Стэфан Эрыксан: у Беларусі ёсць пэўныя недахопы, над якімі трэба працаваць

У інтэрв’ю «Белорусским новостям» дыпламат расказаў пра свае планы на пасадзе кіраўніка дыпміссіі, пра перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Швецыяй, а таксама пра тое, чаму...

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан вядомы сваім паважлівым і трапяткім стаўленнем да беларускай мовы. Калі толькі дамаўляліся пра інтэрв’ю, ён адразу паставіў умову: «Размаўлять будзем толькі па-беларуску». У інтэрв’ю «Белорусским новостям» дыпламат расказаў пра свае планы на пасадзе кіраўніка дыпміссіі, пра перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Швецыяй, а таксама пра тое, чаму да гэтага часу не мае блога ў інтэрнэце.

Стэфан Эрыксан

— У сувязі з чым Швецыя вырашыла пашырыць сваё прадстаўніцтва на Беларусі?

— Я павінен сказаць, што гэтае пытанне было прынцыпова вырашына даўно. Яшчэ ў 2000 годзе шведскім урадам было вырашана адкрыць пасольства ў Беларусі. На жаль, спатрэбілася восем гадоў, каб ажыццявіць гэтае рашэнне. Гэта звязана з тым, што ў нас пастаянна ідзе абмеркаванне ў МЗС і ў нашым парламенце, дзе Швецыя павінна быць прадстаўлена. На жаль, грошай не хапае, каб быць па ўсім свеце. Былі фінансавыя абмежаванні, з-за якіх гэтае рашэнне ажыццяўляецца толькі зараз. Але самае галоўнае, я лічу, што мы ўсё ж такі адкрываем наша пасольства. Я лічу, што гэта дастаткова натуральна, што Швецыя, якая фактычна з'яўляецца суседняй краінай для Беларусі, мае сваё прадстаўніцтва тут. Мы маем каля 100 пасольстваў і прадстаўніцтваў у свеце.

— Вы сталі першым амбасадарам Швецыі ў Беларусі. Якія асноўныя мэты вы ставіце перад сабой на гэтай пасадзе?

— Так, я першы пасол, які жыве і працуе непасрэдна ў Беларусі. Былі іншыя паслы, якія працавалі з Масквы. Павінен сказаць, што напачатку ў мяне шмат практычных пытанняў, якія я павінен вырашыць. Найперш трэба стварыць пасольства, якое б функцыянавала. Трэба прыняць швецкіх супрацоўнікаў, трэба знайсці беларускіх супрацоўнікаў, трэба вырашыць пытанне з нашым будынкам. Мы пакуль знаходзімся тут, але ў перспектыве будзе новае месца. Акрамя практычных пытанняў, ёсць задачы, якія я стаўлю перад сабой. Калі казаць коратка, дык гэта — развіваць усе нашы сувязі. Каб напачатку ў нас пачаў працаваць візавы адзел, каб мы маглі самі выдаваць візы. Зараз мы гэта робім праз Маскву. Але мы павінны ажыццяўляць усе гэтыя функцыі самі. Гэта вельмі важная паслуга для беларускіх грамадзян. Трэба, каб ім было лягчэй атрымліваць шведскія і шэнгенскія візы.

Канешне, гэта і палітычныя кантакты, эканамічныя, культурныя і грамадзянскія сувязі. Мы павінны ведаць адзін адного лепей. Пасольства тут не можа вырашыць усе пытанні, канешне. Але наша галоўная задача — спрыяць працэсу пашырэння гэтых сувязей.

— А калі плануецца адкрыць візавы адзел?

— Візавы адзел будзе працаваць у любым выпадку як было дагэтуль. Калі мы зможам самі прыняць рашэнне па выдачы віз тут у Менску, залежыць ад вырашэнны тэхнічных пытанняў. Але гэта будзе хутчэй за усе ў пачатку наступнага года. Пераезд у новы будынак таксама плануецца на пачатку наступнага года.

— Як ацэньвае ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі кіраўніцтва Швецыі?

