Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Дзьве прапановы па брэндзе Менска

Аўтазак у нас і на мітынгах, і на сьвятах, і нават на масавых коўзаньнях на каньках. Яго добра ведаюць жыхары і госьці сталіцы…

 

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005),“дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.

Зноўку натрапіў у інтэрнэце на абмеркаваньне “брэнду Менска”. Думаю, як і вам, гэта ўжо набіла добрую аскоміну. Думаю, як і вам, сінія мазаічныя лініі і “сынк мінск” выклікае нэрвовую ўсьмешку.

Аднак, назіраючы нястомныя пошукі Мінсельсавета ўвасобіць мой родны горад у брэндзе, не магу заставацца ў баку. Маю дзьве прапановы.

Першая. Прапаную брэндам Менска зрабіць аўтазак. Гэта будзе справядліва. Аўтазак у нас і на мітынгах, і на сьвятах, і нават на масавых коўзаньнях на каньках. Яго добра ведаюць жыхары і госьці сталіцы. Яго можна штодня з нагоды і без нагоды пабачыць на менскіх вуліцах.

Выгодаў – не зьлічыць! Ня трэба будзе раскашэльвацца на бігборды – ён сам памерам з бігборд, яшчэ і перасоўны. Ня трэба рэклямаваць – аўтазаку рэкляма без патрэбы! Ня трэба плаціць дызайнэрам, яшчэ і з самога Ландыну!

Аўтазак можна намаляваць на паштоўцы – і напісаць побач, як у нас любяць, у старынным сьцілі: “ПріветЪ ізЪ Мінска!”. Можна вырабіць як магніцік на лядоўню (кажуць, ужо нехта нават вырабіў). Можна зрабіць яго пазлам для турыстаў: зьбяры пазл – і пераначуй задарма на Акрэсьціна.

Можна нават здаць на мэталалом той трыццацігадовы чырвоны даблдэкер, які практычна пусты намотвае кругі па горадзе-героі. І вазіць рэдкіх дарагіх турыстаў у аўтазаку. Разам з ідэяй перарабіць Валадарку на гатэль – шык!
Думаю, будучыя хакейныя фанаты, якія панаедуць на Чэмпіянат-2014, ад такіх экскурсіяў у перапынках між матчамі будуць сікацца кіпнем!

Калі вы скажаце, што аўтазак – гэта жэстачайшэ, тады я маю другую прапанову.

Прапаную брэндам Менска зрабіць гасьцініцу “Кемпінскі”, што дабудоўваецца каля цырка.

Гэта – чуда, а не зданіе. У дзярэўні, гдзе вырасьлі нашыя чыноўнікі, такіх відавочна не было. Таму адмовіцца ад падобнай ідэі, верагодна, не было і думак. Пляваць, што для гэтага давялося ўшчэнт спаскудзіць праспект, панараму, дзіцячы парк і цэнтр горада ў цэлым.

Чуда яшчэ і таму, што яно ў праекце мела 4 паверхі, а на справе атрымалася 9. Во тэхналогіі пайшлі!

“Кемпінскі” – сімвал перамогі сьветлай будучыні над гнілым мінулым. Дзеля яго будовы зьнішчылі першую і адзіную захаваную ў Менску электрастанцыю – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Хачу пайменна нагадаць 4 чалавек, якія паставілі свае подпісы ў дакуменце пра яе зьнішчэньне (маю копію): “мэр” Менска Мікалай Ладуцька (працуе), тагачасны галоўны архітэктар Віктар Нікіцін (звольнены), начальнік упраўленьня па “ахове” спадчыны Мінкульта Ігар Чарняўскі (працуе), тагачасны намесьнік міністра культуры Віктар Кураш (звольнены). Інвестары прымусілі, на вас націснулі? Герастратамі перад нашчадкамі застанецеся вы, хлопцы, а не інвестары.

…Гэтым летам я ўпершыню пабыў у Стамбуле. Уразіла адна дэталь. Непадалёк ад цэнтра горада цяпер ідзе маштабны разбор будынкаў уздоўж вуліцы. Гід патлумачыў: у 1980-х гадах было бязладдзе, чыноўнікі за хабар дазвалялі будаваць абы-што і абы-дзе. Цяпер усе тыя рашэньні адным махам прызнаныя незаконнымі, будынкі разьбіраюцца, гаспадароў высяляюць у стамбульскія шабаны. Гэта так, прывет з будучыні гаспадарам “Кемпінскага”.

Што да брэнду Менска, сябры, які варыянт падтрымліваеце?.. Аўтазак ці “Кемпінскі”? Нам трэба сьпяшацца, бо Чэмпіянат хутка, і бяз брэнду ніяк – што людзі падумаюць?!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.




Оставьте комментарий (0)
  • А лепей аўтазак на фоне "Кемпінскі".