Другие материалы рубрики «Политика»

  1. Сто тысяч на площади. Боятся ли белорусские власти ремейка весны-91?
    Тогда коммунистическая власть была тотально слаба, ныне же Лукашенко демонстрирует решимость безжалостно подавлять любой серьезный бунт…
  2. Карабахский кризис. Миротворческая миссия Минска может ограничиться вывеской
    Несмотря на то, что группа ОБСЕ по решению карабахского конфликта до сих пор называется Минская, ее встречи уже давно проходят в Вене.


Политика

Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 1. Слова пра калег і сяброў

 

Як паведамлялі «Белорусские новости», у Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці», у якой распавядаецца пра падзеі 1990-1991 гадоў і іх уплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Прапануем урыўкі з кнігі — раздзелы, напісаныя Зянонам Пазьняком, — са згоды аўтара.

У Варшаве ў выдавецтве «Беларускія Ведамасьці» выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці». Крыху пажыўшы на сьвеце, аж так, што пачынаеш азірацца назад, заўважаеш, як добра збудавана прырода чалавека. Мінае час, і ў памяці застаецца толькі добрае, сьветлае, дарагое. Памяць несьвядома дастае зь мінулага сьветлыя часіны, цёплыя карціны, абліччы і вобразы, якія саграваюць далейшае існаваньне. Наша асабістая чалавечая гісторыя асьвятляе нам шлях, і каб нам лепш было па ім рухацца, памяць выключае дрэннае з галавы.

Час у Вярхоўным Савеце быў надзвычайна цяжкі для мяне. Я ня ведаў ні адпачынку, ні выхадных усе больш чым пяць з паловай гадоў. Але засталося з тых часоў у памяці самае сьветлае, што грэе душу. Асабліва нашае салідарнае сяброўства.

За жыцьцё я найбольш удзячны сваёй маці, бабулі і ўсім дарагім сябрам, якіх у мяне было і ёсьць шмат. У дэпутацкай Апазыцыі я не заўважаў у нас нейкіх асабістых асаблівых прыхільнасьцяў ці прыярытэтаў. Мы ўсе былі адзін ад аднаго трошкі на адлегласьці, і ўсе былі сябрамі. Гэта было такое калектыўнае сяброўства аднадумцаў, якое нам удалося захаваць праз увесь час нашае працы і змаганьня. Цяпер, з далечыні і гістарычнай, і геаграфічнай, я ўспамінаю кожнага зь іх такімі, якімі былі яны (мы) усе 20 гадоў таму.

Мікола Аксаміт з Ваўкавыску — заўсёды спакойны і ўраўнаважаны, добра валодаў лагічнай аргумэнтацыяй, любіў абапірацца на факты, быў сьціплым чалавекам і змагаром. Ён не гаварыў шмат, ніколі не павышаў голасу, але агульную пазыцыю ведаў надзейна і цягнуў яе, не саступаючы.

Віктар Алампіеў зь Пінску добра разьбіраўся ў эканоміцы, у сацыяльных пытаньнях. Умеў на сэсіях лягічна даводзіць патрэбную аргумэнтацыю, часам нягледзячы на сваё абурэньне. Мне прыходзілася езьдзіць разам зь ім і Іосіфам Сярэдзічам у Пінск да іхных выбаршчыкаў, якія выказвалі ім павагу і поўную падтрымку.

Валянцін Голубеў — вясёлы прыемны малады чалавек са звонкім голасам і гумарам («апазыцыйны салавей», як жартам называла яго намэнклятура). Валянцін сапраўды быў нашым салаўём, разумным і актыўным, лёгкім на ўздым, добрым выступоўцам у дыскусіях, цьвёрдым перамоўцам у міжнародных пытаньнях (уваходзіў у Камісію па міжнародных справах, пазьней займаў пасаду сакратара камісіі).

