Ала Бабкова. БЫКАЎ. Праз час, пра нас

Непадцэнзурны Быкаў не толькі «задакументаваў» болевыя кропкі навейшага гістарычнага моманту, але і зазірнуў у бездань...

Алла Бобкова

Ала Бабкова. Незалежны кінакрытык, журналіст. Саарганізатар праекта «Маладзёжная кінашкола-конкурс». Друкуецца ў Расіі, Беларусі і Польшчы.

У 2013 г. па тэлеканалу “Культура” (Масква) прайшоў цыкл аўтарскіх праграм з удзелам вядомага літаратуразнаўцы Ігара Залатускага. Адну з іх ён прысвяціў Васілю Быкаву. Гэта былі змястоўныя ўспаміны, настальгічны роздум пра духоўных носьбітаў савецкай культуры, якія складалі яе эліту.

Але…

Васіль Быкаў не скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, як сцвярджаў аўтар: правучыўшыся год, ён вымушаны быў пакінуць яго, таму што ў 1940 г. для дзяцей сялян адмянілі стыпендыі, і яму не на што было жыць.

Акрамя таго, Максім Багдановіч названы ва ўспамінах сялянскім паэтам. Першы раз пачула пра такое. Гэта нейкі атавістычны стэрэатып — маўляў, у беларускіх паэтаў іншага паходжання, акрамя “вёсачнага”, не магло быць, і іхняя паэзія суцэльна “мужыцкая”. Не дайшоў, відаць, паважаны літаратар да біяграфіі, да санетаў і верлібра нашага класіка.

Ды ўзрушылі не гэтыя недакладнасці. Ігар Залатускі шанаваў Васіля Быкава даперабудовачнага перыяду, заўважыўшы мімалётам: у 1990-я пісьменнік з’ехаў за мяжу. І ўсё. Кропка.

Цяжка паверыць ў тое, што літаратуразнаўца не сачыў за лёсам пісьменніка ў навейшы час. Ці на расійскім ТБ зрабілі вівісекцыю? Але факт мае быць: з’ехаўшы за мяжу, Васіль Быкаў — у адлюстраванні Ігара Залатускага — быццам знік з літаратурнай мапы і застаўся выключна пісьменнікам ваеннай прозы. Быццам не існуе Быкава-выкрывальніка камунафашызму (гэта яго тэрмін) у сталінскім абліччы і Быкава, які словам і справай удзельнічаў ў нацыянальным адраджэнні.

Пра самаадданую грамадскую і публіцыстычную дзейнасць Васіля Уладзіміравіча на карысць Беларусі, думаю, скажуць ягоныя паплечнікі. Мне ж хацелася б звярнуцца да расійскага і мясцоваага асяроддзя, якое не ведае “позняга” Быкава, ягонай пісьменніцкай спадчыны ў постсавецкі час.

Напрыканцы 1999 г. Васілю Быкаву прысудзілі прэмію “Трыумф” за аповесць “Ваўчыная яма”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Маскве ў студзені 2000 г. Пісьменнік прыехаў на ўрачыстасць пасля вяртання з Фінляндыі. Заахвочаны расійскімі культурнымі дзеячамі, ён мог бы пакланіцца за высокую адзнаку і бесканфліктна ад’ехаць назад. Аднак, як і ў ранейшыя часы, ён дзейнічаў згодна са Львом Талстым: “Не магу маўчаць!”.

У эфіры рускай службы радыёстанцыі “Свабода” і ў іншых СМІ ён выказаў усё, што думаў пра ваенную кампанію ў Чачні (“Гэта злачынства веку!”) і пра новаспечаную саюзную дамову, мяркуючы, што лепшы шлях для міждзяржаўных альянсаў — вопыт Еўрапейскага союза. Тое, што абвешчана, “ёсць маніпуляцыя, ёсць імітацыя”.

