Як беларуская ўлада і апазіцыя падзялілі палітычную прастору ў Літве

За што спецслужбы могуць помсціць беларусам-уцекачам у Вільні?..

 

За што спецслужбы могуць помсціць беларусам-уцекачам у Вільні? І якім чынам у краіне Еўразвяза існуюць адразу дзве нашы амбасады — афіцыйная і неафіцыйная?

Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы месціцца ў фешэнэбельным асабняку па вуліцы Міндаўга, 13.

Над будынкам — чырвона-зялёны сцяг. А праз дарогу ад жалезабетоннай агароджы дзяжурыць дужы мужчына ў сінім пухавіку. Можа быць, гэта мінак, які залюбаваўся будынкам у стылі неабарока? Але мой экскурсавод-беларус бачыць у мужчыне так званага “ціхара”.

— Не фатаграфуй амбасаду, я забыўся пашпарт, — усхваляваўся экскурсавод. Мінуў год, а хлопец усё яшчэ памятае разгон дэманстрацыі 19-га снежня ў Мінску. І нават сцены амбасады выклікаюць у ім негатыўныя думкі...

— Не магу не фатаграфаваць. За батарэйкі для камеры аддаў аж 10 літ (каля 30 тысяч беларускіх рублёў), — усё ж раблю некалькі фотаздымкаў.

Мой экскурсавод хвалюецца небеспадстаўна. У дзень нашай прагулкі прайшлі чуткі пра тое, што ля рэзідэнцыі прэзідэнта Літвы, Далі Грыбаўскайтэ, запаркавалася сіняя БМВ з беларускім нумарамі прэзідэнцкага гаража. Пазней чуткі пацвердзіліся фотаздымкамі.


Аўтар фота: andreivoitovich.wordpress.com

Можа быць, пасажыры машыны прыехалі на экскурсію, а, можа быць, і сапраўды наведаліся ў рэзідэнцыю. Пэўны час таму, калі я прыходзіў у літоўскую прэзідэнтуру на інтэрвію, паркаваўся там жа, дзе гэта БМВ з “блатнымі” нумарамі.

Таму ёсць падставы меркаваць, што рука беларускай улады дацягнулася да Вільні. Але ці сціскаецца яна тут у кулак, які можа паляваць на апазіцыянераў?

Чым з літоўскай сталіцы нашы іншадумцы могуць раздражняць уладу?

20 снежня 2011 года нехта разбіў шкло ў аўтамабілі Алега Мяцеліцы — кіраўніка Грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі,  зарэгістраванага ў Літве. Гэту арганізацыю віленскія беларусы па-простаму называюць “Неафіцыйнай амбасадай” ці “Беларускім домам”. Будынак арганізацыі месціцца па вуліцы Басанавічуса, у дзесяці хвілінах пехатой ад афіцыйнага пасольства.

Хто разбіў шкло ў машыне Алега Мяцеліцы? Некаторыя літоўскія газеты і беларускія сайты высунулі версію, што аўтамабіль атакавалі беларускія агенты спецслужбаў. Разбілі шкло, дасталі дакументы і грошы з-пад пасажырскага крэсла. Асабіста сустракаюся з Алегам і распытваю пра той выпадак.

— Я выйшаў у дворык офіса па машыну. Адчыніўшы яе, пабачыў, што разбіта шкло, — паказвае мужчына на свой мікрааўтобус “Опель”; пабітае месца залеплена паліэтэленам. — Калі ў Беларусі была выбарчая кампанія, у мяне з гэтага ж боку таксама білі шкло. Не думаў што з-пад крэсла выцягнуць дакументы: “Яны ж так глыбока ляжаць, хто туды палезе”. Лэп-лэп рукой — а дакументаў няма.

— І грошы выцягнулі? — цікаўлюся.

— Так, усё разам ляжала.

— А грошай было колькі?

— 1950 еўра, мусілі ісці на адзін з праектаў. Былі мае візітовачкі. Як правіла, праз некалькі дзён людзі тэлефануюць і прапаноўваюць дакументы выкупіць, альбо проста падкідваюць. Але мінула ўжо каля месяца, і невядома, што з гэтымі дакументамі.

— Ці сапраўды вы лічыце, што такім чынам хуліганяць агенты? Вільня — не Швайцарыя, маглі і мясцовыя хуліганы абчысціць машыну.

— Такіх выпадкаў сапраўды шмат, калі б’юць шкло і рабуюць. Але адмаўляць магчымасць, што дакументы скралі прадстаўнікі спецслужб, я таксама не магу.

Гэта можна назваць нейкай беларускай паранояй. Калі пасля выбараў мы толькі прыехалі ў Вільню і пасяліліся ў “Доме правоў чалавека”, адразу ж пачалі заўважаць падазроных людзей, якія маглі за намі сачыць. Плюс тое, што здараецца са знаёмымі — супрацоўнікамі сайту “Хартыя-97”. Гэта рускамоўныя эсэмэскі з пагрозамі на літоўскія нумары. Напрыклад, Наталля Радзіна (рэдактар “Хартыі-97”. — Naviny.by.) заходзіць кудысьці і выходзіць. Тут жа прыходзіць падазроная эсэмэска. Гэта можа сведчыць пра тое, што нехта праводзіць візуальнае назіранне.

