За дзяржаву крыўдна



Задумаемся разам



Генадзь БУРАЎКІН



Ах, як лёгка ўсчынаюцца ў нас гучныя скандалы і як хутка забываюцца паспешлівыя абвінавачанні і пагрозы!..





Амаль вайсковаю лексікай напаўняліся гнеўныя тырады нашых высокіх кіраўнікоў у час канфлікту з расійскім "Газпрамам", на айчынных тэлеэкранах грукаталі навальнічныя раскаты патрыятычных заяў дэпутатаў і каментатараў, старонкі афіцыйных газет ажно займаліся пякельным агнём праведнай крыўды. Навідавоку зарыпеў і захістаўся раптам казачны папяровы гмах адзінай саюзнай дзяржавы. У прадчуванні новых эканамічных выпрабаванняў і крутых гістарычных паваротаў трывожна сцяліся сэрцы многіх беларусаў. Гэта ж не жарты: Крамлю практычна прад'яўлены ультыматум, распісаны па пунктах, з канкрэтнымі сумамі ў далярах, з клятвамі больш не звяртацца па дапамогу, з абвінавачаннямі ў няшчырасці і няўдзячнасці. Такога яшчэ не было. Насцярожвала, праўда, што Масква, як здалося, даволі іранічна ўспрыняла запальчывыя прамовы мінскіх калег, даючы ім выказацца да канца, прыберагаючы ўдакладненні і аргументы для дзелавых перамоў. І перамовы адбыліся. Каманда ўсхваляваных нашых фінансістаў і эканамістаў самага высокага рангу на чале з прэм'ер-міністрам накіравалася ў белакаменную...





I вось у інфармацыйных праграмах расійскіх тэлеканалаў мы ўбачылі першыя рэпартажы аб сустрэчы кіраўнікоў урадаў Расіі і Беларусі. Божа мой, куды падзеліся ў нашых пасланцоў палемічны запал і грознае абурэнне! Яны выглядалі ціхімі вучнямі, што, не вывучыўшы ўрокаў, чакаюць ад строгіх настаўнікаў паблажлівасці і спачування. Калі Міхаіл Касьянаў быў, як і належыць, спакойны і ўпэўнены, дык Генадзь Навіцкі ніяк не мог схаваць нервовасць і разгубленасць. Яно і не дзіўна, бо першае, што ён зрабіў, калі верыць маскоўскім журналістам,— папрасіў прабачэння за залішне эмацыянальныя выказванні ў адрас расіян. А далей усё пайшло адназначна і прадказальна: мы прызналі даўгі перад Расіяй, паабяцалі "Газпраму" спрыянне пры акцыянаванні "Белтрансгазу", які дагэтуль лічылі недатыкальным дзяржаўным скарбам і папрасілі чарговай пазыкі. Гучна заяўленыя ў Мінску прэтэнзіі і патрабаванніі не былі пацверджаны фактамі і дакументамі. Наіўныя ж спасылкі нашага прэм'ера на нестыкоўку ў падыходах і методыках пры падліках беларускіх і расійскіх экспертаў, скажам шчыра, маглі пераканаць хіба толькі даверлівых вясковых бабулек ды недасведчаных школьнікаў малодшых класаў... З вялікага беларускага грому не атрымалася нават дробненькага саюзнага дожджыку...