Мікалай Крыжаноўскі з Жодзіна — старэйшы за нас многіх, найсумленьнейшы чалавек, як кажуць пра такіх людзей. Добра ведаў эканоміку, разьбіраўся ў сістэме ўлады, умеў рабіць адэкватны аналіз і ўсё прапускаў праз сэрца; за ўсё, што нам на Беларусі марнавалі, трацілі, глумілі, ён перажываў. Гэта было відаць па ім адразу.

У палітыцы (у нашай палітыцы) патрэбныя былі людзі, якія з поўным правам маглі сказаць намэнклятурнаму апанэнту «Як вам ня сорамна!». І вінаваўцу цяжка было на гэта нешта сказаць.

Сяргей Навумчык — дэпутат з нашай фронтаўскай моладзі, але сталы па розуму; чалавек па прыродзе сваёй вясёлы, роўны, як кажуць пра такіх людзей, — пазытыўны, прытым валодаў прафэсійным уменьнем пяра. У палітыцы меў здольнасьць (перанятую, відаць, ад журналістыкі) апынуцца там, дзе трэба, у патрэбным месцы, дзе былі важныя падзеі, і акуратна прадстаўляць фронтаўскія інтарэсы. Па прыродзе ён чалавек дабразычлівы і абсалютна не агрэсіўны. Тым ня менш, аднойчы, выйшаўшы з залі сэсіі ў фае, ён убачыў, што наверх падымаецца Жырыноўскі. Ня доўга думаючы, Навумчык спусьціў яго зь лесьвіцы. (Сьведкам і ўдзельнікам гэтага інцыдэнту быў наш інтэлігентны да шпіку ў касьцях Пётра Вікенцевіч Садоўскі.) Скаціўшыся ўніз, маскоўскі блазен доўга лямантаваў, што «заберет Белоруссию» і Навумчыка «повесит на первом столбе».

Навумчык быў блізкі да Васіля Быкава, ён адзін з тых людзей, якія спрыялі вялікаму пісьменьніку ў час знаходжаньня яго за мяжой.

Пётра Садоўскі — чалавек добра вядомы ў вучоных колах, эрудыраваны і адукаваны, дасканала валодаў шматлікімі замежнымі мовамі, быў адзіным апазыцыянерам, якога нам удалося правесьці на старшыню парляманцкай Камісіі па замежных справах (уваходзіў у склад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета). Пазьней стаў першым беларускім амбасадарам у Нямеччыне. Знаўца куртуазнай палітыкі. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі 11—12 красавіка 1995 года.

Юры Беленькі — адзін зь нямногіх нашых апазыцыйных дэпутатаў, што застаўся ў пазапарляманцкай палітыцы. Фінансіст, добра ведае фінансы і эканоміку, умеў нязмушана камунікавацца зь людзьмі розных узростаў, у складаных абставінах захоўваў яснасьць думаньня і спакойную волю — якасьці вельмі важныя для палітыка. Мы спрыялі, каб ён павышаў сваю кваліфікацыю і адукацыю за мяжой, маючы на ўвазе будучы беларускі ўрад вольнай Беларусі.

Уладзімер Заблоцкі — сябра з катэгорыі нашых старэйшых дэпутатаў. Добра ведаў эканоміку, быў генератарам многіх эканамічных праграмных ідэй Апазыцыі. Чалавек салідны, але, як усе ў нашай Апазыцыі, вясёлы і без ніякага чванства (гэтым, дарэчы, нашыя дэпутаты рэзка адрозьніваліся ад некаторых суб’ектаў камуністычнай намэнклятуры). Заблоцкі быў прэмер-міністрам Ценявага Ўраду Апазыцыі БНФ і першай нашай кандыдатурай на кіраўніка Ўраду ў выпадку нашай перамогі на выбарах у 1994 годзе. (Другой кандыдатурай — гэтыя пляны я не раскрываў — быў Юры Беленькі, трэцяй — Генадзь Карпенка, які сам мне тое прапанаваў.)

