Уладзімір Падгол. ПРАПАНОВА. Жорны для душы Барадуліна

На магіле не хапае вялікага жорна з метр, а можа і больш у дыяметры. Гэты жорн мусіць быць сталом. На ім можна паставіць чаркі, каб кульнуць за вечную памяць аб геніяльным паэце.

Убачыў фотаздымак магілы Рыгора Барадуліна ды ягонай маці. У суправаджальным тэксце прачытаў:

“Для завяршэньня кампазыцыі не хапае яшчэ двух-трох жорнаў, пра што Глеб Лабадзенка напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Людзі ўжо адгукаюцца, трэба толькі ўзгадніць са скульптарам Ігарам Засімовічам, якія жорны падыдуць па форме, памеры, структуры”.

Хачу параіць “уладарам” магілы дзяцькі Рыгора.

Спачатку кароткая гісторыя. Прыкладна за год да адыхода Рыгора Барадуліна на сустрэчу з Богам я сядзеў у яго кватэры, ля ложка. (Прывёў маладых прыхільнікаў паэзіі, якія завіхаліся на кухне і ў ваннай, рамантуючы Паэту сантэхніку). Зьняможлівы гаспадар захацеў сесьці ў крэсла. Мы разам з жонкай асьцярожна прыўзьнялі яго, пасадзілі. Барадулін дастаў з палічкі бутэльку гарэлкі і раскрыў свой сшытак, дзе быў напісаны верш. Прачытаў мне верш. Потым наліў гарэлкі і прапанаваў мне кульнуць чарку за здароўе. Я спытаў, чаму сабе не налівае, на што Паэт разьвёў слабыя рукі і сказаў шэптам: “Вершы пісаць магу, а піць ужо не…”

Я спрабаваў адмовіцца ад чаркі, але пачуў ад дзяцькі Рыгора: “З гэтай чаркі піў толькі адзін чалавек — Васіль Быкаў…” Я кульнуў тую чарку за здароўе гаспадара і жонкі. Гаспадар-Паэт працягнуў мне сшытак з апошнімі вершамі: “Калі ласка, вазьмі ў падарунак”. Я адмовіўся. Вершы Барадуліна мусяць належаць народу, беларусам.

Зараз, чытаючы пра ўсенародную талаку па ўладкаваньні месца сустрэчы з Геніям паэзіі, гледзячы на фотаздымак, хачу параіць скульптару. На магіле не хапае вялікага жорна з метр, а можа і больш у дыяметры. Гэты жорн мусіць быць сталом. На ім можна паставіць чаркі, каб кульнуць за вечную памяць аб геніяльным паэце. Кульнуць за тое, каб на Беларусі ніколі не пераводзіліся геніяльныя літаратары і прыхільнікі паэзіі.

У сябе ў прыватным музеі “Месца спыненага часу” мне сябры ўсталявалі такі каменны стол, а вакол — жорны-сядушкі. За ім чыталі вершы паэты Уладзіміры Някляў і Арлоў, Алесі Ліпай і Старжынскі. Кулялі чаркі амбасадары Велікабрытаніі, Швецыі, Украіны і Ізраіля, кулялі за нашу літаратуру і літаратараў.

На маім стале-жароне стаіць вялізнае каменнае яйка. Яго падарыла мне мясцовая бабулька. Думаю, што на жорне-стале Барадуліна таксама мусіць стаяць такое ж яйка, як сімвал дасканалай формы і ўрадлівасьці, якой была паэзія Барадуліна.

І апошняя парада.

Аднойчы сябры з мясцовых гаспадароў распавялі мне, што нейкі алігарх ці на Браслаўшчыне, ці ў Нарачанскім крае купіў тысячы жорнаў і ўклаў імі двор свайго маёнтка, як паркет. Я не бачыў таго відовішча, але, уяўляючы як па жорнах топчуцца, рабілася ніякавата. І вось з фотаздымка на магіле Барадуліна убачыў тое. Жорны — на зямлі, закутыя ў бятон.

У маім “Месцы спыненага часу” звыш сотні жаронаў. І ніводзін не ляжыць на зямлі. Яны — ці на калодах, ці так падвешаны, як быццам лятуць. Сотні гадоў тымі жорнамі малолі зерне. Сотні гадоў пралівалі пот над імі. Кожны жарон годны быць помнікам нашым продкам. І не нагамі яго таптаць, а вокам лашчыць ды працавітых продкаў узгадваць.

Душа Паэта, што тыя жорны ды печ адначасова. Душа Паэта перамолвае зерне жыцця ды пячэ хлеб для душаў людзей і для асалоды Бога. Калі вырашылі, каб на магіле Паэта былі жорны, тады трэба тыя чароўныя камяні праўзняць над зямлёй. Ім пачэсней быць бліжэй да неба і Творцы. Нятрэба хадзіць па іх. Пакласьці жорны пад ногі, гэта як выслаць вакол магілы паэта каменныя кнігі — помнікі паэзіі.

У Швэцыі ў Стакгольме адна з цэнтральных вуліц — пешаходная, пасярэдзіне яе вялікімі літарамі выкладзены словы з твораў геніяльнага нацыянальнага літаратара.

Прыйдзе час, калі ў цэнтры Менска вуліцы з прозьвішчамі камуністычных ідэёлагаў і тэрарыстаў пераназавуць імёнамі нашых літаратараў, выкладуць радкамі з твораў нашых геніяльных творцаў. І ногі мінакоў будуць паважліва абмінаць іх.

Цела Паэта аддалі зямлі. Яго душа скіравалася да Бога. Жорны продка Барадуліна маглі б стаць прыступкамі на шляху ягонай душы — лесвіцай у неба. Душа паэта мае права крочыць па жорнах дзеда-млынара Андрэя Галвіньша. Душа Паэта мусіць крочыць да Бога поруч з душой продка. Толькі так іх прыме Творца. А для нас можна было б ля магілы паэта ўтварыць сьцяну з геніяльных радкоў — помнік старонкам ягоных кніг.

 

Уладзімір Падгол

Уладзімер Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.