Павел Севярынец. БЕЛАРУШЧЫНА. Курсы “Дыджэяў Адраджэння”

Расея, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць.

Павел Севярынец

Павел Севярынец. Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

26 студзеня ў Менску а 18.00 на ”Арт-Сядзібе” ( пр. Незалежнасці, 58, офіс 430) пачнуцца адноўленыя курсы Дыджэяў Адраджэння.

Курсы Дыджэяў — гэта праграма для падрыхтоўкі актыўных грамадскіх лідэраў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца асобы, якія могуць праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць завадатарамі кампаніяў ды рухаў, крэатывіць у галіне PR — і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення. Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне, разгарнуць цэлы спектр уласных талентаў — а яны у кожнага свае.

Кшталтаванне вядзецца па некалькіх кірунках: беларускі менталітэт, гісторыя і тэорыя беларусізацыі, як правільна выступаць, як трымаць увагу аўдыторыі, як пераконваць і натхняць людзей, інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні.

Будучыя дыджэі адпраўляюцца, так бы мовіць, “з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб праводзіць там “Шоў беларушчыны”, камандай робяць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць квэсты ды гульні.

Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ дыджэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту 26 студзеня. І 12 лепшых — паводле гэтага рэйтынгу — урэшце становяцца пераможцамі курсаў.

Фактычна, на выпрабаваньнях 1 бал налічваецца за кожнага чалавека, які прыняў удзел у імпрэзе. Летась, падчас дыджэйскай гонкі пераможцы — экскурсавод Павел Дзюсекаў і кіраўнік інтэрнэт-крамы “Імбрык бай” Алесь Мазанік — мелі па 2189 і 2037 балаў адпаведна. Паўлу, каб перамагчы, давялося арганізаваць больш як 90 віктарынаў у менскіх школах, а гэта, пагадзіцеся, цэлая асветніцкая хваля.

Пачыналася ўсё ў 1999-м у “Маладым фронце”. За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана 109 дыджэяў. Сярод іх — кіраўнікі “Маладога фронту” Зміцер Хведарук і Наста Палажанка, лідэры “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч і “Альтэрнатывы” Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова, Павел Пракаповіч, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадзкія “зоркі” Андрэй Кім, Алесь Мазанік, Павел Дзюсекаў, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты Кастусь Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч...

Курсы Дыджэяў Адраджэння — гэта элітная праграма экстрым-кшталтавання. Расея, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбны духоўны гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне лідэрскіх і інфармацыйных тэхналогій, выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай дыджэяў “са стажам”.

Дыджэйскія курсы — гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў самастойных высілкаў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць бачанне і згуртавацца з аднадумцамі й паплечнікамі.

Так што запрашаем: аўторак, 26 студзеня, 18.00, “Арт-Сядзіба”.

Зразумела, бясплатна.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.