Няхай сёння, пасля сціснутых “абдымкаў” Расіі ды пасля крывавых падзей ва Украіне, яго вердыкт успомняць тыя, хто абураўся “залішнім беларусізмам” Васіля Быкава.

На радзіме на пісьменніка быў выліты ўвесь бруд, на які толькі былі здольныя памагатыя новай беларускай улады. Антыдэмакратычная хеўра лупцавала пісьменніка наводмаш, — то “кропкава”, то разам з рэфармістамі-адраджэнцамі і культурнымі дзеячамі нацыянальнай арыентацыі. Для ганьбавання падыходзіла ўсялякая зачэпка. Напомню: яму прыклеілі ярлыкі “літаратурнага паліцая” і “прадажнага антыпатрыёта”: маўляў, Быкава купілі, вось ён и выслужваецца перад алігархамі за расійскую “подачку” (прэмію “Трыумф”. — А.Б.) і перад Захадам, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію.

Прапагандысцкая раз’юшанасць дайшла да таго, што беспартыйнага пісьменніка запісалі ў апартуністы: маўляў, Быкаў імкнецца адрадзіць, цытую, “буржуазные и мелкобуржуазные течения и под шумок направить перестройку в их русло” (часопіс “Политический собеседник”, № 1, 1989 г.). Дасюль гэта застаецца эталонам беларускай палітычнай траскатні.

Словам, з сярэдзіны 1990-х гадоў вярнуўся час “перачакаўшых”, тых, каго сам Васіль Быкаў назваў “дыпламаванымі абскурантамі”, і далучыўшыхся да іх “арміямі ашалелых балельшчыкаў”.

Але ж на Быкаве сутыкнулася і супрацьстаянне кансерватыўна-савецкіх традыцый і новай нацыянальнай свядомасці, прычым гэта было не толькі пісьменніцкае і мастакоўскае асяроддзе, але і звычайныя грамадзяне. Няхай іх не было зашмат, але яны былі.

Сістэматычнае цкаванне і прымусіла Васіля Уладзіміравіча прыняць рашэнне ад’ехаць за мяжу. Якіх пакут яму гэта каштавала, можна даведацца ад тых людзей, з кім пісьменнік ліставаўся (яго перапіска друкавалася ў часопісе “Дзеяслоў”).

Паза радзімай Васіль Быкаў з жонкай пражыў пяць гадоў — з красавіка 1998 г. па май 2003 г. (некалькі тыдняў у Швецыі, потым былі Фінляндыя, Германія, паўгода ў Чэхіі).

З перапіскі можна зразумець: ратавала яго ад адзіноцтва інтэнсіўная літаратурная праца і актыўнае супрацоўніцтва з Беларускай службай радыёстанцыі “Свабода” у Празе. Мы павінны пакланіцца Аляксандру Лукашуку, кіраўніку “Свабоды”, Сяргею Навумчыку і ўсім тым нашым землякам, дзякуючы якім Васіль Быкаў заставаўся на пісьменніцкай дыстанцыі за мяжой. Выдадзена цудоўная хроніка “Быкаў на “Свабодзе”, якая дае ўяўленне аб дыяпазоне яго мыслення, аб яго рэакцыі на падзеі на Беларусі і ў свеце, аб літаратурных і чалавечых схільнасцях.

Мемуары “Доўгая дарога дадому” — таксама ініцыятыва “Свабоды”, часткова яны прачытаны на гэтай радыёстанцыі.

Літаратурная спадчына “позняга” Быкава (1990-я — пачатак 2000-х г.г.) сабрана ў першым томе збору твораў, што выдаецца Саюзам беларускіх пісьменнікаў (Мінск) і ТАА “Выдавецтва Время” (Масква). Выйшла 9 тамоў з 14. Акрамя аповесцяў “Афганец” і “Ваўчыная яма”, напісаных ў 1998 г., у пачатковы том увайшлі апавяданні і прыпавесці, многія з якіх створаны за мяжой.

