Мікола Маркевіч: Ваяваць з прэсай — марная справа



Абвінавачаны ў паклёпе на прэзідэнта, Мікола Маркевіч, былы дэпутат Вярхоўнага савета і рэдактар гродзенскай газеты "Пагоня", зараз адбывае пакаранне абмежаваннем волі — так званую "хімію" — у Асіповічах. Яго наведаў карэспандэнт "Белорусских новостей". Па прапанове рэдакцыі Мікола Маркевіч разважае аб выніках наступу беларускіх улад на недзяржаўную прэсу.





"У апошнія месяцы беларуская недзяржаўная прэса, як ніякі іншы грамадскі інстытут, падвяргаецца відавочна агрэсіўным нападам з боку дзяржавы, — адзначыў Мікола Маркевіч. — Узбуджэнне крымінальных спраў, судовыя прыгаворы, іскі на велізарныя сумы, абрабаванне рэдакцый, спыненне дзейнасці газет, прэсінг фінансавых праверак — усё гэта зрабілася ужо будзённай з'явай.





Журналістам у такой сітуацыі трэба рабіць тое, што яны і рабілі: выконваць свой прафесійны абавязак, — гэта адзінае выйсце. Па-другое, прытрымлівацца закону. Пры гэтым зазначу, што сёння свет імкнецца жыць па законах цывілізацыі, па законах маралі, і важнае месца там займае такое паняцце, як свабода слова. Таксама трэба памятаць, што гэтая улада не вечная. І, магчыма, адчуваючы гэта, кіруючая вярхушка нервуецца і робіць такія жахлівыя памылкі ў стасунках з журналістамі, у сферы правоў і свабод…





Сёння, ацэньваючы сітуацыю вакол "Пагоні" і мяне з Паўлам Мажэйкам, з вышыні гэтых месяцаў, якія прайшлі, магу сказаць, што калі б сітуацыя паўтарылася — нумар "Пагоні" быў бы такім самым. Можа нават, ён быў бы яшчэ больш вострым.





Ціск на беларускую недзяржаўную прэсу, я думаю, скончыцца паражэннем Лукашэнкі. Так, афіцыйная ўлада можа паставіць на мэце знішчыць літаральна усе незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Аднак гэта працэс абсалютна марны, таму што замест задушаных паўстануць дзесяткі новых газет. У інфармацыйны век, ва ўмовах глабалізацыі, ва ўмовах інфармацыйнага абмену з сумежнымі тэрыторыямі практычна немагчыма перамагчы СМІ ў адной асобна ўзятай краіне. Дзякаваць богу, гэта ўжо не сталінскі і нават не брэжнеўскі перыяд, калі вакол была жалезная заслона.





Культывацыя страху — гэта адзіны спосаб утрымання цяперашняй кіруючай каманды ва уладзе. Усё астатняе, усе гэтыя піяраўскія хады, антыкарупцыйныя скандалы — усё даўно не працуе. Але я хачу сказаць, што і рэсурс страху сёння не надта вялікі. Так, пры Сталіне было страшна. Пры Брэжневе было страшнавата. А цяпер, я магу сказаць адкрыта — болей смешна. Зрэшты, не заўсёды.





У нас днямі тут, на "хіміі", была экскурсія, прыводзілі школьнікаў. Паказваючы на "жалезны мяшок", дзе адміністрацыя трымае парушальнікаў рэжыму, нехта ў камуфляжнай форме, што выконваў ролю экскурсавода, зычным голасам гаварыў: "А вось гэта, дзеткі, клетка. Сюды саджаюць тых, хто не слухае начальства". І я выдатна разумею, што пасля такой экскурсіі дзеткі трывала ўсвядомяць, што начальства трэба слухаць. І яшчэ я ўспомніў, што ў Асіповічах фактычна няма краязнаўчага музея, куда б на экскусію вадзілі такіх беларускіх дзетак. Сёння можна гаварыць, што народ цярпіць не толькі ў плане дабрабыту, а фактычна ідзе зніжэнне ўзроўню грамадства па ўсіх параметрах: па інтэлектуальным патэнцыяле, адукацыйным ўзроўні, культуры. Праблема тут не толькі ў тым, што такім народам лягчэй кіраваць. Праблема яшчэ і ў тым, што пачынаецца зваротная рэакцыя. Гэтае грамадства патрабуе такога кіраўніка, як цяперашні. Ствараецца заганны круг.





Згадваецца бабулька, з якой я размаўляў на мясцовым міні-рынку, калі здымачная група адной з нямецкіх тэлекампаній рабіла ў Асіповічах фільм аб палітычна зняволеных журналістах. Я выбраў тую асабліва кепска апранутую бабку, каб падтрымаць яе, купіўшы кілаграм яблык. Падыходжу, камера ідзе следам за мной. І бабулька, убачыўшы, пытае: "А дзе гэта будуць паказваць? Лукашэнку?". А ёй адказваюць: "Не, гэты фільм пакажуць ў Германіі". А яна так падперлася рукой і кажа: "Шкада. А так я б сказала Лукашэнку — Рыгоравіч, кіруй намі яшчэ дзесяць гадоў!". Тады я ў яе пытаю: "А што б вы яшчэ сказалі Александру Рыгоравічу?". — "А я б сказала, пенсія толькі троху малая, а так усе добра!". —"А што астатняе добра?". І яна кажа гэтую сакраментальную фразу: "А добра тое, што няма вайны".





Запісаў Генадзь БАРБАРЫЧ