Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Украина после Майдана. Онлайн-дневник
    Что стало с нашей южной соседкой после Майдана? Как «революция достоинства» отозвалась в головах украинцев? Кто из них и почему больше никогда не сможет жить «в своей хате с краю»?
  2. Бобруйский охотник за оборотнями в погонах проиграл суд
    Сам Олег Желнов на свободе, но его сына приговорили к трем годам и крупному штрафу…


Общество

Адміністрацыйны сверб


Генадзь БУРАЎКІН


Гэтую хваробу чыноўнага люду даўно прыкмецілі і беспамылкова акрэслілі не толькі ўніклівыя і працавітыя службоўцы. З усёй сілай геніяў яе сімптомы і сіндромы для сучаснікаў і нашчадкаў бязлітасна і незабыўна выкрылі класікі сатыры — ад Гогаля і Салтыкова-Шчадрына да Крапівы і Макаёнка. Уволю паздзекваліся і нарагаталіся яны з фанабэрыстых пераносчыкаў "бацылаў" невуцтва, хамства і бюрактарызму. А славуты сверб, між тым, усё жыве і раз-пораз разбуральнай эпідэміяй пракочваецца па прасторных сталічных кабінетах і цесных пакойчыках вясковых ды местачковых "вертыкальшчыкаў".


Ну ніяк грэшны чалавек, які нарэшце займеў жаданы начальніцкі партфель, не можа абысціся без прынароднага напаміну пра сваю, няхай нават і прывідную, вышэйшасць, пра спакуслівую ўладу над іншымі. А паколькі для здзяйснення сапраўды важных і патрэбных спраў Бог чамусьці не даў ніякіх талентаў, а кіруючыя інстанцыі — неабходных паўнамоцтваў, ён хапаецца за любую зачэпку, любую выпадковую драбязу, каб прадэманстраваць усяму свету ці хаця б бліжэйшым суседзям сваю камандзірскую волю ці, дакладней кажучы, — сваволю…


Чытаю рашэнне чыноўнікаў Мінскага гарвыканкама аб перайменаванні даўно запланаванай і яшчэ далёка не завершанай станцыі метрапалітэна "Ракаўская" у "Спартыўную" — і не магу ніяк пазбыцца адчування, што вось ён, яшчэ адзін рэцыдыў неўміручага адміністрацыйнага свербу. Ну няўжо ў агромністай, складанай і не адладжанай да канца сталічнай гаспадарцы не засталося ніякіх неадкладных праблем для мэра і ягоных памочнікаў, што ім не шкада дарагога дзяржаўнага часу для дэбатаў і пастаноў пра назвы станцый метро? Што — засыпаны калдобіны на ўсіх вуліцах, у кватэры бесперабойна падаецца гарачая вада, вечарамі асветлены ўсе пад'езды, а на гарадскіх маршрутах хапае камфартабельных аўтобусаў? Што — на ўскраінах своечасова прыбіраецца смецце і зашклёны разбітыя вокны? Што — адрамантаваныя ўсе школы і дзіцячыя садкі, а ў дварах абсталяваныя альтанкі для пенсіянераў і пясочнікі для малых?.. Ды і чым такім не падабаецца даўняе і звыклае для мінчан слова — "Ракаўская" (не "Ракавая", а "Ракаўская")? Многія дзесяцігоддзі яно вызначала для іх накірунак вандровак, як і Лагойскі ды Даўгінаўскі тракты, як Маскоўская ці Магілёўская шаша. З утульным мястэчкам звязаны добрыя ўспаміны не аднаго пакалення, а Ракаўскі кірмаш і сёння збірае ў выхадныя дні пераборлівых пакупнікоў з вялікага наваколля. Урэшце такой назвы больш няма нідзе: ні ля Масквы, ні пад Кіевам, ні ля Брэста і Віцебска. Яна — непаўторная, адметная, "фірменная", наша…


