Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Няўжо будуць зрухі?

У мяне на душы свята: агульнагарадская камунальная дыспетчарская 115 на сёмы дзень выканала маю заяўку. Без напаміну! З першага званка!

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У мяне на душы свята: агульнагарадская камунальная дыспетчарская 115 на сёмы дзень выканала маю заяўку. Без напаміну! З першага званка!

Заяўка тычылася не кватэры, нават не дома, а нашага агульнага з суседзямі двара. Водаканал зліквідоўваў прарыў цепласеткі. Увосень раскапалі, увесну засыпалі. Пры гэтым з зямлі аказалася вывернутай металічная, звараная з труб спаруда тыпу для сушкі бялізны. Кожная з труб заканчвалася магутнай цэментнай бабай.

Гэтае страхоцце пасля сканчэння работ грувасцілася ля дзіцячай пляцоўкі і псавала эстэтычны выгляд не надта азялененага двара.

Ляжала тыдзень, ляжала два, а ў нейкі цудоўны дзень яе не стала. Відавочна, бамжы разбілі цэмент і здалі метал у будку прыёму другаснай сыравіны. (Там прымуць усё, нават крышкі ад каналізацыйных люкаў.) Засталіся, аднак, непад’ёмныя груды цэменту, якія і вымусілі мяне набраць нумар 115.

На добры толк, павінен быў звезці дваровае збудаванне мясцовы ЖЭС. А каму там трэба? Уборшчыцы не скажуць, майстры свае ўчасткі не аглядаюць. Апатычнае насельніцтва пазірае пад ногі, азадачанае выключна асабістым. У нас на 8-м паверсе пяты год стаяць нечыя старыя аконныя рамы. На пляцоўцы шэсць кватэр. Таксама нікога не хвалюе.

На 13-м тэхнічным паверсе нашага “слупка” размясціліся якіясь фірмы і нават паспелі аформіць плошчу агульнага карыстання як прыватную ўласнасць. Лесвіца да іх перакрыта жалезнымі дзвярамі і абсталявана сістэмай відэаназірання. Ніхто з жыхароў дома туды доступу не мае. Кожны год я бяру мятлу і вялікі мяшок, настойліва цісну на кнопку ды выграбаю з верхатуры горы акуркаў, смецця і бутэлек.

З падвальнымі памяшканнямі такая самая загадкавая гісторыя. Цеплавыя магчымасці дома яўна не разлічаны на блатных падсяленцаў. А яны як у Бога за пазухай, кантралёраў няма...

Каму скардзіцца? ЖЭСу? “А не мы іх туды пускалі.” ЖРЭА-2 Фрунзенскага раёна? У яго самога рыльца ў пушку. Нездарма кіраўніцтва мяняецца са здзіўляючай аператыўнасцю.

Сваю гаспадарчую службу сталіца намерылася вывесці з тупіка. Хаця яе туды можна было б і не заганяць… Паглядзім, як сябе далей зарэкамендуе кантактны цэнтр 115 і наколькі ў галіны хопіць рэсурсаў выконваць заяўкі двухмільённага горада.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.