Дата публикации:
30.05.2014
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2014/05/30/ic_articles_410_185661/

Ала Бабкова. ПАМЯЦЬ. Мяцежны асветнік

Автор: Ала БАБКОВА


Алла Бобкова

Ала Бабкова. Незалежны кінакрытык, журналіст. Саарганізатар праекта «Маладзёжная кінашкола-конкурс». Друкуецца ў Расіі, Беларусі і Польшчы.

Адыйшоў у вечнасць Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Пайшоў туды, дзе, можа, сустрэнецца з Максімам Багдановічам, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным. Можа, створаць яны там нейкі філіял нябеснай суполкі, якая ўвальецца ў сусветны пісьменніцка-паэтычны хаўрус (калі яшчэ такога няма)?

Ёсць замагары за нацыянальную годнасць, якія клічуць да тапароў і кос. Генадзю Бураўкіну наканавана была місія мяцежнага асветніка. Ён быў нашчадкам тых асобаў, якім бліжэй духоўная сувязь з паплечнікамі Тамаша Зана — з філарэтамі і філаматамі. Яго ўнёсак у беларусізацыю нашага тэлебачання ў савецкія часы, а праз яго і асветніцтва тагачаснага грамадства — добра ведаюць тыя, хто працаваў з ім разам у 1980-я гады. Яго лакальны вопыт можа з любога моманту зрабіцца ўсеагульным здабыткам і ў цяперашні час. Так, былі моцныя абвяргальнікі яго курсу, якія супраціўляліся і знутры, і звонку.

Аднак у яго кіраўнічай упэўненасці не было начальніцкай тыраніі (ну, можа, калі-нікалі зрываўся, бо даводзілі да інфарктнага стану). Ён ствараў умовы для вывучэння роднай мовы непасрэдна на тэлебачанні, запрашаючы ў якасці выкладчыкаў лепшыя філалагічныя сілы сталіцы. Ён вербаваў у якасці кіраўнікоў рэдакцый аўтарытэтных асоб з мастацкага асяроддзя і адшукваў таленты для ТБ. Ён не стамляўся паўтараць каментатарам, якія працавалі ў тэлеэфіры, але імкнуліся адмежавацца ад вучобы: “Веданне яшчэ адной мовы вам не пашкодзіць”.

Сведчу і пра тое, што ён садзейнічаў імкненням супрацоўнікаў рэдакцыі “Тэлефільм” у іх пошуку праблемных тэм. Канешне ж на многія з іх было накладзена вета. Не атрымалася, напрыклад, зрабіць прыжыццёвы партрэт Пятра Міронавіча Машэрава, які марыў стварыць адзін з лепшых рэжысёраў-тэлефільмаўцаў Ігар Калоўскі. Партрэт не парадны, а чалавечы, з дазволам за назіраннем кіраўніка краіны ў розных абставінах і яго шчырымі адказамі на нязручныя пытанні. Не, “наверсе” адмовілі, бо ствараць кінапартрэты дазвалялася толькі адной асобы, чый мундзір з ордэнамі і медалямі вагаў многа кілаграмаў. Але у тыя сацыяльна-пабытовыя куты, куды можна было праціснуцца, рэжысёры і рэдактары атрымлівалі благаславенне старшыні Дзяржтэлерадыё БССР.

Грамадскім ворагам яго зрабілі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х тыя камуністычныя сілы, якія яшчэ трымалі моцныя пазіцыі ў партыйнай сістэме. Адзін з апошніх грамадзянскіх учынкаў Генадзя Бураўкіна на БелТВ таго часу — спрыянне здымкам і паказу фільма “Пытанні на адказы” Уладзіміра Арлова аб сілавых уздзеяннях улады, якія былі ўжыты 30 кастрычніка 1988 г. ля Маскоўскіх могілак супраць грамадзян сталіцы.

Як ні імкнуліся схаваць гэты факт у верхніх эшелонах улады — не атрымалася, бо за праўду паўстала творчая інтэлігенцыя (і гэта адлюстравана ў названым фільме).

Неяк у беглай гаворцы Генадзь Мікалаевіч сказаў пра асабістаць свайго “матора”: маўляў, яго сэрца не сігналізуе, калі ў яго пачынаюцца перабоі. Але ж яго сардэчная цягліца рэагавала боллю на хваробы ў пісьменніцкім асяроддзі і ў грамадстве. Ён быў паплечнікам і сябрам Васіля Быкава, абараняў яго да апошняга настолькі, наколькі дазвалялі яго магчымасці.

Калі б такіх людзей, як Генадзь Бураўкін, не было, — заглухла б беларуская ніва жыцця.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.