Са шчымленьнем згадваю Ігара Гермянчука. Ён ужо не жыве. Памёр у росквіце жыцьця і творчасьці. Першае наша пяро — рэдагаваў знакамітую «Свабоду». Ігар быў чалавекам сьціплым і нешматслоўным, заўсёды ўдзельнічаў у парляманцкіх дыскусіях і паседжаньнях Апазыцыі. Зь вялікімі выступамі выходзіў ня часта, але прамаўляў добра, асабліва на эмацыйным уздыме. Памятаю аднойчы на такім ўздыме ён гаварыў гэтак даходліва, саркастычна, з гумарам і сэнсоўна, што раскалоў намэнклятуру ў зале, частка яму нават пляскала. Гэта стыль, якім ніхто з намэнклятуры не валодаў.

Алега Трусава я ведаю яшчэ з апошняга курсу ягонай студэнцкай лаўкі і асьпірантуры. Гэты чалавек вырастаў у беларускага дзеяча на маіх вачах. Яго прафэсія і зацікаўленасьць — гэта археалогія і навука. Аднак эпоха (як і шмат каго тады) паклікала яго ў палітыку. І тут, у Вярхоўным Савеце, спатрэбіліся ягоныя веды, эрудыцыя і адданасьць Беларусі. Адметная рыса яго характару — аптымізм. Алег умеў спакойна і доказна паводзіць сябе ў самай вострай дыскусіі ў парляманце, ніколі не губляўся і не кіпяціўся, як некаторыя камуністы, захоўваў цьвярозы розум і не кідаўся ў паніку там, дзе была рэальная пагроза (напрыклад, у час нашай галадоўкі, калі ноччу рэжым увёў войска ў парлямант і разыгрываліся драматычныя падзеі, ён з Б.Гюнтарам пераканалі палкоўніка, камандзіра сапёраў, скласьці пратакол агляду памяшканьня, што «мінаў няма», а калі зьявілася першая «група захопу,» Трусаў найбольш даходліва тлумачыў ім, у чым яны парушаюць Канстытуцыю і як за гэта рэалізуецца адказнасьць. Група рэціравалася). Трусаў заўсёды быў актыўным абаронцам беларускай мовы; не выпадкова, што пазьней яго выбралі на старшыню ТБМ.

Сяргей Антончык, вядомы змагар з камуна-савецкім рэжымам, душа-чалавек, з кемлівым прыродным розумам і сяброўскім характарам. У беларускім руху з самага пачатку, з 1988 года, калі ўсё пачынала бурлець; адзін з заснавальнікаў тады беларускага рабочага руху. У Апазыцыі БНФ займаўся найбольш пытаньнямі сацыяльнай справядлівасьці, за што намэнклятура стойка яго ненавідзела. Апагея гэтая нянавісьць дасягнула ў 1995 годзе, калі ўсталяваўся антыбеларускі рэжым. У час забастоўкі працаўнікоў мэтро ў Менску яго нават таемна схапілі (выкралі), увязьнілі ў нейкай вайсковай частцы. Ніхто ня ведаў, дзе ён. Дэпутатам Апазыцыі (С.Навумчыку і інш.) прышлося прыкласьці шмат намаганьняў перад новымі цынікамі ва ўладзе, каб Антончыка выпусьцілі.

Мікола Маркевіч — дэпутат з Горадні, зьнешне крыху падобны на Валянціна Голубева і з такім жа звонкім голасам. Можна было падумаць, што яны браты. Але на справе яны і былі браты па духу ў нашым апазыцыйным дэпутацкім брацтве.

Мікола — cамы малады наш дэпутат, чалавек фізічна моцны (самбіст), лагодны, усьмешлівы і салідарны, з сэрцам, што баліць за Беларусь. Добра праявіў сябе ня толькі ў парляманце, але і ў пазапарляманцкай дзейнасьці. Кіраваў арганізацыяй «Бацькаўшчына» ў Горадні, і галоўнае — выдаваў і рэдагаваў ці ня самую папулярную пасьля «Свабоды» газэту «Пагоня» фронтаўскага накірунку. Антыбеларускі рэжым ліквідаваў гэтую газэту (гэтак жа, як і «Свабоду») і ўжо пазьдзекваўся зь вядомага дэпутата, грамадзкага дзеяча і выдаўца, як толькі мог (засудзілі нават на «хімію», пазбавілі працы, магчымасьці зарабляць на жыцьцё). Дух нашага сябра нязломны, але жыць пад цемрай вельмі цяжка, як шмат каму з апазыцыйных дэпутатаў.

