Месячнік скончыўся. «Хто как хаціт, тот так і гаварыт»

Акурат сёння фінішуе абвешчаны Таварыствам беларускай мовы месячнік «Размаўляем па-беларуску». Энтузіястам з таварыства варта аддаць належнае...

Акурат сёння фінішуе абвешчаны Таварыствам беларускай мовы месячнік «Размаўляем па-беларуску». Энтузіястам з таварыства варта аддаць належнае за тытанізм высілкаў на няўдзячнай ніве. Але ці здольныя такія мерапрыемствы ў прынцыпе неяк зрушыць моўную сітуацыю?

Далікатна кажучы, аптымістычны адказ тут не напрошваецца.

Натуральна, ініцыятары месячніка маюць што запісаць у свой актыў. Адзначаюць, напрыклад, што падчас святкавання Дня Мінска ў сярэдзіне верасня большая частка, кажучы па-старому, нагляднай агітацыі, а таксама прамоў з вуснаў бацькоў горада — былі на беларускай мове. З іншага боку, паказальны той факт, што намеснік кіраўніка ТБМ Сяржук Кручкоў мусіць падаваць як вялікае дасягненне, як прагрэс у стаўленні да мовы ўжо тое, што ўлёткі пра месячнік правіселі ў школах увесь гэты час не сарваныя.

Увогуле палымяных заклікаў у абарону мовы, найперш у недзяржаўным нашым друку, зусім не бракуе. Лічыцца таксама добрым тонам збэсціць тых чыноўнікаў-манкуртаў, што задушылі беларушчыну ўвогуле і мову ў прыватнасці. І дадаць, што раней гэтым мэтанакіравана займалася КПБ-КПСС.

Але падаецца, што пры ўсёй нелюбові аўтараў да цяперашніх уладаў і савецкай спадчыны наўрад ці варта спрашчаць праблему заняпаду мовы. Такі падыход, калі хочаце, таксама трохі патыхае бальшавізмам з ягоным пошукам ворагаў.

Рызыкую наклікаць на сябе гнеў змагароў, але мушу шчыра засведчыць, што ў гады майго вясковага школьнага дзяцінства — а гэта былі 60-я і 70-я — ніякай такой дыскрымінацыі роднай мовы адчуваць не даводзілася. Сказаць, што дзяржава неяк мэтанакіравана выціскала беларушчыну з жыцця, язык не паварочваецца. Іншая рэч, што шло вялікае перасяленне беларусаў з вёскі ў горад, і там ім надта не хацелася выглядаць «калгаснікамі», ды і уся прамысловая вытворчасць была пабудавана на рускай тэрміналогіі.

Так што калі казаць з вышыні цяперашняга асэнсавання тых працэсаў, дык болей, бадай, была вінаватая урбанізацыя ва ўмовах тэхнакратычнай дзяржавы. Ідэалогія нівеліравання савецкіх людзей таксама, безумоўна, мела месца, але ўсё спісваць на яе не варта.

А калі зазіраць у яшчэ ранейшую гісторыю, то нельга не ўбачыць і іншых фактараў, што выбіваюцца з вузкага рэчышча вульгарызаваных канцэпцый. Паглядзім праўдзе ў вочы: драма беларусаў і у тым, што яны не паспелі сфарміравацца, саспець як нацыя датуль, пакуль не пайшлі ўсе гэтыя сацыяльныя метамарфозы 20-га стагоддзя. Ад пэўных жа адраджэнскіх лозунгаў вее штучнасцю, бо мінуўшчына ў іх кантэксце паўстае шмат у чым міфалагізаванай. Казаць, напрыклад, што Вялікае княства было выключна беларускай дзяржавай і што Скарына пісаў па-беларуску — скажам так, не зусім дакладна. У апошнім выпадку, напрыклад, можна весці гаворку хіба што пра старабеларускую мову, значна адрозную ад сучаснай.

Дарэчы, а што мы маем на ўвазе пад сучаснай беларускай мовай?

На ўзроўні літаратурным сёння назіраецца натуральная дыхатамія. Так званая наркомаўка і тарашкевіца (ці дакладней — неакласічны правапіс) разыходзяцца усё далей, што б там ні казалі акадэмічныя навукоўцы пра станоўчую з'яву дыфузіі. Між тым вялікія знаўцы разважаюць, у сваю чаргу, ужо пра розныя варыянты тарашкевіцы.

