Фільтруй FM-эфір!



Журналістцы менскай FM-радыёстанцыі “Юністар” Яне Каменскай прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні за агучаную ў эфіры інфармацыю, што не спадабалася адміністрацыі прэзыдэнта. На думку самой журналісткі, гэта ёсьць прыкладам таго, наколькі свабоднымі зьяўляюцца сёньня ў Беларусі журналісты.





Падставай для звальненьня стала ўласная інфармацыя радыёстанцыі наконт аб’яднаўчага зьезду двух моладзевых саюзаў Беларусі. Карэспандэнта “Юністара”, як і ўсіх астатніх недзяржаўных СМІ, не пусьцілі ў канцэртную залю “Менск”, дзе праходзіў зьезд. Атрыманая раней акрэдытацыя была без папярэджаньня скасаваная за дзень да зьезду — на той падставе, што там чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, радыёстанцыя, якая мусіць прапагандаваць моладзевую палітыку, засталася без інфармацыі.





Радыё “Юністар” — сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства. Заснавальнікам зь беларускага боку выступае Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, і ўся ідэалёгія станцыі найперш скіраваная на студэнтаў і вучняў. Прытым, дзяржаве належыць кантрольны пакет акцыяў радыё, і таму тэрмін “недзяржаўнае” наўрад ці можна аднесьці да “Юністара”. Гэта і агучыла ў выпуску навінаў Яна Каменская: “Паколькі наш карэспандэнт апынуўся ў чорным сьпісе не дапушчаных журналістаў, трэба думаць, што ў адміністрацыі прэзыдэнта альбо ня ведалі, што мы якраз зьяўляемся дзяржаўным радыё на 51%, альбо там ужо склалася пэўнае нэгатыўнае меркаваньне наконт нашай iнфармацыйнай палiтыкi. Бо раней мы ўжо давалi куды больш вострыя палiтычныя навiны i, хутчэй за ўсё, гэта i сталася апошняй кропляй у келiху ўладнага трываньня. Бо цяпер на радыё ўведзеная жорсткая цэнзура”.





Ужо праз 10 хвiлiн пасьля эфiру iнфармацыя пра скандал на зьезьде Беларускага рэспублiканскага саюзу моладзi зьявiлася на сайце “Хартыi-97”, прычым са спасылкай на “Юнiстар”. А праз чатыры дні пасьля зьезду міністар інфармацыі Беларусі Падгайны запрасіў да сябе галоўных рэдактараў усіх недзяржаўных радыёстанцыяў, каб паразмаўляць пра вяшчаньне кожнай зь іх. Там і было заяўлена, што інфармацыя, акая гучала на “Юністары”, не адпавядае рэчаіснасьці.





“Я нават скажу больш. Як было мне потым заяўлена, яна ўвогуле iлжывая. Але я ня першы дзень працую. Па-першае, iнфармацыя была зь першых вуснаў, i па-другое, калi ў СМI зьяўляецца iнфармацыя, якая сапраўды не адпавядае рэчаiснасьцi, любы журналiст ведае, што зацiкаўлены бок умомант рэагуе патрабаваньнем яе абвергнуць. — гаворыць Я.Каменская. — Але нi ад аргкамiтэту зьезду, нi ад адмінiстрацыi прэзыдэнта такiх патрабаваньняў не было. I натуральна, што нiякага абвяржэньня не гучала i на нашым радыё”.





Гісторыя зацягнулася амаль на месяц з тае прычыны, што з 11 верасьня журналістка была ў адпачынку: “А як выйшла зараз, на гэтым тыднi, даведалася, што мяне няма ў працоўным графiку, то бок я цалкам пазбаўленая магчымасьцi працаваць. I генэральная дырэктарка нашага радыё спадарыня Iсачкіна паведаміла мне, што я безадказная асоба, падставiла пад сур’ёзныя непрыемнасьцi ня толькi радыёстанцыю, але i ўвогуле БДУ. I яна ня бачыць для мяне iншага выйсьця, як напiсаць заяву па ўласным жаданьнi”.





Гэта першы выпадак звальненьня журналіста FM-эфіру па палітычных матывах пасьля закрыцьця Радыё-101,2. Усе FM-радыёстанцыі Беларусі, баючыся за ўласную будычыню, даволі сьціпла асьвятляюць дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў і апазыцыі. Некаторыя ўвогуле пазьбягаюць палітычнай інфармацыі, нават зь дзяржаўных крыніцаў. Бо прапагандуючы палітыку Лукашэнкі, можна застацца без рэклямадаўцаў, а распавядаючы пра апазыцыю — безь ліцэнзіі на вяшчаньне.





Радыё Свабода