Лявон Баршчэўскі таксама адзін з тых нашых сяброў, які застаўся ў пазапарляманцкай палітыцы. Палітычны шлях яго пасьля парляманту склаўся даволі няпросты і пакручасты. Але тады, калі мы жылі ў парляманце адной мэтай, адным змаганьнем і адным апазыцыйным брацтвам, Лявон Баршчэўскі (як я для сябе адзначаў) уваходзіў у катэгорыю нашай галоўнай ударнай сілы. Інтэлектуал з выдатным веданьнем літаратуры і замежных моваў, творчая асоба, ён адначасна быў такім чалавекам, які здольны знаходзіцца і дзейнічаць у партыі, у калектыве (пачуцьцё абавязку, адказнасьць, выканаўчая дысцыпліна, ініцыятыўнасьць у межах задачы і г. д.).

Баршчэўскі часта езьдзіў у маёй групе з выступамі па гарадах і мястэчках Беларусі. Дні былі цяжкія, часам прыходзілася выступаць па 5-7 разоў на дзень у розных аўдыторыях і гарадах. Вярталіся позна ноччу. І тады наш мікрааўтобус гучэў сьпевамі аж да Менска. І калі ўжо перасьпявалі ўсё, хто што ведаў, нязьменна заставаўся пераможца Баршчэўскі і сьпяваў свай «Слонімскі вальс».

Барыс Гюнтар — дэпутат з Гомеля. Гэта прадстаўнік так званай рабочай інтэлігенцыі, людзей, якія вылучаліся з свайго асяроддзя добрымі ведамі, розумам, арганізацыйнай актыўнасьцю, уменьнем гаварыць, карысталіся павагай. Гюнтар быў актыўным дэпутатам Апазыцыі, гаварыў на сэсіях па справе і талкова, ведаў сацыяльную сфэру і адносіны, прафсаюзнае заканадаўства і г. д. Усё гэта спрыяла добраму балансу сілаў у нашай Апазыцыі. Гюнтар быў чалавекам роўным і назіральным, меў разумны падыход да людзей. У гэтым я пераканаўся таксама ў час нападу войска на дэпутатаў парляманту ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г.

Галіна Сямдзянава (без перабольшаньня скажу) была своеасаблівай зоркай нашай Апазыцыі. Асабліва яна стала вядомая, калі 24 жніўня 1991 г. на сэсіі Незалежнасьці дэпутаты кінуліся напярэймы вытурваць Малафеева. Тут яна сваёй рашучасьцю сыграла галоўную ролю, загарадзіўшы «персеку» дарогу і не пускаючы яго на трыбуну. Малафееў выпучыў вочы і ня ведаў, што рабіць. Напэўна, адзін няправільны рух зь яго боку, і ён быў бы жорстка падрапаны і выкінуты з парляманту. Цяпер гэта ўспрымаецца спакойна, некаторымі нават весела, але тады было не да жартаў (гэта быў вельмі важны момант на сесіі).

Як і да ўсялякай жанчыны, да Сямдзянавай павінен быў быць падыход. Здаецца, усе рыцары нашай Апазыцыі выдатна гэта разумелі, але, што цікава, у зале сэсіі ці ня самым дакладным (у сэнсе выкананьня тактыкі) і дысцыплінаваным рыцарам была якраз Галіна Сямдзянава. Яна заўсёды выконвала тое, пра што дамовіліся, усялякія зьмены ці новыя павароты тут жа ўзгадняла, выдатна бачыла залю і адчувала яе настрой, тут жа (праз запіску ці іншым спосабам) інфармавала старшыню Апазыцыі. Увогуле, яна добра разумела стыхійную сутнасьць таго Вярхоўнага Савета і псіхалёгію намэнклятуры, умела міла перакінуцца сьвецкімі слоўцамі зь якімі-небудзь «товарищами» і шмат даведацца, бо была проста разумнейшай за іх.