Быкаў і раней — пры савецкім таталітарызму — не палохаўся ісці ў творчасці да ўпору. Непадцэнзурны Быкаў не толькі «задакументаваў» болевыя кропкі навейшага гістарычнага моманту, але і зазірнуў у бездань. Калі Янка Купала ў пачатку ХХ стагоддзя абвяшчаў свету аб існаванні народа («А хто там ідзе?.. Беларусы»), то Васіль Быкаў у пачатку ХХI века, можна сказаць, павярнуў пытанне рубам:

Quo vadis? (куды ідзеш?), беларус? І ў мастацкай прозе, і ў публіцыстыцы пісьменнік канстатуе цывілізацыйны крызіс нацыі, які пачаўся трыста гадоў таму, працягнуўся пры бальшавіцкай сістэме і працягваецца ў аўтарытарным грамадстве.

В навеле-прыпавесці «Музыка» безыменны герой, які ляціць пад зорным купалам, чуе гукі рэквіема.

«— Каго хаваеце? — хрыплавата крыкнуў (ён. — А.Б.) у цемру і аж не пазнаў свайго голасу, — гэтак жахліва гучна прагучэў ён у касьмічнай прасторы. Толькі рэзананснае рэха голасу сьціхла ў гары, як зноў жа з тае прасторы пачулася: — Народ хаваем...».

Аб беларусах, як нацыі “выпаўшай з часу”, можна было пачуць не толькі ад Быкава. Але менавіта ён пачаў бязлітаснае даследванне сацыяльна-псіхалагічнага вопыту беларуса навейшага часу, не палохаючыся ні існуючага рэжыму, ні абвінавачванняў прыхільнікаў у залішняй змрочнасці.

Вось некаторыя гратэскна-трагічныя вобразы, што прад’яўляе пісьменнік нашай свядомасці: метамарфоза “чалавека з ружжом” — ад лузера да малютаскуратаўскага ахоўніка патэрналісцкай сістэмы (аповесць “Афганец”); дэзарыентацыя суайчынніка ў новай грамадскай фармацыі і яго бязмоўнасць (прыпавесці “Кошкі и мышкі”, “Тры словы нямых”); маніпуліраванне пакорлівасцю, якое вядзе да самазнішчэння папуляцыі (“Хвастаты”).

Ужо ў назвах многіх твораў Быкава 1990-х — пачатку 2000-х г.г. адчуваецца татальнае нашэсце зла: «Труп», «Чарапы», «Чорная сіла», «Пагібель зайца», «Глухі час начы».

Гераічныя асобы церпяць паразу, таму што, пераадолеўшы адну сцяну, упіраюцца ў іншую («Сьцяна»). Або, адолеўшы пачвару, герой асуджаны на знікненне, бо безгеройны і бязбожны час мае патрэбу не ў знішчальніках зла, а толькі ў прыстасаваных ідалах-сімвалах («Герой»).

Аналізуючы савецкае мінулае як сістэму прыгонніцкую і репрэсіўную, Быкаў выбірае рэалістычная фарбы з “ноткамі Дастаеўскага” (вызначэнне аднага з замежных даследнікаў творчасці Васіля Быкава). Сучаснасць часцей за ўсё “апранута” ў фантастычна-сюррэалістычныя “адзенні”, мае форму прыпавесці (прытчы).

Калі “даперабудовачны” Быкаў расстаўляў знакі бяды, то “позні” Быкаў б’e ў званы, каб вывесці суачынніка з сацыяльнага анабіёзу.

І вось якім роздумам завяршае пісьменнік свае мемуары “Доўгая дарога дадому”: “Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсці асобна. Усё ж індывідуалізм і ў гэткім абліччы — ня самы горшы кірунак да яе. Можа, не найлепшы, але і не найгоршы, — у аснове кожнай калектыўнай свабоды ляжыць свабода індывідуальная. Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Украінка: “Без надіі такі сподюваюсь…“ (Захаваны правапіс аўтара).

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.