзе мовацікава!

Нашая суполка ў Фэйсбуку