Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Як цэментуецца нацыя

Мадэль «дарослы пытаецца — дзіцё балбоча» дакладна адлюстроўвае гэтыя нашы рэаліі…

 

Алесь Мікус

Алесь Мікус. Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. З 2014 г. — кіраўнік Цэнтра менталагічных даследаванняў (Латвія). Валодае прыбалтыйскімі мовамі, грае на некалькіх музычных інструментах. Заснавальнік інтэрнет-партала Svajksta.by

Агульным месцам робіцца меркаваць, што перыяд, які мы ўсе тут цяпер праходзім, так ці іначай звязаны з фармаваннем, дафармаваннем нацыі.


Да моманту, калі краіна стала незалежнай, мы не падышлі нацыяй. На працягу стагоддзя перад тым мы не мелі досведу з'яднанага існавання са сваёй уласнай уладай. БНР мела сімволіку, Генералкамісарыят — адчайныя спадзяванні, БССР — кіраваных партызанаў і прамысловасць. У адно не складвалася.

Цяпер, здавалася б, з суверэннай уладай што-нешта ўладкавалася. Рашэнні прымаюцца, рашэнні збольшага прадыктаваныя рэальнасцю тут.

Але, як той казаў, «незалежнасць нам звалілася як снег на галаву». І пытанне — з тою ж нацыяй. А нацыя — гэта адзінства. І нешта, што стварае гэтае адзінства.

І калі пакрысе больш-менш прыходзіць згода, што цяперашні перыяд — гэта якраз пра нацыю, дык канкрэтныя механізмы не заўсёды бачныя.

Хацелася б акцэнтаваць на адным з іх.

У краіне існуе так перафарматаванае поле магчымасцяў, што ўжо можна казаць пра культуру добраахвотных, бясплатных дарадцаў улады.

Гэта можна прасачыць зусім у розных сферах — і ў грамадскім сектары, і на побытавым узроўні, і часам нават у бізнес-колах.

Думаюць і па-экспертнаму выказваюцца пра тое, як лепей прадставіць краіну для турыстаў і замежнікаў, як палепшыць яе экспартны патэнцыял, які вялікі шлях для ўсёй краіны выбраць, як узняць культуру краіны на вышэйшы ўзровень, як адбараніцца ад вялікіх геапалітычных гульцоў, і гэтак далей.

Мысляць абавязкова ў вялікіх, глабальных маштабах краіны. Не маючы для гэтага ні паўнамоцтваў, ні досведу. Зусім як дзеці, у якіх пытаюцца парады па сур'ёзным пытанні, а тыя і радыя нешта пабалбатаць. Мадэль «дарослы пытаецца — дзіцё балбоча» дакладна адлюстроўвае гэтыя нашы рэаліі.

Пры гэтым такія добраахвотнікі не заточаныя на тое, каб самім для сябе (для сябе і кола аднадумцаў-партнёраў) стварыць сваю ўласную суб'ектнасць. Каб сфармуляваць свае ўласныя вымогі і іх адстойваць унутры грамадства. Часта не заточаныя і на тое, каб паклапаціцца пра сваю асабістую прастору, часам нават і пра яе гігіену. Гэта нармальна — для людзей фанатычнага тыпу ідэя перадусім, тут няма чаго асуджаць. Да гэтага выміраючага ў свеце, але ад гэтага не менш каштоўнага тыпу ідуць цяпер тут апеляцыі.

Расклады, такім чынам, такія: магчымасці для стварэння суб'ектнасці неверагодна абмежаваныя (засталіся хіба што ў бізнесе, дый тое — ёсць нюансы), таму чалавек або тупа робіць на гэтым, даруйце за таўталогію, бізнес (большасць нашых альтэрнатыўных дзеячоў), або ператвараецца ў такога добраахвотнага, «здзяцінелага» дарадцу ўлады.

Першых робіцца ўсё менш, затое другіх — усё больш.

І вось тут паказваецца той механізм сцэментавання нацыі, пра які было заяўлена вышэй.

Тыя добраахвотнікі кладуць сваю энергію ў будынак сцэментаванай нацыі. Яны яе цэментуюць. Яны ахвяруюць сваю энергію. Як? Яны думаюць пра нацыю як цэлае, пра нашую дзяржаву-нацыю як пра цэлае. Яны скіроўваюць свае думкі не абстрактна на «нацыю», а на тое, як і што ёй лепш зрабіць. Мыслячы ў маштабах нацыі, яны ствараюць тую нацыю, ствараюць сваёй скіраванай энергіяй.

І чым даўжэй не будзе магчымасці для паўнавартай асабістай рэалізацыі, для стварэння ўласнай суб'ектнасці, тым даўжэй энергія, якая магла б на яе пайсці, будзе ісці на ўмацаванне нацыі. Бо той, хто вылузваецца з абыватальскага існавання, павінен кудысьці сваю энергію такога тыпу скіроўваць.

Яшчэ гадоў сем-дзесяць працягнецца (трыццаць гадоў, як вядома, — дастатковы час), потым будзе нешта наступнае.

Для кагосьці гэта драматычна. Але, дальбог, тут няма трагедыі, нікога не страляюць. Хоць «будаўнічая ахвяра» (у часы архаікі здзяйснялі крывавую ахвяру ў падмурак хаты), відаць, мела месца — Г-р, К-кі, З-ка, не кажучы пра шчаўлікаў.

Як той казаў — вы хацелі нацыю? дык атрымліваеце. Ну так, вымучваецца пакутліва, не без таго.

Але што спяваецца ў апошніх радках гімна БНР? Здаецца, «У крывавых муках мы народзім / Жыццё Рэспублікі сваёй».

Проста гэтую механіку варта было б зразумець, каб з яе ўлікам выбудоўваць свае асабістыя стратэгіі. Хто якія захоча.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.