Генадзь Грушавы прышоў у Фронт вясной 1989 года і неўзабаве ачоліў фронтаўскую арганізацыю «Дзеці Чарнобыля». Пазьней яна стала самастойнай структурай. У дэпутацкай Апазыцыі БНФ найбольш актыўна Грушавы праявіў сябе ў пачатку (у 1990 годзе). Потым штораз болей яго забірала дзейнасьць па чарнобыльскіх праблемах аздараўленьня дзяцей, і ён рэдка бываў у парляманце, часьцей за мяжой. Тым ня менш, ён заставаўся ў Апазыцыі, галасаваў строга, як уся Апазыцыя, і падпісваў усе заявы і дакуманты БНФ (на пэрыяд яго знаходжаньня ў Беларусі, вядома). Грушавы гаварыў ня шмат, асабліва на публіку. У Вярхоўным Савеце ён быў стрыманы і асьцярожны, часьцей маўклівы, вылучаўся гнуткай і практычнай арганізацыяй розуму (я гэта ведаў і цаніў). Генадзь Грушавы добра дапамог у практычным правядзеньні Устаноўчага зьезду БНФ у чэрвені 1989 года ў Вільні.

Сяргей Слабчанка актыўна ўдзельнічаў у Апазыцыі ў 1990—1991 гадах. Потым, як я ўжо пісаў, заняўся практычным стварэньнем беларускіх грошай. Тут была ўжо новая палітыка ўраду, які здаўся пад ціскам абставінаў. Слабчанка да канца заставаўся ў Апазыцыі, галасаваў у рэчышчы Апазыцыі, падпісваў дакуманты Апазыцыі і г. д., хоць у апошні час прысутнасьць яго ў Вярхоўным Савеце была ня частай. Цяпер Слабчанка жыве за межамі Беларусі.

Вельмі карысным дэпутатам у Апазыцыі БНФ быў Лявон Дзейка. Ён рэгулярна ўдзельнічаў у паседжаньнях і працы Апазыцыі, выступаў у дыскусіях, але асаблівае было ў тым, што ён запісваў на партатыўны магнітафон паседжаньні Вярхоўнага Савета, дыскусіі, часам фатаграфаваў, рабіў розныя запісы і зацемкі. Гэта ён здолеў сфатаграфаваць у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. спраўцаў вайсковага нападу на дэпутатаў. Ягоныя здымкі фігуравалі ў сьледзтве пракуратуры, а цяпер усё, што ён занатаваў, мае значэньне для гісторыі нашай краіны.

Лявон (Лявонці) Зданевіч — у 1990 годзе прышоў у Вярхоўны Савет як малады архітэктар, творчая асоба, але ў Апазыцыі займаўся зямельным пытаньнем, быў асноўным распрацоўшчыкам апазыцыйных законаў аб зямлі і канцэпцыі разьвіцьця беларускай сельскай гаспадаркі. Справа ў тым, што Лявонці меў дзьве зацікаўленасьці і без перабольшаньня скажу — два захапленьні: архітэктуру і зямлю. Зямлю ён любіў, ведаў, разумеў, вывучаў заканадаўства пра зямлю, умеў яе апрацоўваць, вырошчваў дзіўныя расьліны, памідоры па паўпуда і агуркі, як дом (гэта, вядома, перабольшаньне, але не нашмат). Ад любові да зямлі і разумнага да яе падыходу было і такое глыбокае веданьне зямельнага права.

Віктар Какоўка — дэпутат з Наваполацку. Вельмі жывы і актыўны чалавек. Цікавіўся эканомікай і вытворчымі адносінамі. Як правіла, ён удзельнічаў у дыскусіях, любіў часам патэарэтызаваць, меў крытычна настроены розум. На жаль, яму крыху не пашанцавала — у сваім актыўным узросьце (будучы ў Вярхоўным Савеце) ён перанёс інфаркт. Па вялікаму кошту, гэта была і наша агульная бяда, бо датычыла ўсіх нас. Мы ўсе ўжо ведалі, што здароўе ёсьць чыньнік палітыкі. Віктар Какоўка дзейнічаў у Апазыцыі ўвесь час, але стан свой вымушаны быў улічваць.

Сяргей Папкоў — дзейны палітык па сёньняшні дзень. Папкоў з тых людзей, якія, як бы нічым не вылучаюцца, не блішчаць востраслоўем, не зьвяртаюць на сябе ўвагу і ня любяць рабіць уражаньне пра сваю асобу. Тым часам Папкоў вельмі добры сістэмны аналітык, прафэсійна разьбіраецца ў сістэмным аналізе, выдатна адчувае сувязі зьяваў у палітыцы, сутнасьць палітычных працэсаў. Па сваіх інтарэсах больш заглыблены ў эканоміку.

Чалавек самадысцыплінаваны і надзейны. Памятаю, каб выжыць з сям’ёй у цяжкіх 90-х, ён заняўся нейкім просьценькім прадпрыймальніцтвам, зарабляў мізэр. Але часта ён прыходзіў тады ў сядзібу БНФ і даваў на Фронт 100-200 даляраў («Я тут, — кажа, — крыху зарабіў») і зьнікаў. Гэтакія паводзіны характарызавалі чалавека, які жыў для Беларусі, нідзе пра гэта ня звонячы.

Віталь Малашка добра ведаў і адчуваў эканоміку. Выступы яго ў гэтай вобласьці былі ўзважанымі і сэнсоўнымі, яны былі патрэбныя, асабліва калі палеміка йшла па эканамічных законах. Ён быў актыўным дэпутатам Апазыцыі з крытычнай настроенасьцю і непрыняцьцем савецкай намэнклятурнай сістэмы. Удзельнічаў у парляманцкай галадоўцы 11—12 красавіка 1995 г.

Вольга Галубовіч — наша дэпутатка, якая спрыяла добраму абліччу Апазыцыі ўжо самой сваёй паставай — высокая, прыгожая, з далікатным абыходжаньнем зь людзьмі. Яна была стрыманай і не ўключалася ў пытаньні, якім лепш валодалі іншыя, трымала агульны тонус Апазыцыі. Але цікава, што як толькі ўзьнікалі сытуацыі датычна лёсавых вызначэньняў Беларусі, мовы, культуры, Вольга, як кажуць, была тут як тут, мы чулі яе голас і аргумэнты. Нават на тым здымку, што на вокладцы гэтай кнігі, Вольга не выпадкова стаіць з намі са сьцягам і з рашучым выглядам. Цяпер Вольга Галубовіч жыве за межамі Беларусі.

Алесь Шут — намесьнік галоўнага лекара шпіталю, дэпутат з Лагойска, сьветлая асоба ў Апазыцыі. У Фронт яго прывяло сэрца і баленьне за Беларусь. Я быў сьведкам нялёгкага расставаньня Алеся з камуністычнай партыяй. Гэта было душэўнае змаганьне і пераасэнсаваньне шмат чаго. Магчыма, ён меў да гэтага нейкія ілюзіі. Я не задаваў пытаньняў і ня ўмешваўся, не штурхаў, казаў толькі пра антыбеларускую сутнасьць і злачынствы гэтай арганізацыі, злачынствы супраць чалавецтва. Алесь усё пераасэнсаваў сам. Гэта была яго воля, яго рашэньне, яго разьвіцьцё асобы. Дарэчы, праз расставаньне з кампартыяй прайшла амаль трэць Апазыцыі, але для астатніх яно было ўжо чыста фармальным актам.

