Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Партызаны і паліцаі

Гграмадзянская вайна ў Беларусі практычна ніколі не перапынялася...

 

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005), “дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.


У мяне захоўваецца партызанскае пасьведчаньне майго прадзеда Захара. Яно вядзе адлік ад ліпеня 1943 году — роўна за год да вызваленьня Беларусі. Паводле сьведчаньняў бабулі, да гэтага часу прадзед, які быў краўцом, мірна сядзеў сабе ў хаце і абшываў усе навакольныя вёскі. З чаго хоць неяк карміў сям’ю з пяцьцю дзецьмі. На фронт яго не забралі паводле стану здароўя.

Што здарылася ў ліпені 1943-га? Прыйшлі партызаны і сказалі: ці ідзеш з намі ў лес, ці мы цябе зараз грохнем у садзе пад яблыняй. Пайшоў у лес. Бо варыянт зь яблыняй меў прыклады з жыцьця.

Ягоны родны брат Васіль быў на фронце ўсю вайну, двойчы паранены, зь медалямі “За ўзяцьце Бэрліна” ды “За перамогу над Японіяй”. Да скону хадзіў з двума кіёчкамі, бо ногі ад тае вайны былі колам.

Трэці родны брат Хведзька быў пісарам у камэндатуры ў немцаў. Як і чаму яго не рэпрэсавалі пасьля вайны — ня ведаю.

Свайго прадзеда я не прысьпеў — ён памёр яшчэ да майго зьяўленьня на сьвет. А Васіля і Хведзьку запомніў добра. Аднак ніколі ня бачыў іх разам. Жывучы ў розных канцах аднае вёскі, яны ня бачыліся і не размаўлялі адзін з адным. Адзін прыходзіў да аўталаўкі, браў хлеб, сыходзіў — тады падыходзіў другі.

Зь дзяцінства мне ўрэзалася ў памяць дзівосная сцэна. У суседнюю вёску прывезьлі танную кілбасу — для ветэранаў. Хведзька таксама ўзяў кіёчак і пашкандыбаў у краму. І тут здарылася неверагоднае. Бабкі ў краме загаласілі: “Ах ты сука, ах ты паліцай паганы, ану пайшоў нах.. адсюль!..”. Праз паўстагоддзя пасьля сканчэньня вайны!

Гісторыя трох родных братоў, гісторыя мае сям’і — сьведчаньне, што грамадзянская вайна не перапынялася ў Беларусі практычна ніколі. Тое самае было і за “першымі немцамі”, і “за палякамі”, і ў часе паўстаньня Каліноўскага, і ў вайне Напалеона, і яшчэ раней.

Такое ёсьць і цяпер. Пазбаўленьне ліцэнзіі выдавецтва “Логвінаў” — гэта партызаны і паліцаі ўзору 2013 году. Выданьне кніжак накладам 300-500-1000 асобнікаў у 9,5-мільённай краіне — гэта ж не рэйкавая вайна. Так, дробныя дыверсіі.

Людзі, чыімі рукамі забіралася гэтая ліцэнзія, — ня “немцы”. Гэта тыя, хто за два гады да пенсіі ўсяляк хоча выслужыцца перад цяперашнімі “немцамі”.

Ці будзе ім калі што за гэта? Верагодна, не. Бо пакуль імавернасьць люстрацыі ў Беларусі мізэрная. Ціха дажывуць сваё ганебнае жыцьцё на лецішчах у ваколіцах горада-героя.

І вельмі зьдзівяцца, пачуўшы аднойчы за сьпінаю ў краме: “Ах ты сука, ану пайшоў нах.. адсюль!..”.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.