Але аказваецца (як паведамілі газеты), нейкі Міхаіл Майсеевіч, галандскі "мінчук", які дужа турбуецца за наша сённяшняе жыццё, угледзеў у старадаўнім слове "метастазы" страшнай хваробы дваццатага стагоддзя і надзвычай расхваляваўся. "Што, у вялікай і магутнай рускай мове няма больш мілагучных ці нейтральных назваў?" — усклікнуў ён так гучна, што яго адразу пачулі ў Мінскім гарвыканкаме. Дарэчы, калі свае грамадзяне (яны ж — падаткаплацельшчыкі) пратэставалі супраць масавага бяздумнага закрыцця камерцыйных крамак на вуліцах, іх там так хутка не пачулі, а тут імгненна ўстрапянуліся, не звярнуўшы, вядома, увагі на тое, што наш замежны "патрыёт" у дачыненні да сталіцы Рэспублікі Беларусь чамусьці ўспамінае не беларускую мову. Ды што там для самаздаволеных чыноўнікаў родная мова!.. Лёгка адкінулі яны і водгукі суайчыннікаў на ліст Міхаіла Майсеевіча на выканкамаўскім сайце, у адным з якіх з глыбіні душы аўтара вырвалася: "Нельга пераймяноўваць "Ракаўскую"! Апамятайцеся! Хутка ад Беларусі нічога не застанецца!..". Праігнаравалі. Перайменавалі. Паказалі сваю адміністрацыйную волю…


Любімае мінчанамі і гасцямі сталіцы цудоўнае наша метро наогул стала апошнім часам вельмі прывабным для "філалагічных" практыкаванняў амбіцыйных службоўцаў. Зусім нядаўна ў вагонах электрычак раптам з'явіліся "свежыя" шыльдачкі з "новымі-старымі" надпісамі. Там, дзе амаль дзесяцігоддзе была пазначана "Плошча Незалежнасці" закрасавалася забытая ўжо "Плошча Леніна". Чаго гэта? Міхаіл Майсеевіч, здаецца, на гэты конт нічога не сігналізаваў. Ды і гарвыканкам, як сцвярджаюць, ніякага рашэння пакуль што не прымаў. "Засвярбела" на гэты раз кіраўнікам метрапалітэна — яго начальнік Мікалай Андрэеў з разумным выглядам распавёў настырным журналістам, што няма ніякіх афіцыйных дакументаў аб перайменаванні ў свой час станцыі "Плошча Леніна" у "Плошчу Незалежнасці". Плошча ў цэнтры Мінска, маўляў, сапраўды перайменавана, а вось станцыя метро — не. Атрымліваецца, што плошча Леніна з дапамогай чыноўнікаў метрапалітэна на нейкі час нібы пайшла ў падполле, а цяпер, так бы мовіць, надышла пара "легалізацыі"…


Жарты жартамі, але ад усёй гэтай, на першы погляд, проста смешнай бюракратычнай "самадзейнасці" патыхае зусім не бяскрыўднай палітычнай старызнаю. Таму-сяму не падабаецца, бачыце, "незалежнасць" (а больш за ўсё, не сумняваюся, тое, што стаіць за гэтым святым словам). Не хочуць яны замацоўваць у людской памяці назву спаконвечнага тутэйшага мястэчка Ракаў і падсоўваюць канцылярскую, касмапалітычную "Спартыўную" (а чаму, дарэчы, не "Спартовую"?). Быццам бы выпадкова, непрыкметна, але настойліва спрабуюць бязродныя чыноўнікі вытруціць з побыту ўсё, што звязана з нашай гісторыяй, што напамінае пра нашу Бацькаўшчыну, родную мову. Дзеля чаго? Дзеля задавальнення сваіх начальніцкіх амбіцый і супакаення нясцерпнага адміністрацыйнага свербу? Ці ўсё ж дзеля вяртання беларусаў у апрыклую і, здавалася, мёртвую ўжо імперыю, дзе ім будзе адведзена зноў незайздросная роля глухой правінцыі, дзе не будзе ў іх ні сваіх песень, ні сваіх святыняў, ні сваёй улады? Гэтага хочуць нашы асмялелыя "інтэгратары", пра гэта мараць, "чэшучы" свае панскія далоні?..


Адміністрацыйны сверб, калі верыць класікам, — не такая ўжо несур'ёзная хвароба. І лячыць яе трэба пры першых відавочных праявах. Самым радыкальным чынам. А то не паспеем азірнуцца, як яна раз'есць яшчэ здаровы грамадскі арганізм...
Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 2)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...