Юрась Губарэвіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. На здароўе!

Рэформы ў сістэме аховы здароўя трэба пачынаць менавіта з павелічэння памеру фінансавання медыцыны…

 

Юрась Губарэвіч. Нарадзіўся 23 лютага, на свята савецкага войска. Але не служыў, бо лепшыя прызыўныя гады прысвяціў вучобе і дэпутацкай дзейнасці. Пасля атрымання адукацыі інжынера-электрыка працягнуў вучобу ў Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце… Украіны. Ужо з дыпломам магістра дзяржаўнага кіравання выйграў выбары ў Белаазёрскі гарсавет, стаўшы амаль на год намеснікам старшыні і кіраўніком дэпутацкай большасці. Працаваў у шэрагу камерцыйных установаў, звязаных з гандлем, выдавецкай і рэкламнай дзейнасцю. У Партыі БНФ ад 1996 году: прайшоў “кар’ерны шлях” ад шараговага сябра да намесніка старшыні. Сёння — першы намеснік старшыні руху “За Свабоду”.

Ахова здароўя — заўсёды ўгары ТОП-занепакоенасцяў людзей. Таму невыпадкова пытанне пра даступнаць і якасць медычнага абслугоўвання разам з адукацыяй ідзе першым у парадку дня “Народнага рэферэндуму”.

Падчас паездак па Беларусі, збіраючы подпісы ў падтрымку яго пытанняў, пра тое, як нас лечаць, даводзілася гаварыць шмат. І на лесвічных клетках у пад’ездах дамоў, і ў дварах, і ў паліклініках. Людзі наракаюць на чэргі і на тое, што да дэфіцытных профільных дактароў не патрапіць тыднямі, а то і месяцамі. Асабліва жыхарам сельскай мясцовасці. Народ сумна жартуе: як пашанцуе, дажывеш да прыёма ўрача — маеш шанец атрымаць лячэнне і адужаць.

Цягам верасня-кастрычніка мы ладзім грамадскія слуханні па гэтай праблематыцы. Падчас іх асноўнай праблемай беларускай медыцыны лекары называюць недахоп фінансавання галіны.

Рух “За свабоду”, адзін з ініцыятараў “Народнага рэферэндуму”, лічыць, што рэформы ў сістэме аховы здароўя трэба пачынаць менавіта з павелічэння памеру фінансавання медыцыны — з цяперашніх 5% да 10% ад узроўню ВУП.

Іншыя нашыя прапановы ўтрымліваюцца ў “Народнай праграме”

• Пералічэнне заробкаў супрацоўнікам медыцынскіх устаноў да сярэдніх паказчыкаў па эканоміцы краіны;

• Стварэнне роўных ўмоваў для дзейнасці дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў;

• Стварэнне сістэмы прыватнай страхавой медыцыны;

• Развіццё медыцынскага турызму;

• Увядзенне нязменнага базавага набору бясплатнай медыцынскай дапамогі асобам да 18 год, пенсіянерам і інвалідам;

• Увядзенне практыкі сямейных дактароў;

• Зніжэнне бюракратычнай нагрузкі на супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў;

• Увядзенне ў медыцынскіх ВНУ спецыяльнасці "менеджмент сістэмы аховы здароўя”.

Асобную ўвагу трэба надаць дэалкагалізацыі: беларусы спажываюць алкаголь, на жаль, па-лідарску.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта 17,5 літра на душу насельніцтва ў пераліку на чысты спірт.

Зрэшты, Міністэрства аховы здароўя Беларусі запярэчыла, што лічба завышаная, назваўшы іншы паказчык — 11,14 літра. Нават калі так, то і гэта прыкрае месца ў першай дваццатцы! Аднак афіцыйная статыстыка ў нашай краіне не ўлічвае самаробныя алкагольныя напоі і нелегальна ўвезеныя ў Беларусь.

Сярод мераў па зніжэнні спажывання алкаголю, а таксама тытуню намі прапануюцца:

• - Значнае павелічэнне акцызаў на алкаголь і цыгарэты (напрыклад, кошт бутэлькі гарэлкі мусіць быць роўным не меней за мінімальны дзённы заробак);

• - Забарона продажу піва і моцнага алкаголю ад 22:00 вечара да 10:00 раніцы;

• - Вынас продажу цыгарэт і алкаголю ў спецыялізаваныя крамы і шапікі;

• - Поўная забарона рэкламы цыгарэт, піва і моцнага алкаголю ў СМІ і на білбордах, а таксама гандлёвых марак вытворцаў цыгарэт і алкаголю;

• - Павелічэнне ўзроставага цэнзу на забарону продажу цыгарэт, піва і моцнага алкаголю асобам да 21 года;

• - Забарона вырабніцтва і продажу пладова-ягадных він («чарніла») на ўсёй тэрыторыі Беларусі.