Юрась Губарэвіч. ПАЗІЦЫЯ. Супраць расійскіх ваенных базаў — большасць беларусаў

4 кастрычніка 17-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Мінску мае адбыцца сход супраць размяшчэння на нашай зямлі новай расійскай ваеннай базы.

Юрась Губарэвіч. Нарадзіўся 23 лютага, на свята савецкага войска. Але не служыў, бо лепшыя прызыўныя гады прысвяціў вучобе і дэпутацкай дзейнасці. Пасля атрымання адукацыі інжынера-электрыка працягнуў вучобу ў Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце… Украіны. Ужо з дыпломам магістра дзяржаўнага кіравання выйграў выбары ў Белаазёрскі гарсавет, стаўшы амаль на год намеснікам старшыні і кіраўніком дэпутацкай большасці. Працаваў у шэрагу камерцыйных установаў, звязаных з гандлем, выдавецкай і рэкламнай дзейнасцю. У Партыі БНФ ад 1996 году: прайшоў “кар’ерны шлях” ад шараговага сябра да намесніка старшыні. Сёння — першы намеснік старшыні руху “За Свабоду”.

«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне».

Мой подпіс стаіць пад гэтай заявай дэмакратычных сілаў да грамадзян Беларусі. Мэта — “не дапусціць уцягвання нашай краіны ў ваеннае супрацьстаянне, мы павінны прадэманстраваць нашу нацыянальную кансалідацыю і беларускі патрыятызм”.

4 кастрычніка 17-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Мінску мае адбыцца сход супраць размяшчэння на нашай зямлі новай расійскай ваеннай базы.

Чаму я прыйду на гэтую акцыю?

Найперш: размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі іншаземнай ваеннай базы супярэчыць 18-му артыкулу Канстытуцыі Беларусі, паводле якога Беларусь імкнецца да нейтралітэту. Натуральна, паводле літары закону з Беларусі павінны быць выведзеныя і існуючыя ваенныя базы ўсходняй краіны-суседкі.

“Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?” Гэтак сфармулявана злабадзённае чацвертае пытанне з парадку дня “Народнага рэферэндуму”.

У падтрымку яго правядзення падпісалася ўжо 120 тысяч чалавек. Яны як мінімум сумняюцца ў мэтазгоднасці таго, каб у нас стаялі чужыя ваенныя базы.

Па-першае, гэта ператварае Беларусь у мішэнь у выпадку мілітарных канфліктаў. Па-другое, чужынскія войскі могуць быць скарыстаныя супраць існавання незалежнай Беларусі. Тым болей калі свае базы на нашай зямлі мае краіна-агрэсар, якая вядзе ваенныя дзеянні ад Украіны да Сірыі.

Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што за мірную Беларусь выступаюць мільёны беларусаў. Паводле чэрвеньскага даследавання НІСЭПД, толькі 22,4% грамадзян Беларусі станоўча паставіліся да намераў Масквы размясціць у нас сваю авіябазу.

Таму ўдзельнікі сходу 4 кастрычніка — гэта не прадстаўнікі асобных дэмакратычных партый і арганізацый, а выразнікі прынцыповай пазіцыі большасці беларусаў.

Ну і як называць уладу, якая праігнаруе гэтую волю народа?

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».