Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. “Рускі я! Рускі!”

Пра апавяданне Максіма Гарэцкага мне нагадала меншая дачка. Я ўвогуле не прыхільніца вайсковай тэматыкі, але вырашыла асвяжыць памяць і перачытаць...

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і шмат гадоў — у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Пра апавяданне Максіма Гарэцкага мне нагадала меншая дачка. Я ўвогуле не прыхільніца вайсковай тэматыкі, але вырашыла асвяжыць памяць і перачытаць. Змест апавядання такі.

Салдат, які зваў сябе Рускім, у час франтавога зацішша на Першай сусветнай любіў корпацца ў бульбянішчы пехаціскай лапатачкай. І аднойчы, маючы пры сабе стрэльбу на ўсялякі выпадак, забрыў на варожыя пазіцыі. І там знянацку напароўся на аўстрыяка, ажно прысеў ад страху. Аўстрыяк тады на ўкраінскай мове і кажа:

“— Руськый! Я маю горілку…”

Не то слова свойскае хацелася яму пачуць, не то свята сабе зрабіць маленькае на гэтай клятай вайне, пра якую дасюль ніхто не разумее — хто з кім і за што ваяваў.

“— Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна, смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.”

Ворагі павіталіся за руку, распілі па чарцы-дзве, заелі хлебам і закурылі па кручонцы з махоркі. І так добра стала ўкраінцу, што ён гатовы быў пайсці за рускім братам на той бок. Але разышліся-такі, замаркочаны ўкраінец шпарка адыходзіў, а Рускі, няскладна павалюхаўшы, спрабаваў даўмецца, ці правільна ён зрабіў. На одум нічога не прыходзіла, акрамя таго, што ты ж, хлопец, на вайне…

Адным словам, прадстаўнік саюзнага войска аўтаматычна выстраліў ворагу ў спіну. Падбег і пачуў яго апошнія словы:

“— Што ж цій москаль наробыв… Застанэцца моя жынка і діты…”

Рускі ў цемры перахрысціўся над мёртвым, абшукаў яго кішэні, памацаў за пазухай, аднак нічога добрага не знайшоў.

У роце заўважылі, што чалавек раптам перамяніўся, потым ён і зусім збег у ціхае вар’яцтва. Здаецца, гэта называецца выцясненнем. Да таго ж застудзіўся, і яго адправілі ў глыбокі тыл. Адзін доктар лічыў салдата сімулянтам, другі старанна лячыў, не зважаючы на ягоныя нервы. А той, калі яго забірала хвароба, крычаў на ўвесь шпіталь:

“— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..”

Пра што гэтае апавяданне, якое так і называецца — “Рускі”? Пра падмануты давер? Пра фатальнае супроцьстаянне, якое робіць з ваюючых зомбі? Пра хворае сумленне, якое баліць і ные, як карыесны зуб?

Не, твор Максіма Гарэцкага пра “рускага” з Магілёўскай губерні. А значыць пра беларуса, які страціў сябе.

Студэнткай па заданні выдатнага фалькларыста Ніла Сымонавіча Гілевіча я запісвала народныя песні ад бабкі Паўліны, на Лагойшчыне. Яна іх шмат ведала. На адной з іх я бабулю перапыніла: гэтую не трэба, яна руская. Бабка здзівілася: “А тыя — якія?” Бабка была непісьменнай, ёй даравальна…

Іманентная беларускасць выцяснялася з вёскі няўхільна. Да вайны па інтэлігенцыі катком прайшліся рэпрэсіі. Першымі пазнішчалі многіх настаўнікаў і паэтаў (сама мова несла небяспеку). Падчас фашысцкай акупацыі вярталіся да бацькоўскіх сядзіб — каб выжыць — новаспечаныя гараджане, якія ўжо “хапанулі” рускамоўя. Пасля вызвалення асела на нашай зямлі многа расейцаў з былых партызан і вайскоўцаў, якія занялі кіруючыя пасады. Пасляваенная моладзь спявала толькі песні з радыё тыпу “А кто там с горочки спустился».

Кім лічылі сябе выхадцы з Беларусі у арміі і ў вайсковых вучылішчах, на цалінных землях і БАМе, на вялікіх прадпрыемствах і ўсесаюзных будоўлях?

Як раствараліся на бясконцых расійскіх прасторах нашы людзі, я распавяду на прыкладзе дзяцей той самай бабкі Паўліны (іх у яе было пяцёра).

Гадоў дзесяць таму прыехаў праведаць родныя мясціны Мікалай, яе старэйшы сын. Пасля цяжкага ранення на фронце хлопец доўга хварэў і ажаніўся з медсястрой, што яго выратавала. Пасяліліся на яе радзіме, у Башкірыі. Жылі, працавалі, гадавалі дзяцей — а Беларусі як не стала. Не прыязджаў ні адзін, ні з жонкай. Перапіскі не атрымалася, пра смерць маці мо і не паведамілі. І толькі ў 86 год, пры канцы жыцця, заныла ў ветэрана сэрца — на Дзень Перамогі скарыстаўся бясплатным білетам. Высокі, прыгожы, годны… І, як ні дзіўна, усё пра ўсіх памятаў! Адыходзячы на вайну, забраў з сабой здымак маладых бацькоў і захоўваў яго ўсё жыццё.

