Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. ЖКГ — загадкавая краіна

Замест падвышэння ролі грамадства ў кантролі за расходваннем фінансавых сродаў і эксплуатацыяй аб’ектаў ЖКГ , дзяржава імкнецца навязаць гэтаму грамадству на ўтрыманне чарговыя...

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. 

18 чэрвеня намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун распавёў журналістам аб завяршэнні працы камісіі пад кіраўніцтвам старшыні КДК Якабсона па вырашэнню праблемных пытанняў у сферы ЖКГ. Па выніках працы камісіі, як сказаў намеснік міністра, распрацаваны праект указа прэзідэнта, які “страсяне камунальшчыкаў”.

Што ж такога цікавага напрацавала камісія за некалькі месяцаў дзейнасці, каб прапанаваныя ёю рэформы дазволілі павысіць якасць і панізіць сабекошт камунальных паслугаў, узнялі на новы, больш якасны ўзровень рамонт і эксплуатацыю жыллёвага фонду, ды, нарэшце, як след “страсянулі камунальшчыкаў”?

Адной з асноўных прапаноў камісіі з’яўляецца ідэя па стварэнню жыллёвай інспекцыі, у якую войдуць прадстаўнікі “Дзяржбуднадзора”. Стварэнне інспекцыі, на думку намесніка міністра, дазволіць больш якасна і сістэмна падысці да эксплуатацыі, тэхнічнага абслугоўвання і капітальнага рамонту жылля незалежна ад форм уласнасці. Пры гэтым функцыі заказчыка пры правядзенні капітальнага рамонту плануецца перадаць упраўленням капітальнага будаўніцтва.

Не абышла ўвагай камісія і пытанні налічэнняў аплаты за разнастайныя камунальныя паслугі, дзе, па меркаванні камісіі, існуюць шматлікія злоўжыванні, асабліва ў таварыствах уласнікаў. Згодна новага праекта указа, мяркуецца, што налічэнні будуць ажыццяўляцца толькі разліковымі цэнтрамі…

З першых жа прапаноў камісіі заўважаецца скіраванасць падрыхтаванага праекта ўказа да яшчэ большага ўзмацнення ролі дзяржавы ў сферы ЖКГ. Пры тым, што ўжо каля 90% жылога фонду краіны знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, дзяржава, як і раней, нават не жадае пацікавіцца меркаваннямі гэтых самых уласнікаў.

Замест падвышэння ролі грамадства ў кантролі за расходваннем фінансавых сродаў і эксплуатацыяй аб’ектаў ЖКГ , як гэта робіцца ва ўсім свеце, нават у камуністычным Кітаі, беларуская дзяржава імкнецца навязаць гэтаму грамадству на ўтрыманне чарговыя дзяржаўныя структуры…

Па словах намесніка міністра, у праект указа ўносіцца пункт, які прадугледжвае ліквідацыю практыкі перадачы арганізацыям ЖКГ стратных і непрофільных аб’ектаў, што цяжарам кладуцца на арганізацыі.

Выносячы падобную прапанову ў праект указа прэзідэнта, працоўная група па ЖКГ, Якабсон, як старшыня КДК, практычна распісаліся ў сваім бяссіллі. Бо яна, гэта камісія, ўжо прымала падобнае рашэнне, якое абавязвала ўсе аблвыканкамы да 1 красавіка 2014 года правесці інвентарызацыю непрофільных актываў і перадаць іх па адпаведных галінах. Бо як, напрыклад, разумець набыццё Магілёўскім гарадскім водаканалам прагулачнага цеплахода за 420 тыс. долараў, калі гэтыя сродкі разам з затратамі на эксплуатацыю карабля ляглі на сабекошт паслугаў арганізацыі і, як след, на плечы гарамадзян.

У падрыхтаваны праект указа ўнесены і іншыя шматлікія пункты, якія заклікаюць працаўнікоў ЖКГ да адказнасці, да аптымізацыі, да павышэння кваліфікацыі, падобна на тое, як гэта гучала з плакатаў часоў КПСС — павысіць, узмацніць, палепшыць…

Нажаль, камісія пад кіраўніцтвам Якабсона так і не правяла дасканалых даследванняў, каб разабрацца ў прычынах правалу рэформаў ЖКГ краіны, падзення ўзроўню якасці, пастаяннага росту кошту камунальных паслугаў, у прычынах зрыву будаўніцтва шматлікіх аб’ектаў ЖКГ, як, да прыкладу, новага водазабору ў Мінску дзеля забяспячэння насельніцтва некаторых раёнаў горада артэзіянскай вадой.

І самае цікавае, што камісія нават не задалась пытаннем, чаму ўсё ж такі беларускім урадам прынята пастанова аб прызнанні Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ да 2015 года як страціўшай сілу, і куды падзеліся шматмільярдныя, ў доларах ЗША, фінансавыя сродкі, што ўсе гэтыя гады скіроўваліся на выкананне разнастайных праграм з мэтай рэалізацыі канцэпцыі?

А без адказу на ўсе гэтыя пытанні новы ўказ так і “не страсяне камунальшчыкаў”, а для Лукашэнкі ЖКГ так і застанецца загадкавай краінай у плане тарыфаў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.