Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. After that Russia

Рэгіён ад Буга да Волгі можа выглядаць так: Мяранія, Крывія, Русь, прыбалты. Ні Расіі, ні Беларусі, ні Ўкраіны…

 

Алесь Мікус

Алесь Мікус. Музыка, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА.

Усё, што не пра Ўкраіну, цяпер не такое цікавае. Гэта зразумела. Там кроў, расстраляныя людзі, раны, зброя, вайна, захопы, дамінацыя, водары смерцяў. На гэтым фоне ні культура, нічога іншага больш не можа цікавіць.

І тым не менш гэты тэкст — пра футуралогію, пра будучыню.

Што будзе пасля Расii? Ці не зарана ставіць такое пытанне? Не будзем разглядаць варыянты, як да такога стану, стану без Расіі, можна дайсці, але паспрабуйма ўявіць.

Без Расіі мы сябе не ўяўляем. Або вельмі слаба ўяўляем. Мы — маецца на ўвазе, беларусы. Не ўяўляем — значыць, не думаем па-за рамкамі, у якіх абавязкова прысутная і Расія.

Ментальны фактар Расіі важны і для ўладатрымаўцаў у Беларусі, і для альтэрнатыўных ім пазіцый. Агульнае, відаць, тое, што і тыя, і тыя Расію ненавідзяць.

Парадокс? Асабліва ў адносінах да ўлады? Не зусім. Нікому непрыемна выпрошваць, прыніжацца, нагінацца і стаяць на каленах. Краіна не жыве з экспарту, краіна жыве з маскоўскіх грошай. І з нафты, і з газу, і з іншых прэферэнцый, якія мы маем ад Расіі. Гэта ўсе ведаюць, і гэта непрыемна, усім. Прыемней тым, хто спажывае гэты “лёгкі хлеб". Найбольш непрыемна тым, хто прыніжаецца і выпрошвае.

Russians, we hate you, 'cause we hate to beg. Толькі ніколі адкрыта пра гэта не скажам, бо вы нам не дасцё нафты і грошай. А з іх так прыемна затаварвацца ў новых гіпермаркетах, у "Замку" і "Скале".

Расію, зразумела, ненавідзяць і тыя разумныя беларусы, хто ведае, колькі няшчасцяў за стагоддзі рускія сюды прыносілі. Выйсце — толькі ў новай "кітайскай сцяне", якой, мабыць, ужо ніколі і не будзе, з шэрагу прычын.

А калі Расія лясне? Мы сутыкнемся з іншай рэаліяй. Што будзе тады, які свет чакае?

(Паспрабуй, дарагі чытач, у гэтым месцы спыніцца на паўхвіліны і, не чытаючы адразу наступных абзацаў, самому ўявіць — а што будзе "пасля Расіі"?..)

Не будзем паглыбляцца ў зусім глабальныя расклады, тыпу "што Кітай, а што Амерыка". Якія навіны будуць у рэгіёне?

1. Прастора да Ўралу. Адно ці некалькі ўтварэнняў дзяржаўнага тыпу, якое будзе існаваць на грунце зусім іншай ідэнтычнасці. Не "рускай", не "славянскай", а фіна-вугорскай (мяранскай, “меря”). Кастрама-Яраслаўль-Масква-Уладзімір і інш. Больш мадэрнай і менш агрэсіўнай. Гэта будзе адна з найбольш сяброўскіх да нас краін рэгіёну. У гэта цяпер цяжка паверыць (сапраўдны сябар на Ўсходзе), але гэта будзе так, без ідэалагічных і тэрытарыяльных прэтэнзій. Як Эстонія з Латвіяй. А фарпостам перад кітайскай сцяной будзе вялікі Татарстан.

2. Украіна заманіцца на ролю рэгіянальнага лідара, прычым Кіеў лёгка пяройме рыторыку Масквы. Тая ж Русь, толькі не Маскоўская, а Кіеўская. Ва Ўкраіне, калі яна захаваецца, з полымя цяперашняй вайны выйдзе вельмі з'яднаная і ашчэраная нацыя з агрэсіўнымі лідарамі і сфармуляванай ідэалогіяй. Тое, што мы завемся "белай руссю", ізноў згуляе з намі кепскі жарт. Беларусь ізноў зробіцца аб'ектам ідэалагічных прэтэнзій тыпу: мы вас хрысцілі, мы вам далі мову і дзяржаўнасць, таму давайце пад нашае крыло.

3. Што да Беларусі, дык краіне спатрэбіцца грунтоўны рэбрэндынг. Пра які можна пачынаць думаць ужо сёння. Змены могуць быць ажно да назвы краіны. Важны момант — паспець забраць назад землі на Ўсходзе, якія з прычын этнагістарычных да фіна-вугорскай Мяраніі не адыдуць, межы пройдуць па Цверскай, Калужскай, Бранскай вобласцях.

У выніку рэгіён ад Буга да Волгі можа выглядаць так: Мяранія, Крывія, Русь, прыбалты. Ні Расіі, ні Беларусі, ні Ўкраіны — такіх назваў не будзе, гэта будзе гісторыя, як Хазарыя ці Тураўскае княства. Што да геапалітыкі, дык Русь, відаць, будзе больш хінуцца да Каўказу і чарнаморскіх краін тыпу Балгарыі і Сербіі, а Крывія і Мяранія з прыбалтамі — да балтыйскага рэгіёну.

Для нас гэта будзе новы культурны код, новы архетып і новы лёс. Глабалізацыя глабалізацыяй, а жывыя людзі на рэальных тэрыторыях нікуда не падзенуцца.

* * *

Але ёсць і яшчэ адзін момант. Без Расіі свету будзе не хапаць адной важнай рэчы. Калі кажуць пра "рускую душу", па праўдзе памыляюцца не так шмат. Так, на канкрэтных прыкладах гэтая "руская душа" выглядае звыродліва: рускія жлабы-турысты на курортах, засмечаныя падворкі ля жытлаў у Цэнтральнай Расіі (там амаль няма клумбаў), непавага да суразмоўцы пры асабістых зносінах…

І пры гэтым Расія — гэта terra incognita. Амаль усё ў гэтым свеце ўжо спазнана клятай навукай (даруйце, без іроніі пішацца). Дабраліся да Тыбету, амаль раскрылі таямніцы Амазоніі ці высакагор'яў Перу. Паспяхова вынішчаюць пестыцыдамі ўсіх інсектаў — дзе інсекты гэта, вядома, метафара.

Пры гэтым уся "жыватворная гразь" свету цяпер засяродзілася ў Расіі. Бо ўсе тыя прасторы акультурыць немагчыма. У Беларусі таксама ўжо збольшага "бог не жыве", бо ўсё цывільненька, аграгарадкі і ўпарадкаванасць. А, як вядома, "русалкі звяліся, калі зямлю перамералі". Мабыць, русалкі цяпер яшчэ жывуць у дрымучай нямытай Расіі. Калі Расію перамераюць (переМЕРЯют), і там нічога не застанецца.

Але калі так не зрабіць, дурная экспансія Расіі абрынецца на ўвесь астатні свет. Мабыць, гэта нешта пра лёс "душы" ў свеце.

* * *

Вось такія парадаксальныя крыху развагі.

А зараз я, таксама як і вы, пайду зноў глядзець навіны пра раздзертую крывавую Ўкраіну.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.