Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Момант ісціны


Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў. Паэт. Кандыдат у прэзiдэнты Беларусi на выбарах 2010 года. Ініцыятар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць».

Пытанне аб размяшчэнні вайсковай базы ў Беларусі расійскім бокам вырашанае. Прэзідэнт РФ Пуцін даў адпаведнае даручэнне ўраду.

Прэзідэнт РБ Лукашэнка заявіў на гэта, што «нікуды ад Расіі нам не адвярнуць». Адпаведна ён прызнаў, што ў яго няма выйсця. Ці хоча ён падпісваць дамову аб размяшчэнні расійскай абіябазы, ці не хоча — давядзецца падпісаць.

Хто б меў сумнеў.

Але выйсце ёсць. Падаць у адстаўку. Бо калі рашэнні, вызначальныя для лёсу краіны, прымаюцца не табой, ты не можаш, не маеш права быць яе кіраўніком. Трэба сыходзіць. А ўраду, парламенту, грамадству дзейнічаць далей у адпаведнасці з Канстытуцыяй.

«Артыкул 81. Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым пра 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі».

Гэта стала б выйсцем з застою, зацяжнога палітычнага крызісу, выкліканага больш як 20-гадовым знаходжаннем ва ўладзе аўтарытарнага кіраўніка. У звязку з рэальнай небяспекай, якая ўзнікла для Беларусі праз усю папярэднюю палітыку Аляксандра Лукашэнкі, мы маем права патрабаваць ягонай адстаўкі. І трэба зрабіць гэта неадкладна, скарыстаўшы цяперашнюю выбарчую кампанію.

Вось момант ісціны для яе асноўных удзельнікаў, кандыдатаў у прэзідэнты.

Што замінае ім для пачатку заклікаць выбарцаў, сваіх прыхільнікаў на мірную акцыю пратэсту супраць размяшчэння іншаземных вайсковых баз? На масавы мітынг, народную раду, якая прагаласуе «За мірную, нейтральную Беларусь!»

Калі нехта з іх гэта зробіць, я прыду і стану побач, незалежна ад таго, якія і з кім у мяне сёння палітычныя разыходжанні, асабістыя адносіны. Дзеля Беларусі мы ўсе мусім падняцца над усім асабістым — і нам проста неабходна выявіць нацыянальнае адзінства ў супрацьстаянні спробам ператварыць Беларусь у ваенную мішэнь, у плацдарм вайны. Інакш мы не нацыя. Не народ, гатовы адстойваць права быць гаспадаром на сваёй зямлі.

Практыка правядзення нядаўніх пікетаў паказала, што людзі асцерагаюцца браць удзел у недазволеных акцыях, у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Таму трэба, каб на мітынг «За мірную, нейтральную Беларусь!» падаў заяўку і заклікаў на яго сваіх прыхільнікаў нехта з кандыдатаў у прэзідэнты.

Улада, вядома, можа не дазволіць, але тут якраз той выпадак, калі трэба ісці да канца. І не надта разлічваючы на беларускі патрыятызм спадара Гайдукевіча, а тым больш казака Улаховіча, я спадзяюся ў гэтым на Тацяну Караткевіч.

Яна адна заявіла ў сваёй выбарнай праграме, што іншаземным вайсковым базам у Беларусі няма месца. Але заявіць — мала, зараз хто толькі і што толькі не заяўляе. Закліча яна выбарцаў, грамадзян Беларусі на акцыю пратэсту супраць мілітарызацыі нейтральнай Беларусі, скансалідуецца вакол гэтага дэмакратычная супольнасыць — і ўсё ў цяперашняй выбарчай кампаніі стане на свае месцы.

Усе — і кожны.


Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева