Беларуская інтэлігенцыя заклікала апазіцыю правесці Кангрэс дэмсіл

17 снежня прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам да лідэраў і актывістаў апазіцыі, у якім заклікалі правесці Кангрэс дэмакратычных сіл.

“Сёлетняя палітычная кампанія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у чарговы раз засведчыла даўнюю хібу беларускай дэмакратычнай апазіцыі: няздольнасць аб’ядноўвацца, дамаўляцца аб супольных дзеяннях, выступаць адзінай сілай, — гаворыцца ў звароце. — Апазіцыя не змагла выпрацаваць і прыняць сумесную праграму, вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. У выніку выбары прайшлі па сцэнары ўлады і прывялі апазіцыю да крызіснага стану. Чым займаецца ў такім стане апазіцыя? Аналізуе памылкі? Робіць з іх высновы? Шукае выйсце з крызісу? Не. І тыя, хто ўдзельнічаў у выбарах, і тыя, хто іх байкатаваў, даводзяць сваю правату, паглыбляюць раскол. Частка апазіцыі ўжо заяўляе пра гатоўнасць удзельнічаць у наступнай палітычнай кампаніі: парламенцкіх выбарах. Прычым, заяўляе гэта пры выбарчым законе, які дэмакратычных, свабодных выбараў не прадугледжвае”.

“Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, ні да няўдзелу, — падкрэсліваюць аўтары звароту. — Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазіцыі як у адносінах да выбараў, гэтак і ў адносінах да тых палітычных працэсаў, якія акрэсліліся апошнім часам у стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны — і падыходы да іх мусяць быць дакладна вызначанымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадству. Пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазіцыі, трыбунай для заявы пра яе можа стаць Кангрэс дэмакратычных сіл, магчымасці якога не былі скарыстаныя перад прэзідэнцкімі выбарамі, і мы заклікаем скарыстаць іх перад выбарамі парламенцкімі. Толькі сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі кангрэсу, можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ можна зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партый, рухаў, за асабістыя інтарэсы”.

У звароце ўтрымліваецца заклік да “усіх лідараў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі выявіць палітычную адказнаць, склікаць Кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці і прыняць рашэнні, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы”.

“Гэта трэба зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсць сёння ў нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем”, — адзначаюць прадстаўнікі інтэлігенцыі.

Зварот падпісалі народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Ніл Гілевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Віктар Казько, акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Аляксей Марачкін, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.