— Я думаю, што цяжка шведскаму ўраду даваць ацэнкі ўнутрапалітычнай сітуацыі ў другой краіне. Хачу падкрэсліць, што Швецыя — не толькі шведскі ўрад, але і грамадства — заўжды неабыякава ставілася да таго, што адбываецца ў свеце. Калі сітуацыя, што датычыцца правоў чалавека і дэмакратыі ў нейкай краіне, не адпавядае тым міжнародным стандартам, пра якія ёсць дамовы ў міжнародных арганізацыях, то нам звычна пра гэта гаварыць. Гэтак сама мы заўжды гатовы паслухаць крытыку наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Швецыі, каб мы змаглі устраніць нашыя уласныя недахопы.

Наш урад нейкім чынам таксама рэагуе на погляды нашага грамадства. І нашаму грамадству зараз здаецца, што ёсць пэўныя недахопы ў Беларусі, над якімі трэба працаваць. Мы спадзяемся, што будзе нейкі станоўчы рух у гэтай галіне, і гэта датычыцца ня толькі выбараў. Ёсць некаторыя прыклады, якія, мне здаецца, даволі відавочныя і не зусім адпавядаюць стандартам дэмакратыі. Напрыклад, вядомы артыкул 193-1, па якім чалавек можа быць асуджаны за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Альбо сітуацыя з незалежнымі СМІ, большая частка з якіх не мае магчымасці свабодна друкавацца, свае распаўсюджанне арганізаваць. Па гэтых пытаннях, мне здаецца, трэба Беларусі папрацаваць і змяніць сітуацыю.

Наш шведскі вопыт гаворыць аб тым, што толькі адкрытае дэмакратычнае грамадства зможа паспрыяць паўнавартаснаму развіццю краіны. Тое развіццё, якое мела Швецыя за апошнія 100 гадоў, шмат у чым залежала ад таго, што былі і ёсць вельмі актыўныя і моцныя арганізацыі — палітычныя партыі, незалежныя прафсаюзы, іншыя недзяржаўныя арганізацыі. Яны падштурхоўваюць наш урад, нашу ўладу прымаць правільныя рашэнні. Як гавораць, што толькі ў спрэчцы нараджаецца ісціна. Па нашым вопыце, павінен быць нейкі баланс паўнамоцтваў улады і грамадства, павінен быць нейкі кантроль з боку грамадства над уладай. Дзякуючы гэтаму можна атрымаць паўнавартаснае развіццё краіны.

— Як вы ацэньваеце сучасны ўзровень стасункаў паміж Беларуссю і Швецыяй? Які патэнцыял яны маюць?

— Я хачу сказаць, што нашы стасункі развіваюцца даволі актыўна. Што датычыцца эканамічных сувязей, яны, канешне, пакуль не адпавядаюць рэальнаму патэнцыялу з улікам блізасці нашых краін. Мы бачым, якое эканамічнае развіццё мы мелі з балтыйскімі краінамі за апошнія 10 гадоў. Лічу, што падобны патэнцыял ёсць і з Беларуссю.

Нядрэнна таксама развіваюцца культурныя сувязі. Ёсць цікавасць шведскага боку, каб паказваць шведскую культуру, з'явы шведскай культуры, што мы і робім даволі рэгулярна. Чалавечыя і грамадзянскія сувязі таксама развіваюцца.

Палітычныя сувязі маглі б і павінны таксама развівацца. Яны ёсць, але маглі б стаць і лепей.

— А ці ёсць сумесныя эканамічныя праекты паміж Швецыяй і Беларуссю?

— Ёсць шмат праектаў. Есць шведскі завод «Bahco Bisov», які існуе шмат гадоў тут. Есць іншыя праекты, дзе шведскія фірмы прымаюць удзел. Шмат супрацоўніцтва ў галіне праграмавання, дзе шведскія фірмы супрацоўнічаюць з беларускімі партнёрамі. Ёсць і іншыя праекты, якія зараз нараджаюцца. Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час яны ўжо ажыццявяцца.

— Беларусь намагаецца палепшыць інвестыцыйны клімат. Як вы лічыце, ці паспрыяе гэта таму, што шведскія бізнесоўцы актыўней пойдуць працаваць у Беларусь?