Думаю, не ў аднаго мяне ўзнікла тады недаўменнае пытанне: навошта было распальваць надзвычайны грамадскі вэрхал, направа і налева раскідаць неасцярожныя палітычныя ацэнкі, трывожыць балючую людскую памяць, звязаяую з акопамі Вялікай Айчыннай вайны і атрутным попелам Чарнобыля, калі ў руках, як аказалася, не было ні "забойчых" прыкладаў грубага парушэння міждзяржаўных пагадненняў, ні абразлівых сведчанняў няшчырасці і каварстваа даўніх сяброў? Што гэта — неразумнае, правінцыйнае палітыканства ці імкненне прыкрыць або апраўдаць сваю жахлівую некампетэнтнасць? Няўжо сапраўды можна гадамі весці дзяржаўную гаспадарку,так і не разабраўшыся толкам у тонкасцях статыстычных справаздач і механізмах узаемаразлікаў паміж краінамі і прадпраемствамі? І —урэшце — ці будуць несці адказнасць валадары высокіх пасад за пустыя прынародныя заявы і нядобрасумленныя абяцанні? Не чуваць нешта, каб за недакладную інфармацыю, пакладзеную на стол кіраўнікоў дзяржавы, за высновы і рэкамендацыі, якія справакавалі "газавы" канфлікт, вінаватыя ў Доме ўрада былі жорстка пакараны. Пашумелі, узбунтавлі пачуцці радавых грамадзян і сціпла замоўклі, быццам нічога сур'ёзнага не адбылося, быццам проста здарылася нейкая дробязная, прыкрая недарэчнасць...





Каб жа так і было!





Не паспелі мы ачомацца ад "газавай атакі", як выбухнуў яшчэ адзін скандал, на гэты раз дыпламатычны, што на некалькі дзён прыкаваў увагу сродкаў масавай інфармацыі ці не ўсяго свету. Як паведамілі спрытныя журналісты "Інтэрфакса" і пацвердзілі адказныя чыноўнікі МЗС, вяртацца ў заснежаную Беларусь з Краіны ранішняга сонца адмовіўся колішні гаркамаўскі ідэалагічны функцыянер, былы першы міністр замежных спраў суверэннай нашай рэспублікі, нядаўні актыўны дэмакрат і паўнамоцны прадстаўнік сённяшніх улад у Токіо Пятро Краўчанка. Яго абвінавацілі ў выкраданні сакрэтных дакументаў і нашат (страшна: падумаць!) пячаткі і ў тайных сувязях з амерыканскімі службоўцамі. Праўда, літаральна праз дзень аказалася, што і не хаваўся у чароўных гейш наш надзіва энергічны і гнуткі дыпламат, і дзяржаўных грошай не браў, і ў амбасаду ЗША не ездзіў і наогул ён —— шчыры патрыёт і дысцыплінаваны чыноўнік. Слова "правакацыя", якое так прасілася ўжо з языка у адрас неслуха П.Краўчанкі, загучала цяпер з ягоных красамоўных вуснаў...





I зноў нахабна палезлі ў галаву наіўныя пытанні: чаго супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў гэтак спяшаліся (не зважаючы на выходныя дні) падтрымаць сенсацыйныя чуткі і смелыя журналісцкія фантазіі? Што, у іх няма надзейнай сувязі са сваімі калегамі за мяжой? Што, яны зусім не кантралююць дзейнасць сваіх прадстаўніцтваў? Што, урэшце, яны не ведаюць свае кадры і прызначаюць пасламі абы каго не праверыўшы ні дзелавых, ні чалавечых якасцяў?.. Ці можа нашай і на знешнепалітычнай "дзялянцы" не ўсё добра?..





Уцямнага адказу ад нашых дзяржаўных мужоў зноў не чуваць...





Скажуць, ці варта драматызаваць падзеі, у жыцці бывае ўсякае, і ў самых высокіх крэслах сядзяць жывыя людзі, якія могуць і ўсяго не ведаць,і проста памыляцца. Ды і час наш складаны, нервовы, міжволі цягне і злоснае слова ляпнуць,і ва ўсіх бедах абвінаваціць некага іншага. Усё гэта так. Але тое, што даравальнае для суседа па лесвічнай пляцоўцы ці бойкай гандляркі ў камерцыйнай краме, ніяк нельга дазволіць адказным "народным слугам". Хто-хто, а яны абавязаны ўзважваць кожнае сваё рашэнне і кожнае сваё слова. А то бывае за дзяржаву крыўдна. І сорамна.



Оставьте комментарий (0)