Сёння на паркоўцы каля супермаркета нехта паклаў мне на лабавое шкло буклецік з надпісам “Европейский центр миграции”. Там напісана: “Основной задачей нашей фирмы является оказание помощи клиентам в осуществлении желания создать для себя новую жизнь в Европейском союзе”. Гэта падобна на здзек (беларускія палітычныя уцекачы акцэнтуюць увагу на тым, што наўмысна не прасілі палітычнага прытулку ў Еўразвязе і сумуюць па Радзіме; а вярнуцца няма як. — Naviny.by.).

Але ж такія буклеты могуць раскідаць і камерцыйныя фірмы.

— Алег, але навошта беларускім спецслужбам высылаць у Вільню агентаў, якія могуць за вамі сачыць? Навошта сілавым структурам апускацца да такой дробязнай помсты? Які матыў?

— Пасля выбараў самая першая прэс-канферэнцыя па падзеях у Беларусі праходзіла менавіта тут, у Вільні. Гэта было 28 снежня 2010 года. Тут былі ўпершыню агучаны пункты, якія потым узяў на ўзбраенне Еўрапарламент. Гэта размовы пра санкцыі, пра чэмпіянат свету па хакеі, пра спісы неўязных чыноўнікаў. Еўрапарламентарыі не ўзялі гэта ўсё з галавы, да гэтага было шмат сустрэчаў.

Чаму замежныя грошы не прынеслі апазіцыі жаданы вынік?

Рыхтуючыся да інтэрв’ю, я даведаўся аб некаторых біяграфічных звестках пра Алега Мяцеліцу. Ён стаяў ля вытокаў моладзевага апазіцыйнага руху “Зубр”, які часам грымеў сваімі крэатыўнымі акцыямі падчас выбарчай кампаніі 2001 года. Падчас кампаніі 2010-га года Алег Мяцеліца быў актыўным дзеячам кампаніі “Гавары праўду”, намеснікам Андрэя Дзмітрыева — начальніка штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Алег Мяцеліца меў усе шанцы зрабіцца яшчэ адным беларускім палітзняволеным, але падчас разгону дэманстрацыі (ці правакацыі сілавікоў, як лічаць некаторыя) змог прабіцца праз шэрагі міліцыі і схавацца на канспіратыўнай кватэры. Калі да яго брата ў Бялынічах завіталі прадстаўнікі сілавых ведамстваў, апазіцыянер абхаднымі шляхамі ўжо накіроўваўся ў Вільню — праз Расію і Эстонію.

Пытаюся ў Алега Мяцеліцы, як у чалавека, які знаёмы з апазіцыйнай палітычнай кухняй, чаму кампаніі кшталту “Зубр” і “Гавары праўду” не даюць у Беларусі вынікаў, якіх бы хацелася апазіцыі.

— Праблема ў тым, што на ўсю гэту дзейнасць няма нацыянальных грошай. Ад беларускіх прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў, ад беларускай дыяспары, — выказвае меркаванне Алег Мяцеліца. — Грошы з замежных крыніц не заўсёды на 100% карысныя для Беларусі. Структуры, якія атрымоўваюць грошы, робяцца ў нейкім сэнсе залежнымі ад гэтых крыніц, дзе не заўсёды разумеюць, якая дзейнасць можа прынесці для Беларусі карысць. Пра кампаніі “Зубр”, “Гавары праўду” часам кажуць: “Скончыліся грошы — скончылася дзейнасць”. Дык гэта зразумела. Скончыліся грошы — скончыўся тыраж газеты. Няма грошай — музыкі не могуць выпускаць альбомы. Ты можаш мець запал і памкненні, але візуальна ты рабіць нічога не можаш. Вялікая хіба, што фінансы выдзяляюцца перад кампаніяй, а сканчаецца кампанія — сканчаюцца грошы. Але структуры трэба адбудоўваць задоўга да пачатку кампаніі. Не за паўгода, не за год. Грошай зазвычай не хапае для таго, каб нармальна адбудаваць структуры. 

 

— Як, на вашу думку, будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі? Фонды наўрад ці выдаткуюць беларускай апазіцыі большыя грошы…

— Нейкіх прагнозаў даць не магу. І, напэўна, ніхто не дасць. Калі б можна было нешта спрагназаваць, мы б ужо ведалі, якую выбіраць стратэгію.

Калі пасля выбараў мы прыехалі ў Вільню, ніхто не прасіў палітычнага прытулку. Усім падавалася, што вось-вось рэжым лясне, што яму будзе канец. Але мінуў год, у турмах палітзняволеныя, нічога не мяняецца.

Але я веру, што сітуацыя ў краіне ўсё ж зменіцца, каб не верыў, то гэтым бы не займаўся.

— Выходзіць, што беларускай апазіцыі застаецца толькі верыць? Канкрэтыкі няма?

— Верыць, дзейнічаць, працаваць. Украінскага ці сербскага варыянту ў нас не будзе. Гэта будзе ўнікальны беларускі варыянт. Магчыма, дзесьці за мяжой з’явяцца беларускія бізнэсоўцы, якія змогуць дапамагчы беларусам. У любым выпадку вырастае новае пакаленне. Мяркую, што гэты час мы будзем разглядаць, як важны момант фармавання беларускай супольнасці…

Вільня-Мінск