Политика

Навагодні відэазварот Аляксандра Мілінкевіча да беларусаў

Дарагія суайчыннікі, шаноўныя сябры!

Надышлі вельмі светлыя сямейныя святы. На Каляды і Новы Год мы ўзгадваем сваіх продкаў, сваякоў, ранейшыя святкаванні, спрабуем прыдумаць штосьці адметнае і ў гэты раз.

Мы адзначаем гэтыя зімовыя святы, як святы надзеі, як святы адраджэння і любові.

Гэтыя дні запрашаюць нас кінуць позірк назад, паглядзець наперад, падвесці пэўны вынік пад сваімі дзеяннямі, ацаніць, што мы можам далей рабіць для сябе, сваіх сем’яў, сваёй краіны.

2008 год быў няпростым. Ён прынёс новыя выклікі. Беларусь знаходзіцца ў крызісе. Мы ўсе ведаем, што ён мае як знешнія, так і ўнутраныя прычыны. Наступствы крызісу нашай дзяржавы павінны вырашацца праз лібералізацыю эканомікі, дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця, праз нацыянальную еднасць і дыялог.

Мінулы год даў нам надзею. Адбыліся пэўныя пазітыўныя змены. Улада Беларусі вызваліла палітычных вязняў. Ёсць пэўныя станоўчыя зрухі ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, публічна прызнаецца неабходнасць лібералізацыі і абароны правоў чалавека. Сітуацыя зрушыла з мёртвай кропкі. Гэта толькі першыя крокі. Нам неабходна зрабіць перамены незваротнымі.

Задача беларусаў у гэты пераломны час — падтрымаць дзеянні па захаванні незалежнасці і дэмакратычным рэфармаванні нашай дзяржавы. Трэба крок за крокам пашыраць прастору для свабоды, годнасці і рэалізацыі нашых законных правоў. Трэба дзейнічаць дзеля будучыні. Еўрапейскай будучыні нашай краіны.

Нам Беларусам вельмі важна зразумець, што толькі мы самі можам штосьці памяняць да лепшага. Нам трэба падняць галаву, разбурыць страх, паверыць у сябе. Гэта вельмі важна. Мы працавіты народ і вельмі адукаваны. І ў нас добрыя шансы адказаць на выклікі, пераадолець любыя перашкоды. Я шчыра веру ў лепшую будучыню Беларусі. Яна ствараецца тут і зараз, нашай верай, дзеяннямі і салідарнасцю.

Дарагія суайчыннікі! Ад шчырага сэрца жадаю чалавечага, сямейнага шчасця ўсім вам. Жадаю веры, моцы, цяплыні, любові, большай упэўненасці ў сабе, сваіх сілах, у будучыні дзяцей, каб яны былі здаровыя, каб адчулі сябе на сваёй зямлі, каб памяталі продкаў, каб верылі ў нашую супольную будучыню.

З Новым Годам! Жыве Беларусь!

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева