Ён не зламаўся ні ў ГУЛАГу, ні потым



Учора памёр знакаміты беларускі паэт, пісьменнік, публіцыст Сяргей Іванавіч Грахоўскі. Прайшоўшы праз сталінскія лагеры, ён толькі год не дажыў да свайго 90-годдзя.





Ягоны сябра — паэт Сяргей Законнікаў кажа, што Сяргей Грахоўскі не зламаўся ні ў сталінскіх лагерах, ні потым. І да апошняга часу працягваў сваю паэтычную, пісьменніцкую ды публіцыстычную дзейнасць:





— Сяргея Іванавіча Грахоўскага я ведаў даўно. Так адбылося, што ён падзяліў лёс майго дзядзькі — яны ў адзін час былі арыштаваныя. Яшчэ калі я быў вучнем, мы шускалі дзядзькавы сляды, але не знайшлі — я дагэтуль не ведаю, дзе ён пахаваны.





Але тады, у дзевятым класе, я першы раз прыехаў у Мінск і пазнаёміўся з Сяргеем Іванавічам і з тымі людзьмі, якія былі далучаныя да гэтага лёсу. Хто разам сядзеў у мінскай "амерыканцы", на магілёўскай перасылцы.





Сяргей Іванавіч, прайшоўшы гэтыя колы сталінскага пекла, заўсёды заставаўся аптымістам. І галоўнае — захаваў свой талент, што ўдалося не ўсім, хто туды патрапіў. Ён добра пісаў, на высокім узроўні, — вершы, прозу, публіцыстыку. І калі я быў рэдактарам часопіса "Полымя", я заўсёды з задавальненнем друкаваў ягоныя творы.





Такіх людзей, якім быў ён, я выключна паважаю. Ён не здаўся. І ў той час, і ў апошнія гады. Сяргей Іванавіч актыўна выступаў за незалежнасць Беларусі, за дэмакратыю, за народ. Імкнуўся нешта патлумачыць людзям, каб народ зразумеў гэтыя каштоўнасці.