Павел Холад — дэпутат з Плешчаніцаў, сусед Алеся Шута, старэйшы ад нас усіх, быў чалавекам іншай загартоўкі; звычайна, калі бачыў несправядлівасьць, то да трох не лічыў, мог адсьцябаць з ходу. Ён займаў кіруючую пасаду, але ў Вярхоўным Савеце выступаў, як правіла, крытычна, рэзка і не зважаючы на асобы.

Шчымлівую памяць пакінуў пасьля сябе Ігар Пырх. У ім жыло неспатоленае жаданьне да справядлівасьці і адначасна — непрыняцьце ўсёй гэтай савецкай адміністрацыйна-уладнай сістэмы з усімі яе цёмнымі справамі, якія ён ведаў, будучы фармальна ахоўнай часткай гэтай сістэмы.

Я ўжо пісаў, што Ігар быў фронтавец па духу і поглядах! Ён казаў мне, каб лічылі яго фронтаўцам. Але кіруючая пасада ў гомельскай міліцыі стрымлівала яго ад адкрытай пазыцыі. Ды й ня трэба было зьнешняй маніфэстацыі, мусіла быць праца (пра гэта я таксама яму казаў). Ігар Пырх (як я ўжо адзначыў) узначальваў Камісію Вярхоўнага Савета па рассьледваньні ў Беларусі дзеяньняў ГКЧП. Намэнклятура напружыла ўсе сілы, каб пакласьці пад сукно вынікі дасьледваньняў Камісіі.

Пырх езьдзіў у Вільню ў студзені 1991 г. у складзе дэлегацыі Апазыцыі БНФ ў час крызісу і пагрозы там незалежнасьці (дэлегацыю стварылі па маёй парадзе ў складзе Б.Гюнтара, І.Пырха, С.Навумчыка). Тады мы падтрымалі летувісаў. Сяргей Навумчык выступаў у Сэйме, нашы апазыцыйныя дэпутаты гатовыя былі застацца ў будынку Сэйма на выпадак савецкага штурму парляманта. (Пырх спатыкаўся тэт-а-тэт са сьпікерам Ляндсбэргісам па пытаньнях узброенай абароны.)

Пры ўсёй яго саліднасьці і палкоўніцкім званьні, Ігар Пырх быў эмацыйным чалавекам. Ягоныя эмоцыі мелі ўнутраны характар. Ён шмат што перажываў і браў да сэрца. Шкадаваў, што з-за хваробы ня мог удзельнічаць у нашай парляманцкай галадоўцы ў 1995 годзе, прасіў, каб мы яго ўмоўна залічылі ў наш пратэст. Урэшце сэрца Ігара Пырха спынілася.

Як і Ігар Гермянчук, ён заўчасна пайшоў з гэтага сьвету. Тое напружаньне і барацьба, якую мусілі перажыць нашы апазыцыйныя дэпутаты, не мінулі бяссьледна. Беспрацоўе, беднае жыцьцё, выгнаньне і сьмерць — вось расплата за свабоду і незалежнасьць пад уладай цемры, якая настала пазьней.

Але кожны з нас зазнаў шчасьце. Шчасьце 25 Жніўня 1991 года. Шчасьце свабоды і незалежнасьці Бацькаўшчыны, шчасьце перамогі, якое ні з чым нельга параўнаць, якое ня кожнаму чалавеку ў жыцьці выпала перажыць.

Скончыцца час цемры, і зноў над Беларусяй узьвеецца наш сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, вернецца наша Пагоня і воля, зьявяцца сьветлыя абліччы і ўсьмешкі на тварах людзей. Тады шмат што пераменіцца, бо вернецца памяць, безь якой ня можа існаваць культурная нацыя. Тады людзі, што змагаліся за свабоду і волю Бацькаўшчыны, зноў прыдуць ў духоўнае жыцьцё краіны, і ніякая цемра ўжо ня зьнішчыць іхны пачын, пакуль будзе жыць культура і вольны народ. А яны будуць жыць.

(Працяг)

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева