Трэці акт



Генадзь БУРАЎКІН





У сумятні, звоне, зіхценні, задусе і тлуме пераднавагодніх і перадкалядных клопатаў, сярод святочных папулісцкіх віншаванняў і ўзнёслых усенародных тостаў неяк згубілася, як мне здалося, кароткае паведамленне аб прыездзе ў Мінск у канцы студзеня прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Не пачуў я і не прачытаў нідзе ў сувязі з гэтай далёка не радавой падзяй ні сур'ёзных каментараў вядомых палітыкаў, ні разваг заўсёды гаваркіх палітолагаў, ні меркаванняў бойкіх журналістаў. Далібог, маючым адбыцца візітам Паўла Барадзіна ці Генадзя Селязнёва ў праграмах нашага тэлебачання і на старонках афіцыйных газет надавалася больш увагі.





А вось расійская прэса, як сведчаць радыёперадачы, не абмінула раўнадушна "беларускую камандзіроўку" свайго кіраўніка. Адна з газет дык напісала нават, што ў выніку студзеньскай сустрэчы лідэраў дзвюх братніх славянскіх краін будзе нарэшце вырашаны лёс так званай саюзнай дзяржавы і, па звестках з нейкіх блізкіх да Крамля крыніц, незгаворлівы і непрадказальны Аляксандр Рыгоравіч можа згадзіцца на "жорсткі пуцінскі варыянт" уваходжання шасці беларускіх абласцей у склад Расійскай Федэрацыі. Не хачу разбірацца, наколькі чыстыя гэтыя "крыніцы" і ці сапраўды яны булькочуць блізка ад Краснай плошчы, але чутка запушчана і таму-сяму яна падабаецца не толькі ў Маскве…





І праўда, як не клюнуць наіўнаму абываталю на чарговую "інтэграцыйную" прынаду? Сама ж будзённая рэальнасць хітра падштурхоўвае да гэтага. Вось, напрыклад, уручае некалькі дзён назад нашаму міністру адукацыі падарункі — падручнікі для школ — пасол Расійскай Федэрацыі і заяўляе інфармацыйнай тэлевізійнай праграме: "У нас у Расіі калі кажуць "Радзіма", маюць на ўвазе і Беларусь". Гэта сцвярджае дыпламат, які павінен быць вельмі дакладны ў фармулёўках, асабліва калі справа датычыць суверэннай, самастойнай дзяржавы, у якой ён мае рэзідэнцыю… А гарадзенскія тэлевізійнікі адкрываюць новую праграму пад назвай "Губерня" і на рускай мове…





Што гэта — прыкрыя недагляды, адсутнасць належнай палітычнай культуры ці неразумная самадзейнасць, імкненне апярэдзіць падзеі, якія некаторым нецярплівым кан'юнктуршчыкам здаюцца не толькі верагоднымі, а і непазбежнымі? Не ведаю. У цывілізаваным свеце шаноўнаму паслу пасля падобнага інтэрв'ю зрабілі б сур'ёзную заўвагу (гэта як мінімум), а кіраўнікоў абласной студыі тэлевяшчання прымусілі б перагледзець свае рашэнні і трошкі падвучыцца прафесіі і дзяржаўнай дысцыпліне. Але ў нас усё ціха — быццам нічога і не здарылася.





Самае дзіўнае і сумнае ва ўсім гэтым тое, што згаданыя мною факты — не навіны. Хіба мы не наслухаліся ажно да нясцерпнасці істэрычных заклікаў розных расійскіх і тутэйшых палітыкаў да самага цеснага (як некалі казалі, ажно да зліцця) яднання нашых народаў? Адзін з найбольш актыўных інтэгратараў Канстанцін Затулін у канцы мінулага года зусім шчыра прызнаўся, што ўпарта шукае для нас з вамі "прывабныя моманты ў аб'яднанні дзвюх краін". І ўдакладніў даверліва і без хітрыкаў: "Яны (прывабныя моманты. — Г.Б.) знаходзіліся заўсёды, на працягу ўсяго гістарычнага шляху Расіі — і царскім урадам, і савецкім…".





Што на гэта можна сказаць? Беларусы добра памятаюць, якім чынам і якія такія моманты знаходзілі для нашага краю цары і цараняты — крывавыя пісягі нагаек Суворава і Мураўёва засталіся шчымець… Аднак местачковыя палітычныя авантурысты, якія па іроніі лёсу вучыліся ў свой час на гісторыкаў, радасна падхопліваюць затулінскія прапановы і зноў і зноў, з упартасцю баравых дзятлаў, дзяўбуць адно і тое ж: "Мы — адзіны народ", забываючыся адказаць на элементарныя лагічныя пытанні, чаму тады мы называемся па-рознаму і чаму ўвесь свет успрымае нас і рускіх як дзве самастойныя нацыі…





Несканчоны спектакль у палітычным тэатры абсурду пад прэтэнцыёзнай назвай "Небывалы славянскі саюз" завяршыў ужо два акты. Спярша гэта была чароўная казка з фейерверкамі і фанфарамі, з зацяжнымі пацалункамі і біццём чарак аб падлогу ў прасторным палацы. Потым прыйшоў час для сучаснай бытавой драмы з узаемнымі папрокамі і аддзяленнем мух ад катлет. І вось зараз на чарзе трэці акт, магчыма, з элементамі трагедыі ці фарса. Калі вялікія "рэжысёры" прымуць радыкальны варыянт аб'яднання Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву, гэта стане пачаткам ліквідацыі суверэнітэту нашай краіны і знікнення Беларусі з палітычнай, а пасля і геаграфічнай мапы свету. Гэта будзе трагедыя для нашай Бацькаўшчыны. Калі ж удзельнікам спектакля хопіць мудрасці і адвагі спыніць яго, мы атрымаем магчымасць убачыць апошнія сцэны сумнага і недарэчнага фарса…





Мяркуючы па ўсім, трэці акт небывалага інтэграцыйнага відовішча набліжаецца. Кароткае паведамленне пра прыезд У.Пуціна ў Мінск, можа, і сапраўды з'явіцца ціхім званком перад пачаткам гэтага трэцяга акта…





Буду вельмі рады, калі гэта не так і мае горкія апасенні — дарэмныя.