Меншая Паўлініна дачка Яніна — чарнявая, прыгожая — трапіла ў горад Нікель, што каля Мурманска. Трохі пісала, прыязджала раз на пяць год, пакуль таксама сувязь не абарвалася.

А колькі было падобных лёсаў? Колькі моладзі з’ехала на цаліну — і з канцамі?

Яскравы прыклад — другі сын Паўліны, Валодзя. Ён збудаваў у роднай вёсцы хату, меў жонку і траіх дзяцей. Начуўшыся пра цалінныя землі, падаўся туды з сям’ёй. Жонка там памерла, толькі пра гэта і стала вядома. Пазней ні ён, ні дзеці не абзываліся. Ну не маглі ж яны згінуць усе разам! Хутчэй — забыліся...

Заўважце: у гэтай сям’і ніхто нікога не шукаў. Адлегласць лёгка рвала крэўныя і сваяцкія сувязі.

За цаліну моцна агітавалі, абяцалі залатыя горы. У 1958 годзе выправіўся ў Казахстан па камсамольскай пуцёўцы мой зямляк Д. Умовы сапраўды былі выгаднымі: бясплатны праезд туды і назад, 50% зарплаты па месцы ранейшай працы плюс усё, што заробіш. Трапіў на какчытаўскі элеватар. Чатыры месяцы спалі прама ў зернясховішчы на драўляных насцілах, працавалі пазменна па 12 гадзін у суткі. Элеватар не спраўляўся чысціць і сушыць зерне, яго ссыпалі ў бурты. На бурты сыпаў снег, і зерне прэла, гінула. “Бесталкоўшчына, — каментуе Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Замест таго, каб паднімаць Расію, будаваць дарогі, яны разорвалі казахскія выпасы”.

Я спытала, хто з ім працаваў увесь гэты час.

— У адной брыгадзе былі эстонцы, пензенцы і мы, моладзь з Мінска і Барысава. Жылі дружна. Ніводнай бойкі за чатыры месяцы, ніводнай кражы. Усе размаўлялі па-руску, ніхто тэму нацыянальнасці не закранаў.

Якія высновы можна зрабіць з гэтых жыццёвых гісторый?

Сярод агульначалавечых каштоўнасцей, запісаных у Кодэксе будаўніка камунізму, павага да свайго этнасу, продкаў і традыцый не значылася. Людзі з Беларусі менш за іншых трымаліся адзін аднаго. Падобна, што беларусы на чужыне так адаптаваліся да асяроддзя, так зліваліся з ім, што пераставалі адчуваць сваё карэнне, сваю повязь з роднай зямлёй. Іх дзеці тым больш не мелі патрэбы ў “падпітцы” таго месца, дзе раслі бацькі і паміралі дзяды.

Гэты феномен, можа, дапамагаў выжываць фізічна, але душа пры гэтым зыначвалася, пераставала быць душой адметнай, самадастаковай, б е л а р у с к а й. Так бывае ў міжасабовых адносінах: “Я такі ж, як ты, я свой у дошку, хіба можна мяне крыўдзіць?!” Адсюль вядомая ідэалагічная песня пра “адзіны народ”. Вялікі Савецкі Саюз ці маленькі — сутнасць не мяняецца…

”Рускі я, рускі!” — дваццаць год біў сябе ў грудзі гарант стабільнасці. Аднак пасля ўкраінскіх падзей лексіка крыху перамянілася. Гаворка ідзе ўжо пра “очень близкое, братское нам государство”. Як, усяго толькі блізкае?!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


  • Я не буду тут про Ремарка - "На западном фронте без перемен"... Тут больше "Война и мир" Толстого на ум приходит... Общим планом - тысячи человек профессионально истребляли друг друга, потом их вожди надумали примириться. И эти армии - уже союзники. Бодро выступают на общем параде... ... А погибших - куда?.. - А это ничего. Расходный материал. Мда. Вот в этом и правда; пока человек остаётся человеком - ему бы надо думать своей башкой, а не тупой башкой фельдмаршалов. Но в исполнении - нюансы. Но думать всё равно надо. Галине респект за такой экскурс...
  • Тамара Шелепова (Ярец)
    Уважаемый автор! Галина Корженевская, что же ты хотела сказать своей статьей. Я так и не поняла. С чего поднялась волна борьбы за бел.мову. Кого назначите виноватыми? Подозреваю, что когда жизнь становится тяжелой, народ надо переключить на мову. Но люди используют язык родной. А для большинства белорусов это русский. И это уже исторически сложилось.
  • Тамара Шелепова (Ярец)
    Уважаемый автор! Галина Корженевская, что же ты хотела сказать своей статьей. Я так и не поняла. С чего поднялась волна борьбы за бел.мову. Кого назначите виноватыми? Подозреваю, что когда жизнь становится тяжелой, народ надо переключить на мову. Но люди используют язык родной. А для большинства белорусов это русский. И это уже исторически сложилось.
  • Тамара Шелепова (Ярец)
    Уважаемый автор! Галина Корженевская, что же ты хотела сказать своей статьей. Я так и не поняла. С чего поднялась волна борьбы за бел.мову. Кого назначите виноватыми? Подозреваю, что когда жизнь становится тяжелой, народ надо переключить на мову. Но люди используют язык родной. А для большинства белорусов это русский. И это уже исторически сложилось.