Іначай кажучы, не могуць паразумецца нават адмыслоўцы. А што рабіць простым смяротным? Настаўнікам, вучням, бацькам? Усім тым, хто шчыра жадае авалодаць мовай? Возьмем школу. Там хочаш не хочаш мусяць, з аднаго боку, выкладаць, з іншага — вучыць афіцыйны варыянт правілаў. Праз гэты канвеер праходзяць штогод тысячы, дзесяткі тысяч хлопцаў і дзяўчатак. Але вось малады беларусік (беларусачка) купляе «Нашу ніву» ці пачынае слухаць радыё «Свабода» — і ў яго (яе), прабачце, трохі едзе дах. У падручніках — адно, тут — нешта значна адрознае. І праблема не ў адных гэтых культавых мяккіх знаках. Чым далей, тым усё болей разыходзяцца наркомаўка з тарашкевіцай не толькі у правапісе, але і ў граматыцы, і ў стылістыцы, і ў лексіцы.

На думку Сяржука Кручкова з ТБМ, у акадэмічным Інстытуце беларускай мовы, які па вызначэнні найперш павінен сачыць за яе метамарфозамі і прапаноўваць варыянты ўнармавання навацый, пануе інертнасць ды і ўвогуле, мусіць, найперш бяруцца пад увагу іншыя — «інтэграцыйныя» арыенціры. Дзе ініцыяваныя навукоўцамі шырокія публічныя дыскусіі, дзе абгрунтаваныя прапановы аб наспелым рэфармаванні мовы? Няма. Як не бачна сустрэчнага руху і з іншага боку, з лагеру тых, хто зрабіў тарашкевіцу нейкім сцягам палітычнай фронды.

Па сутнасці, беларускія эліты сёння гавораць на дзвюх розных мовах. Прычым, кладучы руку на сэрца, большасць кепска валодае як наркомаўкай, так і тарашкевіцай (выкладчык Браніслаў Тарашкевіч наўрад ці паставіў шмат каму са сваіх палымяных паслядоўнікаў болей за слабенькую троечку). А тым часам так званыя простыя беларусы ў масе сваёй размаўляюць ўвогуле на трасянцы.

Не заўважаць гэтай жахлівай какафоніі і заклікаць да пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы ўвогуле — гэта значыць заплюшчваць вочы на праблему. Усім, хто лічыць сябе прыхільнікам беларускай мовы, варта павыходзіць з катухоў, куды схаваліся кожны са сваім хаўрусам — хто ў цытадэлі акадэмічнага інстытута, хто ў палітызаванай тусоўцы, а хто у сленгавым беларускамоўным чаце... Патрэбная агульнанацыянальная дыскусія аб стане і перспектывах мовы. Патрэбная гаворка шчырая, сумленная, ачышчаная ад ідэалагем. Змаганне змаганнем, а мова ж у нас адна. Да таго ж, моўная палітыка, як і любая іншая, — гэта мастацтва магчымага.

Між іншым, сітуацыя нават з палітычнага боку спрыяльная, як ніколі за апошнія гады. Калі, натуральна. не фанабэрыцца сваім максімалізмам. Улада як-ніяк, хай сабе з кан'юнктурных меркаванняў, пайшла на рэверансы перад нацыянальна арыентаванымі элітамі. І было б неразумна адмаўляцца, у прыватнасці, ад дадатковых шанцаў на захады ў падтрымку мовы.

Самім жа элітам даўно час распачаць шчыры пошук кансэнсусу наконт стратэгіі яе, мовы, развіцця. А іначай застаецца толькі пагадзіцца з тэзай легендарнага спікера Вярхоўнага Савета пачатку 90-х: «Хто как хаціт, тот так і гаварыт».

 

Спасылкі па тэме

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Стратэгія развіцця мовы: 
Адна разнавіднасць беларускай літаратурнай мовы атрымала назву «тарашкевіца» (паводле імя аўтара «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча), другая — «чарнушэвіца» (паводле імя народнага камісара асветы Дзм.Чарнушэвіча).

Вінцук Вячорка. Правапіс: 
На практыцы можна гаварыць пра два варыянты нашае літаратурнае мовы — клясычны (традыцыйны, «тарашкевіцу») і савецкі (ідэалягізаваны, русыфікаваны, «наркомаўку»)... Нашая сумная спэцыфіка ў тым, што падзел беларускае літаратурнае мовы на два варыянты адбыўся штучна, гвалтам.

Уладзімер Каткоўскі. Канчатак роднага склону мужчынскага роду: 
Нават людзі, якія вельмі добра валодаюць беларускай мовай, часта маюць цяжкасьці з вызначэньнем правільных канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне. У папулярных падручніках гэтай праблеме не аддаецца дастаткова ўвагі, а паміж наркамаўкай і рознымі варыянтамі тарашкевіцы існуюць адрозьненьні.

Марына Куноўская. Вазьму ўрокі трасянкі: 
...Кнiжная i «адраджэнская» мова не дапаможа знайсьцi паразуменьне з «простым чалавекам». Значную частку «адраджэнскiх» словаў ён уважае такiмi ж чужымi, як i газэтныя расейскiя.