— Можна было вызначыць, што у першай палове гэтага года інтарэс з боку шведскіх прадпрыемстваў да Беларусі вырас значна. Лічу, што гэта звязана з тым, што інвестыцыйнае заканадаўства пачало рэфармавацца у гэты час. Канешне, гэта мае значэнне, якія ўмовы, якія законы існуюць у краіне. Тут нядаўна абмяркоўвалася пытанне па імпарту, па абмежаванню прыбытку імпарцёраў. Узнікла нейкае недаўменне з боку шведскіх — і не только шведскіх — фірм, але, як я разумею, усе ж такі гэтая пастанова была зменена і зараз не будзе так перешкаджаць развіццю гандлю. Таму што ў першапачатковым выглядзе там узнікала шмат праблемаў.

— Напрыканцы тыдня ў Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары. Як вы ацэньваеце ход бягучай кампаніі? Як вы ставіцеся да заклікаў часткі беларускай апазіцыі да байкоту выбараў? Ці патрэбен байкот?

— Трэба зазначыць, што ёсць некаторыя пазітыўныя крокі, якія трэба адзначыць. Запрошаны назіральнікі. Былі некаторыя праблемы з рэгістрацыяй кандыдатаў, але па большай частцы амаль усе кандыдаты ўрэшце рэшт былі зарэгістраваны. Гэта дае надзею, што былі шчырымі выказванні беларускага кіраўніцтва наконт таго, што сапраўды жадаюць, каб гэтыя выбары былі больш дэмакратычнымі, больш празрыстымі, чым раней. Застаюцца яшчэ пытанні вельмі важныя. Гэта, напрыклад, пытанне прысутнасці назіральнікаў пры падліку галасоў. Пакуль у мяне няма інфармацыі, што сапраўды назіральнікі рэальна змогуць прысутнічаць пры падліку галасоў. Гэта самае галоўнае. Без удзелу назіральнікаў у гэтым працэссе, я бачу, што будуць праблемы. Ёсць праблемы з датэрміновым галасаваннем. Я спадзяюся, што яны будуць вырашыны, што будзе асобны падлік галасоў з датэрміновага і асноўнага галасавання. Гэта прынцыпова вельмі важныя пытанні. Калі будзе паказана воля з боку беларускага кіраўніцтва вырашыць гэтыя пытанні, гэта было б вельмі важна. І гэта змагло бы стаць крокам да нармалізаціі адносін паміж Эўропай і Беларуссю.

Хто хоча заклікаць да байкоту, то няўдзел у выбарах — гэта таксама права грамадзян у дэмакратычнай краіне. Нельга прымусіць людзей прыняць удзел. Канешне, у Швецыі традыцыя, што мы большай часткай прымаем удзел у выбарах. Мы лічым, што гэта адна з асноўных магчымасцей паўплываць на дзяржаўную палітыку. Можна разумець, што хтосьці лічыць, што ягоны голас не мае значэння. Але прынцыпова наша пазіцыя ў тым, што трэба прымаць удзел. Каб зафіксаваць некія недахопы, трэба спачатку прыняць удзел. Па-іншаму будзе цяжка гэта зрабіць.

— Прэзідэнт зазначыў, што гэтыя выбары — самыя празрыстыя і дэмакратычныя, якія калі-небудзь праводзіліся ў краіне. Ён таксама зазначыў, што калі Захад не прызнае вынікі гэтых выбараў, то дыялог паміж Беларуссю і Захадам будзе канчаткова спынены. На вашу думку, наколькі верагодна, што Эўрасаюз прызнае гэтыя выбары дэмакратычнымі?

— Зараз вельмі цяжка нешта гаварыць, таму што мы не ведаем, як самая галоўная частка выбараў пройдзе — гэта як раз дзень галасавання і падлік галасоў. Я лічу, што ўсё будзе залежаць ад тага, як усе пройдзе ў гэты дзень. Нейкія высновы можна будзе рабіць толькі пасля гэтага дня.

— Як развіваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Швецыяй у галіне культуры?

— Я лічу, што культурны напрамак развіваецца вельмі добра. У нас ёсць добрая падтрымка з боку Шведскага інстытута. Мы рэгулярна праводзім розныя культурныя мерапрыемства. Будзем і далей працаваць у гэтай галіне. Гэта, канешне, літаратура, кіно, музыка. Я лічу, што вельмі важна, каб беларусы больш ведалі пра Швецыю і шведскую культуру. Канешне, ёсць людзі, якія шмат ужо ведаюць. Але я лічу, што гэтыя культурныя імпульсы, культурны ўзаемаабмен вельмі важны і патрэбны. Якраз ад гэтага можа ўзнікнуць некае ўзаемнае паразуменне. Калі ў нас адсутнічае поўнае разуменне адзін аднаго ў палітычных, эканамічных і іншых пытаннях, а культура ўсё ж такі аб'ядноўвае людзей, таму патрэбна расшыраць гэтыя сувязі.

