Уладзімір Падгол. ПЫТАНЬНЕ РУБАМ. Ампутацыя Незалежнасьці: ці спынім?

Да Дня волі ў інтэрнеце ўзьнік дыспут наконт лёзунгаў сьвята ўтварэньня БНР...

Уладзімер Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Да Дня волі ў інтэрнеце ўзьнік дыспут наконт лёзунгаў сьвята ўтварэньня БНР. 

Арганізатары прапануюць зрабіць базавым лёзунгам 25 сакавіка “Разам за Незалежнасьць!” Зацікаўленыя асобы спрачаюцца наконт прапорцыяў у акцыі сьвяточнасьці і палітычнай акцыі…

Што на мой погляд, дык акцыя 25 сакавіка мусіць мець стрыжнем… скажу пра яго напрыканцы тэкста. А напачатку давайце ўзгадаем пра тое, у якой краіне мы жывем, з пункту гледжання Незалежнасьці:

1. Мы страцілі эканамічны суверенітэт

З 1 студзеня Беларусь стала сябрам Эўразійскага эканамічнага саюза, дзе не выконваюцца дэклараваныя чатыры свабоды: вольнага перасоўвання тавараў, капіталаў, паслуг і працоўнай сілы. Але пры гэтым шэраг эканамічных рычагоў аддадзена Эўразійскай камісіі. Народ Беларусі не вырашаў уступаць ці не ў рэанімаваны Расіяй ашчэпак СССР. Трапіўшы ў Эўразійскі эканамічны зьвяз, мы апынуліся ў пастцы, якая не дазваляе Беларусі вольна з перавагамі гандляваць з краінамі Эўразьвязу. Дастаткова прывесьці прыклад значна ўзьляцеўшых мытаў на легкавыя аўто. Вынікам страты эканамічнага суверэнітэту стала катастрофа эканомікі Беларусі. 

2. Мы страцілі вайсковы суверенітэт.

Стаўшы чальцом АДКБ кіраўнік Беларусі давёў наш вайсковы стан да таго, што мы мусім уводзіць вайсковае становішча, калі нехта з чальцоў вайсковага зьвязу палічыць, што на его зьдзейнены вайсковы напад. Памкнецца Украіна па свой Крым, Расія абвесьціц агресію супроць сябе і мы апынемся ў стане вайны супроць Украіны.

3. На карту пастаўлены палітычны суверэнітэт.

У Маскве, атрымаўшы ордэн А.Неўскага, А.Лукашэнка заклікаў Пуціна далей прасоўвацца па шляху стварэння саюзнай дзяржавы. І жудасны эканамічны стан нашай краіны дае Крамлю ўсе карты, каб Лукакшэнка аддаў і палітычны суверенітэт.

Для мяне ўвачавідкі, што 25 сакавіка мусіць стаць сродкам барацьбы за Незалежнасьць, спробай давесьці да грамадзянаў Беларусі простую рэч: у вас па частках крадуць Незалежнасьць. Праводзяць ампутацыю Незалежнасьці, а каб не было так больна, ужываюць прапагандыскія наркотыкі. Упырсківаюць у мазгі ідэалягемы пра векавое сяброўства, узнаўленне парушаных сувязей, эканамічныя перавагі, памкненне ўсяго свету да нашага хаўруса…

Управа БНФ некалькі тыдняў таму разаслала ў розныя кіраўнічыя структуры Беларусі лісты з патрабаваньнем выйсьці з Эўразійскага хаўруса і АДКБ. Гэтыя лісты трэба перадаць публічна — зладзіць дэманстрацыю.

Акцыя Дня волі 25 сакавіка мусіць мець функцыю дэманстрацыі ўсяму сьвету наяўнасьці ў грамадзянаў нашай краіны памкненьняў абараніць Незалежнасьць: вярнуць эканамічны і вайсковы суверенітэт.

Прычым ня трэба хвалявацца пра колькасьць тых, хто выйдзе на дэманстрацыю. Галоўнае, каб нас пачулі грамадзяне Беларусі, беларусы ўсяго сьвету, цівілізаваная супольнасьць. І ў гэтым будзе перш наперш наша салідарнсьць з Украінай. Бо ўжо Меркель расценьвае захоп расейцамі Крыма і Данбаса, як уз’яднанне немцаў, знясенне Берлінскага мура. І Беларусь, адпаведна яны лічаць часткай Расіі, якая заканамерна ўз’ядноўваецца з імперыяй.

Тое, што для нас ампутацыя Незалежнасьці, тое для Крамля і Берліна трансплантацыя колісь адрэзанага органа.

У ЗША стаяць на нашых пазіцыях.

Ад нас залежыць, як паставяцца ў сьвеце да нашай Незалежнасьці. Лёзунгі Дня волі аб абароне Незалежнасьці, выхаду з АДКБ і эўразійскага хаўрусу, пабудавы самайстойнай і нейтральнай дзяржавы — нашага Дома — Беларусь мусяць перайсці ў прэзыдэнскую кампанію.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.