— Раней у Мінску былі прадстаўлены пераклады на беларускую мову кніг Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карласан з даху» і «Піпі-Доўгаяпанчоха». Можа, вы ведаеце, ці плануюцца пераклады новых твораў Ліндгрэн?

— Я вельмі спадзяюся, што мы зможам далей працаваць з перакладамі на беларускую мову не толькі дзіцячых шведскіх кніг, але і іншых твораў з улікам станоўчай рэакцыі на выхад першых перакладаў. Гэта нам дало натхненне працягнуць гэту працу. Гэта няпростая праца. Пераклад кнігі займае шмат часу. Але мы абавязкова будзем старацца прадстаўляць новые шведскія кнігі для беларускіх чытачоў.

— А што ведаюць пра Беларусь простыя шведы?

— Нейкая праўда ёсць у выказваннях аб тым, што простыя шведы даведаліся пра Беларусь, калі ваша краіна выйграла хакейны матч на алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці. Калі мы так нечакана прайгралі, тады людзі зразумелі, што ёсць такая краіна — Беларусь. Жарт жартам, але, я лічу, што гэта сапраўды дапамагло, каб шведы даведаліся пра Беларусь.

Шмат нашых грамадзян цікавяцца ўвогуле тым, што адбываецца на свеце ў розных краінах. Калі сітуацыя з правамі чалавека выклікае нейкія пытанні, то людзі ангажыруюцца гэтым. Таму, канешне, ёсць нейкая частка людзей у Швецыі, якая лічыць, што ў Беларусі ёсць недахопы ў тым, што датычыцца гэтых пытанняў.

Шведы маглі б ведаць і больш пра Беларусь. На жаль, не ўсе ведаюць, што шмат вядомых людзей нарадзілася на беларускай зямлі — шмат людзей, якія зараз звязаны з культурай і палітыкай іншых краін. Не ведаюць, што шмат ізраільскіх палітычных дзеячаў нарадзілася на беларускай зямлі, што Марк Шагал быў таксама беларускім мастаком, што ёсць шмат пісьменнікаў, якія жылі тут.

— Як развіваюцца нашы адносіны ў сферы турызму? Колькі беларускіх турыстаў выязджаюць штогод у Швецыю і колькі шведаў прыязджаюць сюды?

— Дакладнай статыстыкі ў мяне няма. Есць шмат людзей, якія ездзяць у госці да сяброў. А турфірмаў, якія арганізуюць туры, пакуль у нас няшмат. Але хачу зазначыць, што мы год таму пачалі супрацоўніцтва с некалькімі турагенцтвамі. Магу сказаць, што есць беларусы, якія едуць у Швецыю як турысты. І есць шведы, якія сюды едуць. Тут патрэбна працаваць. Я ўпэўнены, што у Швецыі есць, што паказаць беларусам. А пасля трох гадоў працы ў Беларусі магу падцвердзіць — есць, што паказаць шведам у Беларусі. Трэба гэта развіваць. Будзем думаць, як гэта рабіць.

— Некаторыя вашыя калегі-амбасадары гавораць, што менавіта ваш прыклад падштурхнуў іх да вывучэння беларуская мовы. Так адбылося з амбасадарам Велікабрытаніі Найджэлам Гулд-Дэвісам. Але ж спадар Гулд-Дэвіс стаў першым амбасадарам у Беларусі, які пачаў весці свой блог у інтэрнеце. Ці не плянуеце вы ўзяць з яго прыклад і таксама завесці свой блог?

— Ведаеце, наш міністр замежных спраў Карл Більдт — вельмі сучасны чалавек. Ен мае такі блог. І ен заклікае ўсіх супрацоўнікаў нашаго МЗС так зрабіць. Але пакуль што ў мяне гэта не атрымліваецца. Відаць, не хапае часу. Абяцанне я пакуль не магу зрабіць. Я разумею, што гэта вельмі цікава. Але пакуль раю ўсім пачытаць блог нашага міністра.